Анатоль Папоў: «Няхай мой кабінет будзе Домам правоў чалавека ў нашым горадзе»

30 ліпеня 2019, 16:55
Анатоль Папоў: «Няхай мой кабінет будзе Домам правоў чалавека ў нашым горадзе»

Вялікі дом, вакол – сад і агарод, у вальеры – куры, вольна ходзяць каты і сабакі – усе атрыбуты прыватнай гаспадаркі. Так выглядае «філіял Дома правоў чалавека» ў Жлобіне; тут у сваім кабінеце прымае людзей, пацярпелых ад парушэнняў, праваабаронца Анатоль Папоў.

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава працягвае інтэрвію з праваабаронцамі, выпускнікамі адукацыйных праектаў праграмы Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава «Міжнароднае права для абароны грамадскіх інтарэсаў у Беларусі» (скарочана – ILIA–By, ад англ. «International Law in Advocacy in Belarus»), у прыватнасці, праекта «Міжнародныя стандарты – у нацыянальную практыку» (скарочана – BISH, ад англ. “Bring International Standards Home”).

«Так я трапіў у праваахоўныя органы»

Шлях Анатоля Папова ў праваабарону ішоў праз службу ў міліцыі; менавіта праз вышэйшую юрыдычную адукацыю ён аднойчы пазваніў рэдактару газеты «Грамадзянін і закон», каб прапанаваць сваю дапамогу. Ну а працы ў міліцыі папярэднічала служба ў марской пяхоце і праца кіроўцам:

– Я – былы ваеннаслужбовец падраздзялення марской пяхоты тэрміновай службы; служыў кіроўцам у аўтамабільнай роце. І вось я дэмабілізаваўся ў 1972 годзе, пачаў шукаць працу – шафёрам. Вяртаўся дадому ўжо пазнавата, убачыў, што чалавек не можа запусціць рухавік аўтамабіля. Я падыйшоў; бачу, што прэзентабельны такі чалавек: не кіроўца, а начальства нейкае. Я яму хуценька завёў машыну. Ён даведаўся, што я шукаю працу, і даў мне паперку з нумарам: вось, пазвані. Гэта аказаўся медыцынскі выцвярэзнік. Я да яго з такой крыўдай звярнуўся: вы казалі, што я магу шафёрам уладкавацца, а тут – выцвярэзнік. А ён мне ў адказ: «Груз бывае розны; дык няўжо мы будзем падзяляць кіроўцаў па прынцыпе «хто што возіць»? Твая задача – вазіць людзей, якія выпілі, так, каб яны не атрымалі траўму, асцярожна. Чалавек сёння выпіў, а заўтра ён – звычайны чалавек; трэба так аб ім думаць». Так я трапіў у праваахоўныя органы. Затым адразу пажадаў вучыцца і скончыў Алмаацінскую сярэднюю школу міліцыі; потым вышэйшую школу ў Хабараўску.

Партрэт Анатоля Папова ў форме падчас службы. Справа – фота ўнука

«Алег Волчак прыняў мяне вельмі сардэчна»

Анатоль Рыгоравіч рана выйшаў на пенсію:

– У 1991 годзе, калі я пайшоў у адстаўку, мала хто ведаў, што будзе далей. І мне хацелася набыць упэўненасць; хацелася спадзявацца, што я паспею яшчэ зрабіць пераход да рынкавых зносінаў, паспею знайсці сябе. І вось у веку 39 гадоў, як я аказаўся на пенсіі, я стаяў перад шматлікімі заняткамі. Адзін з іх у пенсіянераў – сядзець на лаўцы, выпіваць, узгадваць былы час і пры тым вохаць. Але я не пажадаў пайсці гэтым шляхам. Я вырашыў і далей займацца сваёй юрыдычнай працай. Тады, 20 гадоў таму, трапіла мне ў рукі газета “Грамадзянін і закон”, рэдактары – Алег Волчак і Раіса Міхайлоўская. Я ім пазваніў. Алег Волчак прыняў мяне вельмі сардэчна, патлумачыў задачы і прапанаваў “на грамадскіх пачатках” дапамагаць людзям, што я і зрабіў.

 

Так з 2000 года Анатоль Папоў стаў сябрам грамадскай арганізацыі “Прававая дапамога насельніцтву”, цяпер зарэгістраванай у Кіеве. Старшыня арганізацыі – Алег Волчак.

– Алег Волчак, дарэчы, навёў мяне на думку, што трэба планаваць сваю працу так, каб не згубіць ніводнага чалавека, які звярнуўся па дапамогу. І я пачаў у кампутары штодня пазначаць прозвішча людзей – калі тыя, безумоўна, называюцца. Бо раз-пораз просяць: не запамінайце маё імя… Канешне, гэта не забаронена, калі чалавек хоча захаваць канфідэнцыйнасць, калі дапамога яму патрэбная незаўважная…

 

«Мяне ўразіў гэты чалавек!»

– Мы сталі часцей сустракацца з Алегам Волчакам, з іншымі праваабаронцамі, мяне пачалі запрашаць на семінары; і вось у 2007 годзе я быў запрошаны Барысам Звозскавым. І мяне ўразіў гэты чалавек! – глыбінёй ведання закона. У мяне склалася ўражанне, быццам пытанняў у сферы права, якімі б ён не валодаў, проста няма. Пасля семінара Барыс Ігаравіч раздаў анкеты: «Запоўніце, хто жадае. Па выніках вывучэння гэтых анкет, магчыма, некаму мы прапануем павысіць свае веды ў сферы абароны правоў чалавека з прымяненнем міжнародных формаў абароны». Я запоўніў. Так я трапіў у Беларускі дом правоў чалавека на двухгадовае навучанне, чым быў вельмі ўсцешаны! Я з задавальненнем ездзіў на сэсіі, з радасцю выконваў кантрольныя работы… Кантольныя работы мяне заахвочвалі ажывіць у памяці прававыя дысцыпліны. І безумоўна, мне было радасна сустракацца з калегамі. Гэта былі і людзі старэйшыя за мяне, і зусім маладыя… Але розніца ў веку не была заўважная, бо мы вялікімі сябрамі зрабіліся… Займаліся ўсе з цікаўнасцю! Сувязь з аднагрупнікамі я падтрымліваю: лістуемся па інтэрнэце вельмі нават часта; але асноўны шлях – сустрэчы на семінарах: без папярэдняй дамовы сустракаеш знаёмыя абліччы; вельмі радасна працягваць з імі камунікацыю.

 

Анатоль Грыгор’евіч узгадвае Барыса Звозскава не толькі як юрыста высокай кваліфікацыі, але і як чалавека з вялікімі арганізатарскімі здольнасцямі:

– Заслуга Барыса Ігаравіча ў тым, што ён стварыў для ўсіх нас – для праваабаронцаў і проста грамадскіх арганізацый – Беларускі дом правоў чалавека, дзе мы можам спыніцца, куды можам прыйсці нават без запрашэння, і табе сардэчна прапануюць прытулак. ДПЧ – пляцоўка, дзе мы можам публічна размаўляць аб праблемах і нікога не баяцца, мець дах над галавой і ўсе ўмовы, каб камунікаваць. Гэта – вялікая заслуга Барыса Ігаравіча. Вельмі было заўважна, што Барыс Ігаравіч з душой ставіцца да нашага навучання. Ён намагаўся ад слухачоў разумення тэмы! Каб заняткі не былі адбываннем часу, каб сэсія не ператваралася ў забаўляльную паездку. Ён увесь час трымаў групу ў добрым напружанні, каб людзі ўспрымалі матэрыял, а галоўнае – маглі прымяніць веды не толькі ў навучальных мэтах, але і па-за Домам правоў чалавека: у судах, адстойваючы інтарэсы людзей. І на сваім прыкладзе, і па сваіх калегах я бачу, што ў яго гэта атрымалася.

«Няхай мой кабінет будзе Домам правоў чалавека ў нашым горадзе»

– І ў мяне з’явілася думка: я ў Доме правоў чалавека не толькі атрымліваю веды; але яшчэ і гэты сардэчны прыём, гэтае месца, дзе можна спыніцца і адпачыць; не трэба думаць пра кватэру, пра тое, дзе паесці… Я пачаў думаць: чым я магу адплаціць за хлеб-соль? І я вырашыў у сябе дома, у Жлобіне, стварыць кабінет, які б дазваляў на добрым узроўні сустрэць чалавека. Я падумаў, што мой кабінет – гэта Дом правоў чалавека ў нашым горадзе ў паменшаным памеры. Я з дапамогай калег прыняўся яго абсталёўваць, каб была і зона для прыёма ежы, каб тут ладзіць семінары, круглыя сталы… Дзякуй Алегу Волчаку, ён дапамог аргтэхнікай. Цяпер тут могуць змясціцца чалавек 10-12 свабодна. І ёсць умовы годна дапамагаць людзям.

«Калі чыноўнік ведае, што ён паводзіцца несправядліва, ён баіцца галоснасці. Галоснасць спыняе яго»

– Якія пытанні сёння ў людзей? Часта сустракаецца неабгрунтаваны адказ ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па заяве грамадзяніна. Чалавек звяртаецца ў міліцыю, а яму ў адказ: адмова! І вось мы займаемся працяглай працэдурай абскарджваня. Звяртаемся ў суд раёна; потым даводзіцца звяртацца ў абласны суд; прэзідыум Гомельскага абласнога суда абскарджвае рашэнне; суд Жлобінскага раёна пераглядае справу і прымае рашэнне, што так, адмова ва ўзбуджэнні крымінальнай справы была неправамерная. Накіроўвае рашэнне ў аддзел міліцыі. А ў міліцыі – зноў прымаецца рашэнне аб адмове! Ігнаруючы рашэнне суда! Нажаль, такія парушэнні сталі частымі.

– Яшчэ стала частай незаконная канфіскацыя маёмасці нібыта па рашэнні суда. Суд размыта прымяняе фармулёўку: асудзіць чалавека з канфіскацыяй маёмасці. А канкрэтна якой маёмасці – не згадана. Карыстаючыся фармулёўкай настолькі размытай, аддзелы прымусовага выканання, нажаль, спрабуюць арыштаваць і прадаць, напрыклад, кватэру, дзе жывуць дзеці і старыя бацькі. Людзі кажуць: прабачце, а дзе мы будзем дыць? Ім адказваюць: мы знайшлі, што вы маеце ў вёсцы дом, вось там і жывіце. А як там жыць людзям, калі ў гэтым доме няма вокнаў, печкі, ён толькі на паперы запісаны як дом у сельсавеце? Але аддзел прымусовага выканання сцвярджае, што паводле дакументаў у вас два дома, таму адзін з іх канфіскуецца. Гэта свежы прыклад, нядаўна такое здарылася ў Гомелі. Цяпер мы з Алегам Волчакам дапамагаем гэтым людзям. Першы поспех ужо ёсць: спробы прадаць кватэру спыніліся. Так, дакумента аб гэтым няма. Але пасля зваротаў у суды Гомеля судовыя выканаўцы перасталі прыходзіць.

– Ці надоўга гэты зацішак? Ці яны зноў паспрабуюць авалодаць кватэрай? Я думаю, не паспрабуюць. Бо, калі чыноўнік ведае, што ён паводзіцца несправдліва, ён баіцца галоснасці. Галоснасць спыняе яго.

 

Яшчэ адна крыніца парушэнняў – артыкул аб хуліганстве:

– Масава складаюць пратаколы аб адміністратыўным парушэнні на людзей, якія нібыта лаяліся або ішлі і хісталіся. У адміністратыўнай справе аб дробным хуліганстве заўсёды павінна быць заява пацярпелага чалавека, які кажа, што ён незадаволены: «Мне перашкаджалі адпачываць! Чалавек крычаў, да мяне падыйшоў, я яму – заўвагу, а ён вырваў цацку ў дзіцяці!» Але што мы бачым? У такіх справах пацярпелых няма! Больш за тое, сведкаў нібыта хуліганства няма – а прыцягнутыя да адказнасці людзі ёсць. Гэта – вялікая несправядлівасць, ад якой вельмі многа людзей пацярпелі.

Анатоль Грыгор’евіч узгадвае адну абвестку следчага ў мясцовай газеце:

– Следчы піша: «У пасёлку такім-та невядомы чалавек груба парушыў грамадскі парадак, сваімі паводзінамі дэманстраваў непавагу да грамадства, з хуліганскіх намераў разбіў лабавое шкло камянём у аўтамабілі чалавека такога-та, таму следства просіць адгукнуцца сведкаў гэтага здарэння; і, магчыма, некаму нешта вядома пра чалавека, які разбіў». То бок, следчы яшчэ не ведае асобу парушальніка, яшчэ не дапытаў яго – а ўжо мяркуе, што ў чалавека былі і намеры хуліганскія! Намеры могуць быць якімі заўгодна: з рэўнасці, з зайздрасці… А галоўнае, што няма сведкаў! Грамадства не пацярпела! Кінуў камень – гэта шкода маёмасці, але ніхто пры гэтым не спалохаўся – хуліганства няма. А следчы ўжо загадзя вырашыў, што чалавек вінаваты.

 

Жлобінскі праваабаронца не думае, што міліцыя парушае закон праз злыя намеры:

– Я над гэтым пытаннем думаў і зразумеў: ім так прасцей працаваць. Няма намеру рабіць парушэнні: давайце, маўляў, прыцягваць незаконна людзей да адказнасці… Не! Ім так прасцей. Прасцей спачатку скласці пратакол; арыштаваць на 15 сутак, чым папярэдне затрымаць на 3 сутак; прасцей, чым сабраць доказы і ўжо пасля гэтага прасіць пракурора аб арышце – бо доказаў можа і не быць. Паўсюдна прымяняецца арышт абвінавачаных, хаця нічога не сведчыць пра тое, што яны могуць уцячы і схавацца: у людзей дом, сям’я, праца… Злачынствы, якія яны зрабілі, не нясуць вялікай небяспекі грамадству – аднак следчы прымяняе арышт. «Так мне зручней!» Яму зручней пайсці ў ізалятар на допыт, чым запрашаць абвінавачанага да сябе.

 

– Што яшчэ спрыяе парушэнням? Людзі, якія прымяняюць закон, сталі адным калектывам. Работнікі суда, пракуратуры, міліцыі, адвакаты, якія далучыліся да іх – гэта цяпер як быццам адзін калектыў. Яны разам бавяць вольны час, карпаратывы… Канешне, гэта нядрэнна, калі людзі сябруюць. Але паціху ў іх з’яўляецца адзінства, у тм ліку скіраванае на парушэнне правоў людзей. Следчы дапусціў – адвакат не апратэставаў – пракурор абыякава паглядзеў на гэта – суддзя механічна асудзіў. І ўсё, невінаваты чалавек ідзе на вялікі тэрмін.

 

“Яны змагаюцце не з незаконным абаротам наркотыкаў, а за павышэнне колькасці злачынстваў”

– Нажаль, новыя маладыя работнікі пераймаюць адмоўны досвед старэйшых па веку і пасадах калег; і такім клубком парушэнні павялічваюцца, павялічваюцца… Гэта мы можам убачыць нават у прысудах суда, асабліва па артыкуле 328. Стаў гэты артыкул славуты, бо маці асуджаных аб’ядналіся. І прычым мамы выступаюць не за тое, каб наркаманія квітнела! А выступаюць за тое, што нельга парушаць закон і нельга прыцягваць да адказнасці дзяцей, падсоўваючы ім спецыяльна траву, марыхуану… Гэта ж канапля, якая раней паўсюль расла. І праз гэтыя каноплі маладыя людзі атрымліваюць вельмі вялікія тэрміны. Безумоўна, трэба прывучаць дзяцей, што наркотыкаў нельга кранацца, ні прадаваць, ні браць. Але часцяком чалавек нават не ведае пра тое, што менавіта ён узяў. Могуць падсунуць. Гэта – прамая форма фальсіфікацыі доказаў. І пра фальсіфікацыю мы чытаем у рашэннях суда! “Грамадзянін такі-та, які добраахвотна супрацоўнічае з міліцыяй, выконваў кантрольную закупку або “выконваў функцыю перадачы падазраванаму наркатычных сродкаў”… А гэта – падстава для вызвалення ад крымінальнай адказнасці. І аператыўны работнік, і ягоны негалосны памагаты робяць злачынства ў сферы незаконнага абарота наркотыкаў!

 

– І галоўнае: адкуль жа бяруцца ў аператыўных работнікаў наркатычныя рэчывы, якія яны так вольна могуць перадаваць пад відам кантрольнай закупкі? Тут мы бачым распаўсюд наркатычных рэчываў з удзелам службовых асобаў. Безумоўна, некалі гэтыя справы зноў вывучаць і вінаватых прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. Бо яны змагаюцца не з незаконным абаротам наркотыкаў, а за павелічэнне колькасці злачынстваў. Карысці ад іх працы няма, а шкода – велізарная.

“Наўпрост не казалі, што людзей вызвалілі, разгледзеўшы рашэнне Камітэта па правах чалавека”

Анатоль Папоў мае і кейсы, якія дайшлі да Камітэта па правах чалавека ААН, пры тым звароты скіраваныя са скаргай на парушэнне артыкула, па якой мала хто з беларускіх праваабаронцаў звяртаецца ў КПЧ:

– Я накіроўваў – праўда, толькі двойчы – матэрыялы ў Камітэт па правах чалавека ААН, па праве на справядлівае судовае разбіральніцтва. Адзін зварот Камітэт разгледзеў і прызнаў парушэнне права; другі зварот вярнуў на дапрацоўку.

– Той зварот, які КПЧ разгледзеў, я дасылаў недзе з восем гадоў таму: дзве сястры былі незаконна асуджаныя. Камітэт па правах чалавека накіраваў пратэст у Беларусь, і справы былі перагледжаныя. Сёстрам заставалася адбыць нязначны тэрмін пакарання, аднак яны былі вызваленыя датэрмінова. Але далей змагацца за праўду, за кампенсацыю вызваленыя людзі не пажадалі: сказалі, што ўжо радыя вярнуцца дадому, дзякуй і на тым.

Выходзіць, што Беларусь выканала рашэнне КПЧ ААН?

– Разумееце, наўпрост не казалі, што людзей вызвалілі, разгледзеўшы рашэнне Камітэта па правах чалавека; проста на тармазах спусцілі. І потым у дзяржавы ўзнікла магчымасць заявіць: зварот у КПЧ беспадстаўны, бо людзі вызваленыя.

 

“Ёсць у нас мара: каб наша дапамога нікому не была патрэбная”

На пытанне, ці адчувае ён на сабе ціск уладаў і праваахоўных органаў у звязку са сваёй працай, Анатоль Папоў адказвае адмоўна:

– Разумееце, у чым справа… Са многімі работнікамі міліцыі, суда, пракуратуры я знаёмы. Ацэньваю многіх з іх вельмі высока, як прыстойных людзей. Я не магу сказаць, што міліцыя – абавязкова парушэнні; нямала прыкладаў і дапамогі, і апраўдальных прысудаў, якія выносіць суд… Ёсць прыклады і ўдзелу пракуратуры: людзям за вялікія грошы прадаюць, падманам заявіўшы пра лекавальныя здольнасці, падушкі і коўдры; а калі пацярпелыя звяртаюцца ў пракуратуру, іх пытанне вырашаецца.

 

– Дапамагаючы людзям абскарджваць рашэнні дзяржорганаў, мы ніколі не заахвочваем людзей да беспадстаўных скаргаў. Няма такога: давайце скардзіцца на ўсялякі выпадак. Скарга павінна быць толькі абгрунтаваная, на канкрэтную службовую асобу, абавязкова падмацаваная доказамі.

– Я ўсім кажу: сябры, не трэба парушаць закон! Закон ніхто не павінны парушаць. Адказнасць – непазбежная. Аднак, калі чалавек, са сваёй волі ці не, стаў суб’ектам крымінальнай адказнасці, ён мае правы. І галоўнае права – ведаць, што ўсе меры, якія прымяняюцца да яго, – законныя. Без фальсіфікацый, пагроз, падмана і пагатоў – катаванняў. А калі раптам такое адбываецца – то трэба адважна рабіць гэтыя факты галоснымі, прыцягваць увагу грамадства, кантрольных і надзорных органаў праз публікацыі артыкулаў, выступаў па радыё, у інтэрнэце… Так і імкнемся дзейнічаць разам з калегам, выпускніком школы Беларускага дома правоў чалавека жыхаром Жлобіна Валянцінам Яўзрэзавым. Пераследу за нашу грамадзянскую пазіцыю і праваабарончую працу мы з калегам не адзначаем. Ёсць у нас мара: каб наша дапамога нікому не была патрэбная. Так будзе, калі парушэнні правоў і абароненыя законам інтарэсы грамадзян перастануць адбывацца.

 

Гутарыла Яўгенія Парашчанка
спецыяльна для Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава

Глядзiце таксама

Асаблівы статус для грамадзянаў трэціх краінаў: беларускія адвакаты цяпер могуць практыкаваць у Літве
07 сакавіка 2024, 14:55
Асаблівы статус для грамадзянаў трэціх краінаў: беларускія адвакаты цяпер могуць практыкаваць у Літве
Гэта паведаміў сакратар Літоўскай калегіі адвакатаў Паўлюс Грыцюнас (Paulius Griciūnas) у інтэрвію нідэрладскаму часопісу Advocatenblad.
Вольга Смалянка: «У Беларусі налічана 2 330 зарэгістраваных арганізацый»
15 лютага 2024, 15:11
Вольга Смалянка: «У Беларусі налічана 2 330 зарэгістраваных арганізацый»
Lawtrend працягвае аналізаваць становішча грамадзянскай супольнасці і яго фактары зменаў, а таксама ліквідаваныя арганізацыі ў Беларусі. Але цяпер у цэнтры ўвагі апынуліся зарэгістраваныя арганізацыі. Пра гэта распавяла дырэктарка і экспертка Lawtrend Вольга Смалянка.
Інтэрвію з паэткай Сабінай Брыло: праваабарончая дзейнасьць і «мова агрэсара»
24 жніўня 2023, 13:08
Інтэрвію з паэткай Сабінай Брыло: праваабарончая дзейнасьць і «мова агрэсара»
Паэтка Сабіна Брыло, якая два гады таму вымушаная была зьехаць зь Беларусі, у інтэрвію Свабодзе расказвае, чаму занялася праваабарончай дзейнасьцю, чаму не тлумачыць замежнікам эмігранцкія праблемы і чаму ня мае ў сваім лексыконе панятку «мова агрэсара».

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці