)
Камітэт па правах чалавека ААН вынес Меркаванні па справе адразу 16 заяўнікаў. Яны тычыліся штрафаў за вывешванне бела-чырвона-белых сцягоў (і не толькі) на вокнах уласных дамоў. Цяпер Беларусь абавязаная кампенсаваць гэтыя штрафы заяўнікам, а таксама ўсе панесеныя імі судовыя выдаткі. Аднак не ўсе заявы былі падтрыманы Камітэтам. Пра гэта — у матэрыяле "Вясны".
Аўтарамі паведамленняў у Камітэт правоў чалавека з'яўляюцца Мікалай Качурэц, Уладзімір Кіко, Наталля Клімчык, Наталля Соцкая, Катажына Прымак, Любоў Хватава, Іван Малышка, Вольга Алексіевіч, Таццяна Іванова, Ірына Шаеўка, Святлана Старадубец, Аліна Мароз, Юлія Давідовіч, Яўгенія Зарубайка і Дар'я Пажытных, усе яны грамадзяне Беларусі. Яны сцвярджаюць, што Беларусь як дзяржава-ўдзельніца Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, парушыла іх правы, прадугледжаныя артыкуламі Пакта:
9 – "Кожны чалавек мае права на свабоду і асабістую недатыкальнасць. Ніхто не можа зазнаць адвольны арышт або ўтрыманне пад вартай".
14 – "Усе асобы роўныя перад судамі і трыбуналамі".
19 – "Кожны чалавек мае права бесперашкодна прытрымлівацца сваіх меркаванняў".
21 – "Прызнаецца права на мірныя сходы".
Беларусь дэнансавала Факультатыўны пратакол да Пакта (які дазваляе падаваць індывідуальныя звароты супраць Беларусі як дзяржавы-ўдзельніцы Пакта) 8 лютага 2023 года. Аднак названыя паведамленні ад 16 заяўнікаў былі пададзеныя да таго, як дэнансацыя набыла моц, а значыць да Беларусі, як падкрэсліў Камітэт па правах чалавека, працягвае ўжывацца Факультатыўны пратакол.
Камітэт па правах чалавека аб'яднаў 16 індывідуальных зваротаў у адну справу (спасылаючыся на тое, што яны падобныя паміж сабой) для разгляду і прыняцця па іх сумеснага рашэння.
Фактычныя абставіны справы Камітэт па правах чалавека апісаў наступным чынам:
"У перыяд 2020-2021 гадоў, пасля праведзеных у 2020 годзе прэзідэнцкіх выбараў у дзяржаве-ўдзельніцы, аўтары зазналі санкцыі за вывешванне бела-чырвона-белых сцягоў, стужак, ручнікоў, фіранак або налепак на вокнах сваіх дамоў і на аўтамабілях. Па словах аўтараў, спалучэнне бела-чырвона-белых колераў сімвалізуе апазіцыю цяперашняму рэжыму і ўяўляе сабой колеры афіцыйнага сцяга, які выкарыстоўваўся ў дзяржаве-ўдзельніцы да прыходу да ўлады ў 1995 годзе цяперашняга прэзідэнта. [...] Усе аўтары былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці паводле артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за парушэнне вызначанага парадку правядзення масавых мерапрыемстваў і пікетавання. [...] Усе аўтары былі асуджаныя да выплаты розных адміністрацыйных штрафаў. Аўтары беспаспяхова абскардзілі рашэнні судоў першай інстанцыі ў апеляцыйных судах".
Усе аўтары сцвярджаюць, што дзяржава-ўдзельніца парушыла іх правы, прадугледжаныя артыкулам 19 Пакта. 11 аўтараў з 16 таксама сцвярджаюць, што дзяржава-ўдзельніца парушыла іх правы, прадугледжаныя артыкулам 14 Пакта, паколькі нацыянальныя суды не з'яўляюцца кампетэнтнымі, бо прынялі рашэнні, якія супярэчаць абавязальніцтвам дзяржавы-ўдзельніцы згодна з Пактам. Адна аўтарка таксама сцвярджае, што яна была адвольна затрыманая за ажыццяўленне свайго права на свабоднае выказванне меркаванняў у парушэнне яе правоў, прадугледжаных артыкулам 9 Пакта. Нарэшце, два аўтары таксама сцвярджаюць, што дзяржава-ўдзельніца парушыла іх правы, прадугледжаныя артыкулам 21 Пакта.
Камітэт адзначае, што ён выяўляў факт парушэння артыкула 19 Пакта ў аналагічных выпадках у сувязі з тымі ж законамі і практыкай дзяржавы-ўдзельніцы ў межах некалькіх папярэдніх паведамленняў (напрыклад, Нікалайчык ды інш. супраць Беларусі; Грык супраць Беларусі; Луцковіч супраць Беларусі.
"Камітэт хацеў бы атрымаць ад дзяржавы-ўдзельніцы цягам 180 дзён інфармацыю аб захадах, прынятых у мэтах выканання сапраўдных меркаванняў камітэта. Дзяржаве-ўдзельніцы таксама прапануецца апублікаваць сапраўдныя меркаванні ды шырока распаўсюдзіць іх на афіцыйных мовах дзяржавы-ўдзельніцы", – адзначыў Камітэт па правах чалавека.
Таксама Беларусь як дзяржава-ўдзельніца абавязаная забяспечыць аўтарам паведамленняў эфектыўны сродак прававой абароны.
"Гэта патрабуе ад яго прадастаўлення поўнай кампенсацыі асобам, чые правы, замацаваныя ў Пакце, былі парушаныя. Такім чынам, дзяржава-ўдзельніца абавязана прыняць адпаведныя захады для кампенсацыі бягучай сумы штрафаў і любых судовых выдаткаў, панесеных аўтарамі ў сувязі з унутраным разглядам супраць іх. Дзяржава-ўдзельніца таксама абавязана прыняць усе неабходныя захады для прадухілення падобных парушэнняў у будучыні", – гаворыцца ў Меркаванні Камітэта па правах чалавека.
Не ўсе заявы камітэт палічыў прымальнымі. Так, ён не падтрымаў заявы аб парушэнні 9, 14 і 21 артыкулаў Пакта.
Адзін з аргументаў камітэта:
"Камітэт прымае да ведама сцвярджэнні аўтаркі паведамлення № 4304/2023 пра тое, што яе права на свабоду сходаў, прадугледжанае артыкулам 21 Пакта, было адвольна абмежавана з нагоды вывешвання бела-чырвона-белага сцяга на акне яе кватэры, што нацыянальныя суды кваліфікавалі як несанкцыянаванае пікетаванне. Камітэт лічыць, што аўтарка не змагла ў дастатковай меры абгрунтаваць факт наяўнасці "сходу" для мэтаў прымальнасці гэтага сцвярджэння, і таму аб'яўляе гэтую частку паведамлення № 4304/2023 непрымальнай у адпаведнасці з артыкулам 2 Факультатыўнага пратаколу".
Камітэт таксама адзначае, што сцвярджэнні аўтаркі аб несправядлівым судовым разглядзе і неабгрунтаваных абмежаваннях яе свабоды выказвання меркаванняў і свабоды сходаў не агучваліся падчас унутранага разбору.
Што тычыцца парушэнняў паводле артыкула 14, то Камітэт палічыў, што аўтары не змаглі ў дастатковай ступені абгрунтаваць свае сцвярджэнні для мэтаў прымальнасці.
Меркаванні Камітэта правоў чалавека і тое, чаму не ўсе заявы былі падтрыманыя, каментуе юрыстка "Вясны" Святлана Галаўнёва:
"Меркаванні КПЧ аб'ядноўвае 16 скаргаў, якія тычацца адміністрацыйнага пераследу за вывешванне бела-чырвона-белых сцягоў, стужак, ручнікоў, фіранак або налепак на вокнах уласных дамоў і на аўтамабілях.
Гэта форма выказвання свайго меркавання, пратэсту, часта выкарыстоўваецца як альтэрнатыва, менш рызыкоўная, выхаду на вулічныя пратэсты. Асабліва калі ўціск вулічных сходаў і маршаў прывялі да немагчымасці людзей збірацца ў групы, досыць вялікія, каб быць разагнаным.
Пазіцыя ўладаў была ў тым, што дэманстраванне чагосьці, падобнага на бела-чырвона-белы сцяг, з'яўляецца пікетаваннем, а, значыць, павінна быць узгоднена з мясцовымі ўладамі згодна з Законам "Аб масавых мерапрыемствах"".
Так, напрыклад, у адной з вытрымак пастановы суда гаворыцца:
"...З мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў правяла масавае мерапрыемства пікетаванне, на правядзенне якога не быў атрыманы адпаведны дазвол Мінгарвыканкама, шляхам размяшчэння на шкле балкона па вул. [...] сцяга бела-чырвона-белай расфарбоўкі для дэманстрацыі грамадзянам, што было выяўлена падчас візуальнага агляду".
"Пры гэтым, мясцовыя ўлады на запыты грамадзян аб правядзенні пікетавання на балконе кватэры адказвалі, што кватэра не з'яўляецца грамадскім месцам, — працягвае Святлана Галаўнёва. — Тое ж можна прасачыць і ў логіцы прэамбулы Закона "Аб масавых мерапрыемствах", згодна з якой яго дзеянне распаўсюджваецца на вуліцы, плошчы ды іншыя грамадскія месцы.
Гэта значыць дзяржава адначасова патрабавала ўзгадніць сцяг на акне як "масавае мерапрыемства" і забараняла яго ўзгадняць, бо месца — не грамадскае.
Камітэт па правах чалавека прызнаў, што адміністрацыйны пераслед заяўнікаў:іц з'яўляецца парушэннем іх права на свабоднае выказванне меркавання (ч. 2 арт. 19 МПГПП). Вывешванне сцяга — гэта форма выказвання палітычнага меркавання і таму, як выказванне любога меркавання, можа быць абмежаванае толькі пры ўмове захавання нормаў МПГПП.
Парушэнне іншых правоў, заяўленых у скаргах, не прызнаў. Але тое, што КПЧ не прызнаў парушэнне гэтых правоў не абавязкова значыць, што парушэнняў не было".
Святлана Галаўнёва таксама звяртае ўвагу, на якія яшчэ парушэнні правоў чалавека спасылаліся заяўнікі:цы:
Права не зазнаваць адвольнае затрыманне (арт. 9 МПГПП)
КПЧ прызнаў спасылку на гэтае парушэнне непрымальнай. Заяўнікі:цы ў нацыянальных інстанцыях не спасылаліся на гэтую норму і таму фармальна КПЧ не мог ацэньваць парушэнне права.
Права на справядлівае судовае разбіральніцтва (арт. 14 МПГПП)
Права на мірныя сходы (арт. 21 МПГПП)
КПЧ заявіў аб недастатковым абгрунтаванні гэтых парушэнняў. Скаргі павінны былі падрабязна апісваць, як менавіта былі парушаныя працэдуры суда або чаму вывешванне сцяга з'яўлялася мірным сходам.
)
)
)
)
)