Абсерваторыя асуджае прысуд Марфе Рабковай, Андрэю Чапюку і адвольнае затрыманне Насты Лойкі

12 September 2022, 9:09 AM
Абсерваторыя асуджае прысуд Марфе Рабковай, Андрэю Чапюку і адвольнае затрыманне Насты Лойкі

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, супольная праграма Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT) і Міжнароднай федэрацыі па правах чалавека (FIDH), была праінфармаваная пра вынясенне прысуду каардынатарцы Валанцёрскай службы Праваабарончага цэнтра «Вясна» Марыі (Марфе) Рабковай і валанцёру арганізацыі Андрэю Чапюку, а таксама пра адвольнае затрыманне і арышт праваабаронцы Насты Лойкі, піша "Вясна".

6 верасня 2022 года, пасля чатырох з паловай месяцаў закрытых судовых пасяджэнняў, Мінскі гарадскі суд асудзіў Марфу Рабкову і Андрэя Чапюка да 15 і 6 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Восем іншых абвінавачаных у тым жа працэсе таксама былі асуджаны да суровых тэрмінаў турэмнага зняволення. Гэтыя прысуды могуць быць абскарджаны.

У той жа дзень пасля вынясення вердыкту адвольна затрымалі Насту Лойку, якая знаходзілася ў Мінскім гарадскім судзе на абвяшчэнні прысуду. 7 верасня 2022 года яе асудзілі паводле надуманых абвінавачванняў у «дробным хуліганстве» да 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Абсерваторыя нагадвае, што Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк былі адвольна затрыманыя 17 верасня і 2 кастрычніка 2020 года адпаведна ў помсту за іх мірную праваабарончую дзейнасць. З моманту арышту Марфа Рабкова знаходзіцца ў следчым ізалятары № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску, дзе ейнае здароўе значна пагоршылася праз адсутнасць адэкватнай медыцынскай дапамогі.

25 красавіка 2022 года ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся закрыты судовы разгляд па справе Марфы Рабковай, Андрэя Чапюка і васьмі іншых асобаў. Усе падсудныя лжыва абвінавачваліся ў арганізацыі злачынных груп у перыяд з 2016 па 2020 год. Марфе Рабковай выставілі абвінавачванні паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку «арганізацыя масавых беспарадкаў, удзел у іх і навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў да ўдзелу ў іх» (чч. 1–3 арт. 293), «распальванне сацыяльнай варажнечы» (арт. 130) і «ўдзел у злачыннай арганізацыі» (ч. 2 арт. 285). У сваю чаргу, Андрэй Чапюк абвінавачваўся ва «ўдзеле ў масавых беспарадках» (ч. 2 арт. 293 КК) і «ўдзеле ў злачыннай арганізацыі» (ч. 2 арт. 285 таго ж Кодэкса).

Абсерваторыя нагадвае, што ў жніўні 2021 года Насту Лойку ўжо адвольна затрымлівалі на 72 гадзіны ў межах кампаніі супраць «Вясны» і ў кантэксце больш шырокіх рэпрэсій супраць беларускіх праваабаронцаў, журналістаў і арганізацый грамадзянскай супольнасці пасля масавых ператрусаў і затрыманняў, якія пачаліся 14 ліпеня 2021 года.

Акрамя таго, яшчэ пяць сябраў «Вясны» ўжо больш за год адвольна зняволеныя, а менавіта: старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі, сябра Рады «Вясны» і віцэ-прэзідэнт FIDH Валянцін Стэфановіч, юрыст і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч, адвакат гомельскай філіі «Вясны» Леанід Судаленка, валанцёрка Таццяна Ласіца.

Абсерваторыя рашуча асуджае прысуд Марфе Рабковай і Андрэю Чапюку, а таксама адвольнае затрыманне і арышт Насты Лойкі, якія, як відаць, з'яўляюцца помстай за іх мірную і законную праваабарончую дзейнасць.

Абсерваторыя зноў заклікае ўлады Беларусі:

  1. Гарантаваць пры любых акалічнасцях фізічную недатыкальнасць і псіхалагічны дабрабыт Марфы Рабковай, Андрэя Чапюка, Насты Лойкі, а таксама ўсіх сябраў «Вясны» і ўсіх іншых праваабаронцаў у Беларусі.

  2. Адмяніць прысуды Марфе Рабковай, Андрэю Чапюку і Насце Лойцы.

  3. Неадкладна і безумоўна вызваліць Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка і Насту Лойку і пакласці канец усім формам пераследу, у тым ліку на судовым узроўні, супраць іх, сябраў «Вясны» і ўсіх праваабаронцаў у Беларусі, і забяспечыць ім магчымасць бесперашкодна і не асцерагаючыся рэпрэсій ажыццяўляць сваю дзейнасць.

  4. Забяспечыць спрыяльнае прававое, інстытуцыянальнае і адміністрацыйнае асяроддзе, якое эфектыўна гарантуе права на абарону правоў чалавека, права на свабоду асацыяцый і забяспечвае падтрымку праваабаронцаў у Беларусі.

Публікуецца паводле сайту "Вясны"

Share

See more news

«Я ведаю, што значыць быць у выгнанні»: Cпецдакладчык ААН Нільс Муйжніекс — пра Беларусь, рэпрэсіі ды асабісты досвед
10 January 2026, 3:49 PM
«Я ведаю, што значыць быць у выгнанні»: Cпецдакладчык ААН Нільс Муйжніекс — пра Беларусь, рэпрэсіі ды асабісты досвед
Спецдакладчык ААН па Беларусі Нілс Муйжніекс не бачыць прыкметаў змены рэпрэсіўнай палітыкі, нягледзячы на нядаўнія вызваленні палітвязняў.
Агляд «Вясны»: «Нават за мяжой ты застаешся ў полі дасяжнасці дзяржавы». Як у 2025 годзе беларусаў пераследавалі па-за краінай
10 January 2026, 3:27 PM
Агляд «Вясны»: «Нават за мяжой ты застаешся ў полі дасяжнасці дзяржавы». Як у 2025 годзе беларусаў пераследавалі па-за краінай
Міжнародная сетка стратэгічных дзеянняў у галіне бяспекі ISAN адзначала, што Беларусь — у топ-10 краін, што практыкуюць транснацыянальныя рэпрэсіі.
Дакументаванне як форма супраціву забыццю: пра што распавядалі «Вясне» сведкі катаванняў у 2025 годзе
10 January 2026, 3:02 PM
Дакументаванне як форма супраціву забыццю: пра што распавядалі «Вясне» сведкі катаванняў у 2025 годзе
Летась "Вясна" задакументавала 73 гісторыі пацярпелых ад дзеянняў уладаў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці