Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні чатырох новых палітвязняў

03 February 2021, 5:58 PM
Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні чатырох новых палітвязняў

Супольная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

Мінск, 03.02.2021

У сувязі з інфармацыяй аб узяцці пад варту і прад’яўленні абвінавачванняў па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса ("Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак") Ганне Вішняк і па ч.2 арт. 293 КК ("Масавыя беспарадкі") Сяргею Палонісу, а таксама аб вынясенні судом Жлобінскага р-на прысудаў аб пазбаўленні волі на два з паловай гады па ч.1 арт. 342 КК у дачыненні да супрацоўнікаў БМЗ Яўгена Говара і Аляксандра Баброва, яшчэ раз падцвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў супольнай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:

Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.

У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.

Таксама лічым неабходным адзначыць, што дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 Крымінальнага кодэкса, і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам.

Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.

Мы ацэньваем пераслед Ганны Вішняк і Сяргея Палоніса, якія былі абвінавачаныя па ч. 2 арт. 293 КК ("Масавыя беспарадкі") і па ч. 1 арт. 342 КК ("Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак"), а таксама асуджаных да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі Яўгена Говара і Аляксандра Баброва як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.

У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязняў Ганну Вішняк, Сяргея Палоніса, Яўгена Говара, Аляксандра Баброва і спыніць іх крымінальны пераслед.

  2. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзянаў, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянаў краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт";

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

РГА "Прававая ініцыятыва”.

See more news

«Прысуд стаў увасабленнем разбуральнай палітыкі рэжыму Лукашэнкі»: заява з нагоды гадавіны суда над беларускімі праваабаронцамі
04 March 2025, 8:13 AM
«Прысуд стаў увасабленнем разбуральнай палітыкі рэжыму Лукашэнкі»: заява з нагоды гадавіны суда над беларускімі праваабаронцамі
Праваабарончая супольнасць выступіла з заявай, у якой заклікае міжнародную супольнасць і патрабуе ад уладаў Беларусі пачаць усе магчымыя намаганні, каб усе палітычныя зняволеныя ў Беларусі былі безумоўна вызваленыя.
Заява аб прызнанні дзевяці чалавек палітычнымі зняволенымі (Алеся Галіцына і іншыя)
03 March 2025, 9:45 AM
Заява аб прызнанні дзевяці чалавек палітычнымі зняволенымі (Алеся Галіцына і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць Алесю Галіцыну, Андрэя Несцяровіча, Ірыну Пазнякевіч, Івана Палевікова, Паліну Зыль, Анатоля Васілеўскага, Аляксандра Клютко, Аляксандра Таранку, Лілію Качан і спыніць іх крымінальны пераслед.
Заява аб прызнанні шасці чалавек палітычнымі зняволенымі (Яўген Бойка і іншыя)
27 February 2025, 9:36 AM
Заява аб прызнанні шасці чалавек палітычнымі зняволенымі (Яўген Бойка і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Яўгена Бойку, Аляксандра Краўчука, Паліну Піткевіч, Арцёма Палякова, Вадзіма Сенчанку, Максіма Бельчанку.
Заява аб прызнанні 19 чалавек палітычнымі зняволенымі (Армэн Арзуманян і іншыя)
26 February 2025, 9:22 AM
Заява аб прызнанні 19 чалавек палітычнымі зняволенымі (Армэн Арзуманян і іншыя)
Неадкладна вызваліць палітвязняў Армэна Арзуманяна, Сяргея Латушку, Наталлю Васіленку, Уладзіміра Шпака, Карыну Праташчык, Уладзіслава Кошалева, Руслана Зубкова, Максіма Ермаловіча, Данілу Чыбісава, Паўла Лашчанку, Алену Елькіну, Антона Вераб’я, Андрэя Креэйдзіча, Глеба Жукава, Дзмітрыя Касцюка, Рамана Раманава, Уладзіміра Марцінкевіча, Вячаслава Курыльчыка, Ігара Шуканава і спыніць іх крымінальны пераслед/.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці