Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні васьмі палітычных зняволеных (Алена Яфрэменка і іншыя)

28 August 2023, 7:27 AM
Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні васьмі палітычных зняволеных (Алена Яфрэменка і іншыя)

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

25 жніўня 2023 года

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, адзначаем, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і г. д. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам падаецца неабгрунтаваным.

Мы па-ранейшаму настойваем на недапушчальнасці прымянення закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагроз у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, дзеля пакарання тых грамадзянаў, якія выказаліся з нагоды відавочнага парушэння прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягнутасці прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс катаванняў і ў стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні і іншыя грубыя парушэнні правоў чалавека, якія часта маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці.

Разгляд гэтых і іншых палітычна матываваных крымінальных спраў у закрытым судовым пасяджэнні груба парушае працэсуальныя правы абвінавачаных і зводзіць да мінімальнай ацэнку дакладнасці, дастатковасці і дапушчальнасці якіх бы там не было доказаў абвінавачання.

Нам вядома пра асуджэнне:

Яўгена Каваленкі па абвінавачанні ў публічнай абразе А.Лукашэнкі (арт. 368 КК), публічнай абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), паклёпе ў дачыненні да А.Лукашэнкі (арт. 367 КК), распальванні іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (арт. 130 КК), арганізацыі і актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК) да двух гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Сяргея Еўдакіменка па абвінавачанні ў саўдзельніцтве ў распальванні варожасці (ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 КК) за перадачу дадзеных прадстаўнікоў дзяржаўнай улады пратэсным інфармацыйным рэсурсам да сямі гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Антона Дзянэйкі па абвінавачанні ў пагрозах супрацоўнікам АУС і службовым асобам (арт. 364 і 366 КК), абразе А.Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады (арт. 368 і 369 КК) за каментары ў сеціве Інтэрнэт да пяці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Паўла Абазнога па абвінавачанні ва ўдзеле на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні ці ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях (ч. 1 арт. 361-3 КК) за намер далучыцца да абаронцаў Украіны, захаванне 12 патронаў (арт. 295 КК), незаконным перамяшчэнні праз мяжу моцнадзейнага рэчыва (анабалічны стэроідны прэпарат) да пяці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Алены Яфрэменкі паводле ч. 1 арт. 368 (абраза А.Лукашэнкі), арт 369 (абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 342 (арганізацыа і актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 2 арт. 366 (гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні на службовай асобы), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы) КК да пазбаўлення волі за каментары ў сеціве Інтэрнэт;

Уладзіслава Пудзяка ў закрытым судовым пасяджэнні паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве) да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Руслана Захарчанкі па абвінавачанні ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (арт. 130 КК) за каментары ў сеціве Інтэрнэт да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

а таксама пра ўзяцце пад варту Уладзіслава Беладзеда па абвінавачанні ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (арт. 130 КК) у дачыненні да прадстаўнікоў улады.

У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачаных быў вынікам сістэматычных шырока распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, быў выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона дзеля абароны парушаных правоў грамадзян, адсутнасцю справядлівага суда і ўмоваў для дэмакратычнай і канстытуцыйнай змены ўлады на сапраўдных выбарах.

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачваных.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны вязень", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  • a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;

  • d) асоба пазбаўлена волі выбіральна ў параўнанні з іншымі асобамі.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем аб прызнанні палітычнымі зняволенымі Яўгена Каваленку, Сяргея Еўдакіменку, Антона Дзянэйку, Паўла Абазнога, Алену Яфрэменка, Уладзіслава Пудзяка, Руслана Захарчанку, Уладзіслава Беладзеда. У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. перагледзець вынесеныя ў дачыненні да названых палітвязняў прысуды пры выкананні права на справядлівае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзеянняў, від і памер пакарання;

  2. вызваліць згаданых палітвязняў, ужыўшы іншыя меры для забеспячэння іх яўкі ў суд;

  3. неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, перагледзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Беларускі ПЭН;

Прававая ініцыятыва;

Lawtrend;

Беларускі Хельсінкскі камітэт.

See more news

Заява праваабарончай супольнасці ў сувязі з інаўгурацыяй А. Лукашэнкі
24 March 2025, 11:20 AM
Заява праваабарончай супольнасці ў сувязі з інаўгурацыяй А. Лукашэнкі
У сувязі з інаўгурацыяй А. Лукашэнкі мы, беларускія праваабарончыя арганізацыі, заяўляем наступнае.
«Прысуд стаў увасабленнем разбуральнай палітыкі рэжыму Лукашэнкі»: заява з нагоды гадавіны суда над беларускімі праваабаронцамі
04 March 2025, 8:13 AM
«Прысуд стаў увасабленнем разбуральнай палітыкі рэжыму Лукашэнкі»: заява з нагоды гадавіны суда над беларускімі праваабаронцамі
Праваабарончая супольнасць выступіла з заявай, у якой заклікае міжнародную супольнасць і патрабуе ад уладаў Беларусі пачаць усе магчымыя намаганні, каб усе палітычныя зняволеныя ў Беларусі былі безумоўна вызваленыя.
Заява аб прызнанні дзевяці чалавек палітычнымі зняволенымі (Алеся Галіцына і іншыя)
03 March 2025, 9:45 AM
Заява аб прызнанні дзевяці чалавек палітычнымі зняволенымі (Алеся Галіцына і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць Алесю Галіцыну, Андрэя Несцяровіча, Ірыну Пазнякевіч, Івана Палевікова, Паліну Зыль, Анатоля Васілеўскага, Аляксандра Клютко, Аляксандра Таранку, Лілію Качан і спыніць іх крымінальны пераслед.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці