На фота: Паўлюс Грыцюнас
У лютаўскім нумары нідэрландзскага часопіса Advocatenblad за 2024 год выйшла інтэрвію зь літоўскім адвакатам Паўлюсам Грыцюнасам і беларускім адвакатам Натальляй Мацкевіч. Матэрыял пад назвай "Уцёкі ў Літву" прысьвечаны ўмовам існаваньня ў Літве беларускіх адвакатаў, якія трапілі пад рэпрэсіі праз сваю прафэсыйную дзейнасьць і вымушаныя былі хавацца ад перасьледу ў дэмакратычнай Літве.
Скрыншот сайта
У гэтым інтэрвію, сярод іншага, літоўскі адвакат згадаў зьмены ў мясцовае заканадаўства, якія ініцыявала Літоўская калегія адвакатаў. Паводле гэтых зьменаў, беларускія адвакаты цяпер могуць практыкаваць у Літве ў асаблівым статусе.
Прыводзім тут пераклад вытрымкі з гэтага артыкулу:
“У адрозьненьне ад адвакатаў Эўрапэйскага зьвязу, у грамадзянаў трэціх краінаў не было магчымасьці далучыцца да літоўскай адвакатуры. Аднак, пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне, зь ініцыятывы Літоўскай калегіі адвакатаў была распрацаваная ідэя даць грамадзянам трэціх краінаў асаблівы статус. Гэтае палажэньне набывае законную сілу 1 сакавіка 2024 года. Паводле яго, грамадзяне трэціх краінаў могуць зьвярнуцца да Літоўскай калегіі адвакатаў з просьбай дадаць іх у асобны публічны сьпіс з абмежаванымі паўнамоцтвамі: каб яны маглі кансультаваць толькі па заканадаўстве краіны паходжаньня і па міжнародным праве. Прысутнічаць у судовых паседжаньнях можна толькі супольна зь літоўскім адвакатам. Але на іх распаўсюджваюцца нормы літоўскага заканадаўства датычна адвакатаў: прафэсыйная таямніца і дысцыплінарныя нормы.
Грыцюнас: “Таксама ўмовай [наданьня асаблівага статусу] ёсьць дзейны від на жыхарства ці, напрыклад, палітычны прытулак. Гэта дае гарантыю, што ўлады ўжо вэрыфікавалі чалавека”.
Расейскія адвакаты не могуць прэтэндаваць на асаблівы статус: краіны, якія зьяўляюцца ваеннымі агрэсарамі ці якія маюць высокія рызыкі адмываньня грошай, выключаныя. Астатнія прэтэндэнты на асаблівы статус павінныя пацьвердзіць сваю заяву дакумэнтамі.
Грыцюнас: “Што тычыцца ўкраінцаў, мы будзем давяраць іх нацыянальнаму статусу адваката. Беларусаў, безумоўна, гэта ня тычыцца: там фактычна можна быць адвакатам, толькі калі ты лаяльны рэжыму. У прыватнасьці, для беларусаў больш важным дакумэнтам, доказам можа быць рыхтык рашэньне аб пазбаўленьні адвакацкай ліцэнзіі. Мэта праграмы – аказаць падтрымку грамадзянам трэціх краінаў. Гаворка ідзе пра чалавечую годнасьць. Я ведаю некалькіх украінскіх адвакатаў, якія цяпер выконваюць некваліфікаваную працу, і гэта засмучае”.
Матэрыял цалкам (на нідэрландзкай мове)
Пераклад на беларускую мову: БДПЧ