Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" абвясціла аб запуску экспертнай місіі па назіранні за рэферэндумам

21 студзеня 2022, 11:47
Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" абвясціла аб запуску экспертнай місіі па назіранні за рэферэндумам

Заява кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”

У сувязі з аб'явай аб правядзенні рэферэндуму па зменах і дадатках у Канстытуцыю мы, прадстаўнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", хочам адзначыць наступнае.

Мы пацвярджаем сваю прыхільнасць пазіцыі беларускіх праваабарончых арганізацый па канстытуцыйнай рэформе, выкладзеную ў адпаведнай заяве ад 23.10.2020 года, і лічым важным працэс рэфармавання Канстытуцыі, у тым ліку дзеля забеспячэння рэальнага падзелу ўладаў, дзеля стварэння дадатковых мераў па абароне правоў чалавека.

На жаль, у апошнія паўтара года замест эфектыўнага дыялогу з людзьмі і грамадзянскай супольнасцю па абмеркаванні прапановаў наконт змены Канстытуцыі, дээскалацыі сітуацыі ў краіне ўлады яшчэ больш раскруцілі махавік рэпрэсій і пераследу іншадумцаў, прынялі пакет драконаўскіх зменаў у заканадаўства. Сітуацыю з асноўнымі правамі і свабодамі, гарантаванымі дзейснай Канстытуцыяй Беларусі і міжнароднымі абавязальніцтвамі краіны, напярэдадні абвешчанага рэферэндуму можна назваць сапраўднай катастрофай. Грамадства знаходзіцца ў атмасферы татальнага страху. Любыя крытычныя заўвагі з'яўляюцца нагодай для пераследу на працы, адвольнага пазбаўлення волі, ужывання гвалту і катаванняў. Шматлікія ўдзельнікі палітычнага працэсу, якія карыстаюцца падтрымкай значнай часткі беларускага грамадства, знаходзяцца ў зняволенні, некаторыя — дэ-факта ў выгнанні з краіны. За апошнія паўтара года краіну пакінулі, ратуючыся ад пераследу, больш за сто тысяч актыўных грамадзян. Разгромленыя незалежныя СМІ, дзясяткі журналістаў знаходзяцца ў зняволенні, сотні — у вымушанай эміграцыі. Сотні арганізацый грамадзянскай супольнасці былі ліквідаваныя, у тым ліку тыя, якія ўдзельнічалі ў выбарчых кампаніях, накіроўвалі назіральнікаў на выбары. Адзін з каардынатараў кампаніі і адзін з аналітыкаў у цяперашні момант знаходзяцца пад вартай. У такіх умовах зрабілася немагчымай рэалізацыя прынцыпу народаўладдзя, у тым ліку немагчымы паўнавартасны свабодны і дэмакратычны працэс прыняцця зменаў у Канстытуцыю.

Рэферэндум — гэта не толькі дзень галасавання. Любая свабодная і справядлівая выбарчая кампанія — гэта, найперш, атмасфера, умовы, калі ў поўнай ступені рэалізуюцца правы і свабоды, уключаючы свабоду слова, свабоду мірных сходаў і асацыяцый, права ўдзельнічаць у кіраванні сваёй дзяржавай, свабоду ад дыскрымінацыі. Важную ролю ва ўсталяванні і падтрыманні даверу да працэсу волевыяўлення грамадзянаў і ягоных вынікаў грае магчымасць паўнавартаснага назірання з боку нацыянальных і міжнародных назіральнікаў.

У гэтай сувязі кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" не бачыць магчымасці арганізоўваць, як раней, поўнамаштабнае назіранне за выбарчай кампаніяй, накіроўваць сваіх назіральнікаў у выбарчыя камісіі і на ўчасткі для галасавання падчас правядзення абвешчанага рэферэндуму па прыняцці зменаў і дадаткаў у дзейсную Канстытуцыю. Гэта вымушаная мера, абумоўленая асцярогай за бяспеку назіральнікаў. У той жа час, у сувязі з важкім значэннем дадзенай выбарчай кампаніі для грамадска-палітычных працэсаў, што адбываюцца ў краіне, і ўплывам на правы чалавека, мы абвяшчаем аб запуску экспертнай місіі па назіранні за працэсам правядзення рэферэндуму, прадметам якой будзе ацэнка яго адпаведнасці міжнародным стандартам, што тычацца правядзення сапраўднай, свабоднай і дэмакратычнай выбарчай кампаніі.

Заява апублікаваная на сайце ПЦ "Вясна"

Падзялiцца

Глядзiце таксама

Заява з нагоды смерці ў няволі палітвязня Андрэя Паднябеннага
10 верасня 2025, 17:55
Заява з нагоды смерці ў няволі палітвязня Андрэя Паднябеннага
Смерць Андрэя Паднябеннага — дзявятая за апошнія пяць гадоў смерць палітвязня ва ўстановах ДВП МУС.
Заява аб прызнанні васьмі чалавек палітычнымі зняволенымі (Анастасія Гарчакова і іншыя)
07 жніўня 2025, 11:37
Заява аб прызнанні васьмі чалавек палітычнымі зняволенымі (Анастасія Гарчакова і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Анастасію Гарчакову, Анастасію Сікірскую, Паўла Аляксеева, Аляксандра Здаравеннава, Рычарда Логвінава, Валянціна Нікішына, Кацярыну Дзяругу, Яна Пацюпу.
Заява аб прызнанні пяці чалавек палітычнымі зняволенымі (Вадзім Здаравеннаў і іншыя)
06 жніўня 2025, 11:27
Заява аб прызнанні пяці чалавек палітычнымі зняволенымі (Вадзім Здаравеннаў і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Вадзіма Здаравеннава, Ігара Бурдэля, Станіслава Сіліча, Марыну Мазоўку, Вольгу Калпакову і спыніць іх крымінальны пераслед.
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Марына Петражыцкая і іншыя)
01 жніўня 2025, 11:24
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Марына Петражыцкая і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітычных зняволеных Марыну Петражыцкую, Наталлю Навіцкую, Ірыну Шумейка, Арцёма Шынкевіча, Аксану Шаляпіну, Дзмітрыя Царука, Дзяніса Цыбульскага.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці