Міжнародны дзень адвакатаў у небяспецы 24 студзеня сёлета прысвечаны Беларусі

21 студзеня 2025, 11:33
Міжнародны дзень адвакатаў у небяспецы 24 студзеня сёлета прысвечаны Беларусі

З 2009 года Міжнародны дзень адваката ў небяспецы адзначаецца ва ўсім свеце 24 студзеня. Менавіта ў гэты дзень у 1977 годзе адбыўся «Расстрэл на вуліцы Аточа», калі ў Мадрыдзе на вуліцы Аточа, 55, былі забітыя чацвёра юрыстаў.

Гэты адмысловы міжнародны дзень ладзіцца, каб прыцягнуць увагу грамадзянскай супольнасці і дзяржаўных органаў да стана адвакатаў у канкрэтнай краіне, якая выбіраецца кожны год, і распаўсюдзіць інфармацыю аб пагрозах, з якімі адвакаты сутыкаюцца пры выкананні прафесійных абавязкаў.

Раней Міжнародная абсерваторыя для адвакатаў у небяспецы ўжо звяртала ўвагу на тое, што адбываецца ў Турцыі, на Філіпінах, у Гандурасе, Кітаі, Егіпце, Пакістане, Азербайджане, Калумбіі, Афганістане і Іране.

У 2025 годзе Міжнародны дзень адваката ў небяспецы будзе прысвечаны сітуацыі ў Беларусі, бо:

  • сама меней 11 адвакатаў падвяргаюцца крымінальнаму пераследу за сваю адвакацкую дзейнасць;

  • 6 адвакатаў знаходзяцца ў турме, адзін з іх - без сувязі з вонкавым светам;

  • 4 адвакаты цярпелі катаванні падчас затрымання і допыту;

  • сама меней 3 адвакаты былі вымушаныя здымаць так званыя «пакаяльныя відэа», у якіх іх прымушалі прызнацца ў незаконных дзеяннях;

  • сама меней 139 адвакатаў былі пазбаўлены права займацца прафесійнай дзейнасцю.

Міжнародная абсерваторыя для адвакатаў у небяспецы (OIAD) разам з Беларускай асацыяцыяй адвакатаў правоў чалавека стварылі адмысловы матэрыял, прысвечаны стану адвакатаў у Беларусі:

 


ПАЛІТЫЧНАЯ СІТУАЦЫЯ Ў БЕЛАРУСІ

Адвакатура ў Беларусі знаходзіцца пад сур’ёзнай пагрозай праз сістэматычныя рэпрэсіі з боку ўладаў. За сваю гатоўнасць абараняць кліентаў адвакаты сутыкаюцца з сур’ёзнымі наступствамі: крымінальным пераследам, турэмнымі зняволеннямі, пазбаўленнем ліцэнзій, дысцыплінарнымі спагнаннямі, ганеннямі, катаваннямі і вымушанай эміграцыяй.

У Беларусі ўсталяваны аўтарытарны рэжым на чале з Аляксандрам Лукашэнкам, які ўтрымлівае ўладу з 1994 года. Ён жорстка кантралюе ўсе органы дзяржаўнага кіравання не ў апошнюю чаргу праз слабыя і падкантрольныя яму парламент і суды.

Пасля скандальнага пераабрання Лукашэнкі ў 2020 годзе палітычны ландшафт Беларусі характарызуецца практычна поўнай адсутнасцю плюралізму. Апазіцыйныя партыі знаходзяцца ў маргінальным становішчы, а іх лідары часта трапляюць у турмы або вымушаны з’язджаць за мяжу. Незалежныя медыя жорстка рэпрэсуюцца, а свабода слова падаўляецца абмежавальнымі законамі і цэнзурай. У такіх варунках для падтрымання сваёй улады беларускі ўрад абапіраецца на лаяльныя сілавыя структуры, якія часта ўжываюць гвалт і запалохванне, каб звесці да мінімуму любую форму іншадумства.

Урад узмацніў ціск на адвакатаў, якія спецыялізуюцца на абароне правоў чалавека. Любыя нязгодныя галасы душацца, а пад рэпрэсіі ў першую чаргу трапляюць тыя, хто спрабуе адстаяць фундаментальныя правы, што робіць Беларусь яскравым прыкладам таго, як ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму зневажаецца прынцып вяршэнства закону і грамадзянскія свабоды.

СУДОВА-ПРАВАВАЯ БАЗА Ў БЕЛАРУСІ

Адсутнасць незалежнай судовай сістэмы

Судовая сістэма Беларусі характарызуецца адсутнасцю незалежнасці і ў значнай ступені кантралюецца непасрэдна дэ-факта прэзідэнтам Лукашэнкам. Яшчэ да змен у Канстытуцыі ў 2022 годзе кіраўнік дзяржавы прызначаў большасць суддзяў і здымаў іх з пасады з ініцыятывы старшынь судоў. Уплыў выканаўчай улады на судовую тут відавочны, паколькі старшыні судоў выбіраюцца дэ-факта прэзідэнтам.

У выніку гэтага нацыянальныя суды сталі часткай рэпрэсіўнай машыны і сістэматычна выносяць выракі дысыдэнтам па палітычных матывах у парушэнне шматлікіх гарантый справядлівага судовага разбору. У выніку жорсткіх рэпрэсій супраць адвакатаў, якія адстойваюць інтарэсы абвінавачаных па палітычных матывах, практычна ніхто з іх не адважваецца брацца за падобныя справы, што сур’ёзна абмяжоўвае права на справядлівы суд, выкананне працэсуальных норм і доступ да сродкаў прававой абароны ў Беларусі.

Татальны дзяржаўны кантроль над адвакатурай
Напрыканцы 2021 года ў Рэспубліцы Беларусь была праведзена рэформа адвакатуры і адвакацкай дзейнасці, якая прывяла да сур’ёзных зменаў, што ўзмацнілі залежнасць прафесіі ад дзяржаўных структур і кантроль над ёй. Беларускія ўлады кантралююць прафесію адваката і падрываюць яе незалежнасць. Адвакацкія калегіі сталі інструментам рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі і ажыццяўлення рэпрэсій.

АДВАКАЦКАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ У БЕЛАРУСІ

ПЕРАШКОДЫ, ЯКІЯ ЎЗНІКАЮЦЬ ПРЫ АЖЫЦЦЯЎЛЕННІ АДВАКАЦКАЙ ДЗЕЙНАСЦІ Ў ПАЛІТЫЧНА МАТЫВАВАНЫХ СПРАВАХ

  1. Адсутнасць празрыстасці
    З 2020 года следчыя ўсё часцей патрабуюць ад адвакатаў падпіску аб неразгалошванні інфармацыі па палітычна матываваных крымінальных справах. Той факт, што распаўсюджанне інфармацыі без дазволу можа быць кваліфікавана як крымінальнае злачынства, застрашвае адвакатаў, якія публічна асуджаюць самавольства. Акрамя таго, у падобных справах судовыя паседжанні вельмі часта адбываюцца за зачыненымі дзвярыма, што стварае больш спрыяльную глебу для парушэння правоў чалавека.

  2. Парушэнне прынцыпу справядлівага судовага працэсу
    Адвакаты, якія вядуць палітычна матываваныя справы, заяўляюць, што адчуваюць сябе абяззброенымі і няздольнымі забяспечыць эфектыўную абарону сваіх кліентаў з-за пастаяннага парушэння працэсуальных нормаў. Прынцып «роўнасці бакоў» часта парушаецца шляхам адмаўлення ў доступе да ўсіх матэрыялаў справы, абмежавання доступу адвакатаў да сваіх кліентаў і парушэння канфідэнцыяльнага характару іх кантактаў.

ПЕРАСЛЕД АДВАКАТАЎ

Формы рэпрэсій

Адвакаты ў Беларусі падвяргаюцца розным формам рэпрэсій, найбольш распаўсюджанымі з якіх з’яўляюцца:

  • Пазбаўленне ліцэнзіі

  • Арышты па адміністратыўных і крымінальных справах

  • Пераслед і публічная дыскрэдытацыя

Некаторыя з адвакатаў апынуліся за кратамі, атрымалі выракі падчас несправядлівых судовых працэсаў ці нават гвалтоўна зніклі — усё гэта робіцца, каб прымусіць іх маўчаць і перашкодзіць абароне правоў чалавека.

НАСТУПСТВЫ ДЛЯ АДВАКАТАЎ: ВЫГНАННЕ ЯК СПОСАБ ВЫЖЫЦЬ

Жорсткія рэпрэсіі супраць адвакатаў прывялі да іх масавай эміграцыі, каб пазбегнуць арышту. Але пераслед беларускіх адвакатаў, якім удалося ўцячы з краіны, не спыняецца:

  • пагражаюць іх сем'ям;

  • пачынаюцца крымінальныя справы супраць іх і арыштоўваецца маёмасць у Беларусі;

  • працягваецца крымінальны пераслед адвакатаў завочна па палітычна матываваных справах;

  • адвакаты могуць быць пазбаўленыя грамадзянства праз абвінавачванні ў палітычных злачынствах.

КАТАВАННІ І ЖОРСТКАЕ АБЫХОДЖАННЕ

Па сведчаннях адвакатаў і іншых зняволеных:

  • Іх катуюць, труцяць газам, надзяваюць наручнікі

  • Ім пагражаюць, у тым ліку сексуальным гвалтам

  • У месцах пазбаўлення волі адвакаты падвяргаюцца бесчалавечнаму абыходжанню

Згодна з дадзенымі, пачынаючы з 2020 года, ніводзін выпадак жорсткага абыходжання ці катаванняў з боку міліцыі не быў разгледжаны ў судзе, у выніку чаго падобныя парушэнні правоў чалавека застаюцца беспакаранымі.

 

СВЕДЧАННІ БЕЛАРУСКІХ АДВАКАТАЎ

Наталля Мацкевіч

Наталля працавала адвакаткай у Мінску з 1994 па 2021 год. Яна абараняла правы чалавека, займалася пытаннямі міграцыі і працавала з палітычнымі дзеячамі, праваабаронцамі, актывістамі і журналістамі. У кастрычніку 2021 года яе пазбавілі ліцэнзіі за працу ў інтарэсах Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыкі. Пасля гэтага Наталля была вымушана эміграваць.

«Я абараняла правы чалавека ў нацыянальных судах і органах Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, займалася пытаннямі міграцыі. Я вяла справы, звязаныя з палітычнымі дзеячамі, праваабаронцамі, актывістамі і журналістамі. У 2020—2021 гадах, падчас палітычнага і прававога крызісу ў Беларусі, звязанага з прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года, я абараняла інтарэсы галоўных палітычных апанентаў Лукашэнкі — Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыкі, за што была пазбаўлена ліцэнзіі ў кастрычніку 2021 года.

Мне часта даводзілася сутыкацца з парушэннямі прафесіянальных гарантый і працэсуальных правоў. У некаторых выпадках мне адмаўлялі ў праве наведваць кліентаў у месцах пазбаўлення волі. У красавіку 2021 года мая канфідэнцыяльная размова з Сяргеем Ціханоўскім у СІЗА была паказана ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання. У кастрычніку 2021 года, падчас судовага працэсу над Ціханоўскім, які праходзіў за зачыненымі дзвярыма ў турме, я была адхілена ад адвакацкай практыкі.

Мы з сям'ёй былі вымушаныя выехаць з Беларусі ў Грузію, а потым у Літву. У цяперашні час я працую экспертам у праграмах нефармальнай адукацыі па правах чалавека для адвакатаў і праваабаронцаў, а таксама ўдзельнічаю ў праектах, накіраваных на распрацоўку заканадаўчай рэформы для будучай Беларусі».

 Андрэй Атаманчук

Андрэй Атаманчук пачаў працаваць адвакатам у 2018 годзе і абараняў палітвязняў. У 2022 годзе яго затрымалі, правялі ператрус у доме і ўтрымлівалі ў турме на працягу 30 дзён па сфабрыкаваных абвінавачваннях. У выніку ён вымушаны быў уцячы з Беларусі.

 «Раніцай 31 сакавіка 2022 года супрацоўнікі КДБ уварваліся ў мой дом і правялі ператрус. Мяне абвінавацілі ў здзяйсненні неіснуючых злачынстваў, пасля чаго адправілі ў турму на 30 дзён. Кіраўніцтва Мінскай калегіі адвакатаў не аказала мне аніякай дапамогі, а наадварот, зрабіла ўсё магчымае, каб хутчэй пазбавіць мяне права займацца прафесіянальнай дзейнасцю. Як кажуць супрацоўнікі КДБ, калегія адвакатаў прымае непасрэдны ўдзел у пераследзе непажаданых адвакатаў.

Я быў вымушаны пакінуць Беларусь разам з сям'ёй і пераехаць у Літву, дзе мы атрымалі сталы дазвол на жыхарства. Нам прапанавалі бясплатныя курсы літоўскай мовы і стварылі ўсе ўмовы для інтэграцыі ў літоўскае грамадства».

 Абсерваторыя заклікае грамадзянскую супольнасць і дзяржаўныя органы мабілізавацца ў падтрымку гэтай важнай справы. Давайце разам зробім так, каб галасы адвакатаў, якія знаходзяцца ў небяспецы, былі пачутыя і падтрымаем іх барацьбу за справядлівасць.

 МІЖНАРОДНАЯ АБСЕРВАТОРЫЯ ДЛЯ АДВАКАТАЎ У НЕБЯСПЕЦЫ

OIAD была створана ў 2016 годзе і ставіць сваёй мэтай абарону адвакатаў, якія сутыкаюцца з пагрозамі пры выкананні сваіх прафесійных абавязкаў. Арганізацыя супрацоўнічае з міжнароднымі калегіямі адвакатаў і праваабаронцамі.

БЕЛАРУСКАЯ АСАЦЫЯЦЫЯ АДВАКАТАЎ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА
Асацыяцыя, створаная ў 2023 годзе, займаецца абаронай адвакатаў, якіх пераследуюць за палітычныя справы, і супрацоўнічае з міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі.

Глядзiце таксама

«Вясна»: Патрабуем спыніць крымінальны пераслед праваабаронцы Алены Маслюковай
17 кастрычніка 2024, 08:16
«Вясна»: Патрабуем спыніць крымінальны пераслед праваабаронцы Алены Маслюковай
Мы патрабуем адмяніць прысуд і спыніць крымінальны пераслед праваабаронцы Алены Маслюковай.
Фотапраект «Партрэты моцы»: Таццяна Нядбай, Беларускі ПЭН
11 кастрычніка 2024, 11:54
Фотапраект «Партрэты моцы»: Таццяна Нядбай, Беларускі ПЭН
Фонд Дамоў правоў чалавека зладзіў фотаконкурс партрэтаў жанчынаў-праваабаронцаў. Ад Беларускага дому правоў чалавека ў ім узяла ўдзел Таццяна Нядбай.
«Пакуль не перастануць саджаць за праваабарончую дзейнасць». Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі-2024
02 жніўня 2024, 09:27
«Пакуль не перастануць саджаць за праваабарончую дзейнасць». Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі-2024
Чацвёртага жніўня адзначаецца Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. У гэты дзень у 2011 годзе быў першы раз арыштаваны Алесь Бяляцкі.
Патрабуем скасаваць прысуд Леаніда Судаленкі, спыніць дзяржаўнае самавольства і пераслед праваабаронцаў
25 чэрвеня 2024, 11:47
Патрабуем скасаваць прысуд Леаніда Судаленкі, спыніць дзяржаўнае самавольства і пераслед праваабаронцаў
Мы патрабуем адмяніць прысуд і спыніць крымінальны пераслед праваабаронцы Леаніда Судаленкі.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці