Заява аб прызнанні васьмі чалавек палітычнымі зняволенымі (Андрэй Сітнікаў і іншыя)

21 May 2025, 2:03 PM
Заява аб прызнанні васьмі чалавек палітычнымі зняволенымі (Андрэй Сітнікаў і іншыя)

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

21 мая 2025 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна для абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і да т. п. у якасці сацыяльных групаў, што падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам уяўляецца неабгрунтаваным.

Мы настойваем на недапушчальнасці ўжывання закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагрозаў у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, для пакарання тых грамадзян, якія выказаліся ў сувязі з відавочным парушэннем прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягнутасцю прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс катаванняў і ў стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні ды іншыя грубыя парушэнні правоў чалавека, што часта маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці.

У адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, кожны мае права пры разглядзе любога прад'яўленага яму крымінальнага абвінавачвання на справядлівае і публічнае разбіральніцтва справы кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом. Суды маюць права не дапускаць усю публіку або частку яе з меркаванняў маралі, грамадскага парадку або дзяржаўнай бяспекі ў дэмакратычным грамадстве або калі таго патрабуюць інтарэсы прыватнага жыцця бакоў, або — у той ступені, у якой гэта, на думку суда, строга неабходна, — пры асаблівых абставінах, калі публічнасць парушала б інтарэсы правасуддзя. У выпадку адсутнасці такіх выключных абставінаў разбіральніцтва мусіць быць адкрытым для шырокай публікі, уключна з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, і не павінна, напрыклад, абмяжоўвацца пэўнай катэгорыяй асоб. Нават у тых выпадках, калі публіка пазбаўленая доступу на судовае разбіральніцтва, судовая пастанова, уключна з асноўнымі высновамі, доказамі і прававой аргументацыяй, павінна быць аддадзена галоснасці. Гэтыя патрабаванні не выкананыя судом у справе названых асоб, што само па сабе магло б вызначыць стаўленне праваабаронцаў да вынікаў яго разгляду.

Пераслед паводле артыкула130 КК рэгулярна суправаджаецца вылучэннем іншых палітычна матываваных абвінавачванняў за рэалізацыю сваіх правоў і свабод.

Нам вядома аб асуджэнні:

  • Андрэя Сітнікава паводле арт. 368, 369, 361-1, 130 Крымінальнага кодэкса па абвінавачванні ў абразе А. Лукашэнкі, прадстаўніка ўлады, стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім, распальванні варожасці або варажнечы — да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі;

  • Аляксандра Александроўскага паводле артыкула 130 Крымінальнага кодэкса, па абвінавачванні ў распальванні варожасці або варажнечы — да пазбаўлення волі ў калоніі;

  • Яўгена Белендыка паводле артыкула 130 Крымінальнага кодэкса, па абвінавачванні ў распальванні варожасці або варажнечы — да пазбаўлення волі ў калоніі;

  • Аляксандра Быкава паводле арт. 368, 369, 361-1, 130 Крымінальнага кодэкса па абвінавачванні ў абразе А. Лукашэнкі, прадстаўніка ўлады, стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім, распальванні варожасці або варажнечы — да пазбаўлення волі ў калоніі;

  • Пятра Філіповіча паводле арт. 368, 130 Крымінальнага кодэкса, паводле абвінавачвання ў абразе А. Лукашэнкі, распальвання варожасці або варажнечы — да пазбаўлення волі ў калоніі;

  • Сяргея Дзегцярэнкі паводле артыкулаў 361-4, 130 Крымінальнага кодэкса, па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, распальванні варожасці або варажнечы — да трох гадоў і пяці месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі;

  • а таксама аб заключэнні пад варту паводле абвінавачвання ва ўчыненні злачынстваў так званай "экстрэмісцкай" накіраванасці, уключна з арт. 369, 361-1, 361-3 КК — Паўла Бялюціна ды Васіля Грачыхі.

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы аб існаванні ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хоць адзін з наступных фактараў:

  1. a) пазбаўленне волі было ўжытае ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных Пактам або Еўрапейскай Канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;

  2. d) асоба пазбаўленая волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што далейшае пазбаўленне волі Андрэя Сітнікава, Аляксандра Александроўскага, Яўгена Белендыка, Аляксандра Быкава, Пятра Філіповіча, Сяргея Дзегцярэнкі, Паўла Бялюціна ды Васіля Грачыхі з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі – палітычнымі зняволенымі.

Мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • перагледзець вынесеныя ў дачыненні да названых палітвязняў прысуды і выбраныя меры стрымання пры захаванні права на справядлівае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, што паўплывалі на кваліфікацыю дзей, выгляд і памер пакарання;

  • вызваліць названых палітвязняў, ужыўшы іншыя захады для забеспячэння іх яўкі ў суд;

  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, перагледзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Respect-Protect-Fulfill;

Беларускі Хельсінкскі Камітэт;

Lawtrend;

Прававая ініцыятыва.

See more news

Час вызвалення — цяпер! Маніфест з нагоды Дня палітвязняў
21 May 2025, 2:14 PM
Час вызвалення — цяпер! Маніфест з нагоды Дня палітвязняў
Вызваленне палітычных зняволеных — гэта не толькі пытанне справядлівасці, але і праяўленне чалавечнасці.
Заява аб прызнанні пяці чалавек палітычнымі зняволенымі (Анатоль Змітровіч і іншыя)
20 May 2025, 1:58 PM
Заява аб прызнанні пяці чалавек палітычнымі зняволенымі (Анатоль Змітровіч і іншыя)
Мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі.
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Ала Пучынская і іншыя)
19 May 2025, 1:55 PM
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Ала Пучынская і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітычных зняволеных Алу Пучынскую, Мікіту Лосіка, Аляксея Кайдаша, Алега Лойку, Аляксандра Гардзеенку, Ганну Багінскую, Вольгу Аляксееву.
Заява праваабаронцаў аб прызнанні васьмі палітычных зняволеных (Аляксандр Ляўковіч і іншыя)
01 May 2025, 10:10 AM
Заява праваабаронцаў аб прызнанні васьмі палітычных зняволеных (Аляксандр Ляўковіч і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Аляксандра Ляўковіча, Андрэя Філіна, Уладзіміра Цыбульскага, Ірыну Суржык, Дзмітрыя Іванчыкава, Андрэя Лагвіненку, Таццяну Шымко, Сяргея Зелянкоўскага і спыніць іх крымінальны пераслед.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці