Заява аб прызнанні 11 чалавек палітычнымі зняволенымі (Уладзімір Марозаў і іншыя)

17 April 2024, 9:12 AM
Заява аб прызнанні 11 чалавек палітычнымі зняволенымі (Уладзімір Марозаў і іншыя)

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

17 красавіка 2024 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі зноў адзначаем, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна для абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і да т.п. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам уяўляецца неабгрунтаваным.

Мы настойваем на недапушчальнасці ўжывання закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагроз у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, для пакарання тых грамадзян, якія выказаліся ў сувязі з відавочным парушэннем прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягнутасцю прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс катаванняў і ў стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні ды іншыя грубыя парушэнні правоў чалавека, якія часта маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці.

У адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, кожны мае права пры разглядзе любога прад'яўлянага яму крымінальнага абвінавачвання на справядлівае і публічнае разбіральніцтва справы кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом. Суды маюць права не дапускаць усю публіку або частку яе па меркаваннях маралі, грамадскага парадку або дзяржаўнай бяспекі ў дэмакратычным грамадстве або калі таго патрабуюць інтарэсы прыватнага жыцця бакоў, або — у той меры, у якой гэта, на думку суда, строга неабходна, — у асаблівых абставінах, калі публічнасць парушала б інтарэсы правасуддзя. У выпадку адсутнасці такіх выключных абставінаў разбіральніцтва павінна быць адкрытым для шырокай публікі, уключна з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, і не мусіць, напрыклад, абмяжоўвацца пэўнай катэгорыяй асоб. Нават у тых выпадках, калі публіка пазбаўленая доступу на судовае разбіральніцтва, судовая пастанова, уключна з асноўнымі высновамі, доказамі ды прававой аргументацыяй, павінна быць аддадзена галоснасці. Гэтыя патрабаванні не выкананыя судом у справе названых асоб, што само па сабе магло б вызначыць стаўленне праваабаронцаў да вынікаў яго разгляду.

Нам вядома аб асуджэнні:

  • Уладзіміра Марозава паводле арт. 130, 342, 361, 369, 368, 367, 203-1, 361-4 КК па абвінавачванні ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці, арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх; закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, абразе прадстаўніка ўлады, А. Лукашэнкі і паклёпе на яго, незаконных дзеяннях у дачыненні да персанальных дадзеных, садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

  • Сяргея Чыжэўскага паводле арт. 130, 342, 368, 367 КК па абвінавачванні ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці, арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх, абразе А. Лукашэнкі ды паклёпе на яго — да 2 гадоў 8 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

  • Уладзіміра Варашня паводле арт. 130, 366, 369, 368, 367 КК па абвінавачванні ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці, пагрозе ў дачыненні да службовай асобы, што выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак, абразе службовай асобы, А. Лукашэнкі ды паклёпе на яго — да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

  • Віктара Новіка ў закрытым судовым пасяджэнні паводле арт. 361-1, 130, 356, 179, 377, 352, 302-1, 361-4, 426 КК па абвінавачванні ў распальванні сацыяльнай варожасці або варажнечы, здрадзе дзяржаве, незаконным зборы і распаўсюдзе звестак аб прыватным жыцці, знішчэнні афіцыйных дакументаў, неправамерным завалоданні камп’ютарнай інфармацыяй, незаконных дзеяннях у дачыненні да персанальных дадзеных, садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў — да пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму тэрмінам на 13 гадоў;

  • Уладзіміра Журомскага ў закрытым судовым пасяджэнні паводле арт. 361-1, 130, 356, 179, 377, 352, 302-1, 361-4, 426 КК па абвінавачванні ў распальванне сацыяльнай варожасці або варажнечы, здрадзе дзяржаве, незаконным зборы і распаўсюдзе звестак аб прыватным жыцці, знішчэнні афіцыйных дакументаў, неправамерным завалоданні камп’ютарнай інфармацыяй, незаконных дзеяннях у дачыненні да персанальных дадзеных, садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў — да пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму тэрмінам на 12 гадоў;

  • Віктара Баркета паводле арт. 370, 368, 368, 130 КК па абвінавачванні ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў, абразе прадстаўніка ўлады, абразе А. Лукашэнкі, распальванні сацыяльнай варожасці або варажнечы — да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

  • Ігара Федарэнкі паводле арт. 342, 361 ч. 3, 368, 130 КК па абвінавачванні ў арганізацыі ды падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх, удзеле ў дзейнасці экстрэмісцкага фармавання, абразе А. Лукашэнкі, распальванні іншай сацыяльнай варожасці — да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

  • Аляксандра Вітухноўскага паводле арт. 342, 368, 130 КК паводле абвінавачвання ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле у іх, абразе А. Лукашэнкі, распальванні іншай сацыяльнай варожасці — да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

Уладамі неабгрунтавана ўжываецца ўтрыманне пад вартай у адсутнасць дастатковых падстаў для ўжывання меры стрымання, якая абмяжоўвае асабістую свабоду: як адзначае Камітэт па правах чалавека ААН, "утрыманне пад вартай у выглядзе меры стрымання павінна быць разумным і неабходным у любых абставінах". "Утрыманне пад вартай асоб, якія чакаюць суда, павінна быць выключэннем, а не правілам... Вызваленне ад такога ўтрымання пад вартай можа ставіцца ў залежнасць ад прадстаўлення гарантый яўкі на суд, яўкі на судовае разбіральніцтва ў любой іншай яго стадыі і (у выпадку неабходнасці) яўкі для выканання прысуду. Гэтая прапанова тычыцца асоб, якія чакаюць судовага разбору па крымінальным абвінавачванні, гэта значыць пасля прад'яўлення абвінавачвання, але аналагічнае патрабаванне, якое ахоплівае перыяд да прад'яўлення абвінавачвання, выцякае з забароны адвольнага арышту... Прымяненне дасудовага ўтрымання пад вартай да падазраваных і абвінавачаных не мусіць быць агульнай практыкай. Заключэнне пад варту павінна быць заснавана на прынятым у кожным канкрэтным выпадку рашэнні аб тым, што яно абгрунтаванае і неабходнае з улікам усіх абставінаў для такіх мэтаў, як папярэджанне ўцёкаў, умяшання ў працэс збірання доказаў або рэцыдыву злачынства ... Адпаведныя фактары павінны быць прапісаны ў законе і не мусяць утрымліваць расплывістых і шырокіх стандартаў, такіх як "грамадская небяспека"... дасудовае ўтрыманне пад вартай павінна прымяняцца не на аснове магчымага прысуду, а на аснове вызначэння неабходнасці ў гэтай меры стрымання".

Так, стала вядома аб заключэнні пад варту:

  • Бунаты Сяргея паводле ч. 3 арт. 361 КК па абвінавачванні ва ўдзеле ў дзейнасці экстрэмісцкага фармавання;

  • Вольгі Лоцманавай, затрыманай у ліку іншых людзей, звязаных з ініцыятывай прадуктовай дапамогі сем'ям палітвязняў;

  • Андрэя Зайкова паводле арт. 130 КК па абвінавачванні ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы.

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы аб існаванні ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яго пераследу мае месца хоць бы адзін з наступных фактараў:

a) пазбаўленне волі было ўжытае ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;

d) асоба пазбаўленая волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што далейшае пазбаўленне волі Уладзіміра Марозава, Сяргея Чыжэўскага, Уладзіміра Варашня, Віктара Новіка, Уладзіміра Журомскага, Віктара Баркета, Ігара Федарэнкі, Аляксандра Вітухноўскага, Сяргея Бунаты, Вольгі Лоцманавай, Андрэя Зайкова з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі – палітычнымі зняволенымі. Мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • перагледзець вынесеныя ў дачыненні да названых палітвязняў прысуды і абраныя меры стрымання пры захаванні права на справядлівае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзей, выгляд і памер пакарання;

  • вызваліць названых палітвязняў, ужыўшы іншыя меры для забеспячэння іх яўкі ў суд;

  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, перагледзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Прававая ініцыятыва;

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Lawtrend;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларуская асацыяцыя журналістаў.

See more news

Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Аляксей Кісялёў і іншыя)
25 August 2024, 12:01 PM
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Аляксей Кісялёў і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Антона Станкевіча, Аляксея Кісялёва, Наталлю Жыгар, Наталлю Давыдуліну, Віталя Лескаўца, Ягора Волкава, Ігара Нажэева.
Заява аб прызнанні 14 чалавек палітычнымі зняволенымі (Станіслаў Шапель і іншыя)
25 August 2024, 11:38 AM
Заява аб прызнанні 14 чалавек палітычнымі зняволенымі (Станіслаў Шапель і іншыя)
Мы заяўляем, што пазбаўленне волі Станіслава Шапеля, Дзмітрыя Пазнякова, Антона Шарупы, Віталя Саўко, Барыса Грынкевіча, Андрэя Мірэйчыка, Андрэя Грыгор'ева, Вікторыі Волчак, Ганны Савачкінай, Таццяны Русак, Уладзіслава Наважанцава, Дзяніса Сакалова, Вілена Тургунова, Дзмітрыя Асіюка – з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі – палітычнымі зняволенымі.
Заява аб прызнанні 10 чалавек палітычнымі зняволенымі (Зміцер Шалак і іншыя)
25 August 2024, 11:22 AM
Заява аб прызнанні 10 чалавек палітычнымі зняволенымі (Зміцер Шалак і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Міхаіла Лазько, Максіма Джуманіязава, Дзмітрыя Шалака, Паўла Кучарэнку, Андрэя Гіля, Ярванда Марцірасяна, Сяргея Барзаўца, Яўгена Стральчэня, Сяргея Чарнецкага, Станіслава Амельянюка і спыніць крымінальны пераслед.
Патрабуем рэабілітацыі 22 былых палітычных зняволеных (Павел Башынскі і іншыя)
13 August 2024, 8:13 AM
Патрабуем рэабілітацыі 22 былых палітычных зняволеных (Павел Башынскі і іншыя)
Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў, права на асацыяцыю і свабоду выказвання свайго меркавання ў адносінах да абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і іншых грамадска-значных падзей.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці