Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
20 траўня 2022 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, ізноў адзначаем, што пазбаўленне волі і крымінальная адказнасць за розныя пратэсныя дзеянні выкарыстоўваецца ўладамі дзеля падаўлення грамадскай і палітычнай актыўнасці, іншадумства і антываенных выступаў
Крымінальнае заканадаўства зрабілася істотна больш жорсткім і дапоўнена новымі складамі злачынстваў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.
У пазасудовым парадку МУС і КДБ адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, што аб'яднаныя грамадскімі ці палітычнымі інтарэсамі, крытыкуюць дзеянні ўлад і патрабуюць змен у дзяржаве і палітыцы, якую яна праводзіць. Гэта ў сваю чаргу адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў. Так:
Дзмітрый Кандраценка заключаны пад варту ў СІЗА па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці па арт. 361-4 КК за перадачу звестак аб расійскай ваеннай тэхніцы ў адзін з телеграм-каналаў;
Аляксандр Лучыновіч заключаны пад варту ў СІЗА па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці па арт. 361-4 КК РБ за тое, што перадаў фота расійскай ваеннай тэхнікі тэлеграм-каналу «Беларускі гаюн»;
Павел Наздра затрыманы паводле абвінавачвання ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці паводле арт. 361-4 КК РБ за тое, што перадаў фота расейскай вайсковай тэхнікі тэлеграм-каналу «Беларускі гаюн».
Ацэньваючы паказаную інфармацыю ў кантэксце грамадска-палітычнай сітуацыі апошніх тыдняў, асноўнай падзеяй якіх сталася ваеннае ўварванне Расійскай Федэрацыі ва Украіну і акты антываеннага пратэсту і салідарнасці з народам Украіны, якія з'явіліся пасля гэтага, мы прыходзім да высновы пра тое, што ў дадзеных выпадках грамадзяне пераследуюцца праз іх палітычныя перакананні, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і асацыяцыі.
Таму мы прызнаем іх палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «палітычны зняволены», і патрабуем ад улад Беларусі:
неадкладна вызваліць палітвязняў Дзмітрыя Кандраценку, Паўла Наздру, Аляксандра Лучыновіча;
неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Беларускі ПЭН;
Беларускі Хельсінкскі Камітэт;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Прававая ініцыятыва.