заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці
20 траўня 2025 г.
У сувязі з новымі выпадкамі пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь ды і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на правамерную реалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці патрабуем спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў, і ў чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:
Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу А. Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржавы і дзяржаўных сімвалаў, іншыя формы рэалізацыі свабоды мяркаванняў:
Анатоль Змітровіч змешчаны пад варту па ч. 2 арт. 367 за паклёп на А. Лукашэнку;
Цімафей Караткевіч змешчаны пад варту па дыфамацыйнам артыкуле КК;
Вячаслаў Дземянчонак асуджаны да пазбаўлення волі па арт. 361 КК за заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (санкцый);
Міхаіл Цімашэнка асуджаны па ч. 2 арт. 367 КК за паклёп на А. Лукашэнку да аднаго года пазбаўлення волі ў калоніі;
Максім Солап асуджаны да пазбаўлення волі па арт. 361 КК за заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (санкцый).
Мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:
неадкладна вызваліць палітвязняў Анатоля Змітровіча, Цімафея Караткевіча, Вячаслава Дземянчонка, Міхаіла Цімашэнку, Максіма Солапа і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх;
прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 361, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы;
неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Respect-Protect-Fulfill;
Human Constanta;
Прававая ініцыятыва;
Lawtrend;
Офіс па правах людзей з інваліднасцю;
Беларускі Хельсінкскі камітэт;
Беларускі ПЭН.