Заява праваабаронцаў аб прызнанні 21 палітзняволенага (Алег Зубовіч і іншыя)

23 мая 2023, 10:57
Заява праваабаронцаў аб прызнанні 21 палітзняволенага (Алег Зубовіч і іншыя)

На фота: Алег Зубовіч

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

17 траўня 2023 года

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і г. д. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам падаецца неабгрунтаваным.

Мы настойваем на недапушчальнасці прымянення закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагроз у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, дзеля пакарання тых грамадзянаў, якія выказаліся з нагоды відавочнага парушэння прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягнутасці прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс катаванняў і ў стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні і іншыя грубыя парушэнні правоў чалавека, якія часта маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці.

Разгляд пазначаных спраў у закрытым судовым пасяджэнні груба парушае працэсуальныя правы абвінавачаных і зводзіць да мінімальнай ацэнку дакладнасці, дастатковасці і дапушчальнасці якіх б там не было доказаў абвінавачання.

Нам вядома пра асуджэнне:

Алега Зубовіча за перадачу звестак у пратэсны тэлеграм-канал паводле ч. 3 арт. 130 КК (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і ч. 3 арт. 203-1 КК (Неправамерныя дзеянні ў дачыненні да звестак пра прыватнае жыццё) да шасці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Алега Завадскага па абвінавачанні ў публічнай абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130 КК) да трох гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Аляксея Мандзіка за каментары ў сеціве Інтэрнэт паводле арт. 130, 368 (Абраза Лукашэнкі), 369 (Абраза службовай асобы), 293 (Арганізацыя масавых беспарадкаў), 309 ч. 1 (Наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін), 361 ч. 3 КК (Заклікі да дзеянняў, якія скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (санкцый)) да сямі гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Андрэя Цыпака за перадачу пратэснаму тэлеграм-каналу звестак дзяржслужачых паводле ч. 3 арт. 130 КК (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 352 (Неправамернае валоданне камп'ютарнай інфармацыяй) і ч. 3 арт. 203-1 КК (Неправамерныя дзеянні ў дачыненні да звестак пра прыватнае жыццё) да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Андрэя Краўчука за каментары ў сеціве Інтэрнэт паводле ч. 1 арт. 130, 188 (Паклёп), ч. 1 арт. 368 (Паклёп на Лукашэнку), ч. 1 арт. 368 (Абраза А. Лукашэнкі), арт. 369 (Абраза службовай асобы), арт. 369 (Абраза суддзі) да шасці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Віктара Яроменка ў закрытым судовым пасяджэнні па абвінавачанні ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці па арт. 130 УК да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

Апроч гэтага, вядома пра асуджэнне ў закрытым судовым пасяджэнні ў адсутнасці прадугледжаных падставаў:

Паўла Купрыенка, грамадзяніна Украіны, паводле арт. 358-1 (Агентурная дзейнасць) да сямі гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Тараса Мачынскага за збор і перадачу дадзеных пра перасоўванне вайсковай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі паводле ч. 1 арт. 356 КК (Здрада дзяржаве) да 10 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі; 

Аляксея Ткачука па надуманым абвінавачанні ў захаванні вучэбнага боепрыпаса паводле ч. 2 арт. 295 КК да шасці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі; прызначана свядома больш жорсткае пакаранне, чым звычайна практыкуецца па падобных справах.

У адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, кожны мае права пры разглядзе любога пастаўленага яму ў віну крымінальнага абвінавачвання на справядлівы і публічны разгляд справы кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом. Суды маюць права не дапускаць усю публіку ці частку яе з меркаванняў маралі, грамадскага парадку ці дзяржаўнай бяспекі ў дэмакратычным грамадстве ці калі таго патрабуюць інтарэсы прыватнага жыцця бакоў, ці — у той ступені, у якой гэта, на думку суда, строга неабходна, — пры асаблівых акалічнасцях, калі публічнасць парушала б інтарэсы правасуддзя. У выпадку адсутнасці такіх выключных акалічнасцяў разгляд павінен быць адкрытым для шырокай публікі, уключаючы прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, і не павінен, напрыклад, абмяжоўвацца вызначанай катэгорыяй асобаў. Нават у тых выпадках, калі публіка пазбаўленая доступу на судовы разгляд, судовая пастанова, уключаючы асноўныя высновы, доказы і прававую аргументацыю, павінна быць даступная грамадскасці. Гэтыя патрабаванні не выкананыя судом у справе паказаных асобаў, што само па сабе магло б вызначыць стаўленне праваабаронцаў да вынікаў яе разгляду.

Вадзім Шылько — ваенны рэканструктар, які ўдзельнічаў у пастановах на "Лініі Сталіна" — забаўляльным комплексе з ваенна-гістарычным складнікам, асуджаны паводле ч. 1 арт. 130-1 КК да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. На старонцы ў сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі", прызнанай экстрэмісцкай, В. Шылько было размешчана некалькі здымкаў асуджанага, які ўдзельнічаў у пастановах у форме вайскоўца Вермахту. Ніякай інфармацыі, якая праслаўляла б нацызм, Шылько не публікаваў. Наадварот, у ленце размешчаны артыкул пра падзеі першых дзён вайны, які з сімпатыяй апісвае абарончыя дзеянні Чырвонай арміі.

Таксама нам вядома пра працяглае ўтрыманне пад вартай Мікалая Хацяновіча, Аляксея Бародкі, Сяргея Мардзіловіча, Глеба Вятошкіна і Дзмітрыя Богуша па абвінавачанні ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці за каментары ў сеціве Інтэрнэт паводле арт. 130 КК;

Аляксея Міхайлава па абвінавачанні ў неданясенні пра злачынства, якое рыхтуецца, паводле ч. 2 арт. 406 КК;

Дзмітрыя Невяркевіча па абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, замаху на змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады, уваходжанне ў экстрэмісцкае фармаванне паводле ч. 2 арт. 243, ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357, ч. 3 арт. 361-1 КК;

Эдуарда Пестрака па абвінавачанні ў бездзеянні службовай асобы паводле ч. 3 арт. 425 КК;

Дзяніса Філончыка па абвінавачанні ў замаху на змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады, уваходжанне ў экстрэмісцкае фармаванне паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357, ч. 3 арт. 361-1 КК;

Паўла Чыхінскага па абвінавачанні ў замаху на змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады і злоўжыванні ўладай паводле ч. 1 арт. 357 і ч. 3 арт. 424 КК;

Пятра Юркевіча па абвінавачанні ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, замаху на змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады, уваходжанне ў экстрэмісцкае фармаванне паводле ч. 1 арт. 342, ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357, ч. 3 арт. 361-1 КК.

Апошнія шэсць чалавек праходзяць абвінавачанымі па крымінальнай справе, якое расследавана і разглядаецца ў судзе з грубейшымі парушэннямі працэсуальных правоў, у тым ліку — прэзумпцыі невінаватасці; іх дзеянні не звязаны з гвалтам, які ўключае несімвалічныя пашкоджанні маёмасці ці замах на такое пашкоджанне; обвінавачанне ў змове з'яўляецца надуманым, а іншыя абвінавачанні павінны быць разгледжаны судом з выконваннем працэсуальных правоў абвінавачаных, выключаючы неабгрунтаванае прымяненне меры стрымання ў якасці сродку ціску на абвінавачаных.

Такім чынам, у дачыненні да апанентаў улады неабгрунтавана ўжываецца ўтрыманне пад вартай у адсутнасць дастатковых падставаў для ўжывання меры стрымання, што ў крайняй ступені абмяжоўвае асабістую волю: як адзначае Камітэт па правах чалавека ААН, "утрыманне пад вартай у выглядзе меры стрымання павінна быць разумным і неабходным у любых акалічнасцях". "Утрыманне пад вартай асобаў, якія чакаюць суду, павінна быць выключэннем, а не правілам… вызваленне ад такога ўтрымання пад вартай можа ставіцца ў залежнасць ад забеспячэння гарантый яўкі на суд, яўкі на судовы разгляд у любой іншай яго стадыі і (у выпадку неабходнасці) яўкі для выканання прысуду. Гэты сказ датычыць асобаў, якія чакаюць судовага разгляду паводле крымінальнага абвінавачвання, то бок пасля выстаўлення абвінавачвання, але аналагічнае патрабаванне, што ахоплівае перыяд да выстаўлення абвінавачвання, вынікае з забароны адвольнага арышту… Ужыванне дасудовага ўтрымання пад вартай да падазраваных і абвінавачваных не павінна быць агульнай практыкай. Узяцце пад варту павінна быць заснавана на рашэнні, якое прымаецца ў кожным канкрэтным выпадку, аб тым, што яно абгрунтаванае і неабходнае з улікам усіх акалічнасцяў дзеля такіх мэтаў, як папярэджанне ўцёкаў, умяшанне ў працэс збірання доказаў ці рэцыдыву злачынства… Адпаведныя фактары павінны быць прапісаныя ў законе і не павінны ўтрымліваць расплывістых і шырокіх стандартаў, такіх як "грамадская небяспека"… дасудовае ўтрыманне пад вартай павінна ўжывацца не на падставе магчымага прысуду за інкрымінаванае злачыннае дзеянне, а на падставе вызначэння неабходнасці ў гэтай меры стрымання". 

Зноў падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачаных быў вынікам сістэматычных шырока распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, быў выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона дзеля абароны парушаных правоў грамадзян, адсутнасцю справядлівага суда і ўмоваў для дэмакратычнай і канстытуцыйнай змены ўлады на сапраўдных выбарах.

Мы ў чарговы раз нагадваем, што разгляд палітычна матываваных крымінальных спраў у закрытым ці фактычна ў закрытым судовым пасяджэнні ў адсунтасць публікі, назіральнікаў і незалежнай прэсы груба парушае працэсуальныя правы абвінавачаных і зводзіць да мінімальнай ацэнку дакладнасці, дастатковасці і дапушчальнасці якіх б там не было доказаў абвінавачання.

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачваных.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны вязень", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  • a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;

  • d) асоба пазбаўлена волі выбіральна ў параўнанні з іншымі асобамі.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што далейшае пазбаўленне волі Алега Зубовіча, Алега Завадскага, Аляксея Мандзіка, Андрэя Цыпака, Андрэя Краўчука, Віктара Яроменкі, Паўла Купрыенкі, Тараса Мачынскага, Аляксея Ткачука, Вадзіма Шылько, Мікалая Хацяновіча, Аляксея Бародкі, Сяргея Мардзіловіча, Глеба Вятошкіна, Дзмітрыя Богуша, Аляксея Міхайлава, Дзмітрыя Невяркевіча, Эдуарда Пестрака, Дзяніса Філончыка, Паўла Чыхінскага, Пятра Юркевіча з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі — палітычнымі зняволенымі. У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • перагледзець вынесеныя ў дачыненні да названых палітвязняў прысуды пры выкананні права на справядлівае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзеянняў, від і памер пакарання;

  • вызваліць згаданых палітвязняў, ужыўшы іншыя меры для забеспячэння іх яўкі ў суд;

  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, перагледзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Lawtrend;

Беларускі ПЭН;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Прававая ініцыятыва.

Глядзiце таксама

Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Аляксей Кісялёў і іншыя)
25 жніўня 2024, 12:01
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Аляксей Кісялёў і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Антона Станкевіча, Аляксея Кісялёва, Наталлю Жыгар, Наталлю Давыдуліну, Віталя Лескаўца, Ягора Волкава, Ігара Нажэева.
Заява аб прызнанні 14 чалавек палітычнымі зняволенымі (Станіслаў Шапель і іншыя)
25 жніўня 2024, 11:38
Заява аб прызнанні 14 чалавек палітычнымі зняволенымі (Станіслаў Шапель і іншыя)
Мы заяўляем, што пазбаўленне волі Станіслава Шапеля, Дзмітрыя Пазнякова, Антона Шарупы, Віталя Саўко, Барыса Грынкевіча, Андрэя Мірэйчыка, Андрэя Грыгор'ева, Вікторыі Волчак, Ганны Савачкінай, Таццяны Русак, Уладзіслава Наважанцава, Дзяніса Сакалова, Вілена Тургунова, Дзмітрыя Асіюка – з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі – палітычнымі зняволенымі.
Заява аб прызнанні 10 чалавек палітычнымі зняволенымі (Зміцер Шалак і іншыя)
25 жніўня 2024, 11:22
Заява аб прызнанні 10 чалавек палітычнымі зняволенымі (Зміцер Шалак і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Міхаіла Лазько, Максіма Джуманіязава, Дзмітрыя Шалака, Паўла Кучарэнку, Андрэя Гіля, Ярванда Марцірасяна, Сяргея Барзаўца, Яўгена Стральчэня, Сяргея Чарнецкага, Станіслава Амельянюка і спыніць крымінальны пераслед.
Патрабуем рэабілітацыі 22 былых палітычных зняволеных (Павел Башынскі і іншыя)
13 жніўня 2024, 08:13
Патрабуем рэабілітацыі 22 былых палітычных зняволеных (Павел Башынскі і іншыя)
Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў, права на асацыяцыю і свабоду выказвання свайго меркавання ў адносінах да абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і іншых грамадска-значных падзей.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці