заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці
28 чэрвеня 2022 г.
У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь ды і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на правамерную реалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці патрабуем спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў, і ў чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:
Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу А. Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў:
Данута Пярэдня, узята пад варту па арт. 361 КК за заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), 368 КК за абразу А. Лукашэнкі;
Юрый Грыгер, узяты пад варту па арт. 369 КК за абразу сложбовай асобы ў каментарыі;
Аляксандр Кудловіч, узяты пад варту па арт. 368 і 369 КК за абразу А. Лукашэнкі і службовых асоб;
Уладзімір Бранавіцкі, ўзяты пад варту за распаўсюджванне пратэснай сімволікі па арт.339 КК;
Аляксандр Пінчук, асуджаны па ч. 1 арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі, па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады, па арт. 203-1 ч. 3 КК за распаўсюд дадзеных службовых асоб да РБ да 2 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Таццяна Купчына, асуджана па арт. 391 КК за абразу суддзі, па ч. 1 арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі, па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады, да 2 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Аляксей Вялешка, асуджаны па ч. 1 арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі, па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да 2 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Канстанцін Дудараў, асуджаны па арт. 367 КК за паклёп на А. Лукашэнку да 1 года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Максім Антановіч, асуджаны па ч. 1 арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі да 1 года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Міхаіл Ляпейка, падвергнуты прымусовым мерам медыцінскага характару – псіхіятрычнаму лячэнню за абразу А. Лукашэнкі;
Аляксандр Кісель, падвергнуты прымусовым мерам медыцінскага характару – псіхіятрычнаму ляченню за абразу А. Лукашэнкі;
Аляксандр Пруднікаў, асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да 1 года і 3 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
Ігар Карпіцкі, асуджаны па ч. 1 арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі, па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады, па ч.ч. 1 і 2 арт. 366 КК за пагрозу гвалтам ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, і А. Лукашэнкі, якія была немагчыма выканаць, а таксама за ўдзел у мірным сходзе па ч. 1 арт. 342 КК да сямі гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
Аляксандр Данілевіч, узяты пад варту па арт. 361 КК за заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый)
У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:
Неадкладна вызваліць палітвязняў Дануту Пярэдня, Юрыя Грыгера, Аляксандра Кудловіча, Уладзіміра Бранавіцкага, Аляксандра Пінчука, Таццяну Купчыну, Аляксея Вялешку, Канстанціна Дударава, Максіма Антановіча, Міхаіла Ляпейку, Аляксандра Кіселя, Аляксандра Пруднікава, Ігара Карпіцкага, Аляксандра Данілевіча і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Прававая ініцыятыва;
Lawtrend;
Беларускі Хельсінкскі камітэт;
Беларускі ПЭН;
Human Constanta.