)
26–27 чэрвеня адбылася трэцяя канфэрэнцыя правайдэраў нефармальнай адукацыі ў галіне правоў чалавека. Яе зладзілі ў партнэрстве Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, праграма ILIA-By і Беларускі Хельсінскі Камітэт.
Гэта ўжо трэцяя такая сустрэча. У 2023 годзе ўдзельнікі і ўдзельніцы ўпершыню зьбіралі супольнасьць і спрабавалі зразумець, хто што робіць у адукацыі па правах чалавека. У 2024 годзе гаварылі пра ўстойлівасьць. Сёлета размова працягнулася: удзельнікі і ўдзельніцы абмяркоўвалі ня толькі асобныя адукацыйныя практыкі, але і агульныя выклікі, патрэбы сэктару і магчымыя фарматы далейшай супрацы.
У сустрэчы ўдзельнічалі ня толькі праваабарончыя арганізацыі і ініцыятывы, але і моладзевыя, і культурніцкія. Да супольнасьці далучаюцца і тыя арганізацыі, якія маюць галоўны фокус дзейнасьці на адукацыі ў сфэры правоў чалавека, і тыя, якія ўключаюць у свае адукацыйныя прадукты асобныя праваабарончыя кампанэнты. Такая адрознасьць тэмаў і стала адной з галоўных каштоўнасьцяў Канфэрэнцыі: удзельнікі ня проста расказвалі пра свае праграмы, а шукалі, дзе іх досьвед можа быць карысны іншым.
Асобную частку сустрэчы прысьвяцілі зьменам у сэктары за апошнія паўтара года. Удзельнікі дзяліліся новымі курсамі, мэтадамі, фарматамі і – што ня менш важна – тым, што зрабіць не атрымалася. Гаварылі пра анлайн-курсы па правах чалавека, адукацыйныя прадукты, працу з моладзьдзю, юрыстамі і журналістамі, пра дэкаланіяльную оптыку, псыха-сацыяльную ўстойлівасьць і бясьпеку.
Важнай тэмай стала пытаньне аўдыторыі: каму мы выкладаем правы чалавека, як людзі вучацца цяпер, што ім сапраўды патрэбна і як не гаварыць зь імі мовай, якая адштурхоўвае. Трэба шукаць такую мову і такія фарматы, якія дапамогуць людзям убачыць у правах чалавека ня толькі юрыдычныя дакумэнты, але і каштоўнасьці, абарону, годнасьць і практычны інструмэнт для жыцьця.
Канфэрэнцыя дазваляе зрабіць высновы, што супольнасьць правайдэраў адукацыі па правах чалавека жыве, назапашвае досьвед і гатовая думаць ня толькі пра асобныя праграмы, але й пра агульны кірунак руху.
)
)
)
)
)