Шасцёра новых «хросных» з Германіі для палітвязняў Беларусі

14 December 2025, 11:00 AM
Шасцёра новых «хросных» з Германіі для палітвязняў Беларусі

У межах кампаніі #WeStandBYyou Робін Вагенер ("Саюз 90/Зялёныя"), Парса Марві ("Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі"), Клаўдзія Мюлер ("Саюз 90/Зялёныя"), Енс Пайк ("Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі"), Фраўке Хайлігенштадт ("Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі") і Каралін Вагнер ("Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі) сталі "хроснымі" Вікторыі Кульшы, Аляксандра Шабаліна, Віялеты Вярбіцкай, Ірыны Саўрыцкай, Дзмітрыя Шалака, Ірыны Кішкурны ды Ганны Папай.

Вікторыя Кульша — юрыстка па адукацыі. Да свайго арышту ў лістападзе 2020 года яна працавала ў сферы аховы працы і была адміністратаркай Telegram-канала "Водители 97%". Першапачаткова ёй было прад'яўленае абвінавачванне за "заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы" (арт.361 КК РБ), але пазней яго перакваліфікавалі на "арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (арт. 342 КК РБ). 4 чэрвеня 2021 года Вікторыя была асуджаная да двух з паловай гадоў турэмнага зняволення, тэрмін якога ўжо тройчы падаўжаўся на адзін год, кожны раз за "дрэнныя паводзіны". Перад заканчэннем тэрміну пакарання ёй было выстаўленае новае абвінавачванне, гэтым разам за "непадпарадкаванне", і ў чэрвені 2025 года яна была асуджаная яшчэ да аднаго года турэмнага зняволення. На гэты момант яна ўжо правяла каля пяці гадоў у беларускіх турмах у жахлівых умовах. Вікторыя Кульша, якая ўжо перанесла два сардэчныя прыступы і некалькі разоў абвяшчала галадоўку, знаходзячыся пад вартай, працягвае зазнаваць пагрозы, прыніжэнні ды збіванне з боку супрацоўнікаў беларускіх турмаў.

Робін Вагенер — дэпутат нямецкага парламента ад партыі "Саюз 90/Зялёныя". Ён ужо некалькі разоў станавіўся "хросным" — на гэты раз ён будзе "хросным" Вікторыі Кульшы. Ён рэзка крытыкуе сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі ды адзначае смеласць Вікторыі:

"Я патрабую неадкладнага вызвалення Вікторыі Кульшы. Яна сядзіць у беларускіх турмах ужо больш за пяць гадоў, нягледзячы на сваю невінаватасць. Яна зазнае жорсткія катаванні, яе турэмны тэрмін некалькі разоў адвольна падаўжаўся, і яна абвяшчала галадоўку. У 2020 годзе Вікторыя мела смеласць арганізаваць акцыі пратэсту супраць фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. Яна мела смеласць правесці кампанію за спыненне дыктатуры Лукашэнкі. Свабода выказвання меркаванняў — гэта не злачынства, а права чалавека. Беларускі рэжым пазбавіў яе волі. Вікторыя — адна з больш чым 1 000 палітвязняў у Беларусі. Усе яны мусяць быць неадкладна вызваленыя".


Аляксандр Шабалін — бацька чацвярых непаўналетніх дзяцей. Да свайго турэмнага зняволення рэжымам Лукашэнкі ён працаваў таксістам і падтрымліваў кандыдатку ў прэзідэнты Святлану Ціханоўскую ў Гомелі вясной 2020 года, у складзе яе ініцыятыўнай групы. Пасля, 7 чэрвеня 2020 года, ён быў арыштаваны, абвінавачаны ў "арганізацыі масавых беспарадкаў" (арт. 293 КК РБ) і "захопе будынкаў" (арт. 292 КК РБ) ды асуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі № 17.

Парса Марві — дэпутат нямецкага парламента ад "Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі". Ён стаў "хросным" палітвязня Аляксандра Шабаліна. Вось, што дэпутат сказаў пра свой удзел у акцыі #WeStandBYyou:

"Аляксандр Шабалін знаходзіцца ў турме, бо ён мужна адстойваў дэмакратыю ў Беларусі. Ён працаваў у перадвыбарчым штабе Святланы Ціханоўскай і збіраў подпісы, за што быў арыштаваны і асуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі нібыта за "арганізацыю масавых беспарадкаў" і "захоп будынкаў". Аляксандр — бацька чацвярых дзяцей, якім цяпер даводзіцца спраўляцца без бацькі. Падтрымліваючы Аляксандра, я хачу паказаць, што ён не застаўся адзін. Яго мужнасць заслугоўвае прызнання, а яго турэмнае зняволенне несправядлівае. Мы не мусім адводзіць позірк, калі людзей караюць за іх прыхільнасць свабодзе і дэмакратыі. Я заклікаю да неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі, асабліва Аляксандра Шабаліна, і заклікаю міжнародную супольнасць не кідаць яго і ягоную сям'ю".


24-гадовая Віялета Вярбіцкая была арыштаваная 22 лютага 2024 года. Яе абвінавацілі ў распальванні нянавісці (арт. 130 КК РБ). 21 лістапада 2024 года яна была асуджаная да пяці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ў Гомелі пасля разгляду яе справы суддзём Міхаілам Макарэвічам з 13 па 21 лістапада 2024 года. Акрамя таго, яна была ўключана ў спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, а таксама ў спіс грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. Таму ёй не дазваляецца атрымліваць грашовыя сродкі на працягу ўсяго тэрміну яе турэмнага зняволення. 7 сакавіка 2025 года яе 59-гадовая маці Ірына Саўрыцкая таксама была ўключана ў спіс грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. Ірына была арыштаваная 22 лютага 2024 года разам са сваёй дачкой Віялетай. Яе справу разглядаў Міхаіл Макарэвіч з 13 па 21 лістапада 2024 года, пасля чаго яна была асуджаная да пяці гадоў пазбаўлення волі ў той жа папраўчай калоніі, што і яе дачка. Яе справа таксама была ўзбуджаная па артыкуле 130 КК РБ — "распальванне варожасці". Яе муж і бацька Віялеты, Генадзь Саўрыцкі, атрымаў свой прысуд у той жа дзень.

Клаўдзія Мюлер — сябра парламента Германіі ад партыі "Саюз 90/Зялёныя". Яе пазіцыя ў дачыненні да парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі ясная:

"Я патрабую неадкладнага вызвалення Віялеты Вярбіцкай і яе маці Ірыны Саўрыцкай! Як і бацька Віялеты — Генадзь, абедзве жанчыны былі асуджаныя да пяці гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў "распальванні нянавісці". Іх так званае злачынства: летам 2020 года яны запісалі відэа, у якім заклікалі спыніць гвалт. Іх прысуд дэманструе, наколькі заганны рэжым, які кіруе ў Беларусі. Людзей саджаюць у турму за тое, што яны выступаюць за свабодныя выбары і свабоду выказвання меркаванняў. Таму я заклікаю дыктатара Аляксандра Лукашэнку, нарэшце, сысці ў адстаўку, вызваліць усіх палітвязняў і тым самым пракласці шлях для дэмакратыі ў Беларусі".


Дзмітрый Шалак быў арыштаваны 8 снежня 2023 года і асуджаны Таццянай Хрыпач да 3,5 гадоў пазбаўлення волі пасля таго, як суддзя наваполацкага суда Віталь Лапко разглядаў ягоную справу 1 і 7 жніўня 2024 года. Яго асудзілі на падставе таго, што ён абразіў Лукашэнку і дзяржаўнага служачага (арт. 368 і 369 КК РБ адпаведна). Яго прысуд таксама прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 8 000 беларускіх рублёў (каля 2 000 еўра). Цяпер Дзмітрый адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 22 у Івацэвічах.

Енс Пайк — сябра нямецкага парламента ад "Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі". Таксама ён з'яўляецца сябрам прафсаюза, палітыкам і музыкам (Енс грае на гітары ў блюз-рок-гурце). Палітык тлумачыць сваё рашэнне:

"Мірныя дэманстрацыі, уцягнутасць у грамадзянскую супольнасць і проста свабоднае выказванне свайго меркавання могуць пагражаць вам рызыкай турэмнага зняволення. Менавіта гэта і здарылася з Дзмітрыем Шалаком, барабаншчыкам групы Paranoia Dolls. Я сам граю на гітары і таму ведаю, наколькі цесна музыка, культура і мастацтва звязаныя са свабодай самавыяўлення. Таму нядзіўна, што мастакі атрымліваюць асабліва суровыя прысуды — рэжым імкнецца здушыць свабоду мыслення і аслабіць сацыяльную згуртаванасць. Калі музыкаў і мастакоў саджаюць у турму, мастацтва ператвараецца ў супраціў, а людзі мастацтва становяцца палітычнымі зняволенымі. Таму я заклікаю беларускі ўрад вызваліць Дзмітрыя Шалака і ўсіх іншых палітычных зняволеных".


Ірыне Кішкурне 63 гады, і яна доўга працавала бібліятэкаркай. На момант калі яна была арыштаваная 31 кастрычніка 2024 года, яна змяніла прафесію і працавала ў сістэме гарадскіх камунальных прадпрыемстваў Мінгарвыканкама. Прычынай яе арышту быў яе меркаваны ўдзел у так званым "дваровым чаце". 20 жніўня 2025 года яна была асуджаная да двух гадоў пазбаўлення волі за стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у такім фармаванні (арт. 361-1 КК РБ). Ад таго часу сябры і родныя адвярнуліся ад яе, а яе здароўе працягвае пагаршацца праз цяжкія ўмовы ўтрымання ў турме.

Фраўке Хайлігенштадт раней займала пасаду міністаркі культуры нямецкай зямлі Ніжняя Саксонія. З 2021 года яна з'яўляецца сябрай нямецкага парламента ад "Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі". Яна стала "хроснай" Ірыны Кішкурны і заявіла:

"Як сябра парламента Германіі, я стала "хроснай" Ірыны Кішкурны, якая ў цяперашні час з'яўляецца палітзняволенай у Беларусі. Я патрабую яе неадкладнага вызвалення і прадастаўлення ёй доступу як да юрыдычнай, так і да медычнай дапамогі. Разам з #WeStandBYyou я выказваю салідарнасць з усімі тымі, хто быў несправядліва заключаны ў турму".


Ганне Папай 45 гадоў, яна маці дваіх дзяцей. Да свайго арышту 9 лістапада 2024 года яна працавала ў банку. Ганна была асуджаная да 2,5 гадоў пазбаўлення волі за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях (арт. 342 КК РБ), заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361 КК РБ), і распальванне варожасці (арт. 130 КК РБ). Яна таксама была ўключана ў спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, а 13 чэрвеня 2025 года была дадаткова ўключана ў спіс грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. Таму ёй забаронена атрымліваць грашовыя сродкі на працягу ўсяго тэрміну яе зняволення. Цяпер яна адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 4 У Гомелі.

Каралін Вагнер — сябра нямецкага парламента ад "Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны". Акрамя таго, яна актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці рабочай групы жанчын-сацыял-дэмакратак. Яна тлумачыць, чаму вырашыла стаць "хроснай":

"Турэмнае зняволенне, рэпрэсіі і катаванні. Немагчымасць свабодна падаць скаргу і амаль ніякіх паведамленняў, якія даходзяць да сем'яў зняволеных. Беларусь — краіна, якая пяць гадоў таму жыла марай аб свабодзе — сёння нясе на сабе пячатку страху і дэпрэсіі. Аднак Беларусь таксама з'яўляецца радзімай адважных грамадзян і грамадзянак, якія, нягледзячы на значныя пагрозы правам чалавека, свабодзе і дэмакратыі, не баяцца выказвацца, такіх людзей, як Ганна Папай: маладая, смелая жанчына, якая да свайго арышту 9 лістапада 2024 года працавала ў банку, і якая, як і я, выхоўвала двух дзяцей. Яна рабіла ахвяраванні анлайн і пакідала каментары, і так яна змагалася за свае фундаментальныя правы. Яе незаконны арышт, суровы прысуд да двух гадоў і шасці месяцаў, а таксама прызнанне яе "экстрэмісткай", з'яўляюцца відавочнымі парушэннямі правоў чалавека. Стаўшы яе "хроснай", я выказваю салідарнасць з Ганнай Папай. Беларусь павінна гарантаваць вызваленне гэтай смелай жанчыны і ўсіх астатніх зняволеных, хто апынуўся ў турме несправядліва! Мае думкі з Ганнай Папай, яе сваякамі ды многімі іншымі, хто пакутуе ад рэпрэсіўнага рэжыму ў Беларусі".

Пераклад на беларускую мову - сайт "Вясны"

Share

See more news

Даследаванне Алега Мацкевіча. Што такое турэмнае харчаванне ў Беларусі?
06 January 2026, 10:20 AM
Даследаванне Алега Мацкевіча. Што такое турэмнае харчаванне ў Беларусі?
Праваабаронца "Вясны" Алег Мацкевіч на падставе сведчанняў былых палітзняволеных з розных калоній Беларусі правёў даследванне пра турэмнае харчванне.
Агляд «Вясны»: 2107 новых «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у 2025 годзе ў Беларусі
05 January 2026, 11:54 AM
Агляд «Вясны»: 2107 новых «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у 2025 годзе ў Беларусі
«Вясна» падводзіць вынікі года: якія суды сталі найбольш рэпрэсіўнымі і што ўлады называлі «экстрэмізмам».
Human Constanta: Репрессии без границ: транснациональный авторитаризм в цифровую эпоху
04 January 2026, 5:34 PM
Human Constanta: Репрессии без границ: транснациональный авторитаризм в цифровую эпоху
Исследование «Репрессии без границ: транснациональный авторитаризм в цифровую эпоху» раскрывает, как современные авторитарные режимы используют цифровые технологии, чтобы преследовать активистов, журналистов и правозащитников даже после их вынужденного отъезда за границу.
Human Constanta і Dissident.by: Ад вуліц да экранаў: лічбавыя рэпрэсіі ў Беларусі (2020–2025)
04 January 2026, 5:28 PM
Human Constanta і Dissident.by: Ад вуліц да экранаў: лічбавыя рэпрэсіі ў Беларусі (2020–2025)
Гэтая справаздача аналізуе трансфармацыю рэпрэсіўнай палітыкі ў Беларусі пасля 2020 года з фокусам на сістэмны пераслед за анлайн-актыўнасць.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці