Дзень юрыста ў Беларусі: як мінімум 18 адвакатаў і юрыстаў застаюцца за кратамі

05 снежня 2025, 21:00
Дзень юрыста ў Беларусі: як мінімум 18 адвакатаў і юрыстаў застаюцца за кратамі

У першую нядзелю снежня ў Беларусі адзначаецца Дзень юрыста. Але пакуль у краіне будуць афіцыйна віншаваць юрыстаў з прафесійным святам, як мінімум 18 адвакатаў, праваабаронцаў і юрыстаў сустрэнуць гэты дзень за кратамі. Шмат хто з іх — за тое самае, што і павінна абараняцца законам: права на абарону, права на прафесію і права дапамагаць іншым.

Напярэдадні Дня юрыста "Вясна" распавядае, хто сёння застаецца за кратамі і якім чынам юрыдычная дзейнасць ператварылася ў падставу для пераследу.

Сем адвакатаў за кратамі 

Паводле праекта "Права на абарону", з 2020 года ў Беларусі 146 адвакатаў былі пазбаўленыя ліцэнзій — фактычна, права на прафесію. Дзясяткі сталі фігурантамі адміністрацыйных і крымінальных спраў. Сёння як мінімум сем адвакатаў утрымліваюцца ў зняволенні паводле палітычных матываў: Бародка Аляксей, Брагінец Віталь, Данілевіч Аляксандр, Знак Максім, Лазарэнка Анастасія, Хлыстоў Сяргей, Юргілевіч Юлія.

Многія з іх абаранялі палітвязняў — і самі сталі палітвязнямі. Так, Максім Знак абараняў Марыю Калеснікаву, Юлія Юргілевіч — Алеся Пушкіна, Віталь Брагінец — Алеся Бяляцкага.

У кастрычніку 2023 года адвакатцы Юліі Юргілевіч была ўручана Міжнародная прэмія Людовіка Трар'ё ў галіне правоў чалавека. Юлія — адвакатка, якая абараняла шматлікіх палітвязняў і якая была ў лютым 2022 года пазбаўлена ліцэнзіі. Яна была затрымана напрыканцы жніўня 2022 года па вяртанні ў Беларусь з Польшчы. Пазней яе асудзілі д 6 гадоў калоніі за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці".

Найдаўжэй і найбольш жорстка ўтрымліваецца адвакат Максім Знак, якога затрымалі 9 верасня 2020 года і асудзілі да 10 гадоў калоніі. Ад адваката няма ніякіх вестак з лютага 2023 году — у рэжыме інкамунікада яго ўтрымліваюць 1009 дзён.

У снежні 2021 года Максім Знак разам з Леанідам Судаленкам, Ліліяй Уласавай, Дзмітрыем Лаеўскім атрымаў прэмію “За абарону правоў чалавека” Рады адвакатаў і юрыдычных супольнасцяў Еўропы. Ім прысудзілі прэмію за тое, што вызначыліся сваёй мужнасцю, рашучасцю і адданасцю абароне асноўных правоў грамадзян і вяршэнства закона ў Беларусі.

Юрысты-праваабаронцы

За краты трапілі і праваабаронцы, якія ў сваёй працы шырока выкарыстоўвалі юрыдычныя інструменты. Гэта юрыст "Вясны" і каардынатар кампаніі Уладзімір Лабковіч і праваабаронца "Вясны" Валянцін Стэфановіч, якіх затрымалі 14 ліпеня 2021 года. Ім прызначылі сем і дзевяць гадоў калоніі адпаведна за праваабарончую дзейнасць.

Праваабаронца Наста Лойка была затрыманая 28 кастрычніка 2022 года. Ёй прызначылі сем гадоў калоніі за даклад пра правы чалавека. Восем гадоў яна працавала юрысткай у "Вясне". У адным з інтэрв'ю Наста казала:

"Праваабарончая дзейнасць для мяне была адзінай сферай, дзе я бачыла магчымасць якасна прыкласці сваю юрыдычную адукацыю, хоць у самой юрыспрудэнцыі ў Беларусі была ўжо глыбока расчараваная.

У 19 гадоў я дакладна ведала, што мне важна вырашаць грамадскія праблемы, ну і хацела, каб на працу можна было ў кедах хадзіць".

Юрысконсульты, асуджаныя па "справе Рабочага Руху"

Былога юрысконсульта ААТ "Нафтан" заводу "Палімір" Аляксандра Капшуля затрымалі 24 верасня 2021 года ў Расеі. Яго асудзілі па "справе Рабочага Руху", у тым ліку за "здраду дзяржаве" да 15 гадоў няволі. Вядома, што падчас зняволенні ён працягвае быць юрыстам і піша скаргі.

У красавіку 2023 года Аляксандр ўвайшоў у тройку фіналістаў прэстыжнай міжнароднай праваабарончай Прэміі за глабальную абарону (Global Advocacy Award).

Юрысконсульта "Нафтану" Ігара Мінца затрымалі 23 верасня 2021 года. Яму прызначылі 13 гадоў калоніі.

Юрысты за кратамі 

Мікіта Старажэнка

Адбывае сямігадовы тэрмін былы следчы Мікіта Старажэнка. Яго абвінавацілі ў "зліве" кантактаў сілавікоў "пратэсным каналам". З 2017 года Мікіта працаваў следчым у райаддзеле сталічнага Следчага камітэту. Са словаў былога сукамерніка палітвязня, менавіта Старажэнка быў прызначаны ў 2020 годзе весці справу супраць 16-гадовага збітага сілавікамі хлопца — тады Мікіта звольніўся са следчых органаў. 

Таксама па "справе ЧКБ" асуджана да шасці гадоў юрыстка 2 класу, былая супрацоўніца пракуратуры Фрунзенскага раёна Мінска Наталля Лашч. Амаль адразу пасля затрымання Лукашэнка пазбавіў яе звання.

За "заклікі да санкцый" асудзілі юрысконсульта Бюро мытна-ліцэнзійнага забеспячэння і экспартнага кантролю Арцёма Сямёнава. Яго адправілі ў калонію.

Да 12 гадоў калоніі па "справе TUT.BY" асуджана былая генеральная дырэктарка Людміла Чэкіна. З 2008 года яна была юрысконсульткай, а пасля стала дырэктаркай.

Падзялiцца

Глядзiце таксама

Сусветная арганізацыя супраць катаванняў (OMCT): «Беларусь ператварае катаванні ў публічнае відовішча»
05 снежня 2025, 21:00
Сусветная арганізацыя супраць катаванняў (OMCT): «Беларусь ператварае катаванні ў публічнае відовішча»
Сусветная арганізацыя супраць катаванняў (ОМСТ) апублікавала брыфінг, як беларускі рэжым ператварыў публічную дэманстрацыю прымусовых прызнанняў у жорсткі інструмент псіхалагічных катаванняў і палітычных рэпрэсій.
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў лістападзе 2025 года
05 снежня 2025, 21:00
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў лістападзе 2025 года
У Беларусі захоўваецца цяжкая сітуацыя з правамі чалавекa.
Тлумачыць «Вясна»: Скасаванае памілаванне? Як улады праігнаравалі ўласныя законы ў справе Статкевіча
26 лістапада 2025, 02:00
Тлумачыць «Вясна»: Скасаванае памілаванне? Як улады праігнаравалі ўласныя законы ў справе Статкевіча
Юрыстка "Вясны" Святлана Галаўнёва разбірае сітуацыю з Мікалаем Статкевічам згодна з нацыянальным заканадаўствам. 
«Каб зрабіць грамадства яшчэ больш залежным, напалоханым і бяспраўным», — «Вясна» пра законапраект МУС
20 лістапада 2025, 21:00
«Каб зрабіць грамадства яшчэ больш залежным, напалоханым і бяспраўным», — «Вясна» пра законапраект МУС
Міністэрства ўнутраных справаў распрацавала законапраект, які прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за "невыкананне абавязкаў па працаўладкаванні і лячэнні алкагалізму" ў дачыненні да асоб, якія знаходзяцца на прафілактычных уліках.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці