Супольная пазіцыя праваабарончых арганізацый напярэдадні чарговага раўнда дыялога аб правах чалавека ЭЗ-Беларусь

22 June 2019, 12:42 AM
Супольная пазіцыя праваабарончых арганізацый напярэдадні чарговага раўнда дыялога аб правах чалавека ЭЗ-Беларусь

Беларуская праваабарончая супольнасць падтрымлівае працяг дыялога аб правах чалавека паміж Еўрапейскім Звязам і Рэспублікай Беларусь.

Напярэдадні яго чарговага раўнда адзначаем:

  1. Адным з нешматлікіх пазітыўных момантаў у апошнія гады было прыняцце ўрадам Нацыянальнага плана па правах чалавека, з якім праваабарончая супольнасць звязвала спадзяванні на паляпшэнне інстытуцыйных і заканадаўчых асноваў абароны і заахвочвання правоў чалавека. На жаль, рэалізацыя плана, у цэлым, не была эфэктыўнай, у тым ліку з-за недастатковага ўключэння ў яго падрыхтоўку, рэалізацыю і прамежкавую ацэнку арганізацый грамадзянскай супольнасці.

  2. Адзначым таксама пазітыўную практыку прыцягнення прадстаўнікоў праваабарончай супольнасці на мерапрыемствы, якія праводзяцца дзяржаўнымі інстытутамі для абмеркаваньня актуальных пытанняў у сферы правоў чалавека, у тым ліку абмеркаванне зменаў заканадаўства, фарматаў узаемадзеяння ў рамках міжнародных праваабарончых механізмаў. Разам з тым, са шкадаваннем адзначаем, што не ўсе зацікаўленыя праваабарончыя арганізацыі прыцягваюцца да абмеркавання. Акрамя таго, ні адна з прапановаў беларускай праваабарончай супольнасці па змяненьні нацыянальнага заканадаўства не была рэалізаваная.

  3. Праваабарончыя арганізацыі вітаюць накіраванне першага за апошнія 20 гадоў перыядычнага дакладу Беларусі ў Камітэт па правах чалавека ААН і падтрымліваюць рэкамэндацыі, прынятыя Камітэтам, а таксама рэкамэндацыі іншых дагаворных органаў.

  4. Мы лічым пазітыўным крокам ратыфікацыю Канвенцыі аб правах асобаў з інваліднасцю і зацвярджэнне і рэалізацыю Нацыянальнага плана дзеянняў па імплементацыі Канвенцыі да 2025 года, якія адбыліся пасля ратыфікацыі. Таксама адзначаем дастаткова высокі ўзровень уключанасці арганізацый людзей з інваліднасцю ў распрацоўку і абмеркаванне Нацыянальнага плана і праекта Закона аб правах асобаў з інваліднасцю. Пры гэтым мы канстатуем павярхоўны характар ​​рэформаў з пункту гледжання правоў чалавека, нізкі прыярытэт або поўную адмову разглядаць праблемы праваздольнасці, механізмаў абароны правоў, абароны ад дыскрымінацыі, дэінстытуалізацыю.

  5. Нягледзячы на ​​названыя крокі, істотных пазітыўных зменаў у заканадаўчых, інстытуцыйных і практычных асновах заахвочвання і абароны правоў чалавека ў Беларусі за апошні год не адбылося.

  6. Так, улады да гэтага часу не прадэманстравалі сур’ёзнага прагрэсу ў стварэнні нацыянальнай праваабарончай установы; не прынятае ўсёабдымнае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства, не створаныя эфэктыўныя механізмы забеспячэння роўнасці і абароны ад дыскрымінацыі, працягваецца практыка дыскрымінацыі ўразлівых групаў, у прыватнасці, ромаў, прадстаўнікоў ЛГБТ, жанчынаў і г.д.

  7. У Беларусі працягвае ўжывацца смяротнае пакаранне.Нягледзячы на ​​адносную адкрытасць парламенцкай рабочай групы па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання, вынікі яе дзейнасці так і не былі даведзеныя да ведама шырокай грамадзкасці; не вядомыя далейшыя планы яе працы.

  8. Акрамя таго, застаецца актуальным шэраг праблем, якія адбіваюцца на незалежнасці суддзяў і ўплываюць на рэалізацыю права на справядлівае судовае разбіральніцтва. Судовая ўлада працягвае знаходзіцца пад уплывам Прэзідэнта і яго Адміністрацыі, у прыватнасці, у пытаннях прызначэння, звальнення і прыцягнення судзьдзяў да дысцыплінарнай адказнасці. У Беларусі адсутнічае рэальная незалежнасць і самакіраўніцтва калегій адвакатаў і свабода ажыццяўлення прафесіі адваката. Міністэрства юстыцыі мае шырокія паўнамоцтвы ў сферы адміністравання адвакацкай дзейнасці, у прыватнасці, ажыццяўляючы допуск да яе шляхам ліцэнзавання і кантралюючы дзейнасць як асобных адвакатаў, так і інстытута адвакатуры ў цэлым.

  9. У 2018 годзе былі ўнесеныя зьмены ў заканадаўства, якія істотна пашыраюць дзяржаўны кантроль Інтэрнэта ў Беларусі. У прыватнасці, уведзены дазвольны парадак рэгістрацыі інтэрнэт-СМІ, без якой супрацоўнікі сайтаў СМІ пазбаўляюцца статуса журналіста, а таксама абавязковая ідэнтыфікацыя каментатараў форумаў. Працягваецца практыка прыцягнення да адказнасці журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі Міністэрства замежных справаў. Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у 2018 годзе мелі месца прынамсі 118 выпадкаў, агульная сума штрафаў склала каля 44 000 эўра.

  10. У апошні год сталі частымі выпадкі ціску на журналістаў і блогераў з выкарыстаньнем дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса, а таксама антыэкстрэмісцкага заканадаўства. Захоўваецца крымінальная адказнасць за паклёп (арт. 188), абразу (арт. 189), паклёп у дачыненьні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (арт. 367), абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (арт. 368), абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369), дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь (арт. 369.1).

  11. Нацыянальнае заканадаўства, як і раней, утрымлівае празмерныя абмежаванні права на мірныя сходы. Прынятыя у 2018 годзе змены ў Закон “Аб масавых мерапрыемствах”, згодна з якім стала магчымым правядзенне некаторых відаў сходаў у паведамляльным парадку, складана назваць прагрэсам. З прыняццём у яго развіццё Пастановы Савета Міністраў № 49 сітуацыя з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў грамадзянамі краіны яшчэ больш пагоршылася, бо памеры выдаткаў на правядзеньне сходаў, прадугледжаныя ў ёй, з’явіліся сур’ёзнай перашкодай у рэалізацыі гарантаваных канстытуцыйных свабодаў.

  12. Нягледзячы на крокі па паляпшэнні сітуацыі са свабодай асацыяцый, у прыватнасці, скасаванне крымінальнай адказнасці за дзейнасць у складзе незарэгістраваных арганізацый (арт. 193-1 Крымінальнага кодэкса), у гэтай галіне захоўваюцца значныя абмежаванні. Парадак дзяржаўнай рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднанняў, партыяў, іх арганізацыйных структураў і фондаў  складаны і цяжкі, пакідае магчымасць для дзяржаўных рэгіструючых органаў адвольна адмаўляць у рэгістрацыі любой ствараемай арганізацыі. Істотна абмежаваная магчымасць атрымання некамерцыйнымі арганізацыямі фінансавання як з унутраных, так і з замежных крыніцаў. На фоне абмежавальнай практыкі, якая склалася, выклікае трывогу інфармацыя Міністэрства юстыцыі аб унясенні ў Закон “Аб грамадзкіх аб’яднаннях” зменаў адносна неабходнасці публікацыяў грамадзкімі аб’яднаннямі справаздачаў аб выдаткаванні атрыманых ахвяраванняў.

  13. Мы вітаем адмену артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса і разглядаем гэта як важны і неабходны крок у кірунку паляпшэння сітуацыі са свабодай асацыяцыяў у Беларусі. Разам з тым канстатуем, што замена крымінальнай адказнасці за дзейнасць у складзе незарэгістраваных арганізацыяў на адміністрацыйную сведчыць аб адсутнасьці палітычнай волі да забеспячэнгя рэальнай свабоды асацыяцыяў у нашай краіне.

  14. У месцах пазбаўлення волі працягвае знаходзіцца Міхаіл Жамчужны, прызнаны беларускай праваабарончай супольнасцю палітычным зняволеным.

  15. Напярэдадні анансаваных на восень 2019 года выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў звяртаем увагу на адсутнасць прагрэсу па імплементацыі рэкамендацый БДІПЧ АБСЭ аб рэфармаванні выбарчага заканадаўства, якое не ўтрымлівае гарантый свабодных і дэмакратычных выбараў.

  16. Маюць месца сур’ёзныя праблемы ў рэалізацыі эканамічных і сацыяльных правоў. Шырока ўжываюцца такія формы прымусовай працы, як прымус грамадзянаў да ўдзелу ў бясплатных работах у інтарэсах дзяржавы (т. зв. суботнікі, работы па ўборцы ўраджаю і г.д.), прымусовая ізаляцыя грамадзянаў, якія пакутуюць на алкагалізм у ЛПП з мэтай прыцягнення іх да працы, прымусовая праца “абавязаных асобаў”, прымусовая праца ў інтэрнатных установах пад выглядам “працоўнай рэабілітацыі”. Пры гэтым працягваецца ціск дзяржавы на сябраў незалежных прафсаюзаў.

  17. Працягваюцца выпадкі выправаджэння з Беларусі асобаў у краіны, дзе ім могуць пагражаць катаванні і/або смяротнае пакаранне ў парушэнне міжнародных і нацыянальных нормаў. Часцяком гэта адбываецца не з выкарыстаннем працэдуры экстрадыцыі, якая мае больш сур’ёзныя працэдурныя гарантыі, а з выкарыстаннем спрошчаных працэдураў высылкі або дэпартацыі, што па сутнасці з’яўляецца схаванай экстрадыцыяй (да прыкладу, Мехрдад ДжамшыдзіянІсмаіл Нальгіеў).

У сувязі з выкладзеным праваабарончая супольнасьць Беларусі рэкамэндуе:

1) структурам Еўрапейскага Звяза:

  • працягваць разглядаць правы чалавека важным элементам на парадку дыялога па правах чалавека, а таксама прыцягваць для ўдзелу ў дыялогу па правах чалавека прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці;

  • спрыяць  стварэнню і развіццю пляцовак ўнутры краіны для ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў і праваабарончай супольнасці для эфектыўнага выканання абавязацельстваў Беларусі ў галіне правоў чалавека;

  • падтрымаць выкананне Рэспублікай Беларусь рэкамэндацый Камітэта ААН па правах чалавека і іншых дагаворных органаў, а таксама іншыя крокі ўраду, накіраваныя на рэальнае паляпшэнне становішча з правамі чалавека ў Беларусі, у прыватнасці, прадставіць экспертную і іншую дапамогу ў рэфармаванні заканадаўства і практыкі яго прымянення на аснове багатага досведа дзяржаваў-удзельніцаў ЭЗ;

  • працягваць аказваць падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці ў яе працы па абароне, падтрымцы і прасоўванні правоў чалавека ў Беларусі;

  • уключаць кампаненты правоў чалавека ва ўсе праекты, якія рэалізуюцца ў Беларусі пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Звяза, а таксама прыцягваць да іх абмеркавання і рэалізацыі прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.

2) уладам Беларусі:

  • распачаць актыўныя меры па ўдасканаленні нацыянальнага заканадаўства для забеспячэння яго адпаведнасці міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека;

  • працягваць практыку прыцягнення шырокага кола прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці для абмеркавання зменаў у заканадаўстве, якія закранаюць правы і свабоды чалавека;

  • стварыць пастаянна дзеючыя пляцоўкі для ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў і праваабарончай супольнасці для выпрацоўкі прапановаў па паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека;

  • далучаць грамадзянскую супольнасць у падрыхтоўку перыядычных дакладаў у дагаворныя органы ААН і ў межах УПА, а таксама ў ацэнку дзеючага і распрацоўку будучага Нацыянальнага плану па правах чалавека;

  • распаўсюдзіць пазітыўныя прыклады і вынікі дыялога па правах асобаў з інваліднасцю на ўсе сферы правоў чалавека.

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”

ПЦ “Вясна”

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”

Асветніцкая ўстанова “Цэнтр прававой трансфармацыі”

Асамблея дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў Беларусі

РГА “Прававая ініцыятыва”

Простае таварыства “Ініцыятыва Forb”

ППУ “Офіс па правах людзей з інваліднасцю”

ПУ “Беларускі дакументацыйны цэнтр”

Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звозскава

Human Constanta

See more news

Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Аляксей Кісялёў і іншыя)
25 August 2024, 12:01 PM
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Аляксей Кісялёў і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Антона Станкевіча, Аляксея Кісялёва, Наталлю Жыгар, Наталлю Давыдуліну, Віталя Лескаўца, Ягора Волкава, Ігара Нажэева.
Заява аб прызнанні 14 чалавек палітычнымі зняволенымі (Станіслаў Шапель і іншыя)
25 August 2024, 11:38 AM
Заява аб прызнанні 14 чалавек палітычнымі зняволенымі (Станіслаў Шапель і іншыя)
Мы заяўляем, што пазбаўленне волі Станіслава Шапеля, Дзмітрыя Пазнякова, Антона Шарупы, Віталя Саўко, Барыса Грынкевіча, Андрэя Мірэйчыка, Андрэя Грыгор'ева, Вікторыі Волчак, Ганны Савачкінай, Таццяны Русак, Уладзіслава Наважанцава, Дзяніса Сакалова, Вілена Тургунова, Дзмітрыя Асіюка – з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі – палітычнымі зняволенымі.
Заява аб прызнанні 10 чалавек палітычнымі зняволенымі (Зміцер Шалак і іншыя)
25 August 2024, 11:22 AM
Заява аб прызнанні 10 чалавек палітычнымі зняволенымі (Зміцер Шалак і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Міхаіла Лазько, Максіма Джуманіязава, Дзмітрыя Шалака, Паўла Кучарэнку, Андрэя Гіля, Ярванда Марцірасяна, Сяргея Барзаўца, Яўгена Стральчэня, Сяргея Чарнецкага, Станіслава Амельянюка і спыніць крымінальны пераслед.
Патрабуем рэабілітацыі 22 былых палітычных зняволеных (Павел Башынскі і іншыя)
13 August 2024, 8:13 AM
Патрабуем рэабілітацыі 22 былых палітычных зняволеных (Павел Башынскі і іншыя)
Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў, права на асацыяцыю і свабоду выказвання свайго меркавання ў адносінах да абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і іншых грамадска-значных падзей.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці