«Гэта надзейная сістэма дапамогі». Першае інтэрв’ю Алеся Бяляцкага пра «Вясну» ў 1998 годзе

27 красавіка 2026, 11:29
«Гэта надзейная сістэма дапамогі». Першае інтэрв’ю Алеся Бяляцкага пра «Вясну» ў 1998 годзе

Алесь Бяляцкі, 1998 год

26 красавіка Праваабарончаму цэнтру "Вясна" спаўняецца 30 гадоў.

Мы прапануем вярнуцца ў 1998 год — да першага інтэрв’ю з Алесем Бяляцкім пра Праваабарончы цэнтр "Вясна", у якім ён акрэсліў місію арганізацыі, што застаецца нязменнай і праз трыццаць гадоў. Перадрукоўваем артыкул з газеты "Навіны" ("Свабода") ад 9 чэрвеня 1998 года.

Мы аказваем рэальную дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсіяў

Праваабарончы цэнтр "Вясна-96" — недзяржаўная грамадская арганізацыя, створаная ў красавіку 1996 года падчас масавых акцый пратэсту. Асноўныя намаганні "Вясны-96" накіраваныя на рэальную дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсій: перадачы ў месцы зняволення, арганізацыя адвакатскай абароны, матэрыяльная і маральная падтрымка сем’яў палітычных вязняў. Са студзеня 1998 года цэнтр наладзіў выпуск бюлетэня "Права на Волю", які выходзіць на беларускай, рускай і англійскай мовах. Наш суразмоўца — старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна-96" Алесь Бяляцкі.

— Чым было выклікана стварэнне цэнтра?

— Увесну 1996-га пачаліся сур’ёзныя рэпрэсіі супраць палітычных партый, пасля Чарнобыльскага шляху былі затрыманыя шмат людзей. Некаторых з іх, у прыватнасці Юрыя Хадыку і Вячаслава Сіўчыка, пасадзілі на доўгі час. Тады ўзнікла патрэба хутка аказваць дапамогу і сем’ям, і самім сядзельцам. Напачатку стварылася даволі стыхійная добраахвотная група, і так атрымалася, што каардынацыю яе дзейнасці ўзяў на сябе я. На тыя часы было нават невядома, хто сядзеў, за што сядзеў, колькі сядзела, — дакладнай інфармацыі ў поўным аб’ёме не было. А калі і была, то не сцякалася ў адзін цэнтр, а праходзіла між рукамі людзей, якія займаліся іншым.

— Ці недастаткова было Хельсінкскага камітэта і тых праваабарончых цэнтраў, якія існавалі ў Беларусі?

— Аб’ём праваабарончай працы такі вялікі, што адзін Камітэт, які б ён ні быў моцны і вялікі, проста не можа ахапіць усе бакі гэтай працы. Я хацеў бы нагадаць, што на той час ужо сядзеў у турме беларускі паэт за свой верш "Убей президента", і я сутыкнуўся з праблемай: тыя праваабарончыя арганізацыі, якія ўжо існавалі (іх у нас было некалькі), — яны фактычна не займаліся аказаннем канкрэтнай дапамогі для людзей, якія трапілі ў крытычную сітуацыю. Гэтыя праваабарончыя арганізацыі вялі маніторынг, г. зн. апісвалі падзеі, распаўсюджвалі інфармацыю за мяжой, спрабавалі прыцягнуць увагу грамадскасці, але, паўтаруся, рэальнай падтрымкі ад іх не было.

Прыгадаў, калі я хадзіў і шукаў хоць нейкую дапамогу для гэтага паэта, то з цяжкасцю, толькі праз месяц мне ўдалося знайсці мінімальныя сродкі для ягонай маці, якая сапраўды мела вялікія выдаткі, бо мусіла перадаваць перадачы і ездзіць на спатканні. Тады я зразумеў, што трэба ствараць свой цэнтр на больш сур’ёзнай і грунтоўнай аснове.

— Вы хочаце сказаць, што калі ў той час чалавека хапалі на мітынгу і садзілі за краты, то гэта была толькі ягоная ўласная праблема і праблема ягоных сваякоў? Ім проста не было куды звярнуцца па дапамогу?

— Так, абсалютна.

— А цяпер ёсць?

— Так. Мы, "Вясна-96", па-першае, імкнемся высветліць, якія людзі і куды трапілі. Мы спрабуем звесці гэтую інфармацыю ў адно цэлае — і адразу арганізаваць першую, найважнейшую элементарную дапамогу. Напрыклад, калі некаму далі "суткі", мы імкнемся, каб у першы ж дзень ён панёс з сабой у камеру перадачу. Працэдура пасадкі такая, што чалавек можа паесці раз у суткі, а можа і раз у тры дні. Таму мы стараемся забяспечыць элементарныя харчы, а пасля дастаўляем гэтаму чалавеку перадачы ў месцы арышту. Калі ж пакаранне — штраф, то спрабуем знайсці фінансы ці дастаткова заможных асобаў, якія маглі б кампенсаваць гэтыя выдаткі. Тое ж датычыцца і крымінальных працэсаў. Я маю на ўвазе не адміністрацыйныя (г. зн. "сутычныя") працэсы, а больш доўгія, якія цягнуцца і тры, і чатыры, і шэсць месяцаў. Мы дапамагалі і Аляксею Шыдлоўскаму, і Вадзіму Кабанчуку, і Алесю Мухіну, і Паўлу Севярынцу, і іншым. Для нас галоўнае, каб людзі і іх сем’і не апынуліся ў бядзе сам-насам.

Варта сказаць, што тым студэнтам, каго выключылі за палітычную актыўнасць, мы дапамагаем уладкавацца на вучобу за межамі краіны.

— Вы займаецеся толькі "палітычнымі" справамі?

— Сфера абароны правоў чалавека значна шырэйшая. Адна са складаных спраў, якая нядаўна трапіла да нас, — гэта зварот асуджанага на смерць чалавека, які здолеў перадаць ліст з турмы. Ліст адрасаваны менавіта на наш цэнтр, і ён просіць дапамогі. Яго абвінавачваюць у забойстве, як ён сцвярджае, беспадстаўна. Ён прыводзіць аргументацыю, якая патрабуе сур’ёзнага разгляду, і мы, натуральна, будзем звяртацца да юрыста, які мог бы прафесійна працаваць з гэтай справай.

— Цяпер палітычнымі арыштамі на вуліцах Менска нікога не здзівіш. Мне ўпершыню давялося ўбачыць такое на "Дзядах" 1988 года, калі на нашых вачах міліцыянты кінулі вас, Алесь, у міліцэйскую машыну.

— Сапраўды, стаж дачыненняў з міліцыяй у мяне даволі вялікі. Гэта пачалося з 1988 года з "Дзядоў", якія мелі шырокі рэзананс і далі штуршок развіццю грамадскага руху на Беларусі. Я быў адным з арганізатараў мітынгу. Тады ж я быў арыштаваны і адразу асуджаны. Гэта быў імгненны суд. Мне далі вялікі па тых часах штраф — 200 рублёў, адразу дзве мае аспіранцкія стыпендыі. Але мне дапамаглі людзі, праявілі салідарнасць, сабралі грошы. На працягу наступных дзесяці гадоў мяне затрымлівалі каля дваццаці разоў. Маючы такія шчыльныя адносіны з міліцыяй, з нашымі судамі, безумоўна, я адчуваў, што патрэбна людзям.

— Чым "Вясна-96" адрозніваецца ад іншых праваабарончых арганізацый?

— Мы пабудавалі сістэму абароны тых людзей, якія трапляюць у крытычную сітуацыю. Мы — арганізацыя, якая аказвае канкрэтную, рэальную дапамогу людзям, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій. Паказальны выпадак быў ужо на пачатку 1997 года з Алесем Цішуком: ён удзельнічаў у акцыях пратэсту ў лютым, адразу ж быў схоплены і трапіў у турму, праседзеў паўтара месяцы, — а ніхто пра яго нічога не ведаў. Такая сітуацыя абсалютна недапушчальная… На працягу 1997 года пад дахам нашай арганізацыі ўзнікла структура. Я не скажу, што яна дасканалая, але тым не менш гэта надзейная сістэма дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій.

Газета "Навіны" ("Свабода"), 9 чэрвеня 1998 года.

Публікуецца паводле сайту "Вясны"

Падзялiцца

Глядзiце таксама

Стваральнік Беларускага дома правоў чалавека Барыс Звозскаў ва ўспамінах сяброў і калегаў
26 лютага 2026, 10:13
Стваральнік Беларускага дома правоў чалавека Барыс Звозскаў ва ўспамінах сяброў і калегаў
26 лютага 2026 года споўнілася 77 год з дня нараджэння Барыса Звозскава – праваабаронцы, якому належала ідэя стварэння Беларускага дома правоў чалавека.
Люстрация как элемент переходного правосудия: подходы социальных наук и международные стандарты
03 лютага 2026, 07:33
Люстрация как элемент переходного правосудия: подходы социальных наук и международные стандарты
Именно текущий период открывает пространство для анализа, сравнительного сопоставления опыта и выработки подходов, которые не будут сформированы под давлением срочности, общественных ожиданий или политической конъюнктуры.
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2025 годзе
17 студзеня 2026, 13:57
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2025 годзе
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца нязменна цяжкай.
Былы міністр працы і сацыяльных спраў Германіі стаў «хросным» Мікалая Статкевіча
17 студзеня 2026, 13:47
Былы міністр працы і сацыяльных спраў Германіі стаў «хросным» Мікалая Статкевіча
У межах кампаніі #Westandbyou Хубертус Хайль стаў "хросным" палітвязня Мікалая Статкевіча, вядомага лідара апазіцыі.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці