Карціна Фелікса Нусбаўма "Уцякач". Крыніца: https://wwv.yadvashem.org
20 чэрвеня — Сусветны дзень уцекачоў (Word Refugee Day). Як фармаваліся правы уцекачоў і якія гісторыі тых, хто вымушаны быў пакінуць свой дом? "Вясна" паразмаўляла з праваабаронцай з Human Constanta Энірай Браніцкай, двойчы ўцекачом Севам ды падарожнікам Аляксандрам Гойшыкам.
Як піша ААН, 20 стагоддзе вылучаецца бумам на масавыя перамяшчэнні праз межы тавараў, інфармацыі ды людзей:
"Аднак не ўсе перамяшчэнні насельніцтва ў гэтым стагоддзі былі добраахвотнымі. Сучасная тэхналогія прывяла таксама да распрацоўкі зброі масавага знішчэння. У выніку гвалт стаў самым магутным фактарам, што змушае людзей пакідаць сваю радзіму".
У сувязі з гэтым была прынятая Канвенцыя 1951 года аб статусе ўцекачоў.
"Канвенцыя 1951 года, што была падрыхтаваная паводле рэкамендацыі зноў заснаванай Камісіі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека, стала этапам у справе распрацоўкі нормаў абыходжання з уцекачамі", — піша ААН.
У артыкуле 1 Канвенцыі даецца агульнае вызначэнне тэрміна "ўцякач". Гэты тэрмін распаўсюджваецца на любую асобу, што "ў выніку падзей, якія адбыліся да 1 студзеня 1951 года, і праз цалкам абгрунтаваную боязь стаць ахвярай пераследаў паводле прыкметаў расы, веравызнання, грамадзянства, прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы ці палітычных перакананняў знаходзіцца па-за краінай сваёй грамадзянскай прыналежнасці і не можа карыстацца абаронай гэтай краіны ці не жадае карыстацца такой абаронай з прычыны такіх асцярогаў; або, не маючы пэўнага грамадзянства і знаходзячыся па-за краінай свайго ранейшага звычайнага месцажыхарства ў выніку падобных падзей, не можа або не жадае вярнуцца ў яе з прычыны такой боязі".
Але неўзабаве стала зразумела, што ўцякацтва працягваецца. Таму да Канвенцыі 1951 года быў прыняты Пратакол ад 1967 года, што здымаў "абмежаванне" ў вызначэнні ўцякацтва: "у выніку падзей, якія адбыліся да 1 студзеня 1951 года".
Дарэчы, у 1951 годзе большасць уцекачоў былі еўрапейцамі.
У сваёй рэзалюцыі 319А (IV) ад 3 снежня 1949 года Генеральная Асамблея пастанавіла заснаваць Упраўленне Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па справах уцекачоў. Упраўленне было створанае як дапаможны орган Генеральнай Асамблеі 1 студзеня 1951 года, першапачаткова на трохгадовы перыяд. З тых часоў мандат УВКУ падаўжаўся.
УВКУ закліканы займацца абаронай уцекачоў у розных рэгіёнах свету, а таксама пошукам доўгатэрміновых варыянтаў вырашэння іх праблем.
Але асноўная адказнасць ляжыць на іншых дзяржавах, якія першапачаткова, на жаль, парушаюць правы — пра гэта кажа Эніра Браніцкая, праваабаронца з Human Constanta:
"Гэта значыць адны мусяць не парушаць, а іншыя мусяць, у адпаведнасці з Канвенцыяй, разглядаць гэтыя падставы, паводле якіх уцекачы бягуць з гэтых краін, даваць ім статус уцекача, і ў далейшым абараняць іх правы на сваёй тэрыторыі. Гэта значыць, даючы міжнародную абарону, дзяржава прымае пад сваю абарону гэтага ўцекача. А на УВКУ ляжыць роля маніторынгу таго, як дзейнічаюць іншыя дзяржавы: як даецца гэты статус уцекача, ці даецца ён. Таму, перш за ўсё, у іх такі маніторынгавы статус. Так, яны павінны ўзаемадзейнічаць з дзяржавамі, яны павінны дапамагаць у многіх краінах эканамічна (у іх ёсць фінансавыя праграмы, каб дапамагаць арганізацыям, дзяржавам, спраўляцца з плынямі уцекачоў, калі іх там вельмі шмат), і агулам прасоўваць парадак павагі правоў уцекачоў, прасоўваць інклюзію. Шмат залежыць, вядома, ад канкрэтнага персаналу, які будзе наняты ў той ці іншай краіне.
Агулам, УВКУ знаходзіцца ў краінах па іх запрашэнні, і шмат у чым у тым памеры і характары, на якія пагадзілася краіна. Таму, вядома, часам хочацца, каб УВКУ больш залучалася, больш займала крытычную пазіцыю, было больш бачнае, больш галоснае, але я б сказала, што галоўная адказнасць на дзяржаве, і таму мае галоўныя прэтэнзіі як праваабаронцы ўсё адно будуць да дзяржавы, а не да УВКУ".
Таксама была прынятая Дэкларацыя Арганізацыі Аб'яднаных Нацый ад 1967 года аб тэрытарыяльным прытулку: у ёй Генеральнай Асамблеяй Арганізацыі Аб'яднаных Нацый вызначаецца шэраг асноватворных прынцыпаў, што тычацца тэрытарыяльнага прытулку.
У Дэкларацыі гаворыцца, што прадастаўленне тэрытарыяльнага прытулку "з'яўляецца мірным і гуманным актам і таму не можа разглядацца ніякай іншай дзяржавай як непрыязны акт".
У ёй таксама замацоўваецца асноўны гуманітарны прынцып забароны прымусовага вяртання і робіцца спасылка на артыкулы 13 і 14 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, у якіх прадугледжваецца, адпаведна, права пакідаць любую краіну і вяртацца ў сваю краіну і права шукаць прытулак і карыстацца гэтым прытулкам.
Прынцып забароны прымусовага вяртання замацаваны і ў артыкуле 33 Канвенцыі 1951 года і атрымаў далейшае развіццё ў артыкуле 3 Канвенцыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый супраць катаванняў ды іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжальных годнасць відаў абыходжання і пакарання, у якім прадугледжваецца:
"Ніводная дзяржава-удзельніца не павінна высылаць, вяртаць (rеfоulеr) або выдаваць якую-небудзь асобу іншай дзяржаве, калі існуюць сур'ёзныя падставы меркаваць, што ёй можа пагражаць там ужыванне катаванняў". Акрамя таго, "для вызначэння наяўнасці такіх падстаў кампетэнтныя ўлады прымаюць пад увагу ўсе абставіны, якія адносяцца да справы, уключна, у адпаведных выпадках, з існаваннем ў дадзенай дзяржаве пастаяннай практыкі грубых, абуральных і масавых парушэнняў правоў чалавека".
З 1980 года Генеральная Асамблея Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і Камісія па правах чалавека засяродзілі сваю ўвагу на шляхах прадухілення масавага сыходу. Гэтыя два органы ў тым ліку прызначылі Спецыяльнага дакладчыка па вывучэнні пытання аб правах чалавека і масавым сыходзе. Той прадставіў сваё даследаванне камісіі па правах чалавека на яе трыццаць восьмай сесіі ў 1982 годзе:
"Абсалютна ясна, што, калі не будуць знойдзеныя шляхі процідзеяння адмовы ў правах чалавека або прамым парушэння гэтых правоў, калі не будзе дасягнута больш справядлівага размеркавання сусветных рэсурсаў, большай стрыманасці і памяркоўнасці, прадастаўлення кожнаму, незалежна ад расы, рэлігіі, сяброўства ў якой-небудзь сацыяльнай групе або палітычнай партыі, права быць часткай грамадства або ў арганізаваным парадку ўваходзіць у гэтае грамадства ў пошуках працы, здавальняючых жыццёвых умоў і свабоды ад варожасці, свет будзе працягваць стаяць перад праблемай масавага сыходу", — распавёў Спецдакладчык у сваім дакладзе.
"Існуе відавочная ўзаемасувязь паміж праблемай уцекачоў і пытаннем правоў чалавека", — адзначаў пазней ААН.
Існуюць і рэгіянальныя дакументы, якія рэгулююць пытанні і правы, звязаныя з уцякацтвам.
Афрыка: 10 верасня 1969 года арганізацыя афрыканскага адзінства прыняла Канвенцыю Арганізацыі Афрыканскага Адзінства (ААА) , якая рэгулюе спецыфічныя аспекты праблем уцекачоў у Афрыцы.
Лацінская Амерыка: у 80-я гады ўспышка грамадзянскіх канфліктаў у Цэнтральнай Амерыцы прывяла да масавага сыходу амаль 1 млн. чалавек. У 1984 годзе гэтыя "прымаючыя" краіны прынялі Картахенскую дэкларацыю аб уцекачах.
Еўропа: Рада Еўропы прыняла некалькі дакументаў па пытаннях уцекачоў. Да некаторых найбольш важных з іх адносяцца:
Еўрапейскае пагадненне аб адмене віз для бежанцаў (ад 1959 года);
рэзалюцыя 14 (1967) аб прадастаўленні прытулку асобам, што знаходзяцца пад пагрозай пераследаў;
Еўрапейскае пагадненне аб перадачы адказнасці ў дачыненні да ўцекачоў (ад 1980 года);
рэкамендацыя аб узгадненні нацыянальных працэдур, што тычацца прадастаўлення прытулку (ад 1981 года);
рэкамендацыя аб абароне асоб, якія адпавядаюць крытэрам Жэнеўскай канвенцыі і афіцыйна не з'яўляюцца ўцекачамі (ад 1984 года);
Дублінская канвенцыя (1990), у якой вызначаюцца крытэрыі, якая дзяржава-чалец нясе адказнасць за разгляд просьбы аб прадастаўленні прытулку, калі заяўнік падаў заяву аб прадастаўленні прытулку аднаму або некалькім дзяржавам-чальцам Супольнасці.
Гісторыі пра тое, як людзі становяцца ўцекачамі, розныя. З Беларусі ў сувязі з падзеямі 2020 года, паводле некаторых падлікаў, выехала некалькі сотняў тысяч чалавек. Аднак беглі людзі з Беларусі яшчэ задоўга да 2020 года. Вось гісторыя Севы, што стаў бежанцам у 2015 годзе.
"У Беларусі я быў калісьці даўно ў "Маладым фронце", потым працаваў менеджарам на АГП (Аб'яднаная грамадзянская партыя), з'яўляўся яе сябрам.
Аднойчы я прыйшоў па позве ў вайскамат, а там мяне чакаў КДБшнік, які прапанаваў мне супрацоўніцтва ў абмен на вырашэнне пытання з войскам. Я адмовіўся і сказаў, што калі мяне прызавуць у войска, то я буду судзіцца з вайскаматам да страты пульсу, як мінімум у мяне зрок мінус сем на двух вачах, мне ў войска не належыць ісці па вызначэнні. Тады мне сказалі: "Ну паглядзім, я бачу ты моцна разумны", і потым мне прыйшло паведамленне аб тым, што мне вайсковы камісар забараніў выязджаць за мяжу. Я пайшоў у вайскамат, а там мне сказалі: "Ваша справа перададзеная ў пракуратуру, будзе ўзбуджаная крымінальная справа па факце ўхілення, з вамі звяжацца ўчастковы. Вось, пачакайце ў кабінеце". А потым прыйшоў той жа КДБшнік і сказаў: "Ну як, зразумеў прынцып працы? Падпісвай, або паедзеш на два гады".
Я не падпісаў, паехаў да адваката, той мне параіў не спакушаць лёс. Я вярнуўся дадому, сабраў заплечнік і ўвечары праз Расію выехаў ва Украіну".
Ва Украіне Сева атрымаў статус уцекача. А калі пачалася поўнамаштабная вайна, ён вымушаны быў бегчы ў Польшчу. Там ён атрымаў таксама статус уцекача. У выніку Сева — двойчы ўцякач.
"Па дому, у сэнсе па Беларусі, я не сумую, там і так было мала добрага, а цяпер дык увогуле нічога не засталося, — падзяліўся Сева. — Я сумую па Украіне, па краіне, якая мне ўсё дала. І ў прынцыпе, я сябе ад Украіны не аддзяляю, гэта мая пясочніца".
Ёсць уцекачы, якія спрабуюць атрымаць міжнародную абарону ў Беларусі.
"Пасля 2021 года (і раней не зусім ідэальна прымаліся або разглядаліся заявы на міжнародную абарону ў Беларусі) мы фіксавалі больш выпадкаў дастаткова такога адвольнага разгляду або непрымання гэтых заяў, — распавядае праваабаронца Эніра Браніцкая. — Напрыклад, мы бачылі, што пэўным грамадзянам пэўных краін міграцыйныя органы проста казалі: "Можаце нават не прыходзіць сюды, мы не будзем прымаць ад вас заявы". То бок, гэта тыповая дыскрымінацыя па этнічнай прыкмеце. Так было, напрыклад, з грамадзянамі Кубы — проста ў іх не прымалі заявы. Перыядычна былі грамадзяне Ірана, Ірака, Сірыі, у якіх не прымалі — там было дастаткова адвольна".
А ёсць уцекачы і ў іншых краінах і кантынентах. Шмат такіх гісторый на сваім шляху сустрэў Аляксандр Гойшык, падарожнік з Салігорска, вулічны артыст і блогер, што наведаў за сваё жыццё 95 краін. Але больш за ўсё яго закранула гісторыя венесуэльскіх уцекачоў.
"Гэта разам — і палітычная, і эканамічная міграцыя, таму што краіна фактычна разбураная, краіна, што была самай заможнай краінай усяго кантынента, якая была лацінаамерыканскім Монтэ-Карла, ператварылася проста ў галечу, дзе пастаянныя перабоі са святлом, з вадой, з прадуктамі, дзе поўнае бяспраўе, — распавядае Аляксандр Гойшык. — Краіна, якая мае самыя вялікія ў свеце паклады нафты, але пры гэтым з'яўляецца настолькі беднай...
Гэта ведаеце як: дайце камуністам пустыню Сахару — і там пачнуцца перабоі з пяском, або дайце лукашыстам Беларусь — і там будуць праблемы з бульбай. То бок, гэта прыклад таго, як можна фенаменальна прафукаць увесь той патэнцыял, які быў. І людзі спрабавалі пратэставаць неаднаразова, і вельмі жорсткія пратэсты — дзясяткі тысяч людзей проста зніклі, нават казалі пра такі неафіцыйны бізнес тамтэйшых губазікаў і тамтэйшых спецслужбаў аб гандлі органамі людзей. Людзі знікалі, розныя палітычныя актывісты, і пасля, нібыта, яны траплялі ў такую схему — і поўнае, абсалютнае бяспраўе, і там мясцовыя цітушкі, якія проста робяць усё, што захочуць.
Таму вельмі шмат людзей адтуль уцяклі — і я з імі перасякаўся даволі часта: я спыняўся ў такіх уцекачоў з Венесуэлы ў Калумбіі, у Перу, у Аргенціне. Хлопец, напрыклад, які прымаў мяне па каўчсёрфінгу ў Куска — галоўным гістарычным горадзе Перу — ён адразу мне напісаў: "Што ты думаеш пра Лукашэнку?" І я сказаў, што ненавіджу гэтую сістэму, таму што гэта таксама вялікія сябры Чавеса былі, і я ездзіў у Венесуэлу паглядзець сумную будучыню Беларусі. І ён адразу ж, літаральна праз некалькі секунд, мне напісаў: "Я запрашаю цябе, я буду вельмі чакаць, будзе вельмі прыемна з табой пазнаёміцца". І апынуўся ён вельмі палітычна-актыўным хлопцам, які шмат слухаў незалежных венесуэльскіх сродкаў масавай інфармацыі, якія таксама, як і беларускія, з замежжа дзейнічаюць".
У В'етнаме, у Сайгоне, у сталіцы Паўднёвага В'етнама, які быў пад пратэктаратам Злучаных Штатаў, які ў выніку паў пад націскам камуністычных войскаў пры падтрымцы Савецкага Саюза з паўночнага Кітая, Аляксандр таксама сустрэўся з гісторыямі ўцякацтва.
"Непадалёк ад Сайгона былі пабудаваныя тунэлі, і гэта быў адзін са спосабаў камуністычнай партызанкі супраць, як яны казалі "амерыканцаў", але і прадэмакратычнага ўрада Паўднёвага В'етнама. І падчас наведвання такога месца я далучыўся да невялікай групы турыстаў. Аказалася, што з іх адзін мужчына — уцякач, які гадоў 30-40 таму збег з Чылі, калі да ўлады прыйшла праамерыканская ваенная хунта Піначэта. І калі яны толькі прыйшлі да ўлады, гэты чалавек адразу трапіў, як ненадзейны элемент, у турму, у яго выбітае вока, ён прайшоў праз катаванні ад праамерыканскага рэжыму.
Яшчэ адзін хлопец, які быў у той жа групе — з Канады, але яго бацькі і ўся радня прыехалі з Ірана, калі там прайшла іранская ісламская рэвалюцыя. Яго сваяк удзельнічаў у пратэстах супраць іранскай рэвалюцыі, ён супрацоўнічаў з рэжымам Шаха Пехлеві, які быў значна больш дэмакратычны і адкрыты свету. Таму яго сям'і пагражала небяспека — і яны ўсё ўцяклі. Ён ніколі не быў у Іране, але лічыць сябе іранцам і яго родная мова ўсё адно фарсі, хоць ён нарадзіўся і вырас у Канадзе. І вось мы зрабілі сумнае фота: трыа бежанцаў — беларус, чыліец ды іранец у В'етнаме, камуністычнай дыктатуры".