Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
22 снежня 2021 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, адзначаем, што ўладамі пры наяўнасці палітычных матываў пазбаўленне волі ўжываецца ў парушэнне права на справядлівы судовы разгляд, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, непрапарцыйна і выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі. Справядлівасць судовага разгляду прадугледжвае адсутнасць любога прамога ці непрамога ўплыву, ціску, запалохвання ці ўмяшання любога з бакоў і па любых матывах.
Так, крымінальная справа па абвінавачванні Дзмітрыя Дубоўскага, Дзмітрыя Рэзановіча, Ігара Аліневіча і Сяргея Раманава ў здзяйсненні актаў тэрарызму (ч. 2 арт. 289 КК) і незаконным абарачэнні зброі (ч. 2 і ч. 4 арт. 295 КК), а Аліневіча і Дубоўскага — таксама ў незаконным перасоўванні праз мяжу забароненых рэчываў (ч. 1 арт. 333-1 КК) разгледжаная Мінскім абласным судом у закрытым судовым пасяджэнні пра адсутнасці прадугледжаных для гэтага законных падставаў. Абвінавачаным прызначаны пакаранні адпаведна 18, 19, 20 і 20 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
У адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, кожны мае права пры разглядзе любога пастаўленага яму ў віну крымінальнага абвінавачвання на справядлівы і публічны разгляд справы кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом. Суды маюць права не дапускаць усю публіку ці частку яе з меркаванняў маралі, грамадскага парадку ці дзяржаўнай бяспекі ў дэмакратычным грамадстве ці калі таго патрабуюць інтарэсы прыватнага жыцця бакоў, ці — у той ступені, у якой гэта, на думку суда, строга неабходна, — пры асаблівых акалічнасцях, калі публічнасць парушала б інтарэсы правасуддзя. У выпадку адсутнасці такіх выключных акалічнасцяў разгляд павінен быць адкрытым для шырокай публікі, уключаючы прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, і не павінен, напрыклад, абмяжоўвацца вызначанай катэгорыяй асобаў. Нават у тых выпадках, калі публіка пазбаўленая доступу на судовы разгляд, судовая пастанова, уключаючы асноўныя высновы, доказы і прававую аргументацыю, павінна быць даступная грамадскасці. Гэтыя патрабаванні не выкананыя судом у справе паказаных асобаў, што само па сабе магло б вызначыць стаўленне праваабаронцаў да вынікаў яе разгляду.
Акрамя таго, мы нагадваем, што кожны абвінавачваны ў крымінальным злачынстве мае права лічыцца невінаватым, пакуль вінаватасць яго не будзе даказаная паводле закона. Прэзумпцыя невінаватасці, якая мае асноватворнае значэнне для абароны правоў чалавека, ускладае абавязак даказвання на абвінавачванне, гарантуе, што ніякая віна не можа быць прэзюмаваная да тых часоў, пакуль вінаватасць не была даказаная без аніякіх разумных сумневаў, забяспечвае, каб сумневы тлумачыліся на карысць абвінавачванага і патрабуе, каб з асобамі, якім прад’яўляюцца абвінавачванні ў здзяйсненні крымінальнага дзеяння, абыходзіліся ў адпаведнасці з гэтым прынцыпам. Усе дзяржаўныя органы ўлады абавязаны ўстрымлівацца ад перадвызначанасці выніку судовага разгляду, напрыклад, устрымліваючыся ад публічных заяваў, у якіх сцвярджаецца аб вінаватасці абвінавачванага. Падчас судовага разгляду падсудныя паводле агульнага правіла не павінны закоўвацца ў кайданкі ці ўтрымоўвацца ў клетках ці якім-небудзь іншым чынам паўставаць на судзе ў абліччы, якое паказвае на тое, што яны могуць быць небяспечнымі злачынцамі.
Аднак дзяржаўныя прапагандысцкія рэсурсы загадзя неаднаразова выказалі і навязвалі ідэю аб даказанай вінаватасці пералічаных асобаў задоўга да завяршэння расследавання і судовага разгляду. Гэта стала магчымым у тым ліку дзякуючы перадачы следчымі матэрыялаў папярэдняга расследавання гэтым рэсурсам для публікацыі.
Адначасова можна з упэўненасцю сцвярджаць, што ва ўмовах паўсюднага парушэння і абмежавання правоў адвакатаў абарона абвінавачваных не магла ажыццяўляць свае прафесійныя функцыі ў абстаноўцы свабоды і адсутнасці прамога ціску і запалохвання, маючы дастатковыя магчымасці, уключаючы доступ да ўсіх матэрыялаў справы і магчымасці бесперашкодна сустракацца са сваімі падабароннымі.
З пункту гледжання нацыянальнага заканадаўства, дзеянні абвінавачваных кваліфікаваныя залішне цяжкім складам злачынства — "Акт тэрарызму": пад актам тэрарызму ў КК разумеецца "здзяйсненне выбуху, падпалу, затаплення, іншых дзеянняў агульнанебяспечным спосабам або якое стварае небяспеку гібелі людзей, прычынення ім целавых пашкоджанняў ці надыходу іншых цяжкіх наступстваў" у пэўных мэтах: аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, або перашкаджэння палітычнай ці іншай грамадскай дзейнасці, або застрашвання насельніцтва, або дэстабілізацыі грамадскага парадку. У дадзеным вызначэнні гаворка ідзе пра правамерную і законную дзейнасць органаў улады і дэмакратычны грамадскі парадак, а не пра тую практыку гвалту і рэпрэсій, а таксама таталітарны грамадскі лад, якія сталі характэрныя для перыяду пасля жніўня 2020 года. Таму слушнай была б кваліфікацыя інкрымінаваных абвінавачаным фактаў пашкоджання маёмасці паводле адпаведнага артыкула КК, з улікам аб'ектыўна вызначаных акалічнасцяў па кожным эпізодзе.
Прызначанае абвінавачваным пакаранне з'яўляецца празмерным і не абгрунтаванае грамадскай небяспекай здзейсненага і дадзенымі аб асобе абвінавачаных.
Адначасова мы заяўляем, што катэгарычна не прымаем ужыванне гвалту дзеля дасягнення палітычных мэтаў, але са шкадаваннем падкрэсліваем, што ў абстаноўцы, якая склалася ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, акты гвалту і пашкоджання маёмасці часта былі наступствам шматлікіх і паўсюдных парушэнняў уладамі правоў чалавека, адсутнасці магчымасці вольнага выказвання меркавання, а таксама выкліканыя дэманстратыўным грэбаваннем дэмакратычнымі каштоўнасцямі і працэдурамі з боку ўладаў, расчараваннем ў мірных спосабах пераходу ўлады ў выніку свабодных сапраўдных выбараў і адсутнасцю гатовасці ўладаў вярнуцца да правамернага выкарыстання сілы закона дзеля абароны парушаных правоў грамадзян.
Ацэньваючы паказаную справу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў ёй палітычнага матыву пераследу абвінавачваных — рэальныя падставы непрымальных у дэмакратычным грамадстве дзеянняў ці бяздзейнасці праваахоўных і судовых органаў, іншых суб'ектаў уладных паўнамоцтваў, накіраваных на дасягненне мэты ўмацавання або ўтрымання ўлады суб'ектамі ўладных паўнамоцтваў.
У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:
пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
працягласць ці ўмовы пазбаўлення волі відавочна непрапарцыйныя (неадэкватныя) правапарушэнню, у якім асоба падазраецца, абвінавачваецца або была прызнаная вінаватай.
Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што пераслед Дзмітрыя Дубоўскага, Ігара Аліневіча, Сяргея Раманава і Дзмітрыя Рэзановіча з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі — палітычнымі зняволенымі. У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
перагледзець прынятыя ў дачыненні да згаданых палітвязняў меры, працэсуальныя рашэнні і прысуды пры выкананні права на справядлівы разгляд і ўхіленні фактараў, якія паўплывалі на рашэнні аб меры стрымання і прысуды;
неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
"Прававая ініцыятыва";
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Lawtrend;
"Ідэнтычнасць і права";
Беларускі Хельсінкскі камітэт;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Human Constanta.