Супольная заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні 9 новых палітычных зняволеных

21 October 2020, 11:19 AM
Супольная заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні 9 новых палітычных зняволеных

Мінск, 21.10.2020

У сувязі з інфармацыяй аб прад’яўленні абвінавачванняў па артыкулу 293 Крымінальнага кодэкса (“Масавыя беспарадкі”) Cяргею Брылю, Андрэю Папову, Паўлу Нядбайлу, Сяргею Ляжэнку, Дзмітрыю Івашкову, Юрыю Бялько, Дзмітрыю Ластоўскаму, Яраславу Збароўскаму, а таксама па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (“Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак”) Дзянісу Болтуцю, яшчэ раз падцвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў супольнай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:

Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Выступы грамадзян насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года, і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзян насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.

У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.

Таксама лічым неабходным адзначыць, што дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 КК і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам.

Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.

Мы ацэньваем пераслед Сяргея Брыля, Андрэя Папова, Паўла Нядбайлы, Сяргея Ляжэнкі, Дзмітрыя Івашкова, Юрыя Бялько, Дзмітрыя Ластоўскага, Яраслава Збароўскага, Дзяніса Болтуця, якія былі абвінавачаныя па арт. 293 КК (“Масавыя беспарадкі”) і па арт. 342 КК (“Групавыя дзенянні, груба парушаючыя грамадскі парадак”), як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.

У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязняў Сяргея Брыля, Андрэя Папова, Паўла Нядбайла, Сяргея Ляжэнка, Дзмітрыя Івашкова, Юрыя Бялько, Дзяніса Болтуця, Дзмітрыя Ластоўскага, Яраслава Збароўскага і спыніць іх крымінальны пераслед.

  2. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Простае таварыства “Ініцыятыва FORB”

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;

Беларускі Дакументацыйны цэнтр;

РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”

РГА “Прававая ініцыятыва”;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю;

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

Share

See more news

Заява аб прызнанні Яніны Пазняк палітычнай зняволенай
24 January 2026, 12:43 PM
Заява аб прызнанні Яніны Пазняк палітычнай зняволенай
Крымінальны пераслед Яніны Пазняк мае палітычныя матывы і звязаны з правамернай дзейнасцю па рэалізацыі права на свабоднае выказванне меркаванняў і распаўсюд інфармацыі.
Заява праваабарончай кааліцыі з нагоды прымусовай высылкі з Беларусі асоб, вызваленых у выніку памілавання
23 December 2025, 9:00 PM
Заява праваабарончай кааліцыі з нагоды прымусовай высылкі з Беларусі асоб, вызваленых у выніку памілавання
Падобная прымусовая высылка вызваленых палітвязняў пазбаўляе іх базавых правоў, без якіх немагчымае нармальнае жыццё.
Заява Праваабарончага цэнтра «Вясна» з нагоды вызвалення палітвязняў 13 снежня
14 December 2025, 9:00 PM
Заява Праваабарончага цэнтра «Вясна» з нагоды вызвалення палітвязняў 13 снежня
Мы заклікаем улады Беларусі неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных.
Заява праваабарончай супольнасці аб прызнанні 17 палітычных зняволеных (Аліна Шаўцова і іншыя)
16 September 2025, 9:00 PM
Заява праваабарончай супольнасці аб прызнанні 17 палітычных зняволеных (Аліна Шаўцова і іншыя)
Крымінальнае заканадаўства ў 2021 годзе было істотна ўзмоцнена і дапоўнена новымі складамі злачынстваў, якія ўлады выкарыстоўваюць выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці