Заява аб прызнанні шасці чалавек палітычнымі зняволенымі (Андрэй Паднябенны і іншыя)

25 ліпеня 2022, 10:13
Заява аб прызнанні шасці чалавек палітычнымі зняволенымі (Андрэй Паднябенны і іншыя)

На фота: Андрэй Паднябенны

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

22 ліпеня 2022 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, адзначаем, што ўлады злоўжываюць магчымасцямі крымінальнага заканадаўства і прымяняюць да пратэстоўцаў празмерна жорсткія меры адказнасці, звязаныя са зняволеннем на працяглы тэрмін за здзяйсненне дзеянняў, якія не пацягнулі цяжкіх наступстваў. У прыватнасці, кваліфікацыя дзеянняў пратэстоўцаў як тэрарызму заведама не адпавядае таму, што на думку міжнародных арганізацый павінна ўкладвацца ў гэта паняцце.

У адпаведнасці з рэзалюцыяй 1566 (2004) 2004 Савета Бяспекі, дзеянні, якія павінны прадухіляцца і карацца незалежна ад таго, ці апраўдваюцца яны меркаваннямі палітычнага, філасофскага, ідэалагічнага, расавага, этнічнага, рэлігійнага ці іншага падобнага характару, маюць наступныя тры характарыстыкі:

  • здзяйсняюцца, у тым ліку супраць грамадзянскіх асобаў, з намерам прычыніць смерць ці сур'ёзную шкоду здароўю ці захапіць закладнікаў;

  • здзяйсняюцца з мэтай выклікаць стан страху ў шырокай грамадскасці, ці групы людзей, ці асобных асобаў, запалохаць насельніцтва ці прымусіць урад ці міжнародную арганізацыю здзейсніць якое-небудзь дзеянне ці ўстрымацца ад яго здзяйснення;

  • уяўляюць сабою злачынствы па сэнсе міжнародных канвенцый і пратаколаў, якія тычацца тэрарызму.

Мы ўпэўнены, што ў адсутнасць гэтых прыкмет супрацьпраўныя дзеянні не маюць сапраўды тэрарыстычнага характару і павінны кваліфікавацца як злачынствы супраць маёмасці з ужываннем санкцый, якія адпавядаюць цяжкасці і грамадскай небяспецы зробленага.

Разгляд палітычна матываваных крымінальных спраў у закрытым судовым пасяджэнні груба парушае працэсуальныя правы абвінавачаных і зводзіць да мінімальнай ацэнку праўдзівасці, дастатковасці і дапушчальнасці якіх бы там ні было доказаў абвінавачвання.

Нам вядома пра асуджэнне:

Андрэя Паднябеннага ў закрытым судовым пасяджэнні паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 218 (замах на наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці) за спробу падпалу кола аўтакрана ў 2019 годзе, паводле ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання) за стварэнне і адміністраванне тэлеграм-канала, паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму) за падпал аўтамабіля першага намесніка начальніка абласнога Упраўлення дэпартамента выканання пакаранняў, пракол колаў у 39 тралейбусаў да пазбаўлення волі тэрмінам на 15 гадоў у папраўчай калоніі;

Дзмітрыя Нешты паводле ч. 1. арт. 295-3 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў) і паводле ч. 1 арт. 289 КК (акт тэрарызму) за падпал трыма "кактэйлямі Молатава" аўтамабіляў, якія належаць вайскоўцам адной з вайсковых частак.

Таксама мы зноў адзначаем, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і да т. п. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам падаецца неабгрунтаваным.

Мы настойваем на недапушчальнасці ўжывання закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагроз у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, дзеля пакарання тых грамадзян, якія выказаліся ў сувязі з відавочным парушэннем прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягнутасцю прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс незаконных рэпрэсій і ў стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні і іншыя грубыя парушэнні правоў чалавека, якія часта маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці. У прыватнасці, асуджаны:

Анатоль Яскевіч паводле ч. 1. арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы) за размяшчэнне ў сацыяльнай сетцы і відэахостынгу Tik-Tok відэазваротаў з выкарыстаннем навіны пра крушэнне вайсковага самалёта ў горадзе Баранавічы і гібелі дваіх лётчыкаў, а таксама паводле ч. 2 арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі ў відэаазваротах да зняволення тэрмінам на 4 гады і 6 месяцаў у папраўчай калоніі;

Аляксандр Францкевіч паводле арт. 364 КК (пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў і яго блізкіх у мэтах перашкаджэння яго законнай дзейнасці, прымусу да змены характару гэтай дзейнасці, з помсты за выкананне службовай дзейнасці); арт. 365 (уздзеянне на супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай змены характару яго законнай дзейнасці шляхам пагрозы знішчэннем і пашкоджаннем маёмасці); ч. 1 арт. 366 (пагроза гвалтам у дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, у мэтах перашкаджэння законнай дзейнасці, прымусу да змены характару гэтай дзейнасці і з помсты за выкананне службовых абавязкаў); ч. 1 арт. 368 (публічная абраза А. Лукашэнкі); арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады і яго блізкіх у сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, здзейсненае праз размяшчэнне інфармацыі ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт); арт. 389 (пагроза забойствам у дачыненні да суддзі, здзейсненая ў сувязі з ажыццяўленнем ім правасуддзя); арт. 391 (абраза суддзі ў сувязі з ажыццяўленнем ім правасуддзя) за каментары ў тэлеграм-каналах да 4 гадоў і 6 месяцаў зняволення ў папраўчай калоніі;

Андрэй Дзенісенка паводле арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы), ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) за паведамленні ў тэлеграм-каналах да 4 гадоў зняволення;

Іван Губчык паводле арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы) за відэаролікі з развагамі пра прычыны жорсткасці ўладаў, заклікамі да прадстаўнікоў улады задумацца пра будучыню, заклікамі да пратэстоўцаў не ўжываць празмерны гвалт, асабліва да шараговых супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, у Tik-Tok да 4 гадоў і 6 месяцаў зняволення.

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных.

Судовыя рашэнні прынятыя з палітычных матываў у парушэнне асноватворных прынцыпаў справядлівага правасуддзя. Паказаныя асобы не заклікалі да гвалтоўных дзеянняў паводле нацыянальнай, этнічнай, расавай, рэлігійнай прыкметаў. Іх дзеянні не пацягнулі і не маглі пацягнуць цяжкіх наступстваў для пацярпелых.

У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачаных быў вынікам сістэматычных, шырока распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, быў выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона дзеля абароны парушаных правоў грамадзян, адсутнасцю справядлівага суда і ўмоваў для дэмакратычнай і канстытуцыйнай змены ўлады на сапраўдных выбарах. Як правіла, каментары былі напісаны ў сувязі з інфармацыяй пра супрацьпраўныя дзеянні супрацоўнікаў МУС у дачыненні да мірных пратэстоўцаў.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая свабоды, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  • a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;

  • d) асоба пазбаўленая волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем аб прызнанні палітычнымі зняволенымі Андрэя Паднябеннага, Дзмітрыя Нешты, Анатоля Яскевіча, Аляксандра Францкевіча, Андрэя Дзенісенкі, Івана Губчыка. У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • перагледзець вынесеныя ў дачыненні да згаданых палітвязняў прысуды пры выкананні права на справядлівы разгляд і ўхіленні фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзеянняў, від і памер пакарання;

  • вызваліць згаданых палітзняволеных, ужыўшы іншыя меры для забеспячэння іх яўкі ў суд;

  • неадкладна вызваліць усіх палітычных вязняў, пераглядзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Беларускі ПЭН;

Прававая ініцыятыва;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Глядзiце таксама

Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Аляксей Кісялёў і іншыя)
25 жніўня 2024, 12:01
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Аляксей Кісялёў і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Антона Станкевіча, Аляксея Кісялёва, Наталлю Жыгар, Наталлю Давыдуліну, Віталя Лескаўца, Ягора Волкава, Ігара Нажэева.
Заява аб прызнанні 14 чалавек палітычнымі зняволенымі (Станіслаў Шапель і іншыя)
25 жніўня 2024, 11:38
Заява аб прызнанні 14 чалавек палітычнымі зняволенымі (Станіслаў Шапель і іншыя)
Мы заяўляем, што пазбаўленне волі Станіслава Шапеля, Дзмітрыя Пазнякова, Антона Шарупы, Віталя Саўко, Барыса Грынкевіча, Андрэя Мірэйчыка, Андрэя Грыгор'ева, Вікторыі Волчак, Ганны Савачкінай, Таццяны Русак, Уладзіслава Наважанцава, Дзяніса Сакалова, Вілена Тургунова, Дзмітрыя Асіюка – з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі – палітычнымі зняволенымі.
Заява аб прызнанні 10 чалавек палітычнымі зняволенымі (Зміцер Шалак і іншыя)
25 жніўня 2024, 11:22
Заява аб прызнанні 10 чалавек палітычнымі зняволенымі (Зміцер Шалак і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Міхаіла Лазько, Максіма Джуманіязава, Дзмітрыя Шалака, Паўла Кучарэнку, Андрэя Гіля, Ярванда Марцірасяна, Сяргея Барзаўца, Яўгена Стральчэня, Сяргея Чарнецкага, Станіслава Амельянюка і спыніць крымінальны пераслед.
Патрабуем рэабілітацыі 22 былых палітычных зняволеных (Павел Башынскі і іншыя)
13 жніўня 2024, 08:13
Патрабуем рэабілітацыі 22 былых палітычных зняволеных (Павел Башынскі і іншыя)
Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў, права на асацыяцыю і свабоду выказвання свайго меркавання ў адносінах да абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і іншых грамадска-значных падзей.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці