Заява аб пачатку экспертнай місіі па назіранні за выбарамі* ў Беларусі 25 лютага 2024 года

15 December 2023, 12:51 PM
Заява аб пачатку экспертнай місіі па назіранні за выбарамі* ў Беларусі 25 лютага 2024 года

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" абвяшчае пра пачатак працы экспертнай місіі па назіранні за выбарамі* дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання і мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання, што пройдуць у Беларусі 25 лютага 2024 года.

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" з 2008 года аб'ядноўвае намаганні найстарэйшых праваабарончых арганізацый Беларусі — Праваабарончага цэнтра "Вясна" і Беларускага Хельсінкскага камітэта, для назірання за выкананнем выбарчых правоў грамадзян Беларусі.

25 лютага 2024 года ўлады ўпершыню правядуць "адзіны дзень галасавання", уведзены ў выніку змены Канстытуцыі Беларусі ў 2022 годзе. Фармаванне складу ніжняй палаты парламента і мясцовых саветаў дэпутатаў будзе першай электаральнай кампаніяй пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Пагасіўшы крызіс 2020 года сілай, улады працягваюць жорстка душыць любыя праявы таго, што яны лічаць палітычнай альтэрнатывай. Палітычны ландшафт краіны характарызуецца бесперапыннымі рэпрэсіямі за спробы рэалізаваць такія грамадзянскія і палітычныя правы, як свабода выказвання меркавання, свабода мірных сходаў, свабода асацыяцыяў. Улады знішчылі тысячы арганізацый грамадзянскай супольнасці, незалежныя СМІ, апазіцыйныя палітычныя партыі; у турмах у нечалавечых умовах працягваюць знаходзіцца праваабаронцы, журналісты і грамадзянскія актывісты, а таксама іншыя апаненты рэжыму. Тысячы асуджаных па палітычных матывах грамадзян пазбаўленыя выбарчых правоў. Сотні тысяч выбаршчыкаў вымушаныя былі пакінуць краіну праз атмасферу страху ці пагрозу палітычна-матываванага пераследу. Пры гэтым усе яны былі пазбаўленыя свайго права галасаваць праз пастанову ўладаў не ствараць выбарчыя ўчасткі за мяжой.

У гэтай сувязі кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" заяўляе, што ў такіх умовах ужо цяпер нельга казаць пра сумленныя і свабодныя выбары, пра рэальную рэалізацыю прынцыпу народаўладдзя і выбарчых правоў грамадзян Беларусі. Сапраўдныя выбары — гэта не толькі і не столькі выбарчыя працэдуры. Любая свабодная і справядлівая выбарчая кампанія прадугледжвае, перш за ўсё, умовы, калі ў поўнай меры рэалізуюцца правы і свабоды, уключна з свабодай слова, свабодай мірных сходаў і асацыяцыяў, правам удзельнічаць у кіраванні сваёй дзяржавай, свабодай ад дыскрымінацыі.

Важную ролю ва ўсталяванні і падтрыманні даверу да працэсу волевыяўлення грамадзян і яго выніках грае назіранне з боку нацыянальных і міжнародных назіральнікаў. Аднак зачыстка грамадзянскай супольнасці, а таксама створаная ўладамі атмасфера страху прывялі да таго, што ў цяперашні час адсутнічае магчымасць паўнавартаснага назірання за ўсімі аспектамі выбарчага працэсу.

Мы хочам нагадаць, што задачай праваабаронцаў пры любым дзяржаўным рэжыме з'яўляецца ажыццяўленне грамадзянскага кантролю за дзеяннямі ўладаў. Менавіта таму кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" лічыць неабходным правесці маніторынг гэтай выбарчай кампаніі для таго, каб на падставе сабранай інфармацыі мець магчымасць задакументаваць тое, што адбываецца і працягваць ацэньваць дзеянні ўладаў з пункту гледжання міжнародных стандартаў у галіне свабодных і дэмакратычных выбараў.

У той жа час мы не бачым магчымасці арганізаваць, як раней, поўнамаштабнае назіранне за выбарчай кампаніяй, накіроўваць сваіх назіральнікаў у выбарчыя камісіі і на ўчасткі для галасавання. Гэта вымушаная мера, абумоўленая, у першую чаргу, клопатам за бяспеку назіральнікаў. Таму мы аб'яўляем аб запуску экспертнай місіі, мэтай якой будзе ацэнка адпаведнасці выбарчай кампаніі–2024 міжнародным стандартам, што тычацца правядзення сапраўдных, свабодных і дэмакратычных выбараў, і інфармаванне нацыянальнай і міжнароднай грамадскасці аб сваіх высновах.

Экспертная місія будзе збіраць і аналізаваць інфармацыю аб выбарчай кампаніі па адкрытых крыніцах і паведамленнях ад выбаршчыкаў з Беларусі. Мы разлічваем на інфармацыю ад людзей у Беларусі аб парушэннях падчас выбарчай кампаніі і адначасова заклікаем да захавання лічбавай гігіены і правілаў бяспечнай камунікацыі. Неабыякавыя выбаршчыкі змогуць накіраваць нам інфармацыю аб парушэннях праз ананімную форму і па іншых бяспечных каналах інфармавання. Вынікі маніторынгу будуць апублікаваныя ў выглядзе серыі справаздач, што будуць даступныя на сайце кампаніі і ў іншых адкрытых крыніцах. Сайт кампаніі і форма збору інфармацыі ў хуткім часе стануць дасяжныя для карыстальнікаў.


*Для мэтаў гэтай заявы ды іншых дакументаў кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" тэрмін "выбары*" у дачыненні да выбарчай кампаніі–2024 выкарыстоўваецца з зорачкай, каб падкрэсліць умоўны характар гэтага тэрміна, бо любая свабодная і справядлівая выбарчая кампанія прадугледжвае, перш за ўсё, умовы, калі ў поўнай меры рэалізуюцца правы і свабоды, уключна з свабодай слова, свабодай мірных сходаў і асацыяцый, правам удзельнічаць у кіраванні сваёй дзяржавай, свабодай ад дыскрымінацыі, што ў цяперашні час у Беларусі практычна адсутнічае.

Публікацыя паводле сайту "Вясны"

See more news

Беларускі ПЭН пратэстуе супраць пераследу ўдзельнікаў святкавання Дня Волі
09 July 2024, 8:45 AM
Беларускі ПЭН пратэстуе супраць пераследу ўдзельнікаў святкавання Дня Волі
Беларускі ПЭН выказвае пратэст і звяртае ўвагу міжнароднай супольнасці на новы кірунак рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі – пераслед за ўдзел у святкаванні Дня Волі.
Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні 17 палітычных зняволеных (Дар'я Заяц і іншыя)
09 July 2024, 7:40 AM
Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні 17 палітычных зняволеных (Дар'я Заяц і іншыя)
Патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Дзмітрыя Пузікава, Дзяніса Семяніхіна, Дар’ю Заяц, Валерыю Драгун, Алену Карпенку, Андрэя Каралёва, Антона Пугача, Алену Дуброўскую, Івана Дзярновіча, Аляксандра Захарчыка, Юрыя Юрчука, Таццяну Макееву, Руслана Зголіча, Дзмітрыя Сіўко, Аляксандра Цюпу, Івана Мікшу, Аляксандра Сырыцу і спыніць крымінальны пераслед.
Заява аб прызнанні васьмі чалавек палітычнымі зняволенымі (Ірына Клязовіч і іншыя)
09 July 2024, 7:29 AM
Заява аб прызнанні васьмі чалавек палітычнымі зняволенымі (Ірына Клязовіч і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Ірына Клязовіч, Марыну Гацуру, Віктара Нікіфарава, Надзею Лескавец, Ірыну Погодаеву, Глеба Дудко, Жанну Дашкевіч, Іллю Гумбара.
Заява аб прызнанні Анджэя Юхневіча палітычным зняволеным
25 June 2024, 12:27 PM
Заява аб прызнанні Анджэя Юхневіча палітычным зняволеным
Мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, выказваем свой пратэст з нагоды палітычнага пераследу і арышту Анджэя Юхневіча.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці