Патрабуем неадкладнага перагляду прысудаў і вызвалення траіх палітычных зняволеных (Ларыса Кузьменка і іншыя)

15 снежня 2021, 12:25
Патрабуем неадкладнага перагляду прысудаў і вызвалення траіх палітычных зняволеных (Ларыса Кузьменка і іншыя)

На фота: Ларыса Кузьменка

Сумесная заява беларускай праваабарончай супольнасці

9 снежня 2021 г.

У сувязі з вынясеннем судамі шэрагу прысудаў па крымінальных справах, звязаных з абвінавачваннем удзельнікаў пратэсных акцый і іншых асобаў па палітычных матывах ва ўжыванні гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, супрацівам з ужываннем гвалту ў дачыненні да супрацоўніка МУС, іншых службовых асобаў, якія выконваюць службовыя абавязкі (арт. 363, 364, 366 КК), у адносінах да:

  1. Ларысы Кузьменка, якая 2 снежня 2021 года асуджаная судом Цэнтральнага раёна Гомеля паводле арт. 364 КК за гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

  2. Аляксандра Цімашэнкі, які 23 лістапада 2021 года асуджаны судом Мазырскага раёна Гомельскай вобласці паводле арт. 364 і арт. 342 КК за ўдзел у мірным зборы і супраціў гвалту пры яго разгоне да трох гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

  3. Кірыла Канапацкага, які 23 лістапада 2021 года асуджаны судом Мазырскага раёна Гомельскай вобласці паводле арт. 364 і арт. 342 КК за ўдзел у мірным зборы і супраціў гвалту пры яго разгоне да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

яшчэ раз пацвярджаючы сваю пазіцыю, выкладзеную ў супольнай заяве праваабарончых арганізацый ад 16 студзеня 2021 года, мы адзначаем наступнае:

Мірныя сходы грамадзянаў павінны знаходзіцца пад абаронай дзяржавы, і міліцыя не павінна прадпрымаць дзеянні па гвалтоўным іх спыненні, нават калі яны адбываюцца ў парушэнне працэдур іх арганізацыі і правядзення. Гвалтоўнае спыненне сходаў і ўжыванне фізічнай сілы, а тым больш спецыяльных сродкаў і зброі да пратэстоўцаў павінна ажыццяўляцца толькі як крайняя мера, у выпадках, калі паводзіны ўдзельнікаў сходу носяць гвалтоўны характар і ўяўляюць рэальную пагрозу нацыянальнай і грамадскай бяспецы, жыццю і здароўю грамадзянаў.

Непрапарцыйна жорсткія дзеянні міліцыі, накіраваныя на спыненне мірных сходаў, нельга разглядаць як законную дзейнасць па абароне і ахове грамадскага парадку, а ў выпадках прычынення ў адносінах да прадстаўнікоў МУС справакаванага імі ж гвалту "ў адказ" з боку пратэстоўцаў, гэтыя дзеянні неабходна разглядаць, зыходзячы з цяжкасці нанесенай шкоды здароўю і намеру на нанясенне такой шкоды, а таксама як абарону ад відавочна неправамерных дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія дзейнічалі ў тым ліку паводле незаконнага загаду (неабходная абарона, крайняя неабходнасць).

Акрамя таго, адзначаем, што пры наяўнасці палітычных матываў уладамі ўжываецца пазбаўленне волі ў парушэнне права на справядлівы судовы разгляд, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.

Згодна з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", гвалт, які быў справакаваны зыходным непрапарцыйным выкарыстаннем фізічнай сілы, спецсродкаў, і калі ў дзеяннях абвінавачанага адсутнічаў намер на нанясенне несімвалічнай матэрыяльнай шкоды ці шкоды каму-небудзь, не перашкаджае разглядаць гэтых асобаў у якасці палітычных зняволеных.

Акрамя таго, маніторынг гэтых судовых пасяджэнняў паказаў, што суды выносяць непрапарцыйна жорсткія, неадэкватныя правапарушэнню, у якім абвінавачваюцца асобы, прысуды ў параўнанні з прысудамі, якія выносяцца па такіх жа катэгорыях справаў па-за палітычным кантэкстам.

Працягласць ці ўмовы пазбаўлення волі па прысудах, вынесеных у адносінах да ўдзельнікаў пратэсных сходаў, відавочна непрапарцыйныя, неадэкватныя правапарушэнню, па якім гэтыя асобы былі прызнаныя вінаватымі.

Усе гэтыя акалічнасці даюць падставы сцвярджаць, што пераслед згаданых асобаў носіць палітычна матываваны характар, а самі асобы з'яўляюцца палітычнымі зняволенымі.

Зыходзячы з гэтага і кіруючыся п. 3.2 (a, b, c, d)  Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", мы прызнаём палітвязнямі Ларысу Кузьменка, Аляксандра Цімашэнку, Кірыла Канапацкага.

Лічым неабходным патрабаваць для гэтых палітычных зняволеных неадкладнага перагляду прынятых у адносінах да іх мер і судовых рашэнняў пры выкананні права на справядлівы судовы разгляд і ўхіленні згаданых фактараў, а таксама вызвалення іх з ужываннем іншых мер, якія забяспечваюць яўку ў суд.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

"Прававая ініцыятыва";

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

"Ідэнтычнасць і права".

Глядзiце таксама

Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Аляксей Кісялёў і іншыя)
25 жніўня 2024, 12:01
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Аляксей Кісялёў і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Антона Станкевіча, Аляксея Кісялёва, Наталлю Жыгар, Наталлю Давыдуліну, Віталя Лескаўца, Ягора Волкава, Ігара Нажэева.
Заява аб прызнанні 14 чалавек палітычнымі зняволенымі (Станіслаў Шапель і іншыя)
25 жніўня 2024, 11:38
Заява аб прызнанні 14 чалавек палітычнымі зняволенымі (Станіслаў Шапель і іншыя)
Мы заяўляем, што пазбаўленне волі Станіслава Шапеля, Дзмітрыя Пазнякова, Антона Шарупы, Віталя Саўко, Барыса Грынкевіча, Андрэя Мірэйчыка, Андрэя Грыгор'ева, Вікторыі Волчак, Ганны Савачкінай, Таццяны Русак, Уладзіслава Наважанцава, Дзяніса Сакалова, Вілена Тургунова, Дзмітрыя Асіюка – з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі – палітычнымі зняволенымі.
Заява аб прызнанні 10 чалавек палітычнымі зняволенымі (Зміцер Шалак і іншыя)
25 жніўня 2024, 11:22
Заява аб прызнанні 10 чалавек палітычнымі зняволенымі (Зміцер Шалак і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Міхаіла Лазько, Максіма Джуманіязава, Дзмітрыя Шалака, Паўла Кучарэнку, Андрэя Гіля, Ярванда Марцірасяна, Сяргея Барзаўца, Яўгена Стральчэня, Сяргея Чарнецкага, Станіслава Амельянюка і спыніць крымінальны пераслед.
Патрабуем рэабілітацыі 22 былых палітычных зняволеных (Павел Башынскі і іншыя)
13 жніўня 2024, 08:13
Патрабуем рэабілітацыі 22 былых палітычных зняволеных (Павел Башынскі і іншыя)
Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў, права на асацыяцыю і свабоду выказвання свайго меркавання ў адносінах да абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і іншых грамадска-значных падзей.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці