Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
25 лютага 2025 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт.130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна для абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і да т.п. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам уяўляецца неабгрунтаваным.
Мы настойваем на недапушчальнасці ўжывання закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагрозаў у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, для пакарання тых грамадзян, што выказаліся ў сувязі з відавочным парушэннем прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягнутасцю прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс катаванняў і ў стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні ды іншыя грубыя парушэнні правоў чалавека, якія часта маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці.
У адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, кожны мае права пры разглядзе любога прад'яўлянага яму крымінальнага абвінавачвання на справядлівае і публічнае разбіральніцтва справы кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом. Суды маюць права не дапускаць усю публіку або частку яе з меркаванняў маралі, грамадскага парадку або дзяржаўнай бяспекі ў дэмакратычным грамадстве або калі таго патрабуюць інтарэсы прыватнага жыцця бакоў, або — у той ступені, у якой гэта, на думку суда, строга неабходна, — пры асаблівых абставінах, калі публічнасць парушала б інтарэсы правасуддзя. У выпадку адсутнасці такіх выключных абставінаў разбіральніцтва павінна быць адкрытым для шырокай публікі, уключна з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, і не мусіць, напрыклад, абмяжоўвацца пэўнай катэгорыяй асоб. Нават у тых выпадках, калі публіка пазбаўленая доступу на судовае разбіральніцтва, судовая пастанова, уключна з асноўнымі высновамі, доказамі і прававой аргументацыяй, павінна быць аддадзена галоснасці. Гэтыя патрабаванні не выкананыя судом у справе названых асоб, што само па сабе магло б вызначыць стаўленне праваабаронцаў да вынікаў яго разгляду.
Нам вядома аб асуджэнні:
Віктара Саўчыца паводле артыкулаў 361, 369, 368, 130 Крымінальнага кодэкса паводле абвінавачвання ў закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, абразе прадстаўніка ўлады, абразе А. Лукашэнкі, распальванні варожасці або варажнечы — да 6 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Аляксея Горына паводле арт. 130 КК, які абвінавачваецца ў распальванні варожасці або варажнечы — да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Сяргея Кабурнеева ў закрытым судовым пасяджэнні паводле арт. 368, 295 КК паводле абвінавачвання ў абразе А. Лукашэнкі і незаконных дзеяннях у дачыненні да зброі — да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Леаніда Церабея паводле арт. 370, 130, 342, 367, 368 КК, які абвінавачваецца ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў, распальванні іншай сацыяльнай варожасці, арганізацыі ды падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх, паклёпе на А. Лукашэнку і яго абразе — да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Уладзіміра Махнача паводле арт. 130, 368 і 369, які абвінавачваецца ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці, абразе Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады — да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
Уладамі неабгрунтавана ўжываецца ўтрыманне пад вартай у адсутнасць дастатковых падстаў для ўжывання меры стрымання, якая абмяжоўвае асабістую свабоду: як адзначае Камітэт па правах чалавека ААН, "утрыманне пад вартай у выглядзе меры стрымання павінна быць разумным і неабходным у любых абставінах". "Утрыманне пад вартай асоб, якія чакаюць суда, павінна быць выключэннем, а не правілам... вызваленне ад такога ўтрымання пад вартай можа ставіцца ў залежнасць ад прадстаўлення гарантый яўкі на суд, яўкі на судовае разбіральніцтва ў любой іншай яго стадыі і (у выпадку неабходнасці) яўкі для выканання прысуду. Гэтая прапанова тычыцца асоб, якія чакаюць судовага разбору паводле крымінальнага абвінавачвання, гэта значыць пасля прад'яўлення абвінавачвання, але аналагічнае патрабаванне, якое ахоплівае перыяд да прад'яўлення абвінавачвання, выцякае з забароны адвольнага арышту... Ужыванне дасудовага ўтрымання пад вартай да падазраваных і абвінавачаных не павінна быць агульнай практыкай. Заключэнне пад варту павінна быць заснаванае на прынятым у кожным канкрэтным выпадку рашэнні аб тым, што яно абгрунтаванае і неабходнае з улікам усіх абставінаў для такіх мэтаў, як папярэджанне ўцёкаў, умяшання ў працэс збірання доказаў або рэцыдыву злачынства... Адпаведныя фактары павінныя быць прапісаныя ў законе і не мусяць утрымліваць расплывістых і шырокіх стандартаў, такіх як "грамадская небяспека"... дасудовае ўтрыманне пад вартай павінна ўжывацца не на аснове магчымага прысуду, а на аснове вызначэння неабходнасці ў гэтай меры стрымання"
Вядома аб заключэнні пад варту:
Аляксандра Сезеня паводле арт. 130 КК, які абвінавачваецца ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці;
Юрыя Залатухіна паводле арт. 356 КК, які абвінавачваецца ў здрадзе дзяржаве;
Анатоля Крупіна паводле артыкула 130 КК, які абвінавачваецца ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці;
Віктара Вараб'ёва паводле артыкулаў 356, 426, 361-4, 361-1, 342 КК паводле абвінавачвання ў здрадзе дзяржаве, перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў, садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні, арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх;
Аляксандра Яворскага паводле арт. 130, 368 КК, які абвінавачваецца ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці, абразе А. Лукашэнкі;
Сяргея Цераховіча паводле арт. 356 КК, які абвінавачваецца ў здрадзе дзяржаве;
Карыны Маліноўскай паводле арт. 130, 342, ч. 3 арт. 361 КК паводле абвінавачвання ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці, актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
Юрыя Кутузава паводле арт. 357 КК, які абвінавачваецца ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады.
Алену Бадзяку паводле арт. 130, ч. 3 арт. 361 КК паводле абвінавачвання ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці, закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.
Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы аб існаванні ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных.
У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яго пераследу мае месца хоць бы адзін з наступных фактараў:
a) пазбаўленне волі было ўжытае ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных Пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
d) асоба пазбаўленая волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.
Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што далейшае пазбаўленне волі Віктара Саўчыца, Аляксея Горына, Сяргея Кабурнеева, Аляксандра Сезеня, Юрыя Залатухіна, Леаніда Церабея, Анатоля Крупіна, Віктара Вараб'ёва, Аляксандра Яворскага, Сяргея Цераховіча, Карыны Маліноўскай, Юрыя Кутузава, Уладзіміра Махнача, Алены Бадзякі — з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі – палітычнымі зняволенымі.
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
перагледзець вынесеныя ў дачыненні да названых палітвязняў прысуды і выбраныя меры стрымання пры захаванні права на справядлівае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзей, выгляд і памер пакарання;
вызваліць названых палітвязняў, ужыўшы іншыя захады для забеспячэння іх яўкі ў суд;
неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, перагледзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Беларускі ПЭН;
Lawtrend;
Прававая ініцыятыва;
Беларускі Хельсінкскі Камітэт.