З 14 ліпеня 2021 года пад вартай утрымліваецца Валянцін Стэфановіч — намеснік старшыні "Вясны". Але, акрамя гэтага, Валянцін з'яўляецца і віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) па рэгіёне Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі. На гэтую ганаровую пасаду яго абралі на міжнародным кангрэсе FIDH, які праходзіў на Тайвані ў 2019 годзе, піша "Вясна".
Пра тое, чым займаецца FIDH і што азначае для арганізацыі зняволенне аднаго з яе віцэ-прэзідэнтаў, пра працу Валянціна і яго асобу распавядае Ілля Нузаў, кіраўнік аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў FIDH (Парыж, Францыя).
Ілля Нузаў, кіраўнік аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH).
Міжнародная федэрацыя за правы чалавека аб'ядноўвае 192 сяброўскія няўрадавыя арганізацыі з 117 краінаў свету. Праваабарончы цэнтр "Вясна" ўступіў у FIDH у 2004 годзе, а старшыня "Вясны" Алесь Бяляцкі тройчы займаў пасаду віцэ-прэзідэнта, у тым ліку падчас свайго папярэдняга зняволення.
Адна з прычынаў, з якой арганізацыі ўступаюць у FIDH, — гэта атрыманне доступу да міжнародных праваабарончых структур: напрыклад, да спецдакладчыкаў ААН, Савета па правах чалавека ААН. Таксама сяброўскія арганізацыі маюць магчымасць звярнуцца да FIDH, каб тая арганізавала сустрэчу з тымі, хто можа дапамагчы ў вырашэнні мясцовай праблемы: напрыклад, прадстаўнікамі Еўрасаюза, АБСЕ, ААН, Савета Еўропы і г. д.
Таксама ў FIDH ёсць статус аглядальніка ECOSOC (Эканамічны і Сацыяльны Савет ААН) — гэта дае сябрам арганізацыі прывілеяваны доступ да пасяджэнняў розных структур. Акрамя гэтага, сяброўскія арганізацыі часам шукаюць экспертную падтрымку ў іх працы: напрыклад, дакументацыі парушэнняў правоў чалавека і міжнародных злачынстваў — як правільна фіксаваць парушэнні, як потым правільна іх данесці да міжнародных структур. FIDH таксама літыгуе парушэнне правоў чалавека ў нацыянальных і міжнародных судах.
FIDH займаецца ўсімі геаграфічнымі рэгіёнамі свету — іх налічваецца 11. А віцэ-прэзідэнты абіраюцца ад пэўнага рэгіёна. Яны дзеляцца з іншымі віцэ-прэзідэнтамі тым, што адбываецца ў іх рэгіёне, і прадстаўляюць яго інтарэсы. Таксама яны каардынуюць паміж сабой стратэгічны накірунак FIDH, улічваючы тэматычныя накірункі, актуальныя ў гэтым рэгіёне. Цяпер гэта, як кажа Ілля Нузаў, напрыклад рэпрэсіі ў Беларусі і сітуацыя з палітвязнямі, а таксама ўзброены канфлікт ва Украіне, сітуацыя з правамі чалавека ў Расіі.
Што азначае для FIDH зняволенне аднаго з віцэ-прэзідэнтаў — Валянціна Стэфановіча?
Ілля Нузаў адзначае, што гэта вялікая страта:
"Па-першае, на прафесійным узроўні мы губляем аднаго з сябраў нашых структур. Гэта голас, прысутнасць якога проста неабходная дзеля таго, каб мець поўную карціну пра тое, што адбываецца ў рэгіёне. Гэта чалавек, які рэфлексуе і штосьці дадае ў стратэгічныя разважанні. Таму мы губляем яго навыкі і веды.
І гэта, вядома, на асабістым узроўні для нас вялікае гора — калі адзін з нашых паплечнікаў і калегаў, з якім мы працуем амаль штодня, апынаецца ў турме".
Валянцін Стэфановіч
Кіраўнік FIDH па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі распавёў, што ў дзень затрымання Валянціна ўсе былі ў шоку, хоць і былі трошкі гатовыя да гэтага.
"Вельмі цяжка дагэтуль паверыць, што мы размаўлялі з чалавекам амаль штодня — а зараз ніяк да яго не дастукаешся. І невядомасць таго, што адбываецца, таксама бянтэжыць і засмучае.
З іншага боку, мы трошкі былі гатовыя да гэтага. Трэба адзначыць, што праваабаронцы — гордыя людзі. Мы не раз казалі і Валянціну Стэфановічу, і іншым праваабаронцам "Вясны": "Можа, вам варта пакінуць краіну?". Але яны адмовіліся, таму што яны настолькі любяць сваю радзіму і вераць у слушнасць сваёй справы, што, мне здаецца, ім важна было заставацца і працаваць, пакуль гэта магчыма. Але, на жаль, мне здаецца, і яны, і мы здагадваліся, чым гэта пагражае — і здарылася тое, што здарылася", — распавёў Ілля Нузаў.
"Калі я толькі заступіў на пасаду кіраўніка аддзела — першай маёй місіяй была паездка ў Беларусь у 2018 годзе для прэзентацыі дакладу пра незалежнасць юрыдычнай прафесіі. І менавіта тады я і меў шчасце пазнаёміцца з Валянцінам. Вы ведаеце, ён больш падобны да такога рокера, чым да праваабаронцы [усміхаецца — заўв. рэд.]. З ім лёгка мець зносіны, ён вельмі даступны — і ў той жа час таленавіты юрыст, які шмат усяго ведае. Ягоныя веды і навыкі, асабліва беларускай юрыспрудэнцыі, заўсёды натхнялі. І мне заўсёды прыносіла і асабістае, і прафесійнае задавальненне размаўляць з ім: бо гэта і чалавек, у якога можна шмат чаму навучыцца, а таксама і той, з кім заўсёды можна проста прыемна пагаварыць, напрыклад, пра Metallica [Валянцін — фанат гэтага гурта. — заўв. рэд.]
І пазней, увосень 2019 года, мы сустрэліся на Тайвані, дзе Валянцін абіраўся на пасаду віцэ-прэзідэнта. На наша шчасце, ён быў абраны. У нашым рэгіёне Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі зараз тры віцэ-прэзідэнты. Сярод іх Талекан Ісмаілава (Кыргызстан) і Артак Кіракасян (Арменія), якія ў гэтых структурах даўно. І таму для нас было важна атрымаць новы голас ад арганізацыі, з якой мы супрацоўнічаем, асабліва — ад арганізацыі з Усходняй Еўропы, і асабліва — з Беларусі. Таму важна было мець Валянціна ў якасці віцэ-прэзідэнта — і, на шчасце, ён заручыўся падтрымкай сяброўскіх арганізацый падчас галасавання на кангрэсе ў Тайвані".
Віцэ-прэзідэнты Артак Кіракасян і Валянцін Стэфановіч. У цэнтры прэзідэнтка FIDH Эліс Магвэ (Тайвань, 2019)
Ілля Нузаў падкрэслівае, што для яго "заўсёды быў заразлівы энтузіязм" Валянціна датычна некалькіх тэмаў, у прыватнасці выкарыстання ўніверсальнай юрысдыкцыі:
"Ён заўсёды вельмі актыўна настойваў на тым, каб мы звярнулі ўвагу на гэты інструмент для прыцягнення да адказнасці тых, хто парушае правы чалавека ў Беларусі".