Заява праваабаронцаў. Патрабуем рэабілітацыі асуджаных за рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў

27 October 2023, 9:34 AM
Заява праваабаронцаў. Патрабуем рэабілітацыі асуджаных за рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў

заява праваабарончых арганізацый Беларусі

25 кастрычніка 2023 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Рэспублікі Беларусь, атрымаўшы, сабраўшы і прааналізаваўшы інфармацыю пра крымінальны пераслед уладамі Беларусі грамадзян, якія рэалізавалі свабоду выказвання меркаванняў падчас і пасля правядзення выбараў прэзідэнта Беларусі 2020 года, практыку вынясення і выканання прысудаў у дачыненні да іх, прававое становішча асуджаных паводле так званых «экстрэмісцкіх» артыкулаў Крымінальнага кодэкса, адзначаем наступнае:

Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 19 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах; у адпаведнасці з якой кожны чалавек мае права бесперашкодна прытрымлівацца сваіх меркаванняў;

Кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэта права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага кшталту інфармацыю ды ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці з дапамогай друку або мастацкіх формаў выказвання, ці іншымі спосабамі на свой выбар; у сферу ўжытку гэтага пункта ўключана нават такая форма выказвання меркаванняў, якая можа разглядацца як глыбока абразлівая, але пры гэтым яе выкарыстанне можа падпадаць пад абмежаванні;

Гэтая свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычным грамадстве дзеля павагі правоў і рэпутацыі іншых асоб; для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя або маральнасці насельніцтва.

Тым не менш, калі дзяржава−удзельніца Пакта ўстанаўлівае абмежаванні на ажыццяўленне права на свабоднае выказванне меркавання, гэтыя абмежаванні не павінны ставіць пад пагрозу сам прынцып гэтага права[1].

Аднак улады Беларусі адвольна заключалі пад варту, асуджалі ў парушэнне прынцыпу вяршэнства права і цяпер працягваюць пераследаваць у крымінальным і адміністрацыйным парадку за ажыццяўленне свабоды выказвання меркаванняў па розных артыкулах Крымінальнага кодэкса: за абразу А. Лукашэнкі, суддзяў, службовых асоб, паклёп на А. Лукашэнку і службовых асоб; за здзек з дзяржаўных сімвалаў, хуліганства і вандалізм.

Пра факты гэтага палітычна матываванага пераследу часта становіцца вядома толькі напярэдадні або пасля вызвалення чарговай ахвяры рэпрэсій, у сувязі з чым праваабарончая супольнасць не выступала з заявай аб прызнанні іх палітычнымі зняволенымі;

Улады не прызнаюць сваёй адказнасці за адвольнае пазбаўленне волі грамадзян у сувязі з ажыццяўленнем імі правоў і свабодаў, прадугледжаных абавязковымі для Беларусі міжнароднымі дамовамі, працягваюць адвольна пераследаваць рэпрэсаваных нават пасля іх вызвалення, уціскаючы іх у правах унясеннем у пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, што маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці;

Праваабарончай супольнасцю за названы перыяд былі прызнаныя палітычнымі зняволенымі многія з іншадумцаў у той час, калі тыя былі пазбаўленыя волі, і сабраныя звесткі пра асуджаных за гэта да розных відаў пакарання, звязаных і не звязаных з пазбаўленнем волі, у дачыненні да якіх часта абіралася мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту або хатняга арышту;

у адпаведнасці з прынятым праваабарончай супольнасцю Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця «палітычны зняволены», палітычны зняволены – асоба, пазбаўленая волі, калі мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  • a) пазбаўленне волі было ўжытае выключна праз яго палітычныя, рэлігійныя ці іншыя перакананні, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды думкі, сумлення і рэлігіі, свабоды выказвання меркаванняў і інфармацыі, свабоды мірных сходаў і асацыяцый, іншых правоў і свабодаў, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах або Еўрапейскай Канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў;

  • в) пазбаўленне волі было ўжытае выключна праз негвалтоўную дзейнасць, накіраванаю на абарону правоў чалавека і асноўных свабодаў;

  • с) пазбаўленне волі было ўжытае выключна па прыкмеце полу, расы, колеру скуры, мовы, рэлігіі, нацыянальнага, этнічнага, сацыяльнага або радавога паходжання, нараджэння, грамадзянства, сексуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці, маёмаснага становішча ці па іншых прыкметах альбо зыходзячы з наяўнасці ўстойлівай сувязі з супольнасцямі, аб'яднанымі такімі прыкметамі.

Асуджаныя выключна за выказванне меркавання без прыкмет прамых заклікаў да гвалту або несімвалічнаму знішчэнню маёмасці, не звязанае з несімвалічным знішчэннем і пашкоджаннем маёмасці ў мэтах выказвання меркавання, у поўнай меры і безумоўна адпавядалі названым крытэрам у перыяд пазбаўлення іх волі. Іх вызваленне з-пад варты, хатняга арышту або пасля адбыцця пакарання пакідае нявырашанымі пытанні аб пераглядзе іх прысудаў з мэтай поўнай адмены, іх рэабілітацыі і кампенсацыі нанесенай ім адвольным асуджэннем шкоды.

Нам вядомыя імёны і абставіны справаў наступных людзей, якія ў пакаранне за ажыццяўленне свабоды выказвання меркаванняў былі пазбаўленыя волі: заключаныя пад варту, хатні арышт, асуджаныя да пазбаўлення або абмежавання волі, арышту, а да цяперашняга часу вызваленыя без рэабілітацыі і кампенсацыі нанесенай шкоды:

Барысава Алеся, Бондар Юрый, Вадапʼян Таццяна, Глівенка Сяргей, Гуртавы Дзмітрый, Давыдаў Юрый, Двойрын Ілля, Іванова Кацярына, Кавалёў Антон, Качан Вікторыя, Козак Аляксандр, Карнееў Сяргей, Кушнір Іван, Лабунская Святлана, Ланге Івар, Ляўлюх Андрэй, Макаранка Павел, Маслоўскі Ігар, Міцковіч Сяргей, Мурашкін Данііл, Нікалаева Ларыса, Нікіцін Даніла, Панасевіч Яніна, Парамонаў Вадзім, Патрэбка Андрэй, Пратасевіч Андрэй, Пшанко Уладзіслаў, Смалеўскі Вадзім, Сталярчук Алеся, Сянько Аляксандр, Тачылін Мікалай, Хамічук Максім, Чыкілёў Сцяпан, Шаўчэнка Аляксандр, Шнэйдэраў Ігар, Шуміла Аляксандр, Шыльц Юрый, Юдчыц Юрый, Якунін Аляксандр.

У сваёй заяве ад 22 снежня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць пацвердзіла свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асоб, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў.

Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў розных злачынствах дыфамацыйнага характару, хуліганстве, вандалізме, закліках да санкцый, як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды выказвання свайго меркавання ў адносінах да абвешчаных вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, іншых грамадска-значных падзей, супрацьпраўных і амаральных дзеянняў службовых асоб і суддзяў.

У дачыненні да пералічаных былых палітвязняў мы патрабуем перагляду іх крымінальных спраў з мэтай адмены вынесеных прысудаў, іх поўнай рэабілітацыі з кампенсацыяй усіх відаў шкоды, нанесенай адвольным асуджэннем і пазбаўленнем волі.

У гэтай сувязі мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • адмяніць адвольныя прысуды ў дачыненні да пералічаных у заяве асоб, ажыццявіць іх поўную рэабілітацыю і пакрыць ім шкоду, прычыненую адвольным крымінальным пераследам;

  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Lawtrend;

Прававая ініцыятыва.


[1] Камітэт па правах чалавека. Заўвага агульнага парадку № 34. Артыкул 19: свабода меркаванняў і іх выказвання

See more news

Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Аляксей Кісялёў і іншыя)
25 August 2024, 12:01 PM
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Аляксей Кісялёў і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Антона Станкевіча, Аляксея Кісялёва, Наталлю Жыгар, Наталлю Давыдуліну, Віталя Лескаўца, Ягора Волкава, Ігара Нажэева.
Заява аб прызнанні 14 чалавек палітычнымі зняволенымі (Станіслаў Шапель і іншыя)
25 August 2024, 11:38 AM
Заява аб прызнанні 14 чалавек палітычнымі зняволенымі (Станіслаў Шапель і іншыя)
Мы заяўляем, што пазбаўленне волі Станіслава Шапеля, Дзмітрыя Пазнякова, Антона Шарупы, Віталя Саўко, Барыса Грынкевіча, Андрэя Мірэйчыка, Андрэя Грыгор'ева, Вікторыі Волчак, Ганны Савачкінай, Таццяны Русак, Уладзіслава Наважанцава, Дзяніса Сакалова, Вілена Тургунова, Дзмітрыя Асіюка – з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі – палітычнымі зняволенымі.
Заява аб прызнанні 10 чалавек палітычнымі зняволенымі (Зміцер Шалак і іншыя)
25 August 2024, 11:22 AM
Заява аб прызнанні 10 чалавек палітычнымі зняволенымі (Зміцер Шалак і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Міхаіла Лазько, Максіма Джуманіязава, Дзмітрыя Шалака, Паўла Кучарэнку, Андрэя Гіля, Ярванда Марцірасяна, Сяргея Барзаўца, Яўгена Стральчэня, Сяргея Чарнецкага, Станіслава Амельянюка і спыніць крымінальны пераслед.
Патрабуем рэабілітацыі 22 былых палітычных зняволеных (Павел Башынскі і іншыя)
13 August 2024, 8:13 AM
Патрабуем рэабілітацыі 22 былых палітычных зняволеных (Павел Башынскі і іншыя)
Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў, права на асацыяцыю і свабоду выказвання свайго меркавання ў адносінах да абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і іншых грамадска-значных падзей.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці