Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
19 траўня 2025 года
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што пазбаўленне волі і крымінальная адказнасць за розныя формы пратэстнай актыўнасці выкарыстоўваюцца ўладамі як інструмент падаўлення грамадзянскай і палітычнай актыўнасці, іншадумства і антываенных выказванняў.
Крымінальнае заканадаўства ў 2021 годзе было істотна ўзмоцнена і дапоўнена новымі складамі злачынстваў, якія ўлады выкарыстоўваюць выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.
Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэт дзяржаўнай бяспекі ў пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб’яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць змен у дзяржаве і праводжанай ёй палітыцы. Шэраг СМІ таксама прызнаны экстрэмісцкімі фарміраваннямі. Гэта, у сваю чаргу, адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і респондэнтаў як непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў.
Так, стала вядома пра змяшчэнне пад варту і асуджэнне да пазбаўлення волі Алы Пучынскай па ч. 2 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса па абвінавачванні ў фінансаванні беларускіх добраахвотнікаў ва Узброеных Сілах Украіны, а таксама Мікіты Лосіка, Аляксея Кайдаша, Алега Лойкі, Аляксандра Гардзеенкі, Ганны Багінскай, Вольгі Аляксеевай па арт. 361-4 КК па абвінавачванні ў садзейнічанні «экстрэмісцкай дзейнасці».
Мы прызнаём названых асоб палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены" і патрабуем ад уладаў Беларусі:
неадкладна вызваліць палітычных зняволеных Алу Пучынскую, Мікіту Лосіка, Аляксея Кайдаша, Алега Лойку, Аляксандра Гардзеенку, Ганну Багінскую, Вольгу Аляксееву;
неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Прававая ініцыятыва;
Беларуская Асацыяцыя журналістаў;
Respect-Protect-Fulfill;
Lawtrend;
Беларускі ПЭН;
Human Constanta.