«Каб зрабіць грамадства яшчэ больш залежным, напалоханым і бяспраўным», — «Вясна» пра законапраект МУС

20 лістапада 2025, 21:00
«Каб зрабіць грамадства яшчэ больш залежным, напалоханым і бяспраўным», — «Вясна» пра законапраект МУС

Міністэрства ўнутраных справаў распрацавала законапраект, які прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за "невыкананне абавязкаў па працаўладкаванні і лячэнні алкагалізму" ў дачыненні да асоб, якія знаходзяцца на прафілактычных уліках. Гэта асобы, якія вызваліліся з месцаў зняволення; бацькі, якіх суд абавязаў утрымліваць сваіх дзяцей; асобы, што здзейснілі хатні гвалт ды іншыя. Юрыстка "Вясны" Вікторыя Рудзянкова пракаментавала новы законапраект МУС.

"Усе асобы, якія стаяць на ўліках у Міністэрстве ўнутраных спраў, павінны працаваць", заявіў кіраўнік ведамства Іван Кубракоў 21 лістапада. Нагадаем, што былыя палітвязні сутыкаюцца са складанасцямі ў пошуках працы ў Беларусі, бо былі асуджаныя па "пратэсных" ці "экстрэмісцкіх" артыкулах, а таксама ўнесеныя ў спісы "экстрэмістаў" ці "тэрарыстаў".

Як адзначае юрыстка, дадзеным законапраектам МУС працягвае мэтанакіравана рухаць рэжым у бок недапушчальнай і забароненай практыкі прымусовай працы. Паводле артыкула 2 Канвенцыі № 29 Міжнароднай арганізацыі працы, прымусовая праца — гэта любая праца, якая ажыццяўляецца пад пагрозай пакарання і без добраахвотнай згоды чалавека. Увядзенне адміністрацыйнай адказнасці менавіта за непрацаўладкаванне цалкам трапляе пад гэтае вызначэнне.

"Патэрны прымусовай працы ў Беларусі ўжо выяўляюцца праз так званую "дармаедскую палітыку", праз удзел праваахоўных органаў там, дзе павінны дзейнічаць сацыяльныя службы, праз пакаранні эканамічнага характару, у тым ліку ў выглядзе павышаных тарыфаў на ЖКП. Улады нават не спрабуюць дзейнічаць у кантэксце павагі да правоў чалавека, таму адміністрацыйны кантроль за беспрацоўем і прымус да працы не могуць быць апраўданыя як дапушчальныя выключэнні з панятку прымусовай працы", — кажа юрыстка.

У панятку прымусовай працы сапраўды існуюць выключэнні, дадае Вікторые, але ніводнае з іх не суадносіцца з палітыкай рэжыму.

"Што тычыцца асуджаных, прымус да працы магчымы толькі як па прысуду суда і з захаваннем гарантый нагляду і законнасці. Аднак МУС фактычна узяла на сябе судовую функцыю, ствараючы механізм пакарання, які не прайшоў праз незалежную судовую ацэнку. Гэта з’яўляецца злоўжываннем уладай і грубым парушэннем прынцыпу падзелу ўладаў.

Асабліва цынічна гэта выглядае на фоне таго, як КДБ адмаўляе асобам, адвольна прызнаным «тэрарыстамі», нават у магчымасці адкрыць банкаўскі рахунак для працы, фактычна блакуючы доступ да легальнай занятасці".

Такім чынам, чалавек трапляе ў замкнёнае кола, у якім яго пазбаўляюць права на працу, прававой вызначанасці і сацыяльнай падтрымкі, а пасля яшчэ і караюць за тое, што ён "не працуе", зазначае юрыстка. Беларускі рэжым фактычна карае за адсутнасць працы, у той час як сам стварае перашкоды для доступу да рынку працы і адмаўляецца ад канструктыўнай прафілактыкі беспрацоўя.

"Юрысты, якія падтрымліваюць такую ініцыятыву, нават проста моўчкі, падманваюць сябе як прафесіяналаў і здраджваюць духу беларускага права, у якім дэкларуюцца вяршэнства права і павага да правоў чалавека. Увядзенне такой нормы накіравана не на падтрымку занятасці, а на тое, каб зрабіць грамадства яшчэ больш залежным, напалоханым і бяспраўным", — робіць высновы Вікторыя.

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

Падзялiцца

Глядзiце таксама

Сусветная арганізацыя супраць катаванняў (OMCT): «Беларусь ператварае катаванні ў публічнае відовішча»
05 снежня 2025, 21:00
Сусветная арганізацыя супраць катаванняў (OMCT): «Беларусь ператварае катаванні ў публічнае відовішча»
Сусветная арганізацыя супраць катаванняў (ОМСТ) апублікавала брыфінг, як беларускі рэжым ператварыў публічную дэманстрацыю прымусовых прызнанняў у жорсткі інструмент псіхалагічных катаванняў і палітычных рэпрэсій.
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў лістападзе 2025 года
05 снежня 2025, 21:00
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў лістападзе 2025 года
У Беларусі захоўваецца цяжкая сітуацыя з правамі чалавекa.
Дзень юрыста ў Беларусі: як мінімум 18 адвакатаў і юрыстаў застаюцца за кратамі
05 снежня 2025, 21:00
Дзень юрыста ў Беларусі: як мінімум 18 адвакатаў і юрыстаў застаюцца за кратамі
Напярэдадні Дня юрыста "Вясна" распавядае, хто сёння застаецца за кратамі і якім чынам юрыдычная дзейнасць ператварылася ў падставу для пераследу.
Тлумачыць «Вясна»: Скасаванае памілаванне? Як улады праігнаравалі ўласныя законы ў справе Статкевіча
26 лістапада 2025, 02:00
Тлумачыць «Вясна»: Скасаванае памілаванне? Як улады праігнаравалі ўласныя законы ў справе Статкевіча
Юрыстка "Вясны" Святлана Галаўнёва разбірае сітуацыю з Мікалаем Статкевічам згодна з нацыянальным заканадаўствам. 

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці