Леанід Судаленка: «Што мы будзем рабіць, калі аднойчы раніцай даведаемся, што нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі памёр у турме?»

29 студзеня 2024, 12:10
Леанід Судаленка: «Што мы будзем рабіць, калі аднойчы раніцай даведаемся, што нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі памёр у турме?»

21 ліпеня 2023 года пасля двух з паловай гадоў турмы ў Беларусі выйшаў на волю вядомы праваабаронца Леанід Судаленка. У інтэрв’ю Human Rights House Foundation, пасля шасці месяцаў з дня вызвалення, Судаленка дзеліцца сваім досведам ад несправядлівага зняволення да прымусовага выгнання і разважае пра залежнасць рэжыму Лукашэнкі ад бесперапынных рэпрэсій супраць беларускай грамадзянскай супольнасці.

Прайшло паўгода, як вы выйшлі на волю. Чаму вы вырашылі пакінуць Беларусь? Як змянілася ваша жыццё за гэты час?

Калі выйдзеш [з турмы], ты як тая рыба, выкінутая на бераг. Цяжка — у першыя дні я нават не мог узяць тэлефон ці прачытаць нешта на камп’ютары, гэта было псіхалагічна цяжка.

Нават у дзень вызвалення ў мяне не было планаў эміграваць, уцякаць з краіны… Я казаў тое ж самае яшчэ да свайго арышту ў 2020 годзе: "Няхай [рэжым Лукашэнкі] сыходзіць… Я не здзяйсняў ніякага злачынства". На адзінаццаты дзень пасля вызвалення [2023] я прыняў цяжкае для сябе рашэнне: мне прыйшлося пакінуць краіну.

Леанід Судаленка адразу пасля вызвалення зЛеанід Судаленка адразу пасля вызвалення з "Віцьбы". Фота з сацсетак праваабаронцы

Пасля вызвалення я даведаўся, што мае асабістыя звесткі ўнесеныя ў зацверджаны ўладамі спіс экстрэмісцкіх — таму ў мой бок узмацнілася ўвага. Давялося інфармаваць і прасіць дазволу нават на выезд з горада, а не толькі з краіны. За мной два разы на дзень сачылі з дапамогай відэарэгістратара — у любы час да мяне маглі з’явіцца супрацоўнікі міліцыі… Уключалі відэарэгістратар і патрабавалі падпісаць паперу, што я знаходжуся па месцы жыхарства, і нават казалі, што маглі прыйсці ноччу, нягледзячы на тое, што ў мяне малы сын. Раз на тыдзень, звычайна па нядзелях, даводзілася з’яўляцца ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю на так званыя "прафілактычныя мерапрыемствы", напрыклад, паўтары гадзіны глядзець фільм пра наркаманаў. Пасля я падпісаў, што наведаў мерапрыемства, і быў вольны. І ў той жа вечар да мяне вярталіся з відэарэгістратарам, яшчэ раз правяралі. Адсочвалася кожная фінансавая аперацыя — нават калі я папаўняў баланс мабільнага тэлефона на адзін рубель. У такіх умовах мне прыйшлося б пражыць да сямі гадоў.

Было адчуванне, што я пераехаў з адной турмы ў другую. Я зразумеў, што мне будзе цяжка выжыць у такіх умовах нават пару гадоў.

Андрэй Стрыжак з BYSOL мне сказаў: "Лепш бы ты з’ехаў. Так здарылася, што ты цяпер самы вядомы [свабодны] праваабаронца ў краіне, і цябе не пакінуць у спакоі".

Я разумеў, што яшчэ адно зняволенне не вытрымаю. Я ведаю, пра што кажу, я ведаю, якія там ўмовы і якое там медыцынскае абслугоўванне. Новы тэрмін для мяне быў бы квітком у адзін бок.

Што вы адчуваеце, калі не можаце вярнуцца ў Беларусь, таму што гэта небяспечна? Чаго вам больш за ўсё не хапае ў Беларусі?

Самае цяжкае пачуццё — жыць, не ведаючы, калі можна вярнуцца ў Беларусь. Я ніколі не планаваў эміграваць. Усё, што я маю, у Беларусі.

Зараз я знаходжуся ў адноснай бяспецы. Літва — свабодная краіна, і я дзякую літоўскаму ўраду за дадзены мне такі прытулак… Але я хачу жыць у Беларусі, гэта мой дом, і ў мяне забралі гэты дом.

У Гомелі засталася мая сям’я — жонка і сын-школьнік. Я пазбаўлены магчымасці выхоўваць сына, жыць з сям'ёй, пазбаўлены магчымасці жыць у сваёй краіне — гэта таксама пакаранне.

Падчас школьных вакацый майго сына яны былі тут [у Вільні] тры дні. Час пранесся імгнененна: вось я сустрэў іх — і зноў павінен быў развітацца. Падыходжу да аўтобуса Вільня-Мінск, беларускага аўтобуса з беларускімі нумарамі, — вочы напоўніліся слязамі. Я ведаў, што не магу туды з імі павярнуцца. Я нават прасіў жонку ўзяць і даслаць мне фотаздымкі майго дома, дрэваў, майго саду…

Маёй маці 85 гадоў, і калі я сядзеў у турме, я вельмі баяўся яе больш не пабачыць. Пакуль я сядзеў у турме, памёр бацька маёй жонкі, і хоць у крымінальным кодэксе ёсць палажэнні аб кароткатэрміновым вызваленні на пахаванне ў такіх выпадках, на практыцы гэта не працуе — маўляў, няма [даступнага] транспарту і г.д., таму я маліўся, каб спаткацца з маці, і ў жніўні [2023, пасля вызвалення] я сустрэўся з ёй, абняў яе. Я разумею, што гэта магла быць наша апошняя сустрэча, таму што [цяпер] як толькі мой пашпарт праскануюць на беларускай мяжы, мяне адразу ж арыштуюць.

Леанід Судаленка. Фота Яўгеніі ПарашчанкіЛеанід Судаленка. Фота Яўгеніі Парашчанкі

Праз 100 дзён пасля майго вызвалення [2 лістапада 2023] супраць мяне распачалі новую крымінальную справу за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці", што прадугледжвае пакаранне да шасці гадоў пазбаўлення волі [строгага рэжыму]. Частка маёй маёмасці ўжо арыштаваная. Што беларускія ўлады маюць на ўвазе пад словам "садзейнічанне", мне незразумела, магчыма, таму, што я не маўчаў… Пакуль у Беларусі не будзе іншая ўлада, якая амністуе ўсіх палітвязняў, я не змагу вярнуцца ў краіну, і я гэта разумею.

Як толькі будзе хоць якая магчымасць, я вярнуся ў Беларусь… Тут, у Літве, на працягу гэтага паўгода я спрабаваў займацца той справай, якой займаўся да 2020 года, а гэта праваабарончая дзейнасць як частка працы Праваабарончага цэнтра "Вясна".

Якое гэта адчуванне — несправядліва апынуцца за кратамі? Як гэта адбілася на вас?

Я, як і іншыя палітвязні, адседзеў свой тэрмін, не здзейсніўшы ніякіх злачынстваў. Адседзець без злачынства значна цяжэй. Кожны дзень ловіш сябе на думцы: "Чаму я тут? Чаму я ў турме? Толькі таму, што дзяржава прызнала мяне экстрэмістам?"

Мае родныя прасілі мяне берагчы сябе і сваё здароўе для іх, і думкі пра сям'ю дапамаглі мне ўсё гэта перажыць. [Да 2020 года] Я цвёрда стаяў на нагах, верыў у закон і справядлівасць. Паміж ператрусамі дома і ў офісе і арыштам у мяне было 13 сутак, і я мог з’ехаць. У той час Алесь Бяляцкі сказаў мне: "Лявон, ты з’яджай, бо могуць за табой прыехаць". На што я адказаў: "Я не з’еду, няхай яны з’ядзжаюць". Я не рабіў нічога супраць закона і не верыў у тое, што здарылася і што працягваецца дагэтуль. У мяне была такая вера да 2020 года, але яе ўжо няма. Пасля вызвалення я не мог займацца праваабарончай дзейнасцю ў Беларусі — калі б пачаў, мяне б адразу арыштавалі. Дзяржава пазбавіла мяне права займацца прафесіяй.

Калі б вы маглі паразмаўляць са сваімі калегамі з "Вясны", якія знаходзяцца за кратамі, што б вы ім перадалі?

Сваім калегам з "Вясны" і ўсім палітвязням я пазычыў бы захаваць здароўе, што яшчэ. Бо ключ ад турэмных камер не ў нас, ключ у Лукашэнкі. Хто сёння можа паўплываць на Беларусь? Пуцін? Пуцін трымае Навальнага ў турме, у яго самога ёсць палітвязні.

Я б папрасіў іх у першую чаргу максімальна паклапаціцца пра сваё здароўе, таму што час ідзе, і іхняму прысуду прыйдзе канец. У такіх умовах вельмі важна берагчы сваё здароўе і берагчы сябе. Я ведаю, наколькі гэта складана.

Алесь Бяляцкі і Леанід Судаленка. Гомель, 2018 г.Алесь Бяляцкі і Леанід Судаленка. Гомель, 2018 г.

За тры гады я страціў зубы, а Алеся асудзілі на дзесяць гадоў. Там няма стаматалагічнай дапамогі; ёсць людзі з аголенымі дзёснамі, якія не могуць жаваць ежу. Я чытаў пра прафсаюзнага актывіста, якому 73 гады, і ў яго адсутнічае адна нырка; яго асудзілі на дзесяць гадоў, яму патрэбная перасадка ныркі. Гэта пытанне жыцця і смерці. Я спадзяюся, што ўсе мы дажывем да амністыі палітвязняў, але баюся, што калі нам давядзецца пачакаць яшчэ тры гады, мы можам не ўбачыць многіх з іх зноў. За час знаходжання ў калоніі было тры смерці. На ранішняй праверцы напішуць "мінус адзін" — так там ставяцца да чалавечага жыцця.

Хто адкажа за смерць Алеся Пушкіна, чалавека майго ўзросту? Я ўпэўнены, што ён выжыў бы, калі б быў на волі. Што мы будзем рабіць, калі аднойчы раніцай даведаемся, што памёр нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі? Скажам, што трэба ўводзіць новыя санкцыі? Я вельмі перажываю за яго, ён мой сябар.

Паўгода паміж нашымі арыштамі Алесь [Бяляцкі] пісаў мне лісты ў Гомельскую турму. Ён мне казаў: "Лявон, што мы можам зрабіць для цябе? Лявон, восенню [2021] будзеш дома, трымайся".

Як вы лічыце, за што вас арыштавалі і асудзілі?

20 гадоў да 2020 года я займаўся праваабарончай дзейнасцю ў сваёй краіне і [пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года] не сядзеў склаўшы рукі.

Законнасці ў Беларусі няма. Цяпер ёсць будынак суда з людзьмі ў судзейскіх мантыях, але там няма закону. Як казаў Лукашэнка, "часам не да закону" — гэтае беззаконне працягваецца да сённяшняга дня.

У маёй крымінальнай справе 83 тамы з 354 сведкамі. Гэта ўсё людзі, якія ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту і былі асуджаныя, — нехта атрымаў штрафы, нехта прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Усе гэтыя людзі — ахвяры [палітычнага] пераследу, і яны звярнуліся па дапамогу ў наш праваабарончы офіс. Я аказваў не толькі юрыдычную дапамогу, але і кансультацыі, многім складаў скаргі, шукаў фінансавую дапамогу на аплату адвакатаў, судовых выдаткаў, харчаванне [падчас утрымання ў ізалятарах часовага ўтрымання] і г. д. За гэтую дапамогу, лічу, мяне асудзілі. Праваабаронцы потым былі рэпрэсаваныя, і я быў у ліку першых.

Суддзя, які асудзіў мяне на тры гады, здзейсніў крымінальнае злачынства, і рана ці позна ён панясе за гэта адказнасць. Ён заведама вынес неправасудны прысуд… Калі я сядзеў у турме, я падаў у Генпракуратуру скаргу [на суддзю], якую мне вярнуў оперупаўнаважаны і сказаў: "Прысуд у дачыненні да вас уступіў у законную сілу, і гэта азначае, што вы злачынец і няма прысуду супраць суддзі, так што ён чысты. І калі вы яшчэ раз падасце скаргу на суддзю, то мы завядзем супраць вас новую крымінальную справу за паклёп на суддзю".

Я ўжо казаў, што ў плане рэпрэсіяў Беларусь скатваецца да найгоршых практык камуністычнага мінулага… Я веру, што рэпрэсаваныя палітвязні ўрэшце будуць рэабілітаваныя. Хацелася б, каб гэта адбылося пры нашым жыцці, каб быць гэтаму сведкам.

Чаму людзям важна працягваць дасылаць лісты? Што значаць для палітвязня лісты падтрымкі?

У СІЗА да мяне сапраўды даходзілі лісты. Былі дні, калі мне пісалі зусім невядомыя людзі і мне прыходзіла па 15-20 лістоў падтрымкі. На відэа, дзе я выходжу з СІЗА з сумкай, — гэта торба была поўная лістоў — я іх прывёз з СІЗА ў калонію, а потым прывёз дадому. Гэтыя лісты я хачу захаваць у асабістым архіве.

З розных краін прыходзілі лісты падтрымкі. Радасна атрымліваць лісты, гэта сувязь са свабодай, з навакольным светам. Гэта дапамагае прайсці праз выпрабаванні, і час праходзіць хутчэй.

Кожнаму палітвязню важная падтрымка, нават у калоніях, дзе палітвязням адмаўляюць у перапісцы, усё роўна прыходзяць лісты, і цэнзары, адміністрацыя іх бачаць, бачаць гэтую падтрымку, бачаць, што людзі памятаюць і не забываюць чалавека. Акцыі салідарнасці — яны павінны працягвацца. Лісты і словы падтрымкі вельмі важныя.

Пасля вызвалення са мной звязваліся некалькі чалавек і перасылалі скан-копіі лістоў, якія яны дасылалі, але я іх (у калоніі) не атрымаў. Мне таксама прыйшоў ліст з турмы — бо я там таксама дапамагаў людзям, пісаў звароты і г.д.

Лісты да Леаніда Судаленкі. Фота Яўгеніі ПарашчанкіЛіст салідарнасці, які незнаёмы чалавек даслаў Леаніду падчас адбыцця пакарання ў калоніі. Ліст Леанід не атрымаў. Адмова ў ліставанні палітвязням у Беларусі — гэта звычайная практыка.

Якая будучыня ў праваабарончага руху Беларусі?

Нават у самых дэмакратычных краінах правы чалавека парушаюцца, таму праваабаронцы не будуць сядзець без справы. Нават калі ў Беларусі зменіцца палітычнае кіраўніцтва і скончацца рэпрэсіі, магчыма, тады мы будзем бараніць сацыяльныя і культурныя правы. У пэўным сэнсе Беларусі можа пашанцаваць, калі прыйдзе дэмакратычнае праўленне, то, хутчэй за ўсё, будзе пасада амбудсмэна, і ў нас нават можа быць нобелеўскі лаўрэат у якасці амбудсмена.

Правы чалавека ў Беларусі маюць будучыню — так я яе бачу. Як толькі з’явіцца хоць найменшая магчымасць, многія з нас вернуцца ў Беларусь і працягнуць працаваць.

Абарона правоў чалавека стала мэтай майго жыцця, і я не ўяўляю свайго жыцця без гэтага; гэта ўсё, што я ведаю. Былі часы, калі мы працавалі эфектыўна і ўдавалася адстойваць правы чалавека. Я не думаю, што гэтае беззаконне, гэтае неафіцыйнае надзвычайнае становішча, калі законы не працуюць, працягнецца. Чаму законы не працуюць? Фармальна яны могуць не працаваць падчас надзвычайнага ці ваеннага становішча, але наша краіна не абвяшчала надзвычайнае становішча, дык чаму законы не працуюць?

Цяпер, як казаў Лукашэнка, "не да законаў", яны стварылі свой сусвет і ў гэтым сусвеце жывуць.

Аўтарытарныя дзяржавы часта імкнуцца ачарніць праваабаронцаў і выставіць іх як непатрыётаў, ворагаў грамадства, "замежных агентаў". Які ваш погляд на гэты наратыў?

Леанід Судаленка. Фота Яўгеніі ПарашчанкіЛеанід Судаленка. Фота Яўгеніі Парашчанкі

У 2020 годзе ўлады здзейснілі злачынства і працягваюць яго здзяйсняць.

Калі на нас [праваабаронцаў] не наклеяць ярлык экстрэмістаў, замежных агентаў, якія здрадзілі радзіме, то ўся ўвага будзе звернутая да ўлады, таму што мы будзем патрабаваць адказнасці за злачынствы, якія яны здзейснілі.

Таму ўладам выгадна ствараць з нас вобраз ворагаў, а потым казаць: "Гэта ворагі распаўсюджваюць хлусню, яны выступаюць супраць улады за заходнія грошы, заяўляюць, што ўлада дрэнная і ўчыніла злачынствы". Гэта наратыў, які ўрад працягвае адстойваць.

Прадстаўляючы ўсіх, хто ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, і тых, каго ўрад пазначыў экстрэмістамі або тэрарыстамі, як здраднікаў, якія прадалі сваю краіну, яны імкнуцца сфармаваць грамадскую думку. Згодна з гэтым наратывам, мы вінаватыя ў тым, што людзі ў Беларусі жывуць дрэнна, і калі б не мы, усё было б добра.

Чаму ўлада не аб'яўляе амністыю і чаму працягваюцца рэпрэсіі? Гэта таму, што пры любым іншым сцэнары ўрад больш не зможа кантраляваць сітуацыю.

Колькасць палітвязняў сёння заніжаная, таму што многія ўжо адбылі пакаранне і многія не хочуць гэтага ярлыка. Яны не жадаюць ускладняць сабе жыццё яшчэ ў турме.

Каля 300 тысяч чалавек пакінулі Беларусь, і калі б яны вярнуліся ў краіну, то патрабавалі б ад урада адказнасці. Таму ўлада робіць усё, каб гэтыя людзі не вярнуліся, і гэта тычыцца не толькі праваабаронцаў, але і журналістаў, валанцёраў, прафсаюзных актывістаў, навукоўцаў, настаўнікаў, лекараў і іншых, якія кіруюцца ў асноўным сваім сумленнем, і ім ёсць што сказаць.

Чаму мяне ўключылі ў спіс экстрэмістаў вышэйшага ўзроўню? Па якім праве мяне ўключылі ў гэты спіс, калі я нават не маю магчымасці звярнуцца ў суд і даказаць адваротнае? Здаецца, гэты ярлык на ўсё жыццё прылепіцца да мяне — калі я змагу атрымаць рэабілітацыю? Для гэтага ў краіне няма механізму. Не выконваючы закон і не забяспечваючы мне абарону, ці не становіцца сама ўлада экстрэмісцкай?

Як выглядае жыццё палітвязня ў Беларусі?

Кожны прысуд зняволенаму складаецца з дзвюх частак. Першая частка — СІЗА — гэта як турма, дзе ты кругласутачна сядзіш у камеры і чакаеш суду. Некаторыя людзі сядзяць у СІЗА па 2-3 месяцы. Я правёў год [у Гомельскім СІЗА]. Другая частка — калі цябе пераводзяць у калонію — там я адседзеў паўтары гады.

18 студзеня 2021 года мяне арыштавалі, кінулі ў СІЗА, а потым забыліся пра мяне на тры-чатыры месяцы. Потым мяне завялі ў пакой, дзе былі двое мужчын у цывільным і стаяла на стале відэакамера на штатыве.

Мне прапанавалі дамову аб супрацоўніцтве. Яны казалі: "Што вы тут робіце, Леанід Леанідавіч, сярод зняволеных, сярод забойцаў, злодзеяў і іншых злачынцаў? Вы ж адукаваны чалавек, сёння ўвечары маглі б ісці дадому, у вас маленькі сын".

Па сутнасці, яны хацелі, каб я прачытаў услых на камеру, што ПЦ "Вясна" плануе рэвалюцыю ў Беларусі за кошт фінансавання Дзярждэпартамента ЗША.

Такім чынам, калі б вы супрацоўнічалі і сфабрыкавалі непраўдзівыя факты пра калегаў арганізацыі, гэта была б цана за вашу свабоду?

Так, але як потым жыць з гэтай свабодай? Запісваліся нават размовы з жонкай падчас кароткіх спатканняў па тэлефоне праз шкло. І на судзе ў Мінску над Алесем Бяляцкім, Валянцінам Стэфановічам і Уладзімірам Лабковічам зачытвалі вырваныя з кантэксту фразы з тых размоваў. Я не ведаю, што яны хацелі гэтым даказаць. Я даведаўся пра гэта толькі пасля вызвалення.

Што да абыходжання з палітвязнямі, то як толькі ты туды трапляеш — адбываецца парушэнне любой прэзумпцыі невінаватасці, яшчэ да таго, як твая віна будзе даказаная або цябе абвінавацяць, цябе ўжо клеймяць "экстрэмістам".

Прыкладна праз тры дні адміністрацыя выклікала мяне і прымусіла падпісаць нейкую паперу. Мне забаранілі чытаць і сказалі, што будуць сачыць за мной. Як высветлілася, мяне паставілі на, як яны называюць, "прафілактычны ўлік" па катэгорыі "схільнасць да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці". Таму кожны раз, калі я прадстаўляўся [пры звароце або пры атрыманні ежы], мне даводзілася паўтараць:

"Асуджаны Судаленка Леанід, 1966 года нараджэння, паводле артыкула 342 КК асуджаны на тры гады. Пачатак тэрміну: чатырнаццаць нуль адзін дваццаць два, канец тэрміну: дваццаць адзін нуль сем дваццаць тры… Стаю на прафілактычным уліку па катэгорыі схільных да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці…"

Таму, калі нехта [з адміністрацыі] падыходзіў да акенца камеры і называў маё прозвішча, я павінен быў стаяць на каленях і рапартаваць, а яны маглі рабіць гэта бясконцую колькасць разоў, да пятнаццаці разоў на дзень. Такім чынам табе ўбіваюць у галаву, што ты экстрэміст. Часам ты пачынаеш думаць, што, магчыма, ты сапраўды і ёсць экстрэміст.

У СІЗА штодня атрымліваеш гадзіну прагулкі ў дворыку, а ты ўсё роўна пад дахам… Толькі праз дзевяць месяцаў я ўпершыню ўбачыў неба і сонца — калі мяне перавялі ў суд і я выйшаў з міліцэйскага фургона.

За год знаходжання ў СІЗА, у малаасветленай камеры, я значна папсаваў зрок, сапсаваліся зубы. Я паступіў з дыягназам цукровы дыябет, і яны ведалі, што мне трэба штодня прымаць лекі, але за год знаходжання ў СІЗА толькі адзін раз праверылі ўзровень цукру ў крыві, хаця трэба гэта рабіць штодня. 

Леанід Судаленка перад вынясеннем прысудаЛеанід Судаленка ў клетцы ў залі суда падчас абвяшчэння прысуду, 3 лістапада 2021 г.

За тры месяцы суда з 3 верасня па 3 лістапада [2022] у мяне было 24 судовыя паседжанні, і заўсёды ў суд мяне дастаўлялі пад узмоцненай аховай. Людзі ў калідоры ў будынку суда адварочваліся, калі бачылі, як кагосьці вядуць тварам уніз, як асабліва небяспечнага злачынцу.

Калі ты звычайны вязень, а не "экстрэміст", твае кайданкі зашпіленыя спераду, так што ты можаш, у рэшце рэшт, рукамі пачухаць нос ці вуха, але калі кайданкі зашпіленыя ззаду і нос чухаецца, яго можна пачасаць толькі аб сцяну. Аднойчы ў мяне пайшла кроў з носа (ад ціску), і я не ведаў, што рабіць, — у мяне за спіной былі кайданкі, і я адчуваў смак крыві, якая цячэ мне ў рот.

Робяць гэта спецыяльна для палітвязняў. Гэта ж не адзін дзень — раніцай прывозяць (у суд), потым вяртаюць на абед у ізалятар і пасля абеду назад у суд, і зноў гэтак жа ўвечары а шостай — у СІЗА. Агулам чатыры разы на дзень 24 такія паседжанні, а такіх паседжанняў па маёй справе магло прайсці каля сотні. Гэта даволі зневажальна.

[Падчас] слуханняў сядзіш у клетцы, камеры. Гэта таксама парушае прэзумпцыю невінаватасці. Я [беспаспяхова] кожны дзень падаваў хадайніцтвы аб адводзе суддзі, таму што гэта стварала няроўныя ўмовы — пракуроры, іх трое, сядзяць за сталом, а я ў клетцы… Я нават не мог нічога рабіць у працэсе.

У калоніі [куды мяне перавялі пасля рашэння суда] мяне да апошняга дня [адбыцця пакарання] трымалі са статусам "злоснага парушальніка". Я баяўся сказаць сваім родным, што гэта магло азначаць. Па артыкуле 411 аб "злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі" чалавек у форме суддзі можа дадаць новы тэрмін — Змітру ДашкевічуПаліне Шарэнда-Панасюк — дадаецца ў другі раз за год. Я гэтага баяўся і разумею, што статус "злоснага парушальніка" мне далі не дарма, рыхтаваліся дадаць новы тэрмін. Гэты статус таксама азначаў адсутнасць права на спатканні.

Як толькі я падаў заяву на спатканне, адразу знайшлі падставу адмовіць мне ў ім — ці то гузік не зашпілены, ці то я не так пагаліўся. Са 100 зняволеных у маім участку 28 былі палітвязнямі, і іх лёгка адрозніць — як толькі прыязджаеш у калонію, палітвязням ставяць адметны знак — жоўты цэтлік, што значыць "экстрэміст". З 28 "жоўтых" вязняў толькі я і адзін хлопец мелі статус "злосных парушальнікаў".

Там кожны дзень быў аднолькавы, акрамя нядзелі, калі мы не працавалі. Усе зняволеныя павінны былі працаваць. Першыя дзевяць месяцаў я працаваў у дрэваапрацоўчым цэху, потым мяне перавялі ў металаразборны цэх — голымі рукамі здабывалі метал са старых кабеляў. Была квота, колькі трэба было здаць медзі, інакш гэта прывядзе да ШІЗА. За гэтую працу, шэсць дзён на тыдзень па восем гадзін, я атрымліваў менш за адзін даляр у месяц. Мяркую, астатняе адлічылі за камунальныя паслугі. Адпачынкаў па маім статусе не было, у адрозненне ад іншых зняволеных.

Мне таксама не дазволілі ліставацца, а калі я звярнуўся да адміністрацыі, мне сказалі, што хопіць атрымліваць лісты ад жонкі, і калі я яшчэ раз уздыму гэтае пытанне, мяне адправяць у ШІЗА.

Я таксама трапіў у ШІЗА за дзесяць дзён да вызвалення, мяне перавялі туды без нагоды, маўляў, табе засталося дзесяць дзён, будзеш мець магчымасць ачысціць думкі, пабыць сам-насам. ШІЗА — гэта турма ў турме, катаванне холадам, катаванне адзінотай.

Тры разы на дзень даюць кашу і салодкі чай, які я не мог піць праз дыябет, — на сёмы дзень я ўжо размаўляў з павуком, якога знайшоў у куце, спяваў песні, каб не страціць розум, бо чалавек мае патрэбу ў зносінах. Посцілкі там няма, забіраюць цёплае адзенне. Вы не можаце спаць больш за гадзіну з-за холаду. Я быў там улетку, але ўначы тэмпература была каля 10-12 градусаў цяпла, было адчынена закратаванае акно, якое нельга было зачыніць.

Выспацца не можаш, і ўдзень таксама не даюць — я ўдзень ляжаў на падлозе, атрымаў вымову. Я лічу гэта катаваннем, і я пра гэта казаў, нават адмаўляўся есці. Яны адказалі, што "гэта закон". Калі я выйшаў з турмы, я правяраў, і, сапраўды, ёсць такі закон, што зняволеным у ШІЗА пасцельнай бялізны не даюць. Нават гэтую норму катаванняў унеслі ў крымінальны кодэкс.

Я разумеў, што калі б не выйшаў, я б не вытрымаў таго ШІЗА, я больш не вытрымаў бы.

Шчыра кажучы, да самага канца не думаў, што мяне адпусцяць. Я думаў, што ў апошні дзень мяне адвязуць у суд, прыдумаюць новы тэрмін і проста не адпусцяць. Нават калі мяне вызвалілі, я зрабіў першыя крокі на волю і не паверыў.

Мяне адпусцілі і сказалі ісці на прыпынак [грамадскага транспарту], каб ехаць восем кіламетраў да горада. Але я ведаў, што мая сям'я прыедзе за мной. Разбудзілі мяне ў 5 раніцы, далі кашы, а ў 6 раніцы адпусцілі. Я чакаў сям'ю да 11 раніцы, таму што звычайна ў гэты час усіх адпускаюць [а менавіта на гэты час сям'ю папрасілі прыйсці]. Мне не далі пераапрануцца ў сваё, бо я дзесяць дзён ляжаў на падлозе без душа.

Як людзям ва ўсім свеце працягваць падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць?

Гэта складанае і простае пытанне адначасова. Прэзідэнт [Польшчы] Дуда выказаўся, заявіўшы, што не засталося эфектыўных сродкаў для вызвалення беларускіх палітвязняў.

Трэба зрабіць палітвязняў сур'ёзнай праблемай для Лукашэнкі і паставіць яму ультыматум, ад якога ён не зможа адмовіцца. Санкцый недастаткова, пакуль калійныя ўгнаенні з Беларусі вывозяць. Варта паспрабаваць аказаць больш рашучы ціск на Мінск.

Я ўдзячны, што беларуская павестка не знікае і ў дачыненні да беларускага рэжыму ўсе еўрапейскія краіны маюць кансалідаваную пазыцыю, акрамя Орбана.

Нельга забываць, што ракеты таксама былі запушчаныя з Беларусі ў бок Украіны. Пра гэта я даведаўся, калі выйшаў з турмы. Але гэта не віна беларусаў; не было ніякага рэфэрэндуму з пытаннем: "Ці хочаце вы выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для расейскай арміі супраць Украіны ці не?" Гэта было рашэнне Лукашэнкі, і ён павінен несці за гэта адказнасць.

Ці вінаватыя беларусы, што з майго роднага горада Гомеля ляцелі ракеты ў бок Чарнігава, дзе я вырас і які мы наведвалі штотыдзень? Калі я даведаўся, што Чарнігаў бамбілі, было адчуванне, што руйнуюць мой уласны дом. Як гэта можна дараваць?

Я спадзяюся, што гэтаму вар'яцтву, дакладней, таму, што адбываецца цяпер, прыйдзе канец, магчыма, у новым годзе, годзе Цмока, які пачынаецца ў лютым. У турме я захапіўся гараскопамі (смяецца). Я спадзяюся, што 2024 год прынясе нам добрыя навіны, таму што адыходзячы год стаў катастрофай. Ва Украіне вайна, гінуць людзі, а ў Беларусі ціхая вайна, і там таксама гінуць людзі — не ў такіх колькасцях, але сёння мы гаворым пра Беларусь.


Леанід Судаленка — праваабаронца, кіраўнік Гомельскага філіялу ПЦ "Вясна" з 20-гадовым досведам дапамогі грамадзянам, якія пацярпелі ад парушэнняў правоў чалавека. Судаленка дапамагаў у падрыхтоўцы і падачы шматлікіх індывідуальных скаргаў у Камітэт па правах чалавека ААН супраць Беларусі. Цягам 2020 году Судаленка аказваў юрыдычную дапамогу ў абскарджванні судовых рашэнняў за ўдзел у "несанкцыянаваных акцыях", якія праходзілі ў Гомелі пасля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года.

Пераклад артыкула на беларускую мову: сайт "Вясны"

Глядзiце таксама

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 кастрычніка 2024, 09:07
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 верасня 2024, 15:12
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 верасня 2024, 14:59
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 верасня 2024, 14:30
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці