Libereco: Трое новых «хросных» з Польшчы, Чэхіі і Шатландыі для палітвязняў у Беларусі

17 сакавіка 2025, 14:30
Libereco: Трое новых «хросных» з Польшчы, Чэхіі і Шатландыі для палітвязняў у Беларусі

У межах кампаніі #WeStandBYyou Вольга Рыхтарава (Чэшская пірацкая партыя, Чэхія), Аляксандр Бернет (Шатландская кансерватыўная партыя, Шатландыя) і Міхал Кабоска (Еўрапейскі парламент, Польшча 2050, Польшча) стануць "хроснымі" Наталлі Лашч, Уладзіміра Лавора і Томаша Бярозы.

Наталля Лашч, 1993 года нараджэння, з'яўляецца юрысткай і знаходзіцца пад вартай з 17 жніўня 2022 года. Яна была арыштаваная за інфармацыю для "Чорнай кнігі Беларусі" ды асуджаная да шасці гадоў пазбаўлення волі за "распальванне варожасці" (артыкул 130) і "незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці" (артыкул 203-1). Улады пазбавілі яе адвакацкай ліцэнзіі і ў 2023 годзе ўнеслі яе імя ў спіс так званых экстрэмістаў і тэрарыстаў, каб яшчэ больш яе ізаляваць.

Вольга Рыхтарава — прадстаўніца чэшскага парламента ад Пірацкай партыі. Гэта ўжо трэці раз, калі яна становіцца "хроснай" палітвязня ў Беларусі. Яна тлумачыць сваё рашэнне:

"Наталля —адна з больш чым тысячы палітвязняў беларускага таталітарнага рэжыму. Яна была затрыманая, названая "тэрарысткай" і асуджаная да шасці гадоў у папраўчай калоніі. Усё гэта праз тое, што яна перадала асабістыя звесткі прадстаўнікоў улады і службаў бяспекі, датычных да сістэматычных рэпрэсій, у Telegram-канал, які выкрывае катаў рэжыму Лукашэнкі. Так адбываецца таму, што таталітарныя рэжымы заснаваныя на страху выкрыцця праўды і страты ўлады. Знакаміты раман Джорджа Оруэла "1984" добра апісвае таталітарызм: "Партыя імкнецца да ўлады выключна дзеля яе самой. Нас не займае чужы дабрабыт, нас займае толькі ўлада". І мы, каму пашчасціла жыць у вольным свеце пасля жахлівых дыктатур дваццатага стагоддзя, не можам гэта ігнараваць. Я была рада даведацца, што двое папярэдніх палітвязняў, якія знаходзіліся пад маёй апекай, былі вызваленыя. Гэта відавочная прыкмета таго, што мы можам змяніць свет, паказаўшы, што нам не ўсё адно".

Уладзімір Лавор ды яго сябры былі арыштаваныя ў верасні 2022 года за тое, што вывесілі апазіцыйны беларускі сцяг і сцяг Украіны на фасадзе шматпавярховага будынка ў Мінску. Перад гэтым група абмяркоўвала свае антываенныя дзеянні ў Telegram-канале, які пазней быў прызнаны экстрэмісцкім. Уладзімір быў асуджаны да чатырох гадоў і дзевяці месяцаў пазбаўлення волі за "стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім" (артыкул 361-1) і "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (артыкул 361-4).

Аляксандр Бернет — чалец шатландскага парламента. Гэта ўжо другі раз, калі ён становіцца "хросным" палітвязня ў Беларусі. Бернет пракаментаваў сваю падтрымку Уладзіміра Лавора наступным чынам:

"Турэмнае зняволенне Уладзіміра, разам з сотнямі іншых людзей, што таксама знаходзяцца ў зняволенні ў Беларусі, сапраўды жудасна, і для мяне вялікі гонар далучыцца да закліку вызваліць яго. Недапушчальна, каб ён заставаўся ў турме толькі за тое, што вывесіў сцягі Украіны і Беларусі з вышыннага будынка. Разам з абранымі прадстаўнікамі з усёй Шатландыі і Еўропы я рашуча выступаю супраць рэпрэсіяў, якія адбываюцца, і заклікаю беларускі ўрад выконваць правы чалавека ў дачыненні да свайго народа і вызваліць тых, хто быў незаконна затрыманы".

Томаш Бяроза — грамадзянін Польшчы, які ўтрымліваецца пад вартай у Беларусі з 18 жніўня 2022 года. Дома Тамаша чакаюць двое маленькіх дзяцей. Яго маёмасць (прычэп) была канфіскавана рэжымам. Яго таксама прымусілі даць інтэрв'ю ў прапагандысцкім фільме. Як і многія іншыя замежныя грамадзяне, ён быў асуджаны да 14 гадоў пазбаўлення волі за "шпіянаж" (артыкул 358-1).

Міхал Кабоска — польскі дэпутат Еўрапейскага парламента і намеснік старшыні дэлегацыі па сувязях з Беларуссю. Ён пагадзіўся стаць "хросным" Томаша Бярозы і заявіў:

"Калі мы гаворым пра Беларусь, мы хочам распавядаць пра канкрэтных людзей ды іх гісторыі. Напрыканцы беларускага тыдня ў Брусэлі я ўзяў пад апеку паляка Томаша Бярозу, якога абвінавацілі ў шпіянажы і агентурнай дзейнасці ў Беларусі. Судовы працэс па справе Бярозы праходзіў летам 2023 года ў закрытым рэжыме ў Брэсцкім абласным судзе. Вядома, што паляка адправілі ў папраўчую калонію, але мы не ведаем, у якую менавіта і на які тэрмін. Томэк, мы на тваім баку!"

Публікуецца паводле сайта "Вясны"

Глядзiце таксама

Падкаст «Вясна прыйдзе», сезон «Жанчыны ў праваабароне». Гутарка з Таццянай Нядбай
24 сакавіка 2025, 13:04
Падкаст «Вясна прыйдзе», сезон «Жанчыны ў праваабароне». Гутарка з Таццянай Нядбай
«Падтрымка культуры ў Беларусі азначае даць магчымасць Беларусі застацца часткай еўрапейскай культуры».
Сбор информации: отчет Специального докладчика по Беларуси Генеральной Ассамблее за 2025 год
19 сакавіка 2025, 12:54
Сбор информации: отчет Специального докладчика по Беларуси Генеральной Ассамблее за 2025 год
В предстоящем отчете, который будет представлен на 80-й сессии Генеральной Ассамблее в октябре 2025 года, основное внимание будет уделено ситуации с правами человека в области труда и занятости.
Libereco: Выстава пра беларускіх палітвязняў у парламенце Шатландыі
17 сакавіка 2025, 14:11
Libereco: Выстава пра беларускіх палітвязняў у парламенце Шатландыі
LIBERECO дэманстравала ў шатландскім парламенце выставу пра беларускіх палітвязняў з 10 па 12 сакавіка.
«Я веру ў выбары». Эніра Браніцкая — Жанчыны ў праваабароне
17 сакавіка 2025, 13:25
«Я веру ў выбары». Эніра Браніцкая — Жанчыны ў праваабароне
У новым выпуску падкаста “Вясна прыйдзе” Эніра Браніцкая распавядае пра свой шлях да праваабароны, падзеі 2006 і 2010 гадоў і пазней, а таксама пра тое, чым яна ганарыцца.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці