Праваабарончая арганізацыя Беларускі ПЭН-цэнтр публікуе аналітычны агляд сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
У перыяд 15-31 студзеня 2022 года стала вядома пра новыя крымінальныя справы ў адносінах да 4 дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў. Працягнулася практыка асуджэння адразу на некалькі тэрмінаў адміністрацыйных арыштаў запар.
Міністр культуры Анатоль Маркевіч публічна пацвердзіў, што масавыя звальненні ў сферы культуры – вынік палітычнага пераследу, і агучыў лічбу звольненых па ідэалагічных прычынах за 2021 год – 300 чалавек.
Працягнуўся пераслед грамадскіх арганізацый, якія займаюцца культурніцкай дзейнасцю, і адміністрацыйны пераслед за нацыянальную сімволіку.
I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў адносінах дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 18 студзеня стала вядома, што з краязнаўцы з Баранавічаў Уладзіміра Гундара знялі абвінавачанне паводле арт. 289 частка 2 “Акт тэрарызму”, але выставілі новыя. Інга Стромская, дачка Уладзіміра Гундара, напісала ў Facebook, што атрымала ад бацькі ліст. “З ліста мы даведаліся, што арт. 289 частка 2 з таты знялі за адсутнасцю доказаў. Хацелася б радавацца, але яны так проста не прызнаюць сваёй няправаты. Таму тату 29.12.2022 былі выстаўленыя новыя абвінавачванні паводле арт. 285 ч. 1 і арт. 357 ч. 2“. З’явіліся новыя абвінавачванні – арт. 285 ч. 1. Артыкул 285 (Дзейнасць па стварэнні злачыннай арганізацыі або кіраўніцтва злачыннай арганізацыяй або структурнымі падраздзяленнямі, якія ўваходзяць у яе) і арт. 357 ч. 2. 1. (Змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу або ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).
2. 19 студзеня распачатая крымінальная справа ў адносінах журналіста і пісьменніка Севярына Квяткоўскага. 19 студзеня Севярына Квяткоўскага затрымалі ў Мінску пасля вяртання з-за мяжы. Прычынай затрымання стаў відэаролік, размешчаны ў Facebook. Для следчых дзеянняў пісьменніка адвезлі ў Пінск. Трое сутак Севярын Квяткоўскі знаходзіўся ў пінскім ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ).
3. 22 студзеня стала вядома, што музыкаў Надзею Калач і Юлію Марчанка з гурта фэнтэзі-фолк гурта Irdorath, асуджаных на 2 і 1,5 года калоніі, этапавалі ў Гомель у СІЗА №3. У 2020 годзе музыкі ўдзельнічалі ў мірных маршах пратэсту, іх затрымалі 2 жніўня 2021 года, падчас суда прызналі вінаватымі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса), і навучанні або іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў такіх дзеяннях, фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні такой дзейнасці (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Музыкі гурта Irdorath Уладзімір Калач, Антон Шніп, Пятро Марчанка пакуль застаюцца ў СІЗА №1 на Валадарскага.
4. 22 студзеня ў Маскве затрымалі Дзяніса Зорына – аўтара кнігі “72 часа”, прысвечанай палітычным рэпрэсіям у Беларусі. Пасля допыту Дзяніса Зорына адпусцілі. Дзяніс Зорын – грамадзянін Расіі, які мае часовы від на жыхарства, жыў ў Верхнядзвінску. У Беларусі Дзяніса Зорына затрымлівалі на трое сутак 29 снежня 2020 года ў межах крымінальнай справы па арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады ці яго блізкіх у сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, здзейсненае ў публічным выступе) за пост у сацсетках пра супрацоўнікаў міліцыі.
5. 24 студзеня ў Мінску ў судзе Савецкага раёна пачаўся судовы працэс над Аляксандрам Васілевічам – сузаснавальнікам выданняў kyky.org і “The Village Беларусь”, уладальнікам агенцтва “Vondel/Hepta” і “Галерэі Ў”. Суд адбываўся ў закрытым рэжыме. Аляксандр Васілевіч арыштаваны 26 жніўня 2020 года, яго абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Беларусі (“Ухіленьне ад выплаты падаткаў, збораў”). За кратамі Аляксандр Васілевіч напісаў кнігу казак для дачкі Адэлі “Папа и пингвин”.
6. 24 студзеня палітык і аўтар нон-фікшн кнігі “108 дзён і начэй у засценках КДБ” Анатоль Лябедзька паведаміў, што ў адносінах да яго распачалі крымінальную справу: “Маю жонку выклікаюць у РАУС Маскоўскага раёна Менска. У якасці сведкі па крымінальнай справе, распачатай у адносінах да мяне. Які артыкул? Пакуль не ведаю, але мяркую, што яна можа быць такой жа як у блогераў Пятрухіна, Спірына ці ў палітыкаў Севярынца, Статкевіча“.
7. 25 студзеня Вярхоўны суд не задаволіў апеляцыйную скаргу на прысуд зняволенага Міколы Дзядка – аўтара кнігі “Фарбы паралельнага сусвету”, блогера, журналіста газеты “Новы час”, актывіста анархічнага руху. 10 лістапада 2021 года ў Мінскім гарадскім судзе па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 342, арт. 361, арт. 295-3 Мікалая Дзядка асудзілі да пяці гадоў калоніі. Вярхоўны суд пакінуў прысуд без зменаў.
8. 26 студзеня стала вядома, што ў адносінах да публіцысткі і актывісткі Алены Гнаўк распачалі дзве новыя крымінальныя справы – па ч.2 арт. 367 КК РБ (“паклёп на прэзідэнта РБ”) і артыкул 369 (“абраза прадстаўніка ўлады”). Пра гэта паведаміла ў Facebook дачка Алены Гнаўк: “Яна будзе пад вартай да суда. Яшчэ наступны тыдзень яна будзе знаходзіцца ў ІЧУ Пружан. Далей яе перавядуць у СІЗА Баранавічы”. 26 студзеня Алена Гнаўк павінна была выйсці з ІЧУ Пружанаў пасля 15 сутак арышту, але гэтага не адбылося. У траўні 2021 года Алену Гнаўк асудзілі на два гады “хатняй хіміі” паводле “карагоднай справы” ў Брэсце, а потым дадалі два гады за абразу Лукашэнкі ў зале суда. Сумарна ёй прысудзілі тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.
9. 27 студзеня ў Мінску затрымалі былую акторку Слонімскага драматычнага тэатра Веру Цвікевіч, якая з’яўляецца грамадзянкай Расеі, але мае від на жыхарства ў Беларусі. 25 жніўня 2020 года фотаздымак Веры Цвікевіч, зроблены падчас мірных пратэстаў у Мінску, трапіў на першую паласу “Камсамольскай праўды”. У адносінах Веры Цвікевіч распачалі крымінальную справу па артыкуле “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўны ўдзел у ім”. Вера Цвікевіч з 2015 года была актрысай Слонімскага драматычнага тэатра, у 2019 годзе звольнілася і пераехала ў Мінск.
10. 28 студзеня суд Партызанскага раёна Мінска не задаволіў скаргу літаратуразнаўцы і праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Алесь Бяляцкі застаецца ў зняволенні ў СІЗА №1 г. Мінска.
11. 28 студзеня накіравалі ў суд крымінальную справу супраць галоўнага рэдактара “Нашай нiвы” Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко – аўтара газеты “Наша Ніва” і часопіса “Наша гісторыя”, а таксама вандроўных нататак, казак, вершаў, сцэнароў і коміксаў для дзіцячых выданняў. 8 ліпеня 2021 года Андрэй Скурко быў затрыманы разам з трыма “нашаніўцамі”. Пазней следчыя выпусцілі бухгалтарку Вольгу Раковіч і галоўнага рэдактара часопіса “Наша гісторыя” Андрэя Дынько. За кратамі засталіся Андрэй Скурко і галоўны рэдактар “Нашай Нівы” Ягор Марціновіч. Андрэй Скурко першапачаткова быў падазраваным паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ён знаходзіўся ў ізалятары на Акрэсціна як падазраваны. Па заканчэнні трох сутак арышту абвінавачанне за падрыхтоўку пратэстаў не было высунутае, але затрыманне працягнутае ўжо паводле ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэкса (нанясенне маёмаснай шкоды без прыкмет раскрадання).
II. Адміністрацыйныя палітычна матываваныя справы ў адносінах дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 17 студзеня павінен быў выйсці з ІЧУ Маладзечна праваабаронца і арганізатар культурнцкіх мерапрыемстваў Алесь Капуцкі, але гэтага не адбылося. Алесь Капуцкі, які быў затрыманы 17 снежня 2021 года, тры разы запар пакараны адміністрацыйным арыштам за публікацыі ў сацыяльных сетках. Алеся Капуцкага затрымалі 17 снежня ў Маладзечне. На яго склалі пратакол па ч.2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
2. 19 студзеня Мастоўскі суд асудзіў выкладчыцу сальфеджыа музыкальнай школы ў Мастах Галіну Цярэнцеву па арт. 19.11 КаАП і прысудзіў штраф 20 б.в. Прычына: рэпост матэрыялу з сацсеткі Бел@т ад 2019 года (да прызнання медыя экстрэмісцкім).
3. 26 студзеня ў Мінску затрыманы музыка Васіль Ярмоленка – гітарыст і кантрабасіст, удзельнік гуртоў Unia, “Голая манашка”, “Мутнае вока”. Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі так званае “пакаяльнае відэа” з ім пра ўдзел у пратэстах 2020-га года.
III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
1. 23 студзеня ў СІЗА №1 г. Мінска Алегу Груздзіловічу адмовілі ў сустрэчы з натарыўсам і спатканні з жонкай. Алег Груздзіловіч – журналіст, аўтар нон-фікшн кнігі “Хто ўзарваў мінскае метро?” пра падзеі вакол тэракта ў мінскім метро, які адбыўся 11 красавіка 2011 года. 23 снежня 2021 затрыманы пасля таго, як інтэрнэт-рэсурсы “Радыё Свабода” МУС назвала “экстрэмісцкім фармаваннем”. Алега Груздзіловіча змясцілі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Алег Груздзіловіч – падазраваны па крымінальнай справе “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх” (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу).
2. 29 студзеня у ІЧУ Пружанаў пагоршыўся стан здароўя 64-гадовай публіцысткі і актывісткі Алены Гнаўк, вядома, што ёй выклікалі “хуткую дапамогу”. У ІЧУ Алене Гнаўк адмовілі у перадачах, забаранілі чытаць і пісаць.
3. 25 студзеня Таццяна Севярынец паведаміла, што настаўніца беларускай мовы на пенсіі Эма Сцепуленак страціла зрок на адно вока ў зняволенні. Эма Сцепулёнак затрыманая за каментар у сацсетках па справе Зельцэра, яе абвінавачваюць па двух крымінальных артыкулах – за абразу прадстаўніка ўлады і за распальванне сацыяльнай варожасці.
IV. Забарона на прафесію і звальненні па ідэалагічных матывах
21 студзеня Міністр культуры Анатоль Маркевіч публічна пацвердзіў, што масавыя звальненні ў сферы культуры – вынік палітычнага пераследу. У Беларусі з арганізацый культуры звольнілі больш за 300 чалавек за “дэструктыўную пазіцыю”. У 2021 годзе ў сферы культуры было аптымізавана 1611 штатных адзінак. Па словах Маркевіча, “нікога не прыціскалі, але недзе звяралі пазіцыі”. Міністр прызнаў, што ў сферы культуры праводзілі і працягваюць праводзіць “сур’ёзную працу” па супрацоўніках, якія “займаюць дэструктыўную пазіцыю”. “Маё глыбокае перакананне, што на двух крэслах знаходзіцца не атрымоўваецца. Гэта недапушчальна. Трэба вызначыцца ўрэшце. Па гэтых меркаваннях больш за 300 чалавек з нашых калектываў папрасілі. І лічу гэта правільным”, – заявіў Анатоль Маркевіч, калі гаварыў у Стоўбцах у межах дыялогавай пляцоўкі з супрацоўнікамі культуры. 21 студзеня праўладнае выданне “СБ. Беларусь сегодня” надрукавала выказванне міністра культуры, але вельмі хутка навіна перастала адкрывацца, на сайце пачала з’яўляцца “памылка 404”.
Звольнены з пасады дырэктара Дома культуры вёскі Ахова Пінскага раёну Аляксандр Дзямчук, які быў пакараны 30 суткамі адміністрацыйнага арышту за спробу абараніць старажытныя дубы ў вёсцы Ахова.
20 студзеня звольнены дырэктар Тэатра юнага гледача Уладзімір Савіцкі.
V. Пераслед грамадскіх арганізацый, якія займаюцца культурніцкай дзейнасцю
1. 17 студзеня Вярхоўны суд Беларусі пакінуў у сіле пастанову пра ліквідацыю аб’яднання “Звяно”. Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook паведаміла дырэктарка “Звяна” Таццяна Гацура-Яворская: “Вярхоўны суд прыйшоў да высновы, што мы займаліся дыскрэдытацыйнай і экстрэмісцкай дзейнасцю і пакінуў скаргу без задавальнення. “Звяно” ліквідаванае”.
2. 21 студзеня заблакаваны доступ да партала непрызнанага ўладамі Саюза палякаў Беларусі Znadniemna.pl, які піша пра гісторыю, культуру, адукацыю, жыццё польскай меншасці ў Беларусі, пра рэпрэсаваных актывістаў, у тым ліку пра старшыню арганізацыі Анжаліку Борыс і журналіста Андрэя Пачобута, якія зняволеныя з сакавіка 2021 года. У снежні 2021 года суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў сайт “экстрэмісцкім”.
Студэнта Пінскага педагагічнага каледжа арыштавалі за “пікетаванне” ў судзе перад працэсам над палітвязнем Аляксандрам Івуліным.
VІ. Пераслед за нацыянальную сімволіку
19 студзеня ў судзе Партызанскага раёна Мінска на 10 сутак адміністрацыйнага арышту асудзілі студэнта 3 курса Пінскага педагагічнага каледжа Іллю Дабрадзея за тры бел-чырвона-белыя паласы на заплечніку па арт. 24.23 КаАП – “несанкцыянаванае пікетаванне”. Іллю Дабрадзея затрымалі 17 студзеня ў судзе перад працэсам над журналістам Аляксандрам Івуліным.
VІІ. Пераслед інтэрнэт-рэсурсаў, што асвятлялі падзеі ў сферы культуры
27 студзеня выданне “Наша Ніва” прызнаная “экстрэмісцкім фармаваннем”. У тэлеграм-канале МУС Беларусі з’явілася інфармацыя пра прызнанне экстрэмісцкім фармаваннем “групы грамадзянаў з ліку ПІУП “Суродзічы” (газета “Наша ніва”), аб’яднаную праз інтэрнэт-рэсурсы, у тым ліку сацыяльныя сеткі і мэсэнджары”.
Арыгінальны артыкул апублікаваны на сайце Беларускага ПЭН-цэнтру