Грузія: Трывожны крызіс у галіне правоў чалавека, на які звяртаюць увагу пісьменніцкія арганізацыі

25 ліпеня 2025, 14:36
Грузія: Трывожны крызіс у галіне правоў чалавека, на які звяртаюць увагу пісьменніцкія арганізацыі

Беларускі ПЭН далучаецца да заявы PEN International аб трывожным крызісе ў галіне правоў чалавека ў Грузіі.

24 ліпеня 2025: Улады Грузіі з трывожнай хуткасцю душаць свабоду выказвання меркаванняў і іншыя фундаментальныя правы, — гаворыцца ў сумеснай заяве PEN Georgia, PEN International і PEN America. Сумесная заява ПЭНаў у Савет ААН па правах чалавека выкрывае бесперапынную і ўсёахопную атаку з боку грузіскіх уладаў на незалежныя галасы і заклікае дзяржавы-члены ААН прыняць рашучыя меры для прыцягнення Грузіі да адказнасці.

Спампаваць поўны дакумент UPR

Стан правоў чалавека ў Грузіі будзе разглядацца Саветам ААН па правах чалавека падчас Універсальнага перыядычнага агляду (UPR) у студзені 2026 года. Напярэдадні гэтага агляду PEN Georgia, PEN International і PEN America падалі ў ААН дакумент, які фіксуе сур’ёзныя парушэнні правоў на свабоду выказвання, свабоду аб’яднання і мірных сходаў за апошнія чатыры гады. Бяспека пісьменнікаў, журналістаў і мастакоў застаецца прадметам вялікай трывогі: колькасць пагроз і нападаў расце, а расследаванні праводзяцца неэфектыўна, у тым ліку калі гаворка ідзе пра дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Урадавая палітыка застрашвання, пераследу і ўмяшальніцтва ў працу крытычных галасоў у культурнай сферы працягваецца безупынна.

«Улады Грузіі ператварылі крымінальную правасудную сістэму ў інструмент рэпрэсій і развязалі беспрэцэдэнтную заканадаўчую атаку на фундаментальныя правы, імкнучыся падавіць любое іншадумства. Пададзены ПЭНаўскі дакумент для агляду UPR раскрывае маштаб і хуткасць гэтага наступу: незалежныя СМІ і грамадзянская супольнасць апынуліся на мяжы выжывання. Мы заклікаем партыю “Грузінская мара” неадкладна спыніць рэпрэсіі і тэрмінова скасаваць драконаўскія законы, што падрываюць свабоду выказвання, свабоду аб’яднання і мірных сходаў», — заявіла Хатуна Цхадзадзэ, прэзідэнтка PEN Georgia.

«Масавыя пратэсты ў Грузіі працягваюць жорстка разганяцца паліцыяй з незаконным ужываннем сілы, што прыводзіць да сур’ёзных траўмаў пратэстоўцаў, неабгрунтаваных затрыманняў і прысудаў пасля несправядлівых судоў, а таксама мэтанакіраваных нападаў на журналістаў — і ўсё гэта адбываецца ў поўнай беспакаранасці. Сярод затрыманых — ветэранка журналістыкі Мзія Амаглобелі і вядомы паэт і перакладчык Звіяд Ратыяні, якім пагражаюць гады зняволення па надзвычай непрапарцыйных падставах, звязаных з іх грамадскай актыўнасцю. Мы заклікаем да іх неадкладнага вызвалення», — заявіла Ма Тыда, старшыня Камітэта «Пісьменнікі ў зняволенні» PEN International.

«Грузінскія ўлады мэтанакіравана пераследуюць людзей з культурнага асяроддзя, якія адважыліся выказваць погляды, што разыходзяцца з дзяржаўнай пазіцыяй. Мы салідарныя з пісьменнікамі, мастакамі і культурнымі дзеячамі Грузіі і заклікаем улады паважаць незалежнасць і жыццёвасць грузінскай культуры», — сказала Лізл Гэрнтольц, выканаўчая дырэктарка Цэнтра свабоды творчасці PEN/Barbey пры PEN America.

PEN Georgia, PEN International і PEN America заклікаюць Савет ААН па правах чалавека і дзяржавы-чальцы прыцягнуць Грузію да адказнасці за парушэнні правоў чалавека. Падрабязны пералік праблемных пунктаў і канкрэтныя рэкамендацыі, якія дзяржавы павінны скіраваць да Грузіі падчас UPR у студзені 2026 года, прадстаўлены ў поўнай версіі дакумента.

Заява на сайце Беларускага ПЭНу

Падзялiцца

Глядзiце таксама

Заява праваабарончай супольнасці аб прызнанні 17 палітычных зняволеных (Аліна Шаўцова і іншыя)
16 верасня 2025, 21:00
Заява праваабарончай супольнасці аб прызнанні 17 палітычных зняволеных (Аліна Шаўцова і іншыя)
Крымінальнае заканадаўства ў 2021 годзе было істотна ўзмоцнена і дапоўнена новымі складамі злачынстваў, якія ўлады выкарыстоўваюць выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.
Заява аб прызнанні 9 чалавек палітычнымі зняволенымі (Максім Дзергачоў і іншыя)
12 верасня 2025, 14:05
Заява аб прызнанні 9 чалавек палітычнымі зняволенымі (Максім Дзергачоў і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Максіма Дзергачова, Маргарыту Шчырэц, Васіля Садоўскага, Вячаслава Бераставога, Дзмітрыя Патырына, Кірыла Нгуена, Уладзіслава Анічкіна, Ігара Клачко, Алясандра Шкрадава і спыніць іх крымінальны пераслед.
Заява аб прызнанні васьмі чалавек палітычнымі зняволенымі (Віталь Хальчыцкі і іншыя)
11 верасня 2025, 13:45
Заява аб прызнанні васьмі чалавек палітычнымі зняволенымі (Віталь Хальчыцкі і іншыя)
Неадкладна вызваліць палітвязняў Віталя Хальчыцкага, Васіля Бачко, Паўла Шумскага, Андрэя Мартышова, Дзяніса Чумакова, Арцёма Сямёнава, Дзяніса Краўчука, Валянціну Навумаву і спыніць крымінальны пераслед
Заява з нагоды смерці ў няволі палітвязня Андрэя Паднябеннага
10 верасня 2025, 17:55
Заява з нагоды смерці ў няволі палітвязня Андрэя Паднябеннага
Смерць Андрэя Паднябеннага — дзявятая за апошнія пяць гадоў смерць палітвязня ва ўстановах ДВП МУС.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці