«Нас не чулі — і кола пашыралася». 10 кастрычніка – Міжнародны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання

10 кастрычніка 2022, 10:09
«Нас не чулі — і кола пашыралася». 10 кастрычніка – Міжнародны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання

Міжнародны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання адзначаецца 10 кастрычніка. Беларусь па-ранейшаму застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе прымяняецца такі від кары. Сёння праваабаронца і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда разважае пра пытанне смяротнага пакарання ў кантэксце часу і ўзгадвае самыя значныя моманты ў кампаніі.

Інтэрв'ю публікуе сайт ініцыятывы "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі".

Праваабаронца Андрэй Палуда. Фота: spring96.orgПраваабаронца Андрэй Палуда

Актуальнасць для Беларусі застаецца

Андрэй Палуда падкрэслівае: пытанне і праблема смяротнага пакарання застаецца актуальнай і па сённяшні дзень, негледзячы на масштабныя рэпрэсіі ў Беларусі, наступ на правы чалавека і колькасць палітзняволеных.

“Можа падасца, што з-за такога кантэкста пра смяротнае пакаранне не варта было б пакуль гаварыць. Але, я ўпэўнены, варта. Бо смяротнае пакаранне заўсёды з’яўлялася і было дастаткова сур’ёзным індыкатарам сітуацыі з правамі чалавека ў нашай краіне. І мы, праваабаронцы, заўсёды казалі, што смяротнае пакаранне — гэта важная і актуальная праблема, якую трэба вырашаць”.

Вайна

Смяротнае пакаранне дастаткова сур'ёзна гучыць у новым кантэкце: паўнамасштабнай вайны ва Украіне, адзначае Андрэй Палуда.  І не толькі таму, што вайна адбываецца побач, а афіцыйная Беларусь грае ў ёй сваю роль.

“Кіраўніцтва гэтых фармаванняў, якія называюць сябе ДНР,  заявіла аб тым, што здымае заканадаўча мараторый на смяротнае пакаранне. Дарэчы, у іх таксама смяротнае пакаранне працэдурна – праз растрэл. Як і ў Беларусі. Гэта калька з інструкцый былога Савецкага саюза.

Але ім жа ніхто не замінае (і яны гэта робяць) забіваць людзей адвольна (без судовых рашэнняў – заўв)”.

Змены ў заканадаўстве

27 красавіка 2022 года Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Беларусі прыняла ў двух чытаннях законапраект аб зменах у Крымінальны кодэкс, згодна з якім пашыраюцца магчымасці прымянення смяротнага пакарання: за “замах на акт тэрарызму”. Андрэй Палуда нагадвае, што гэта сур’ёзная падзея.

“Увогуле, сама па сабе  адсутнасць нармальнай сістэмы судовага разбіральніцтва і наяўнасць смяротнага пакарання — гэта такая страшэнная сувязь. Мы ў межах кампаніі, напрыклад, займаліся дастаткова яскравым кейсам — Міхаіла Гладкага, якога ледзь не прыгаварылі да смяротнага пакарання"

Міхаіл Гладкі: чалавек, які не дачакаўся ад дзяржавы аднаўлення справядлівасці

Міхаіл Гладкі — той чалавек, якога ў 2003 годзе суд г. Заслаў’я асудзіў да васьмі гадоў калоніі строгага рэжыму за злачынства (ч.1 арт. 139 Крымінальнага кодэкса), якое ён не здзяйсняў. Праз дзевяць гадоў прысуд у адносінах да Міхаіла быў адменены, а крымінальная справа спыненая ў сувязі з адсутнасцю ў яго дзеяннях складу злачынства.

“Але гэтыя змены заканадаўства адкрываюць яшчэ большыя вароты: бо нават за тое, што чалавек яшчэ не здзяйсніў, магуць прыгаворваць да смяротнага пакарання, – працягвае праваабаронца. – Канешне, прэцэндэнтаў па гэтых зменах пакуль няма. Але, як кажуць пра тое ружжо, якое вісіць на сцяне:  можа прыйсці такі момант у гэтым усім спектаклі, калі яно стрэльніць. І гэта, дарэчы, карэлюецца з тым, пра то мы ўвесь час не толькі гаварылі, але крычалі. І нас не чулі. Мы крычалі і прасілі: "паслухайце нас!" А нас не чулі. Ці, прынамсі, чулі не ўсе. Магчыма, мы зараз можам дагрукацца да людзей.

Вельмі часта падчас дыскусій пра праблематыку смяротнага пакарання, якія мы шмат ладзілі, людзі казалі: “Гэта датычыцца толькі забойцаў і маньякаў, і увогуле "отбросов грамадства"”. А мы казалі: “Не, гэта можа датычыцца кожнага”.

Праваабаронца Андрэй Палуда. Фота: spring96.org

Сярод іншага, у межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” распавядалася, як смяротнае пакаранне было звязанае з рэпрэсіямі мінулага стагоддзя. У межах кампаніі сваю лекцыю чытаў і даследчык Курапатаў.

“Масштабы прымянення смяротных прысудаў і пакарання, якія там былі, проста ураджваюць,  успамінае Андрэй Палуда.  І мы праводзілі паралелі і казалі: вы бачыце, што гэта можа прымяняцца вельмі шырока? І тыя людзі (якіх растралялі ў Курапатах – заўв.) таксама не былі забойцамі і злачынцамі. Яны проста не ўпісваліся ў нейкую там дзяржаўную сістэму ці проста патрапілі выпадкова пад рэпрэсіі, пад гэты молат. І сталі забітыя, растраляныя. І нават шмат хто з іх пасля не быў рэабілітаваны”.

“Я думаю, што гэтая паралель дазволіць нашаму грамадству яшчэ раз пераасэнсаваць, што смяротнае пакаранне нам увогуле не патрэбна. І што без яго нашмат лепш будзе жыць нашай Беларусі. Беларусі, у якой будуць панаваць прынцыпы справядлівага суда, правоў чалавека і прынцыпы гуманізма. Я лічу, што смяротнае пакаранне ніяк не карэлюецца з прынцыпамі гуманізма. Немагчыма гуманна забіваць чалавека — таму што гэта забойства чалавека.

Наяўнасць смяротнага пакарання — калі яно ёсць, калі ёсць сама працэдура, калі яна працуе, калі імплементавана ў нацыянальнае заканадаўства, калі выкарыстоўваецца на практыцы — можа быць выкарыстана ў адносінах любога чалавека, у тым ліку невінаватага. І вось мы зараз бачым, да чаго дэградавала заканадаўства і да чаго прывялі высілкі дзяржавы ў захаванні смяротнага пакарання: кола людзей, да якіх можа быць ужыта смяротнае пакаранне, вельмі моцна пашырылася на заканадаўчым узроўні”.

Дэнансацыя Факультатыўнага пратакола і смяротнае пакаранне

Улады Бедарусі таксама хочуць дэнансаваць Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП). Менавіта гэты пратакол дае магчымасць беларусам падаваць індывідуальныя звароты ў Камітэт па правах чалавека ААН — і такім чынам абскардзіць дзеянні сваёй дзяржавы на міжнародным узроўні.

Андрэй Палуда прадстаўляў у зваротах у КПЧ ААН інтарэсы беларусаў, асуджаных да смяротнага пакарання. Менавіта такія звароты падаваліся ў межах спецыяльнай працэдуры — і КПЧ ААН уключаў меры тэрміновага характару і дасылаў Беларусі запыт аб непрывядзенні ў выкананне смяротнага прысуду, пакуль Камітэтам не будзе разгледжана справа гэтага чалавека. Тым не менш, такога не адбывалася.

“Мы не ведаем такога выпадку, каб уключаныя меры тэрміновага характару ўдзейнічалі на дзяржаву — і яна б сказала: "окей, няхай справа разгледзіцца Камітэтам, і калі Камітэт вырашыць , што там не было парушэняў правоў чалавека, то тады мы чалавека растраляем".  Не, як раз такі дзяржава вельмі хутка, ігнаруя ўсе гэтыя звароты і просьбы КПЧ, прыводзіла ў выкананне смяротныя прысуды.

Мы ведаем такія выпадкі, калі рэгістраваўся зварот у КПЧ — і прыходзіў адтуль запыт, а дзяржава адказвала: “Ой, а мы як раз яго паўтары тыдні назад растралялі, прабачце, калі б вы раней сказалі”. А калі чалавека сапраўды растралялі, ніхто не ведае...”

Тамара Сялюн і праваабаронца Андрэй ПалудаТамара Сялюн (маці растралянага Паўла Селюна) разам з Андрэем Палудам

Тым не менш, падкрэслівае праваабаронца, колькасць зваротаў у КПЧ ААН дэманстравала для міжнароднай супольнасці стан правоў чалавека ў Беларусі і таму была добрым індыкатарам.

“Таму, калі гэтага інструмента не будзе (з-за дэнансацыі Факультатыўнага пратакола — заўв), то гэта дрэнна, — кажа Андрэй Палуда. — Але пры гэтым я не магу казаць, што гэта такі інструмент, які дзваляў захоўваць жыцці людзей, прыгавораных да смяротнага пакарання. Нажаль, яго эфектыўнасць была і застаецца зараз у адносінах да Беларусі недастатковая”.

Рэакцыя грамадства мяняецца

Асабліста для Андрэя Палуды самым значным было памілаванне братоў Косцевых.

“Гэта адбылося ўпершыню за мінулыя годы. Я асабіста і мы ў межах кампаніі (праваабаронцы, актывісты, журналісы, сваякі — то бок сястра братоў Косцевых Ганна) прыклалі шмат намаганняў для таго, каб гэта адбылося.

Самае галоўнае, што жыцці гэтых люзей захаваныя”.

Братоў Станіслава і Іллю Косцевых 10 студзеня 2020 года на выязным пасяджэнні Магілёўскага абласнога суда ў Чэрыкаве асудзілі да смяротных прысудаў. 22 траўня 2020 года Вярхоўны суд не задаволіў апеляцыйную скаргу братоў Косцевых, прысуд асуджаным пакінулі ў сіле. Але ў красавіку 2021 года Андрэю Палудзе стала вядома, што братоў Косцевых памілавалі.

“І тут важна сказаць пра рэакцыю грамадства: не было такога, каб пачаліся масавыя пратэсты людзей з патрабаваннем вярнуць назад смяротнае пакаранне братам Косцевым. Бо ў Чэрыкаве, дзе мы былі падчас вынясення прысуду, мы бачылі рэакцыю людзей на смяротны вырак: як яны віталі і пляскалі ў далоні, калі яго пачулі.

Гэта была важная рэч”.

Андрэй Палуда перад судовым паседжаннем у ЧэрыкавеАндрэй Палуда у Чэрыкаўскім судзе, перад абвяшчэннем смяротных прысудаў братам Косцевым

Абаліцыяністы смяротнага пакарання ў Беларусі — за кратамі

Для Андрэя Палуды значным з’яўляецца тое, што за мінулы год (і не толькі) беларускія прадстаўнікі руху абаліцыянізму (руху за адмену) смяротнага пакарання апынуліся за кратамі:

“Людзі, якія мелі непасрэдныя адносіны да кампаніі супраць смяротнага пакарання, прымалі вельмі актыўны ўдзел, былі вельмі часта натхняльнікамі вельмі шмат якіх ідэй і дапамагалі ў іх рэалізацыі, аказаліся за кратамі. Гэта Леанід Судаленка – чалавек, які ў межах кампаніі працаваў са зваротам у Камітэт па правах чалавека ААН па кейсу Грунова. Гэта Марфа Рабкова, каардынатарка Валанцёрскай службы Вясны, з якой мы ладзілі разам івэнты і яна дапамагала ў арганізацыі фэста “Рок за жыццё” – калі паралельна з канцэртам у нас былі фотазоны і  мы раздавалі мерч-прадукцыю.  Гэта Валянцін Стэфановіч – чалавек, з якім мы шмат чаго разам рабілі для руха абалюцыянізма. І Алесь Бяляцкі.

Марфа Рабкова дапамагае на канцэрцеМарфа Рабкова дапамагае на фэсце "Рок за жыццё"

Усе гэтыя людзі з'яўляюцца яскравымі прадстаўнікамі руху абалюцыяністаў не толькі у Беларусі, але і на міжнародным ўзроўні. Напрылад, з Валянцінам мы заўсёды былі сталымі ўдзельнікамі Сусветнага кангрэса супраць смяртнага пакарання. У гэтым годзе кангрэс таксама запланаваны – у Берліне, у лістападзе. І мяне ёсць такі невялікі спадзеў: а вось, а раптам, усякае можа быць! Можа быць нашых калег выпусцяць – і яны таксама змогуць прыняць удзел у кангрэсе”.

Сучаснасць і будучыня

“Мы на сённяшні дзень не валодаем інфармацыяй, ці жывы Віктар Скрундзік, і ці прыведзена смяротнае пакаранне ў адносінах да Віктара Сергіля. Мы атрымалі інфармацыю, што прыведзены ў выкананне прысуд у адносінах да Віктара Паўлава. Браты Косцевы адбываюць пажыццёвы тэрмін, – акрэслівае сучасны стан пытання смяротнага пакарання Андрэй Палуда. – Ня хочацца сурочыць, але дастаткова даўно мы не чулі пра новыя выпадкі смяротных прысудаў. Спадзяемся, што іх і не будзе. Прынамсі, пасля памілавання братоў Косцевых мы не ведаем, што былі смяротныя прысуды. Натуральна, улічваючы стан з доступам да інфармацыі ў нас у краіне, можа быць услялякае  мы гэта разумеем.

Спадзяюся, што і надалей мы не будзем атрымліваць навіны пра смяротныя прысуды. А атрымаем навіну, што смяротнага пакарання ў Беларусі больш няма. Хаця б мараторый, як першы крок”.


Арыгінал артыкула

Глядзiце таксама

Леанід Судаленка: «Я перастану паважаць сваю прафесію юрыста, калі скаруся»
27 чэрвеня 2024, 12:11
Леанід Судаленка: «Я перастану паважаць сваю прафесію юрыста, калі скаруся»
Праваабаронца распавядае "Вясне" пра свой завочны суд, спецвытворчаць і парушэнні правоў падчас працэсу, а таксама пра свае планы.
«Главное – не остаться адвокатом. Главное – это сказать правду»
11 чэрвеня 2024, 10:26
«Главное – не остаться адвокатом. Главное – это сказать правду»
Наталья Мацкевич рассказала, как она и сама защищала права человека, и обучала новых правозащитников в проекте BISH.
«Я ніхто». Інтэрв’ю з Марыяй Колесавай-Гудзілінай
27 мая 2024, 11:35
«Я ніхто». Інтэрв’ю з Марыяй Колесавай-Гудзілінай
Прэзідэнтка Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека, прафесарка і PhD Марыя Колесава-Гудзіліна дала інтэрв'ю падкасту "Вясна прыйдзе".
«Сітуацыя мяжуе з узроўнем злачынства». Павел Сапелка — пра турэмную ахову здароўя
15 мая 2024, 12:22
«Сітуацыя мяжуе з узроўнем злачынства». Павел Сапелка — пра турэмную ахову здароўя
Інтэрв'ю з праваабаронцам "Вясны": што ўключае ў сабе права на здароўе ў зняволенні.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці