Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч
Роўна чатыры гады таму, 14 ліпеня 2021 года, былі затрыманыя вясноўцы Уладзімір Лабковіч, Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч. У чацвёртую гадавіну іх адвольнага затрымання Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (FIDH-OMCT) і яшчэ 30 арганізацыяў выступілі з сумеснай заявай, у якой заклікалі беларускія ўлады да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх сябраў Праваабарончага цэнтра "Вясна", а таксама ўсіх астатніх праваабаронцаў, адвольна затрыманых у Беларусі, піша "Вясна".
У заяве адзначаецца, што праваабаронцы знаходзяцца ў жорсткіх умовах утрымання ды зведваюць жорсткае абыходжанне.
"У прыватнасці, сітуацыя з Алесем Бяляцкім выклікае сур'ёзную трывогу: яго камунікацыя з сям'ёй нестабільная — у апошні раз яго жонка атрымлівала ад яго ліст у снежні 2024 года, і цалкам верагодна, што яе лісты да яго не дайшлі. Таксама няма ніякіх сведчанняў таго, што ён атрымлівае дастатковую і своечасовую медычную дапамогу ў сувязі са сваімі хранічнымі захворваннямі, што выклікае сур'ёзныя асцярогі з нагоды пагаршэння яго здароўя праз умовы турэмнага зняволення", — гаворыцца ў заяве.
Падпісанты заклікаюць беларускія ўлады гарантаваць у любых абставінах фізічную недатыкальнасць і псіхалагічны дабрабыт Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча і Марфы Рабковай, а таксама ўсіх астатніх адвольна затрыманых праваабаронцаў і неадкладна і безумоўна вызваліць іх.
Арганізацыі таксама асуджаюць рэпрэсіі ў Беларусі, якія працягваюцца, і падкрэсліваюць, што палітычна матываваныя, адвольныя пераследы і жорсткае абыходжанне з праваабаронцамі ў Беларусі мусіць спыніцца. Яны таксама заклікаюць да міжнароднай адказнасці ды неадкладнага спынення ўсіх формаў палітычна матываванага пераследу, уключна з эскалацыяй транснацыянальных рэпрэсій, накіраваных супраць беларускіх праваабаронцаў і грамадзянскай супольнасці агулам, як у Беларусі, так і за мяжой.
Акрамя гэтага, падпісанты заклікаюць улады Беларусі забяспечыць умовы, у якіх праваабаронцы могуць ажыццяўляць сваю законную дзейнасць, не асцерагаючыся рэпрэсій, без любых абмежаванняў або прымусовага выгнання.