заява праваабарончых арганізацый Беларусі
29 снежня 2021 г.
У сувязі з інфармацыяй аб прад'яўленні абвінавачванняў і заключэнні пад варту:
па ч. 2 арт. 293 КК ("Масавыя беспарадкі") Аляксандра Зялюткіна;
па арт. 342-2 КК (Неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) Аляксандра Кутаса;
па ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса ("Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак") Паўла Белавуса, Мікалая Сяргеенкі, Уладзіміра Мельніка, Марыны Неўдах, адзначаем наступнае:
Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.
Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.
Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.
Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.
У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.
Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і масавых беспарадках як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.
У гэтай сувязі мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязняў Аляксандра Зялюткіна, Паўла Белавуса, Аляксандра Кутаса, Мікалая Сяргеенку, Марыну Неўдах, Уладзіміра Мельніка і спыніць іх крымінальны пераслед.
Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Прававая ініцыятыва;
Lawtrend;
Беларускі Хельсінкскі камітэт;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Беларускі ПЭН-цэнтр.