Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава шукае даследнікаў, якія зладзяць ацэнку праграмнай дзейнасці БДПЧ у 2021-2024 годзе.
БДПЧ – праваабарончая арганізацыя, місіяй якой ёсць падтрымка і развіццё беларускага праваабарончага руху. БДПЧ быў створаны ў Вільні ў 2006 годзе беларускімі праваабарончымі арганізацыямі і Фондам Дамоў правоў чалавека (Нарвегія). Цяпер БДПЧ рэалізуе сваю дзейнасць па чатырох стратэгічных кірунках: адвакатаванне ў галіне правоў чалавека, адукацыя ў галіне правоў чалавека, абарона і падтрымка праваабаронцаў і ахвяраў палітычных рэпрэсіяў і павышэнне патэнцыялу праваабарончых арганізацыяў грамадзянскай супольнасці. БДПЧ ёсць часткай Міжнароднай сеткі Дамоў правоў чалавека, якая аб'ядноўвае больш за 90 праваабарончых арганізацыяў і 17 Дамоў правоў чалавека ў розных краінах.
У 2024 годзе сканчаецца дзеянне стратэгічнага плана БДПЧ на 2021-2024 гг. І мы хочам падысці да планавання новага перыяду, адрэфлексаваўшы вынікі папярэдняга. Для гэтага БДПЧ плануе правесці ацэначнае даследаванне з прыцягненнем знешняга(іх) спецыяліста(аў).
Мэта і ключавыя пытанні даследавання
Мэта даследавання:
ацаніць уплыў БДПЧ на развіццё праваабарончага сектара Беларусі ў 2021-2024 гг. і вызначыць магчымасці для ўдасканалення дзейнасці БДПЧ.
Ключавыя пытанні даследавання
1. Як развіваўся праваабарончы сектар у 2021-2024 гг. па кожным стратэгічным кірунку БДПЧ і які ўнёсак зрабіў БДПЧ у змены, якія адбыліся?
2. Якія захады па падтрымцы сектара, якія ладзіў БДПЧ у названы перыяд, былі больш эфектыўнымі, а якія менш, і чаму?
3. Якія іншыя меры падтрымкі патрэбныя сектару, каб больш эфектыўна адказваць на выклікі і патрэбы мэтавых групаў?
4. Як розныя стэйкхолдэры ўспрымаюць ролю Дома сёння? Якія чаканні звязваюць з Домам?
Патрабаванні да заяўніка
Каманда даследнікаў або даследнік павінныя:
мець досвед правядзення ацэначных даследаванняў для арганізацыяў грамадзянскай супольнасці;
ведаць беларускі кантэкст.
пазначыць два кантакты (імя і прозвішча, арганізацыя) з праваабарончага руху, хто можа вас параіць.
Чаканыя вынікі:
1. дакумент, які ўключае апісанне метадалогіі і план працы;
2. драфт справаздачы для рэцэнзіі і зваротнай сувязі;
3. фінальная справаздача (на беларускай ці расейскай мове), якая ўключае адказы на ключавыя пытанні даследавання і рэкамендацыі для ўдасканалення дзейнасці БДПЧ па ўзмацненні праваабарончага сектара ў Беларусі;
4. прэзентацыя вынікаў даследавання зацікаўленым бакам.
Тэрміны
Даследаванне мае быць завершана на працягу 3 месяцаў, з рэгулярнымі абнаўленнямі аб ходзе работы, якія прэзентуюцца каардынатарцы па развіццю патэнцыялу БДПЧ.
Бюджэт
Да 8000 Eur
Працэс падачы заявак
Зацікаўленыя даследнікі або групы запрашаюцца даць свае прапановы, у тым ліку CV даследнікаў, падрабязную метадалогію, тэрміны і бюджэт на capacity@belhumanrights.house да 23:59 18 сакавіка 2024 года.