Фатограф Дар’я Сапранецкая: «Мяне зачапіла гісторыя супрацьстаяння адной жанчыны і цэлага заводу»

12 лютага 2020, 09:46
Фатограф Дар’я Сапранецкая: «Мяне зачапіла гісторыя супрацьстаяння адной жанчыны і цэлага заводу»

У 2020 годзе Фонд Дамоў правоў чалавека зладзіў фотаконкурс, прысвечаны жанчынам-праваабаронцам. Аўтарам з Беларусі была Дар’я Сапранецкая, якая зрабіла партрэт Алены Маслюковай.

Фотавыстава «Партрэты сілы», зладжаная Фондам Дамоў правоў чалавека, ушаноўвае восем жанчынаў-праваабаронцаў з Сеткі Дамоў правоў чалавека. Выстава падкрэслівае жыццёва важную ролю, якую жанчыны адыгрываюць на рэгіянальным, нацыянальным і міжнародным узроўні – ролю ў абароне і прасоўванні правоў чалавека. Фотаздымкі былі зробленыя мясцовымі жанчынамі-фатографамі. Яны паказваюць гісторыі моцных, натхняльных і рашучых праваабаронцаў з Дамоў правоў чалавека па ўсім свеце.

Усе партрэты фотавыставы глядзіце па спасылцы

Праваабаронцай ад Беларусі, ушанаванай на выставе, стала Алена Маслюкова са Светлагорску, з праваабарончага цэнтру «Вясна».

Фатограф Дар’я Сапранецкая, якая зрабіла партрэт праваабаронцы, расказала Беларускаму дому правоў чалавека аб тым, як яна распавядала гісторыю змагання Алены Маслюковай з заводам, які атручвае навакольнае асяроддзе.

“Я вельмі радая, што мне даручылі здымаць Алену Маслюкову. Гэта моцны вобраз жанчыны, якая шмат гадоў адна змагаецца з цэлым заводам. Жыць у невялікім горадзе, дзе тваё жыццё – ва ўсіх навідавоку, і выходзіць кожную нядзелю на пратэсты – для гэтага патрэбныя вялікая адвага і моцная грамадзянская пазіцыя свабоднага чалавека. Для Алены гэта мела наступствы: яе прымусілі пакінуць настаўнцкую працу, спрабавалі ачарніць яе рэпутацыю, пісалі абразы, але яна не пакінула праваабарончую дзейнасць і працягвае змагацца за права жыхароў Светлагорска дыхаць чыстым паветрам.

Алена Маслюкова. Фотаздымак, які прадстаўляе Беларусь на фотавыставе “Партрэты сілы”

Мне пашанцавала, што для стварэння партрэта не давялося прыдумляць нічога штучнага. Ёсць маленькі чалавек, і ёсць велізарны завод у клубах атрутных выпарэнняў. Падчас здымак я цудоўна адчувала непрыемны пах, ад якога вымушаныя пакутваць жыхары вёскі ўсяго ў 350 метрах ад смуродных трубаў; ружовы колер адкідаў было бачна няўзброеным вокам. Я чакала заходу сонца для патрэбнага настрою ў кадры, потым выкарыстала штучную крыніцу асвятлення і спрабавала злавіць абрысы завода ў шчыльнай заслоне адкідаў. Іх было так шмат, што ў гэтай заслоне складана было нешта ўбачыць.

Мне пашанцавала, што для стварэння партрэта не давялося прыдумляць нічога штучнага. Ёсць маленькі чалавек, і ёсць велізарны завод у клубах атрутных выпарэнняў.

У выніку я абірала паміж двума кадрамі. У адным я наўмысна змясціла Алену амаль да краю кадра, каб стварыць у ім напругу, але ўсё ж зрабіла выбар на карысць цэнтральнай, больш узважанай кампазіцыі і натуральнага асвятлення. Калі я пагаварыла з Аленай і больш даведалася пра яе жыццё, мне здалося, што “журнальнае” асвятленне ёй не пасуе. Яна не чалавек на барыкадах у святле сафітаў, не змагар дзеля змагання. Гэтай крохкай жанчыне проста не пакінулі выбару, і яна шмат гадоў пасладоўна змагалася супраць будаўніцтва, а цяпер змагаецца супраць афіцыйнага адкрыцця завода, які атручвае ў тым ліку яе сям’ю.

Варыянт фотаздымку, які не быў дасланы на конкурс

Мяне зачапіла гэтая гісторыя супрацьстаяння чалавека і экалагічна небяспечнай вытворчасці. Мне было б цікава папрацаваць над ёй у асобным праекце; бо, калі я спрабавала знайсці больш інфармацыі па тэме, аказалася, што беларускія СМІ не надаюць гэтай праблеме патрэбнай увагі. У мяне самой двое маленькіх дзяцей, з якімі я ездзіла на здымкі; калі б каля нашага дому пабудавалі шкодную вытворчасць, я гэтак сама, як і Алена, не сядзела б, склаўшы рукі, і змагалася б за права дыхаць чыстым паветрам”.

 

Дар’я Сапранецкая прыйшла ў фотажурналістыку праз абарону свабоды сходаў: за ўдзел у мітынгу 19 студзеня 2010 году (у “Плошчы”), Дар’я адсядзела 15 сутак у ізалятары. Зняволенне і знаёмства з суседкамі па камеры адкрыла для Дар’і іншыя тэмы, апрача камерцыйнай фатаграфіі. Цяпер на яе прафесійным рахунку шмат рэпартажаў з дэманстрацыяў пратэсту, некалькі праваабарончых фотапраектаў: каляндар аб праблемах утрымання ў ізалятарах; праект пра пенсіянераў, якія не баяцца хадзіць на мітынгі і супрацьстаяць АМОНу, і іншыя праекты.

 

Падрабязней пра фотаконкурс і фотавыставу

Глядзiце таксама

Леанід Судаленка: «Я перастану паважаць сваю прафесію юрыста, калі скаруся»
27 чэрвеня 2024, 12:11
Леанід Судаленка: «Я перастану паважаць сваю прафесію юрыста, калі скаруся»
Праваабаронца распавядае "Вясне" пра свой завочны суд, спецвытворчаць і парушэнні правоў падчас працэсу, а таксама пра свае планы.
«Главное – не остаться адвокатом. Главное – это сказать правду»
11 чэрвеня 2024, 10:26
«Главное – не остаться адвокатом. Главное – это сказать правду»
Наталья Мацкевич рассказала, как она и сама защищала права человека, и обучала новых правозащитников в проекте BISH.
«Я ніхто». Інтэрв’ю з Марыяй Колесавай-Гудзілінай
27 мая 2024, 11:35
«Я ніхто». Інтэрв’ю з Марыяй Колесавай-Гудзілінай
Прэзідэнтка Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека, прафесарка і PhD Марыя Колесава-Гудзіліна дала інтэрв'ю падкасту "Вясна прыйдзе".
«Сітуацыя мяжуе з узроўнем злачынства». Павел Сапелка — пра турэмную ахову здароўя
15 мая 2024, 12:22
«Сітуацыя мяжуе з узроўнем злачынства». Павел Сапелка — пра турэмную ахову здароўя
Інтэрв'ю з праваабаронцам "Вясны": што ўключае ў сабе права на здароўе ў зняволенні.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці