Тлумачыць «Вясна»: Міжнародны крымінальны суд і Міжнародны суд ААН. Як працуе міжнародная адказнасць у выпадку Беларусі

10 January 2026, 12:03 PM
Тлумачыць «Вясна»: Міжнародны крымінальны суд і Міжнародны суд ААН. Як працуе міжнародная адказнасць у выпадку Беларусі

На фота: Святлана Галаўнёва

Як на шляху да Accountability for Belarus могуць быць задзейснены такія механізмы міжнароднай адказнасці, як  Міжнародны крымінальны суд і Міжнародны суд ААН? І што гэта такое? Аб гэтым на канферэнцыі "Шляхі да адказнасці: прававыя, псіхалагічныя і міграцыйныя наступствы рэпрэсій у Беларусі" (арганізаванай "Прававой ініцыятывай" і Міжнародным камітэтам па расследаванні катаванняў у Беларусі) распавяла юрыстка ПЦ "Вясна" Святлана Галаўнёва.

Міжнародны крымінальны суд (ICC)

Міжнародны крымінальны суд (абрэвіятура на ангельскай — ICC, ці International Criminal Court) — гэта важны механізм міжнароднай адказнасці, адзначае Святлана Галаўнёва:

“Таму што ён дае магчымасць індывідуальнай крымінальнай адказнасці, то бок не проста прызнаецца, што дзяржава вінавата ў нейкіх сістэмных парушэннях (напрыклад, катаваннях), а тое, што канкрэтныя персоны прызнаюцца віноўнымі за катавання і агулам за міжнародныя злачынствы. І па Міжнароднаму крымінальнаму суду ёсць у дачыненні да Беларусі пэўны прагрэс.

Але, на жаль, гэта датычыцца не наўпрост катаванняў і жорсткага абыходжання. Што мы маем на сёння: у траўні 2025 года Літва падала заяву аб узбуджэнні супраць Беларусі справы аб міжнародных злачынствах, уключая дэпартацыі, пераследы і іншыя сур'ёзныя парушэнні. То бок гэты зварот тычыцца першасна дэпартацый, а менавіта пад дэпартацыямі ў дадзеным выпадку меліся на ўвазе гісторыі людзей, калі яны былі дзяржавай вымушаны бегчы з краіны і не могуць вярнуцца ў яе з-за пагрозы і рэпрэсій, то бок палітычна-матываванага пераследу, і ў тым ліку катаванняў і жорсткага абыходжання.

Базай для гэтай заявы была ў тым ліку сукупнасць гісторый чальцоў Каардынацыйнай Рады — то бок гэта датычылася палітычных прадэмакратычных актараў, якія былі вымушаны бегчы з Беларусі і не могуць вярнуцца, і не могуць свабодна ў Беларусі рэалізаваць свае правы на актыўнае грамадзянскае, палітычнае жыццё і проста маюць рызыку пераследу ў краіне.

Пакуль толькі Літва падала гэтую заяву, і чакалася, што іншыя краіны таксама далучацца. Але пакуль ніхто не далучыўся. І праз тое, што ніхто не далучыўся, і праз тое, што ў тым пададзеным звароце, магчыма, недастаткова цяжасці доказаў і фактуры для таго, каб Міжнародны крымінальны суд распачаў гэтую справу і пачаў займацца ёю.

Але мы спадзяемся ўсё ж такі, што з цягам часу гэты зварот дапоўніцца зваротамі іншых краін, новай фактурай, новымі доказамі і што гэтая справа будзе разгледжана Міжнародным крымінальным судом — гэта было б вельмі важна. Бо заўсёды вельмі важны тыя механізмы, дзе персанальна ўказваюцца вінаватыя за злачынствы. Гэта пра адказнасць прадстаўнікоў улады”.

Міжнародны суд ААН (ICJ)

Але ёсць таксама іншы суд, які называецца Міжнародны суд ААН (ангельская абрэвіатура — ICJ, ці International Court of Justice). Каб да яго падысці, трэба спачатку распавесці пра Камітэт супраць катаванняў, адзначае Святлана Галаўнёва:

“Беларусь з'яўляецца удзельніцай Канвенцыі супраць катаванняў. І хаця Беларусь не далучылася да Факультатыўнага пратаколу да гэтай Канвенцыі, то бок супраць Беларусі не могуць [непасрэдна] беларусы і беларускі падаваць скаргі па індывідуальных парушэннях (як гэта раней было з Камітэтам па правах чалавека і як гэта зараз ёсць дагэтуль з Камітэтам па ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын), у Камітэт супраць катаванняў як не было можна падаваць індывідуальныя звароты, так і зараз нельга.

Але ёсць артыкул 20 Канвенцыі супраць катаванняў, якая дазваляе Камітэту распачаць расследаванні па падставах, якія бы сведчылі аб сістэмных катаваннях у краіне. І яшчэ ў 2020 годзе ПЦ "Вясна" разам з Беларускім Хельсінкскім камітэтам падавалі зварот у Камітэт супраць катаванняў, каб як раз такі распачаць такое расследаванне. Тады мы сабралі 122 сведчання ахвяр, якія сутыкнуліся з катаваннямі. Збольшага гэта былі людзі, якія былі затрыманыя і сутыкнуліся з жорсткім абыходжаннем і катаваннямі праз удзел у пратэстах. На гэтым звароце мелася 47 подпісаў ахвяр.

Па гэтым звароце ў 2021 годзе Камітэт прызнаў, што прадстаўленая намі інфармацыя дакладная і праўдзівая і што яна сведчыць аб сістэмнай практыцы катаванняў. І на гэтай падставе Камітэт пачаў сваё расследаванне.

І ў 2024 годзе гэта расследаванне ён скончыў і прадставіў свае вынікі і рэкамендацыі да ўладаў Беларусі. Што было ў выніках: там акрэслена кола катаў, у тым ліку міліцыя, супрацоўнікі службы бяспекі, турэмны персанал. Падкрэслена з цікавага таксама неэфектыўнасць абскарджвання катаванняў [у Беларусі на нацыянальным узроўні], бо звычайна мы кажам, што на міжнародным узроўні прымаецца неэфектыўнасць абскарджванняў далей за апеляцыю, але тут прама чорным па белым прапісана, што ўвогуле ў Беларусі ў цяперашніх умовах скарга на катаванні не будзе эфектыўнай з самага пачатку. І ў прынцыпе гэта вельмі важны вынік, хаця і крыху запаздалы.

То бок агулам я б сказала, што для людзей, якія ў [кантэксце] беларускіх праблем з правамі чалавека, ніякіх новых вынікаў быццам бы асабліва няма. Але, чаму гэта ўсё ж такі вельмі важна і вельмі добра, што гэтае расследаванне адбылося і гэтыя вынікі ёсць — таму што па-першае, усё гэта зафіксавана не проста на ўзроўні заявы кааліцыі праваабаронцаў, не проста нейкімі экспертамі, нават калі гэта паважаныя эксперты ААН, а вось той інстытуцыяй, мандат якой Беларусь цалкам прызнала і абавязалася прызнаваць, і не можа ад яго адмовіцца.

І таксама, чаму гэта важна — і зараз мы пераходзім да Міжнароднага суда ААН — таму што наяўнасць вынікаў такога расследавання, якія пацвярджаюць, што ў Беларусі ёсць сістэмная практыка катаванняў, яны даюць магчымасць любой іншай дзяржаве распачаць свайго рода справу, спрэчку супраць Беларусі ў Міжнародным судзе ААН (маецца на ўвазе спрэчка дзяржавы супраць дзяржавы). Чаму гэта так працуе — таму што пытанне катаванняў, права чалавека ў ніякім выпадку не падвяргацца катаванням лічыцца ўніверсальным. Гэта значыць, што па-першае ніякіх адступленняў, ніякіх выключэнняў ніколі ні ў якім выпадку не можа быць, а па-другое, што гэта ніколі не справа нейкай адной дзяржавы: пытанне таго, каб ў свеце не было катаванняў — гэта пытанне і інтарэс усіх дзяржаў. І таму любая дзяржава-удзельніца ААН можа распачаць такую справу супраць іншай дзяржавы, і супраць Беларусі распачаць такую справу зараз ёсць прамая падстава: проста спасылка на вынікі расследавання Камітэта супраць катаванняў. І далей толькі пытанне, ці хтосьці захоча гэтым заняцца, бо гэта такая даволі доўгая працэдура, якая патрабуе высілкаў. Гэта не толькі падаць скаргу на Беларусь — гэта трэба і спачатку неяк камунікаваць з уладамі Беларусі, весці перамовы, прапаноўваць нейкія захады, каб спыніць гэтую сістэмную практыку катаванняў. І толькі калі гэтыя несудовыя меры вычарпаны, можна звяртаца да суду. Падобна працуе ў грамадскім праве: спачатку нейкі прэтэнзійны парадак, а потым ужо ў суд. Так і тут. Таму калі нейкая дзяржава зможа, захоча, знойдзе рэсурсы заняцца гэтым для Беларусі, гэта будзе вялікі поспех і вельмі важны крок”.

Які ж механізм задзейнічаць?

З механізмамі адказнасці ёсць пытанне, як дзейнічаць, адзначае юрыстка “Вясны”:

“З аднаго боку ёсць такі прынцып не класці ўсе яйкі ў адзін кошык: што мы спрабуем задзейнічаць усё, што можна — для Беларусі не так шмат механізмаў адказнасці ў прынцыпе: няма Камітэта па правах чалавека, няма ЕСПЧ, самае галоўнае, няма магчымасці на нацыянальным узроўні штосьці рабіць зараз, таму праваабаронцы спрабуюць ад усяго, што засталося, усяго, што даступна, выціснуць максімум, і тут таксама ўзнікае такое пытанне, што магчыма патрэбен нейкі прыярытэт, што магчыма ёсць нейкі механізм, які можна вылучыць як самы важны, і вось усім разам працаваць на яго. Але гэта хіба пытанне без адказу: напэўна, ніхто не ведае, як лепей. І часам адзін механізм толькі падмацоўвае іншы, як гэта прама паказвае з тым, што ёсць Камітэт супраць катаванняў і яго рашэнне літаральна адкрывае дзверы для таго, каб задзейнічаць іншыя больш высокага ўзроўню механізм — гэта Міжнародны суд ААН. І пытанне толькі ў нейкай палітычнай волі, то бок хто знойдзе сілы, час і рэсурсы на тое, каб гэта рабіць для беларусаў”.

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

Share

See more news

Спецдакладчык ААН па Беларусі: «Вызваленне палітвязняў не спыняе палітыку рэпрэсій»
10 January 2026, 12:45 PM
Спецдакладчык ААН па Беларусі: «Вызваленне палітвязняў не спыняе палітыку рэпрэсій»
Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс 17 снежня павітаў нядаўнія вызвалення зняволеных, асуджаных у сувязі з пратэстамі вакол прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
Тбіліскі гарадскі суд скасаваў адмову беларускай журналістцы ў прытулку
04 January 2026, 4:39 PM
Тбіліскі гарадскі суд скасаваў адмову беларускай журналістцы ў прытулку
Пра гэта паведаміў “Позірку” праваабаронца Раман Кісляк, які пражывае ў Грузіі.
Універсальны перыядычны агляд: Беларусь падтрымала 128 рэкамендацый з 332
18 December 2025, 9:00 PM
Універсальны перыядычны агляд: Беларусь падтрымала 128 рэкамендацый з 332
У Жэневе прайшло 15 пасяджэнне перад дзясятай сесіяй Рабочай групы па Універсальным перыядычным аглядзе (УПА). На ім прынялі раздзел рэкамендацый праекта дакладу УПА па ў тым ліку і Беларусі.
Што такое «Accountability for Belarus»? Тлумачыць экспертка БХК Кацярына Дзяйкала
05 December 2025, 9:00 PM
Што такое «Accountability for Belarus»? Тлумачыць экспертка БХК Кацярына Дзяйкала
"Вясна" разбіраецца разам з эксперткай БХК Кацярынай Дзяйкалай.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці