Агляд БАЖ: СМІ ў Беларусі у 2021 годзе

03 лютага 2022, 13:58
Агляд БАЖ: СМІ ў Беларусі у 2021 годзе

Беларуская асацыяцыя журналістаў публікуе гадавы агляд сітуацыі са сродкамі масавай інфармацыі ў Беларусі ў мінулым годзе.


Электронны бюлетэнь «СМІ ў Беларусі» № 1 (67) 2022
ВЫНІКІ МЕДЫЙНАГА ГОДА-2021

Спампаваць маніторынг

Змест:

  1. Умовы дзейнасці незалежнага медыясектара ў 2021 г.

  2. Пераслед журналістаў і блогераў

  3. Выкарыстанне антыэкстрэмісцкага заканадаўства для абмежавання свабоды выказвання

  4. Абмежаванні свабоды выказвання меркаванняў у інтэрнэце

  5. Абмежаванні дзейнасці друкаваных СМІ

  6. ЛІЧБЫ ГОДА

Умовы дзейнасці незалежнага медыясектара ў 2021 г.

Нягледзячы на жорсткае задушэнне поствыбарных пратэстаў 2020 г. і дэклараваную ўладамі «стабілізацыю» ўнутранай сітуацыі ў Беларусі, ціск на незалежную прэсу Беларусі і грамадзянскую супольнасць у 2021 г. толькі ўзмацніўся. Рэпрэсіі ў дачыненні да недзяржаўных журналістаў і СМІ мелі сістэмны характар і былі накіраваныя на фактычнае знішчэнне незалежнага медыясектара.

У выніку многія рэдакцыі незалежных СМІ былі вымушаныя прыняць рашэнне пра рэлакацыю і працяг дзейнасці з-за мяжы. Пры гэтым яны застаюцца часткай адзінага медыясектара Беларусі.

Дзейнасць Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) па абароне правоў журналістаў таксама была ўскладненая з прычыны ціску з боку ўладаў. У лютым і ліпені ў офісе арганізацыі ў Мінску і кватэрах яе супрацоўнікаў былі праведзеныя вобшукі, якія суправаджаліся выманнем дакументаў і абсталявання, арыштам офіса БАЖ і рахунка арганізацыі. У жніўні Вярхоўны суд па іску Міністэрства юстыцыі ліквідаваў грамадскае аб'яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (сярод некалькіх соцень іншых няўрадавых арганізацыяў, абвешчаных уладамі «пухлінай, якая падлягае знішчэнню»).

Многія супрацоўнікі БАЖ былі вымушаныя пакінуць краіну з меркаванняў бяспекі і для працягу сваёй дзейнасці.

 

Пераслед журналістаў і блогераў

Праца незалежных журналістаў у Беларусі па-ранейшаму суправаджалася затрыманнямі, вобшукамі з выманнем прафесійнага абсталявання і носьбітаў інфармацыі, а таксама прыцягненнем да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў і арыштаў. У 2021 годзе БАЖ зафіксаваў 113 затрыманняў. 29 разоў журналісты былі асуджаныя да пазбаўлення волі ў выглядзе адміністрацыйных арыштаў.

Толькі за ліпень 2021 г. па ўсёй краіне супрацоўнікамі міліцыі і КДБ былі праведзеныя 75 вобшукаў у дамах журналістаў і рэдакцыйных памяшканнях незалежных СМІ (усяго за год такіх вобшукаў было 146). У якасці абгрунтавання для іх у большасці выпадкаў называлася расследаванне крымінальных справаў, у прыватнасці па артыкуле 289 (акт тэрарызму) і артыкуле 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Адным з найбольш сур'ёзных выклікаў, з якім сутыкнуліся незалежныя журналісты і медыяпрацаўнікі Беларусі, стаў надзвычайны по маштабах крымінальны пераслед. Крыміналізацыя дзейнасці супрацоўнікаў незалежных СМІ выявілася як у прыцягненні да крымінальнай адказнасці за асвятленне падзеяў, якія адбываюцца ў краіне, так і ў абвінавачанні ў эканамічных злачынствах. За год пад крымінальным пераследам знаходзілася больш за 60 прадстаўнікоў медыяў, 32 з іх заставаліся ў зняволенні на канец года.

На працягу 2021 года 4 журналісты былі асуджаныя па крымінальных справах. Журналістка інтэрнэт-партала TUT.by Кацярына Барысевіч была прысуджаная да шасці месяцаў пазбаўлення волі за разгалошванне таямніцы, якое спрычыніла цяжкія наступствы, у адпаведнасці з артыкулам 178 (частка 3) Крымінальнага кодэкса. (Яна апублікавала інфармацыю пра смерць мірнага пратэстоўца Рамана Бандарэнкі, якая супярэчыла афіцыйнай версіі яго смерці). Журналісткі тэлеканала «Белсат» Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова былі прысуджаныя да двух гадоў пазбаўлення волі за нібыта арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (артыкул 342 (частка 1) Крымінальнага кодэкса), за тое, што вялі прамую трансляцыю гвалтоўнага разгону мірных дэманстрантаў, якія прыйшлі аддаць даніну памяці Раману Бандарэнку на месцы яго гібелі ў двары жылога дома. Сяргей Гардзіевіч, карэспандэнт незалежнага рэгіянальнага навінавага сайта 1reg.by з горада Драгічын, быў прысуджаны да 18 месяцаў пазбаўлення волі. (Ён абвінавачваўся па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса — 368 (знявага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), 188 (паклёп) і 369 (знявага прадстаўніка ўладаў)) за нібыта апублікаваныя ім паведамленні ў мясцовым чаце ў Viber.

У 2021 годзе прайшлі суды па крымінальных справах над апазіцыйнымі блогерамі, большасць з якіх былі затрыманыя ў перыяд перадвыбарнай кампаніі 2020 года. Усе яны былі прысуджаныя да пазбаўлення волі: Уладзімір Няронскі, Сяргей Пятрухін, Аляксандр Кабанаў, Вадзім Ермашук — 3 гады,

Павел Спірын — 4,5 года, Эдуард Пальчыс — 13 гадоў, Ігар Лосік (з'яўляўся кансультантам «Радыё Свабода») — 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» назвала Беларусь самай небяспечнай краінаў у Еўропе для супрацоўнікаў СМІ.

Паводле штогадовага даклада Камітэта абароны журналістаў Беларусь знаходзілася на пятым месцы ў свеце па колькасці журналістаў у зняволенні (на момант складання даклада — 19).

Падрабязней пра пераслед журналістаў

 

Выкарыстанне антыэкстрэмісцкага заканадаўства для абмежавання свабоды выказвання

Умяшальніцтва ў працу журналістаў з боку сілавых структураў суправаджалася ўзмацненнем жорсткасці прававога рэгулявання дзейнасці ў галіне свабоды выказвання меркавання. У прыватнасці, змены, унесеныя ў закон «Аб процідзеянні экстрэмізму», пашырылі магчымасці прыцягнення да адказнасці за выказванні і сталі актыўна ўжывацца і ў дачыненні да незалежных медыяў. Масавай практыкай стала прызнанне «экстрэмісцкімі матэрыяламі» публікацыяў незалежных СМІ, пасля чаго доступ да гэтых СМІ ў Беларусі блакаваўся, а карыстальнікі інтэрнэту і медыяў, якія цытавалі гэтыя матэрыялы, прыцягваліся да адказнасці (нават у тых выпадках, калі размяшчалі такія матэрыялы яшчэ да прызнання іх экстрэмісцкімі).

Больш за тое, некалькі вядучых СМІ Беларусі і іх сеткавыя супольнасці былі названыя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», што цягне за сабой ужо крымінальную адказнасць (артыкул 361-1 Крымінальнага кодэкса прадугледжвае адказнасць да 10 гадоў пазбаўлення волі за стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і да 6 гадоў — за ўдзел у ім). Так, Міністэрства ўнутраных справаў РБ прызнала экстрэмісцкім фарміраваннем і забараніла дзейнасць «групы грамадзянаў, аб'яднаных праз інтэрнэт-рэсурсы “Белсат”» і «групы грамадзянаў, якія аб'ядналіся праз інтэрнэт-рэсурсы “Радыё Свабода”»; КДБ — «групы грамадзянаў Беларусі з ліку супрацоўнікаў інфармацыйнага агенцтва БелаПАН».

 

Абмежаванні свабоды выказвання меркаванняў у інтэрнэце

Інтэрнэт стаў разглядацца ўладамі як асноўная крыніца «апазіцыйных» ідэяў, якія разумеюцца як любы адрозны ад афіцыйнага пункт погляду. З часу прэзідэнцкіх выбараў дзяржава пастаянна рабіла захады па абмежаванні доступу да інфармацыі ў інтэрнэце, у тым ліку шляхам блакіроўкі сайтаў незалежных СМІ і сайтаў арганізацыяў грамадзянскай супольнасці, прымусовага выдалення крытычнага кантэнту, прызнання «экстрэмісцкімі матэрыяламі» незалежных інфармацыйных рэсурсаў, прыцягнення да адказнасці за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Ва ўмовах звужэння магчымасцяў атрымліваць інфармацыю праз сайты анлайн-медыяў (у 2020—2021 гг. быў заблакаваны доступ да больш чым 100 інфармацыйных сайтаў) беларуская аўдыторыя стала часцей выкарыстоўваць для гэтага мэсэнджары, асабліва Telegram, і сацыяльныя сеткі, асабліва YouTube.

Паводле сусветнага рэйтынга ўзроўню свабоды інтэрнэту, складзенага праваабарончай арганізацыяй Freedom House, у 2021 годзе Беларусь, нароўні з М'янмай і Угандай, аказалася сярод краінаў, дзе было зафіксавана найбольшае пагаршэнне свабоды інтэрнэту. У параўнанні з мінулым годам пазіцыя Беларусі ў гэтым спісе знізілася на 7 пунктаў — яна атрымала ўсяго 31 бал са 100.

Гл. падрабязней пра абмежаванні свабоды медыя у інтэрнэце

 

Абмежаванні дзейнасці друкаваных СМІ

Улады Беларусі працягнулі абмяжоўваць дзейнасць незалежных друкаваных СМІ, у асаблівасці грамадска-палітычнай тэматыкі. Калі ў 2020 годзе галоўным спосабам для гэтага было пазбаўленне магчымасці друкаваць і распаўсюджваць іх наклады, то ў 2021 годзе дадаўся ціск з боку органаў унутраных спраў і пракуратуры, судовы пераслед як саміх выданняў, так і іх супрацоўнікаў. У выніку на працягу 2021 года перасталі выходзіць у друкаваным выглядзе 7 газетаў і 1 часопіс; 8 газетаў не выходзілі з 2020 года.

Спыненне выпуску незалежных друкаваных СМІ пасля выбараў 2020 года суправаджалася з’яўленнем незарэгістраваных выданняў, што выдаваліся актывістамі, якія ўтрымлівалі галоўным чынам перадрукоўкі матэрыялаў незалежных навінавых сайтаў. У студзені—сакавіку людзі, датычныя да распаўсюду такіх газетаў, былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці.

Больш падрабязна пра ціск на друкаваныя медыя

 

ЛІЧБЫ ГОДА

Арыгінальная публікацыя на сайце БАЖ

Глядзiце таксама

Праваабаронца Наталля Сацункевіч: «Задача грамадскіх назіральнікаў — прымусіць сістэму выконваць правілы»
15 красавіка 2024, 12:44
Праваабаронца Наталля Сацункевіч: «Задача грамадскіх назіральнікаў — прымусіць сістэму выконваць правілы»
Беларуская прапаганда спрабуе ачарніць і крыміналізаваць грамадскі кантроль: у прыватнасці, назіранні за выбарамі і судамі. Разам з праваабаронцай "Вясны" Наталляй Сацункевіч разбіраемся, чаму гэта — не проста цалкам законнае права, але і абавязак жыхароў краіны.
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Сакавік 2024 года
15 красавіка 2024, 11:37
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Сакавік 2024 года
Савет па правах чалавека ААН сёлета 15 сакавіка апублікаваў даклад аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх.
Агляд «Вясны». Мінімум 416 судоў: вынікі адміністратыўнага пераследу ў сакавіку 2024 года
15 красавіка 2024, 11:31
Агляд «Вясны». Мінімум 416 судоў: вынікі адміністратыўнага пераследу ў сакавіку 2024 года
Па ўсёй Беларусі штодзённа працягваюцца жорсткія затрыманні беларусаў, большасць з якіх адпраўляюць за краты паводле адміністрацыйных пратаколаў.
Сімвалічных «хросных» атрымалі палітвязні Кацярына Джыг, Таццяна Курыліна, Алег Завадскі і Юлія Лаптановіч
15 красавіка 2024, 11:13
Сімвалічных «хросных» атрымалі палітвязні Кацярына Джыг, Таццяна Курыліна, Алег Завадскі і Юлія Лаптановіч
У межах кампаніі салідарнасці #Westandbyou Дэвід Лега, Элізабэт Гётцэ, Лукас Мандл і Барбара Гізі сталі "хроснымі" Кацярыны Джыг, Таццяны Курылінай, Алега Завадскага і Юліі Лаптановіч.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці