У межах кампаніі салідарнасці #Westandbyou Дэвід Лега (Еўрапейская народная партыя, Kristdemokraterna, Швецыя), Элізабэт Гётцэ (Зялёныя, Аўстрыя), Лукас Мандл (Еўрапейская народная партыя, Аўстрыйская народная партыя, Аўстрыя) і Барбара Гізі (Сацыял-дэмакратычная партыя Швейцарыі) сталі "хроснымі" Кацярыны Джыг, Таццяны Курылінай, Алега Завадскага і Юліі Лаптановіч, піша "Вясна".
Дэвід Лега
Кацярына Джыг была арыштаваная 8 чэрвеня 2023 года за каментары ў сацыяльных сетках. Яе асудзілі да 4 гадоў турэмнага зняволення за "абразу Лукашэнкі" (артыкул 369) і "стварэнне пагрозы нацыянальнай бяспецы" (артыкул 361). У Кацярыны чацвёра дзяцей, адзін з іх непаўнагадовы. Акрамя таго, яе старэйшая дачка залежыць ад дапамогі маці праз сваю інваліднасць.
Дэвід Лега — шведскі дэпутат Еўрапейскага парламента (Kristdemokraterna) і, акрамя іншага, сябра падкамітэту па правах чалавека. Ён бярэ на сябе абавязкі "хроснага" Кацярыны Джыга і тлумачыць:
"Для мяне вялікі гонар узяць на сябе ролю "хроснага" Кацярыны Джыг. Мой уласны досвед чалавека з інваліднасцю ўзмацняе спагаду да Кацярыны, якая цяпер знаходзіцца ў зняволенні паводле неабгрунтаваных абвінавачванняў, якія аспрэчваюць саму сутнасць свабоды слова. Яе абвінавачванні, у якіх сцвярджаецца, што яна "нанесла шкоду нацыянальнай бяспецы" і "абразіла і абгаварыла прэзідэнта", падкрэсліваюць вострую неабходнасць абароны права кожнага чалавека выказваць свае погляды. Абавязкі Кацярыны як маці чацвярых дзяцей, асабліва адной з іх, якая патрабуе адмысловага дагляду праз інваліднасць, пагаршаюць яе цяжкае становішча. Як яе "хросны" я маю намер узмацніць заклік да яе вызвалення і адстойваць яе правы. Вельмі важна, каб мы разам выказалі сваю нязгоду з гэтымі парушэннямі і старанна працавалі над вызваленнем Кацярыны, каб яна магла вярнуцца да сваёй сям'і і дамагчыся правасуддзя, якога яна заслугоўвае".
Элізабет Гётцэ
Таццяна Курыліна знаходзілася за мяжой, і яе падманным шляхам пераканалі вярнуцца ў Беларусь, а затым арыштавалі 22 жніўня 2022 года. Таццяна нібыта пісала ў чатах заклікі да ўдзелу ў акцыях пратэсту і гвалтоўных дзеянняў супраць дзяржаўных чыноўнікаў. Супраць яе былі высунутыя абвінавачванні ў "стварэнні пагрозы нацыянальнай бяспецы" (артыкул 361), "распальванні нянавісці"(артыкул 130), "абразе прэзідэнта" (артыкул 369) і "парушэнні грамадскага парадку" (артыкул 342). Таццяну асудзілі да 4,5 гадоў пазбаўлення волі.
Элізабэт Гётцэ — сябра аўстрыйскай нацыянальнай рады ад партыі Зялёных (Die Grünen). Яна падтрымлівае Таццяну Курыліну, і, ужо ў другі раз становячыся "хроснай", заяўляе:
"Я патрабую вызвалення Таццяны Курылінай! Яна жыла за мяжой, і яе завабілі назад на радзіму, паабяцаўшы, што з яе будуць знятыя абвінавачванні ("Праграма "Дарога дадому"). Аднак адразу пасля вяртання яна была арыштаваная і падчас закрытага судовага працэсу асуджаная да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі. Гэта паказвае, што беларуская дыктатура дзейнічае адвольна, а судовая ўлада выносіць рашэнні на камеру. Вяршэнства закона і доступ да справядлівага судовага разбору — гэта краевугольны камень любой дэмакратыі. Я салідарная з усімі жыхарамі і жыхаркамі Беларусі, якія за іх змагаюцца!"
Алег Завадскі публічна выступіў супраць Лукашэнкі і расейскага ўварвання ва Украіну. Суд прызнаў Алега вінаватым у "абразе Лукашэнкі" (арт. 369) і "распальванні нянавісці" (арт. 130) ды асудзіў яго да 3,5 гадоў пазбаўлення волі.
Лукас Мандл — дэпутат Еўрапейскага парламента ад Аўстрыйскай народнай партыі (Österreichische Volkspartei) і сябра камітэта па грамадзянскіх свабодах, правасуддзі і ўнутраных справах. Стаўшы "хросным" у трэці раз, ён выказаў салідарнасць з Алегам Завадскім:
"Алег Завадскі — абаронца свабоды і годнасці. Ён сапраўдны лідар, таму што падае ўсім нам прыклад таго, як захоўваць бясстрашнасць перад тварам злачынцаў. Як і ўсе палітвязні, ён не будзе забыты. Яго будуць памятаць. Я патрабую яго вызвалення і спадзяюся ўбачыць яго на волі".
Барбара Гізі
Юлія Лаптановіч, маці траіх дзяцей, была арыштаваная разам з мужам Ігарам за ўдзел у мірнай танцавальнай акцыі пратэсту. Пакуль яе муж быў асуджаны да 2,5 гадоў пазбаўлення волі, Юлія атрымала 3 гады "хатняй хіміі". 13 кастрычніка 2021 года Юлія была зноў арыштаваная, і супраць яе была распачатая новая крымінальная справа нібыта за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-4), "парушэнне грамадскага парадку" (арт. 342) і "абраза Лукашэнкі" (арт. 369). Юлію асудзілі да 4 гадоў і 9 месяцаў пазбаўлення волі. Ігар, яе муж, быў вызвалены толькі ў чэрвені 2023 года.
Барбара Гізі — сябра Швейцарскай нацыянальнай рады ад сацыял-дэмакратычнай партыі Швейцарыі і старшыня Камісіі па сацыяльнай справядлівасці і ахове здароўя. Яна ў трэці раз становіцца "хроснай" і гэтым разам падтрымлівае Юлію Лаптановіч. Барбара Гізі заяўляе:
"Я патрабую вызвалення Юліі Лаптановіч і ўсіх іншых палітвязняў у Беларусі! Яна па гэты дзень знаходзіцца ў зняволенні выключна таму, што скарысталася сваім правам на свабоду выказвання меркаванняў і свабоду сходаў. Я вельмі спадзяюся, што Юлію Лаптановіч хутка вызваляць і яна зноў зможа ўбачыць сваіх траіх дзяцей і мужа".