Заява праваабарончай кааліцыі аб недапушчальнасці сексуалізаванага пераследу і неабходнасці сістэмнага рэагавання на выпадкі гвалту і злоўжывання ўладай

24 ліпеня 2025, 15:59
Заява праваабарончай кааліцыі аб недапушчальнасці сексуалізаванага пераследу і неабходнасці сістэмнага рэагавання на выпадкі гвалту і злоўжывання ўладай

У сувязі са з’яўленнем інфармацыі пра выпадкі недапушчальных паводзін з боку Андрэя Стрыжака, сузаснавальніка Фонду салідарнасці BYSOL, які, паводле заяў некалькіх беларускіх актывістак, рассылаў няпрошаныя фотаздымкі інтымнага характару і здзяйсняў іншыя няпрошаныя сэксуалізаваныя дзеянні, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем наступнае.

Мы выказваем падтрымку пацярпелым, ставімся да іх слоў з сур’ёзнасцю і спачуваннем, а таксама ўдзячныя тым, хто знайшоў у сабе сілы выступіць публічна.

Мы лічым недапушчальнымі любыя сэксуалізаваныя дзеянні ці камунікацыю, якія здзяйсняюцца без ясна выяўленай і свабодна дадзенай згоды. Учыненыя без згоды, такія дзеянні з’яўляюцца гвалтам. У сітуацыях, спалучаных з дысбалансам улады, такія дзеянні набываюць асабліва небяспечны і разбуральны характар і ствараюць атмасферу псіхалагічнай небяспекі.

Мы падтрымліваем абвешчанае Фондам BYSOL унутранае разбіральніцтва і адхіленне Андрэя Стрыжака ад кіруючай пасады і выканання прадстаўніцкіх функцый ад імя арганізацыі на час такога разбору. Лічым гэта неабходным і адказным крокам.

Мы са шкадаваннем прызнаем, што праблема непрыстойных паводзін у грамадзянскім сектары – у тым ліку сэксуалізаваны гвалт, грубасць, прыніжэнне ці іншыя формы недапушчальнага ўзаемадзеяння, – значна шырэйшая за разгляданую сітуацыю, з’яўляецца комплекснай і патрабуе сістэмнага адказу ўсёй супольнасці.

Мы падкрэсліваем важнасць адкрытай і ўсебаковай дыскусіі па гэтых пытаннях для выпрацоўкі этычных нормаў, умацавання культуры правоў чалавека і бяспечнага ўзаемадзеяння. Дыскусіі і любыя разборы, нягледзячы на ўсю складанасць, павінны заставацца аб’ектыўнымі і ўзважанымі.

Мы асабліва адзначаем неабходнасць захоўваць правілы прафесійнай этыкі не толькі ў адносінах прамога падпарадкавання або ва ўзаемадзеянні з бенефіцыярамі, але і ў гарызантальных адносінах з калегамі і каляжанкамі па сектары – там, дзе няма фармальнай залежнасці. Нагадваем, што дзеянне Прынцыпаў дзейнасці праваабаронцаў Беларусі  распаўсюджваецца і на адносіны праваабаронцаў паміж сабой, і на іх адносіны з прадстаўнікамі і прадстаўніцамі іншых прафесійных супольнасцяў.

Мы хочам нагадаць, што праваабарончая дзейнасць і любая іншая дзейнасць, звязаная з дапамогай людзям, накладае асаблівую сацыяльную адказнасць на тых, хто яе ажыццяўляе. Умовы вымушанай міграцыі, у якіх сёння знаходзіцца значная частка дэмакратычнай і праваабарончай супольнасцяў, ствараюць дадатковыя ўразлівасці, а адказнасць набывае яшчэ большае значэнне. Яна патрабуе не толькі захавання прафесійных нормаў, але і развітой самарэгуляцыі – гатоўнасці кожнага і кожнай адкрыта абмяркоўваць складаныя тэмы, рэагаваць на недапушчальныя паводзіны і браць асабістую адказнасць за свае дзеянні і агульную атмасферу ў супольнасці.

Зыходзячы са сказанага, мы заклікаем кожнага і кожную з арганізацый грамадзянскай супольнасці, медыя, палітычных структур і іншых інстытуцый:

  • У любых адчувальных камунікацыях зыходзіць з прынцыпу ясна выяўленай згоды.

  • Выключаць любое выкарыстанне дысбалансу ўлады.

  • Не злоўжываць сацыяльным капіталам (прадстаўнікоў і прадстаўніц грамадзянскай супольнасці, медыя, палітычных структур і іншых інстытуцый) у асабістым жыцці.

  • Рабіць праактыўны ўнёсак у стварэнне бяспечнага і паважлівага асяроддзя: развіваць уласную чуласць і сацыяльную кампетэнтнасць, рэагаваць на недапушчальныя паводзіны прадстаўнікоў і прадстаўніц супольнасці і падтрымліваць тых, хто паведамляе пра такія паводзіны.

  • Рабіць захады па барацьбе з культурай гвалту на асабістым і прафесійным узроўні, пры неабходнасці прымаць адпаведныя палітыкі ў арганізацыі і імплементаваць іх.

Мы падкрэсліваем неабходнасць аказаць дапамогу і падтрымку пацярпелым ад гвалту. Мы таксама выказваем гатоўнасць супрацоўнічаць у распрацоўцы і ўкараненні палітык і практык, у адпаведнасці з падыходам, заснаваным на правах чалавека, у дзейнасць арганізацый грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл.

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларускі ПЭН;

Беларускі Хельсінкскі Камітэт;

Human Constanta;

Lawtrend;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю;

Праваабарончы цэнтр «Вясна»;

Прававая ініцыятыва;

Respect-Protect-Fulfill.

Падзялiцца

Глядзiце таксама

Тлумачыць «Вясна». Ціск на сваякоў палітэмігрантаў: што важна ведаць
22 верасня 2025, 14:07
Тлумачыць «Вясна». Ціск на сваякоў палітэмігрантаў: што важна ведаць
Калі чалавек з'язджае з Беларусі, улады ўсё часцей спрабуюць дастаць яго праз сваякоў, якія засталіся. Бацькоў або братоў і сясцёр выклікаюць у міліцыю, ладзяць ператрусы, дапытваюць, часам затрымліваюць.
Заснавана новая прэмія "Голас пакалення свабоды" для правабаронцаў, літаратараў і журналістаў ва ўзросце 60+
22 верасня 2025, 13:45
Заснавана новая прэмія "Голас пакалення свабоды" для правабаронцаў, літаратараў і журналістаў ва ўзросце 60+
Прэмія створана для ўшанавання жыццёвых дасягненняў і праваабарончай дзейнасці выдатных беларускіх літаратараў, праваабаронцаў і журналістаў, якія былі вымушаны эміграваць праз пераслед пасля 2020 года.
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Жнівень 2025
19 верасня 2025, 12:49
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Жнівень 2025
Коратка: у Беларусі захоўваецца крытычная сітуацыя з правамі чалавека.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці