Заява аб прызнанні пяці чалавек палітычнымі зняволенымі (Віталь Мінкевіч і іншыя)

29 жніўня 2022, 08:33
Заява аб прызнанні пяці чалавек палітычнымі зняволенымі (Віталь Мінкевіч і іншыя)

На фота: Віталь Мінкевіч

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі.

26 жніўня 2022 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, адзначаем, што ўлады злоўжываюць магчымасцямі крымінальнага заканадаўства і прымяняюць да пратэстоўцаў празмерна жорсткія меры адказнасці, звязаныя са зняволеннем на працяглы тэрмін за здзяйсненне дзеянняў, якія не пацягнулі цяжкіх наступстваў. У прыватнасці, кваліфікацыя дзеянняў пратэстоўцаў як тэрарызму заведама не адпавядае таму, што на думку міжнародных арганізацый павінна ўкладвацца ў гэта паняцце.

У адпаведнасці з рэзалюцыяй 1566 (2004) 2004 Савета Бяспекі, дзеянні, якія павінны прадухіляцца і карацца незалежна ад таго, ці апраўдваюцца яны меркаваннямі палітычнага, філасофскага, ідэалагічнага, расавага, этнічнага, рэлігійнага ці іншага падобнага характару, маюць наступныя тры характарыстыкі:

  • здзяйсняюцца, у тым ліку супраць грамадзянскіх асобаў, з намерам прычыніць смерць ці сур'ёзную шкоду здароўю ці захапіць закладнікаў;

  • здзяйсняюцца з мэтай выклікаць стан страху ў шырокай грамадскасці, ці групы людзей, ці асобных асобаў, запалохаць насельніцтва ці прымусіць урад ці міжнародную арганізацыю здзейсніць якое-небудзь дзеянне ці ўстрымацца ад яго здзяйснення;

  • уяўляюць сабою злачынствы па сэнсе міжнародных канвенцый і пратаколаў, якія тычацца тэрарызму.

Мы ўпэўнены, што ў адсутнасць гэтых прыкмет супрацьпраўныя дзеянні не маюць сапраўды тэрарыстычнага характару і павінны кваліфікавацца як злачынствы супраць маёмасці з ужываннем санкцый, якія адпавядаюць цяжкасці і грамадскай небяспецы зробленага.

Разгляд палітычна матываваных крымінальных спраў у закрытым судовым пасяджэнні груба парушае працэсуальныя правы абвінавачаных і зводзіць да мінімальнай ацэнку праўдзівасці, дастатковасці і дапушчальнасці якіх бы там ні было доказаў абвінавачвання.

Нам вядома пра асуджэнне ў закрытым судовым пасяджэнні:

  • Канстанціна Ермаловіча да 16 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

  • Віталя Мінкевіча да 15 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

  • Ігара Казлова да 14 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі паводле абвінавачвання ў стварэнні арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці ці ўдзелу ў ёй (ч. 2 арт. 290-4 КК), акце тэрарызму (ч. 2 арт. 289 КК) за падпал драўлянага падстрэшка на стрэльбішчы вайсковай часткі ўнутраных войскаў, пагрозе здзяйснення акту тэрарызму (ч. 2 арт. 290 КК) за ўсталёўку муляжоў мін на рэйках чыгуначных шляхоў і каля кіёска “Табакерка”, абразе А. Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК).

Таксама нам вядома пра асуджэнне

  • Паўла Нікіценкі у закрытым судовым пасяджэнні да 4 гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі паводле ч. 3 арт. 203-1 КК (парушэнне таямніцы перапіскі, тэлефонных перамоваў, тэлеграфных ці іншых паведамленняў), ч. 3 арт. 293 КК (навучанне і іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках), арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 1 арт. 361-1 КК (кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем), арт. 368 КК (абраза А. Лукашэнкі) і арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады);

  • Сяргея Кірыковіча да 4 гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі за абразу і пагрозы ў дачыненні да А. Лукашэнкі, каментары ў дачыненні да расійскіх вайскоўцаў паводле ч. 2 арт. 366 КК (гвалт або пагроза ў дачыненні да службовай асобы, які выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, што выконвае грамадскі абавязак), ч. 1 арт. 368 КК (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) і ч. 1 арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы).

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных. Судовыя рашэнні прынятыя з палітычных матываў у парушэнне асноватворных прынцыпаў справядлівага правасуддзя.

У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачаных быў вынікам сістэматычных, шырока распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, быў выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона дзеля абароны парушаных правоў грамадзян, адсутнасцю справядлівага суда і ўмоваў для дэмакратычнай і канстытуцыйнай змены ўлады на сапраўдных выбарах.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая свабоды, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  • a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;

  • d) асоба пазбаўленая волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем аб прызнанні палітычнымі зняволенымі Канстанціна Ермаловіча, Віталя Мінкевіча, Ігара Казлова, Паўла Нікіценкі і Сяргея Кірыковіча. У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • перагледзець вынесеныя ў дачыненні да згаданых палітвязняў прысуды пры выкананні права на справядлівы разгляд і ўхіленні фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзеянняў, від і памер пакарання;

  • вызваліць згаданых палітзняволеных, ужыўшы іншыя меры для забеспячэння іх яўкі ў суд;

  • неадкладна вызваліць усіх палітычных вязняў, пераглядзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Прававая ініцыятыва.

Глядзiце таксама

Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Аляксей Кісялёў і іншыя)
25 жніўня 2024, 12:01
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Аляксей Кісялёў і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Антона Станкевіча, Аляксея Кісялёва, Наталлю Жыгар, Наталлю Давыдуліну, Віталя Лескаўца, Ягора Волкава, Ігара Нажэева.
Заява аб прызнанні 14 чалавек палітычнымі зняволенымі (Станіслаў Шапель і іншыя)
25 жніўня 2024, 11:38
Заява аб прызнанні 14 чалавек палітычнымі зняволенымі (Станіслаў Шапель і іншыя)
Мы заяўляем, што пазбаўленне волі Станіслава Шапеля, Дзмітрыя Пазнякова, Антона Шарупы, Віталя Саўко, Барыса Грынкевіча, Андрэя Мірэйчыка, Андрэя Грыгор'ева, Вікторыі Волчак, Ганны Савачкінай, Таццяны Русак, Уладзіслава Наважанцава, Дзяніса Сакалова, Вілена Тургунова, Дзмітрыя Асіюка – з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі – палітычнымі зняволенымі.
Заява аб прызнанні 10 чалавек палітычнымі зняволенымі (Зміцер Шалак і іншыя)
25 жніўня 2024, 11:22
Заява аб прызнанні 10 чалавек палітычнымі зняволенымі (Зміцер Шалак і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Міхаіла Лазько, Максіма Джуманіязава, Дзмітрыя Шалака, Паўла Кучарэнку, Андрэя Гіля, Ярванда Марцірасяна, Сяргея Барзаўца, Яўгена Стральчэня, Сяргея Чарнецкага, Станіслава Амельянюка і спыніць крымінальны пераслед.
Патрабуем рэабілітацыі 22 былых палітычных зняволеных (Павел Башынскі і іншыя)
13 жніўня 2024, 08:13
Патрабуем рэабілітацыі 22 былых палітычных зняволеных (Павел Башынскі і іншыя)
Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў, права на асацыяцыю і свабоду выказвання свайго меркавання ў адносінах да абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і іншых грамадска-значных падзей.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці