Агляд «Вясны»: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў жніўні 2022 года

05 September 2022, 8:27 AM
Агляд «Вясны»: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў жніўні 2022 года

Праваабарончы цэнтр «Вясна» апубліваў свой штомесячны агляд сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.


Высновы

  • больш за паўгода працягваецца развязаная Расійскай Федэрацыяй агрэсіўная вайна ва Украіне, у якой задзейнічаны размешчаныя на тэрыторыі Беларусі войскі агрэсара і выкарыстоўваецца беларуская інфраструктура. Праваабарончы цэнтр "Вясна" рашуча асудзіў дзеянні беларускіх і расійскіх уладаў, якія падрываюць асновы мірнага суіснавання народаў, парушаюць Канстытуцыю і законы Беларусі, а таксама палажэнні падпісаных міжнародных дамоваў;

  • мінулі два гады з дня сфальсіфікаваных уладамі на карысць А. Лукашэнкі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, пасля якіх адбылося рэзкае павелічэнне палітычнай пратэснай актыўнасці і небывалая хваля рэпрэсій у абарону ўлады, якая страціла рэшткі легітымнасці;

  • паглыбляецца грамадска-палітычны крызіс і крызіс правоў чалавека ў Беларусі; на працягу месяца ўлады працягвалі актыўна ўжываць крымінальны і адміністрацыйны пераслед грамадзян паводле палітычных матываў, у тым ліку за антываенныя выступы;

  • у месцах няволі паводле прысудаў судоў на 1 верасня знаходзіліся 1 324 палітвязні, іх колькасць працягвае няўхільна павялічвацца: за месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 92 чалавекі;

  • у следчым ізалятары згодна з адвольнымі абвінавачваннямі працягваюць утрымлівацца сябры ПЦ "Вясна": старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, сябра Рады ПЦ "Вясна", віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч; юрыст, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч; у судзе завяршаецца разгляд у закрытым пасяджэнні крымінальнай справы каардынатаркі Валанцёрскай службы "Вясны" Марфы Рабковай і валанцёра Андрэя Чапюка; кіраўнік Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка, асуджаны да трох гадоў зняволення, і валанцёрка "Вясны" Таццяна Ласіца, асуджаная да двух гадоў і шасці месяцаў зняволення, адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях;

  • працягваюцца адвольныя затрыманні грамадзян за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў; за жнівень паводле інфармацыі ПЦ "Вясна" затрымана не менш за 387 чалавек, дадзеныя амаль 100 з якіх вядомыя. ПЦ "Вясна" вядома пра 162 судовыя працэсы паводле адміністрацыйных артыкулаў і пра рашэнні суддзяў па 76 з іх;

  • праваабаронцы і журналісты працягваюць фіксаваць шматлікія факты жорсткага абыходжання ў дачыненні да грамадзян, пазбаўленых волі паводле палітычных матываў, затрыманых і асуджаных да адміністрацыйнага арышту за ўдзел у мірных сходах. Наўмысна створаныя адміністрацыяй ЦІП, ІЧУ і іншых месцаў зняволення нялюдскія ўмовы ўтрымання для дадзенай катэгорыі арыштаваных расцэньваюцца экспертамі ПЦ "Вясна" як катаванні;

  • па-ранейшаму фіксуюцца факты ўжывання катаванняў і забароненых відаў абыходжання падчас расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў;

  • 17 жніўня стала вядома, што Савет Міністраў ініцыяваў прыняцце законапраекта "Аб дэнансацыі Рэспублікай Беларусь Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах". У гэты час у Палаце прадстаўнікоў ідзе падрыхтоўка да разгляду законапраекта ў першым чытанні. Праваабарончая супольнасць выступіла з заявай з гэтай нагоды і запатрабавала ад беларускіх уладаў адмовіцца ад планаў па дэнансацыі Факультатыўнага пратаколу, забяспечыць грамадзянам магчымасць выкарыстання міжнародных механізмаў абароны правоў чалавека, прымаючы меры да пашырэння такіх магчымасцяў, а не выключэння наяўных, а таксама выконваць узятыя на сябе міжнародныя абавязальніцтвы ў галіне правоў чалавека, прыводзячы сваё заканадаўства і практыку яго ўжывання ў адпаведнасці з імі;

  • На сайце ААН апублікаваны даклад Спецыяльнай дакладчыцы па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн. Тэмай даклада стала становішча беларусаў і беларусак, якія знаходзяцца ў выгнанні, бо былі вымушаны пакінуць сваю краіну і не маюць магчымасцяў бяспечна вярнуцца дадому. "Іх міграцыя наўпрост злучаная з палітыкай, што праводзіць урад Беларусі, і практыкай, што ён ўжывае, а таксама з мэтанакіраваным стварэннем варожай абстаноўкі, якая перашкаджае бяспечнаму вяртанню", — адзначае Анаіс Марэн у дакладзе. Спецдакладчыца выносіць рэкамендацыі ўраду Беларусі, а таксама прапануе шэраг захадаў для іншых дзяржаў, міжнароднай супольнасці і міжнародных арганізацый.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед

Крымінальны пераслед апанентаў улады, удзельнікаў пратэсных выступаў і іншадумцаў па-ранейшаму застаецца запатрабаванай уладамі формай рэпрэсій. Масавы і паўсюдны характар адвольнага пазбаўлення свабоды, непрыкрытая палітычная матывацыя, уцягванне ў гэты працэс следчых, пракурораў і суддзяў вызначае характар цяперашніх падзей і дазваляе ацэньваць іх як злачынства супраць чалавечнасці.

Колькасць палітвязняў, прызнаных такімі праваабарончай супольнасцю, за месяц склала 92 чалавекі, іх агульная колькасць павялічылася на 71 чалавека ў параўнанні з папярэднім месяцам і па стане на 1 верасня склала 1 324 чалавекі, працягваючы няўхільна расці. 

У СІЗА працягваюць утрымлівацца паводле надуманых абвінавачванняў старшыня ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі, сябра Рады ПЦ "Вясна", віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч.

Разгляд крымінальнай справы каардынатаркі Валанцёрскай службы "Вясны" Марыі (Марфы) Рабковай, валанцёра "Вясны" Андрэя Чапюка і яшчэ васьмі палітвязняў завяршаецца ў судзе.

Асуджаныя да пазбаўлення волі ў калоніі кіраўнік гомельскага аддзялення Леанід Судаленка (да трох гадоў зняволення) і валанцёрка Таццяна Ласіца (да двух з паловай гадоў зняволення) знаходзяцца ў калоніі.

Палітвязні зазнаюць дадатковы, акрамя ўласна факту пазбаўлення волі, пераслед:

так, адміністрацыя баранавіцкага СІЗА ўжо амаль паўтара месяца ўтрымлівае 65-гадовую палітзняволеную актывістку Алену Гнаук у карцары. Прычыны гэтага не паведамляюцца, аднак варта ўлічыць, што яна яшчэ не з'яўляецца асуджанай, а агульнапрынятыя стандарты патрабуюць, каб абвінавачаным забяспечваўся асобны рэжым, які адказвае іх статусу неасуджаных асобаў. Палітзняволенага фігуранта "справы Аўтуховіча" Уладзіміра Гундара змясцілі ў карцар на 6 сутак: ён падчас праверак адмаўляецца казаць пра сябе, што "схільны да экстрэмізму", за што быў пакараны. З 25 ліпеня ў карцары знаходзіцца яшчэ адна фігурантка справы — хворая на анкалогію палітзняволеная пенсіянерка Галіна Дзербыш. Яе адправілі ў карцар на 7 сутак за пратэст супраць прымусовага распранання падчас праверак перад пасяджэннямі суда, які праходзіць на тэрыторыі той жа турмы, дзе яна ўтрымліваецца.

Палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна ў калоніі змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) на пяць месяцаў за "злосныя парушэнні" парадку.

Суддзя Кастрычніцкага раёна Магілёва Жанна Пушкіна 11 жніўня пастанавіла перавесці палітзняволенага Сяргея Ціханоўскага з папраўчай калоніі ў турму тэрмінам на тры гады. Гэта істотна пагаршае ягоныя ўмовы ўтрымання.

Таксама ў турму пераводзяць і палітзняволенага Эдуарда Пальчыса.

Палітзняволенага Дзмітрыя Сушчыка рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА. У аршанскай калоніі № 8 ён знаходзіцца з красавіка. За чатыры месяцы Дзмітрыя Сушчыка пазбавілі перадач, тэлефанаванняў, ліставання і спатканняў. Нядаўна палітвязня перавялі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). У жніўні стала вядома, што яго рэгулярна змяшчаюць у штрафны ізалятар за "парушэнне парадку".

На цяперашні момант праваабаронцам вядомыя прозвішчы 43 палітвязняў, якіх з надуманых правіннасцяў адміністрацыя калоній карае за "парушэнне вызначанага парадку" адбывання пакарання. З іх 28 палітвязням узмацнілі рэжым і перавялі іх у турму.

У судзе Ленінскага раёна Магілёва 15 жніўня вынесены прысуд палітзняволенаму Алегу Яфрэменку, якога абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Суддзя Вікторыя Палякова асудзіла Алега да яшчэ аднаго года пазбаўлення волі. Раней палітвязню ўжо ўзмацнялі рэжым: у верасні 2021 года з калоніі яго перавялі ў турму ў Магілёў. Гэта чарговы прыклад адвольнага падаўжэння тэрміна пакарання палітвязню.

Парушэнне свабоды мірных сходаў. Падаўленне свабоды выказвання меркаванняў

На працягу апошніх двух гадоў у Беларусі не адбылося ніводнага санкцыянаванага ўладамі масавага мерапрыемства апазіцыі. У 2021 годзе з закона "Аб масавых мерапрыемствах" была выключана магчымасць правядзення масавых мерапрыемстваў у апавяшчальным парадку ў спецыяльна прадугледжаных для гэтага месцах. Найболей цяжкім парушэннем свабоды мірных сходаў і свабоды выказвання меркаванняў працягвае заставацца пазбаўленне і абмежаванне свабоды ўдзельнікаў мірных пратэстаў і іншадумцаў. У судах дагэтуль выносяцца прысуды ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэсных выступаў 2020 года.

Згодна з інфармацыяй, якую паведаміў начальнік упраўлення Следчага камітэта па Мінску Сяргей Паско, у сталіцы "за апошнія паўгода затрыманы больш як 280 асобаў, з якіх 238 ужо прад'яўлены абвінавачванні і ўжыта мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту". Мірныя акцыі пратэсту службовая асоба называе "вулічнай бойняй", а іх удзельнікаў — "прадстаўнікамі вулічнага тэрору".

Селектыўны падыход да расследавання палітычна матываваных спраў выяўляецца і ў тым, што ў дачыненні да іх фігурантаў паводле абвінавачвання ў здзяйсненні меней цяжкага злачынства абіраецца мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай ў 85% выпадкаў, у той час як паводле абвінавачванняў без палітычнага матыву, якія ўключаюць цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы, такая мера стрымання ўжываецца ў 25-30% выпадкаў.

Так, 26 ліпеня суд Ленінскага раёна Мінска вынес прысуд па справе палітзняволенай Іны Шырокай, якую абвінавачвалі ў здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 342 "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, груба якія парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх". Жанчына — шматдзетная маці, якая адна выхоўвала пецярых дзяцей і мела сталае месца працы. Увечары 9 жніўня 2020 года пасля абвяшчэння вынікаў выбараў АМАП затрымаў і збіў ейнага 18-гадовага сына Мікіту, пасля чаго Іна пачала хадзіць на акцыі пратэсту. 6 красавіка 2022 г. Іну Шырокую затрымалі "за падзеі 2020 года". У яе дома засталося трое непаўнагадовых дзяцей. Да суда жанчыну 145 дзён пратрымалі ў СІЗА-1. Суд Ленінскага раёна Мінска 26 ліпеня прызнаў Іну Шырокую вінаватай у здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 342 КК "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх" і асудзіў яе да трох гадоў абмежавання свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Супрацоўнікі МУС па-ранейшаму праводзяць "адпрацоўку" гарадоў, розных раёнаў Мінска і прыгарадаў, урываюцца ў дамы і кватэры ў пошуках доказаў нелаяльнасці, затрымліваюць на працы; праводзяць ператрусы і допыты.

Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій за актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі рэжыму. Рэпрэсіі могуць закрануць кожнага; прыкметай апошняга двухгадовага перыяду сталі арышты і іншы пераслед святароў, што раней было характэрна галоўным чынам у дачыненні да прадстаўнікоў пратэстанцкіх цэркваў і іншых, у тым ліку "нетрадыцыйных" для Беларусі рэлігійных плыняў. Але за апошні час пад удар сілавікоў траплялі і шматлікія праваслаўныя і каталіцкія святары.

У ПЦ "Вясна" працягваюць паступаць звесткі аб адміністратыўным пераследзе за рэалізацыю права на мірны сход і свабоду выказвання меркаванняў удзельнікаў мірных акцый пратэсту, у тым ліку антываенных, а таксама адвольныя затрыманні грамадзян за рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі, у тым ліку ў прыватным жыллі і тэрыторыях, за распаўсюд інфармацыі.

Увечары 3 жніўня на тэрасе бара ў цэнтры сталіцы адбыўся вулічны канцэрт мінскай спявачкі Мэрыем Герасіменка. Сярод выкананага ёю былі і песні ўкраінскага гурта "Акіян Эльзы". Гледачоў на канцэрт сабралася шмат, яны публікавалі відэа ў сацсетках, нярэдка — са стыкерамі ў жоўта-сініх колерах і іншымі знакамі падтрымкі Украіны. Гэта абурыла прапагандыстаў, у выніку спявачка была асуджана да адміністрацыйнага арышту. 4 жніўня затрымалі гродзенскага рок-музыку Ігара Банцэра, ён быў асуджаны да адміністрацыйнага арышту, а 22 жніўня быў паўторна арыштаваны на 15 сутак паводле арт. 19.11 КаАП.

За жнівень, згодна з інфармацыяй ПЦ "Вясна", затрымана не менш за 387 чалавек, дадзеныя амаль 100 з якіх вядомыя. ПЦ "Вясна" вядома пра 162 судовыя працэсы паводле адміністрацыйных артыкулаў і пра рашэнні суддзяў па 76 з іх: былі прызначаны 43 арышты і 33 штрафы. Гэта далёка не поўныя звесткі пра колькасць палітычна матываваных адміністрацыйных спраў: у шматлікіх выпадках суддзі таемна праводзяць пасяджэнні ў фактычна закрытым рэжыме пасродкам відэаканферэнцыі без абвяшчэння даты і месца слухання, што груба парушае працэсуальныя і канстытуцыйныя правы асобаў, у дачыненні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс, а назіральнікі пераследуюцца за сваю легітымную дзейнасць.

Артыкул 19.11 КаАП, згодна з якім караецца распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, увесь час выкарыстоўваецца беларускімі ўладамі дзеля рэпрэсій у дачыненні да іншадумцаў. Як правіла, караецца рэпост розных матэрыялаў грамадска-палітычнага характару з рэсурсаў, чыя інфармацыйная прадукцыя адвольна прызнаная экстрэмісцкай. За жнівень дваццаццю чатырма рашэннямі судоў былі прызнаны экстрэмісцкімі 64 інфармацыйныя рэсурсы. У гэты ж час МУС і КДБ прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі 8 суб'ектаў, у ліку якіх — "Малады фронт Беларусь" (група грамадзян, аб'яднаных у тым ліку з дапамогай інтэрнэт-сайта "Малады Фронт", Telegram-канала "Малады фронт Беларусь", Telegram-чата "Маладафронтавец", каналаў відэахостынгу YouTube "Малады Фронт" і "MfrontNet", старонак сацыяльных сетак "Twitter" @MaladyFront, "Facebook" "Malady Front", "Аднакласнікі" "Малады фронт "MF20", "ВКонтакте" "МАЛАДЫ ФРОНТ || Young Front") і "Хартыя'97" (група грамадзян, аб'яднаных у тым ліку з дапамогай трох інтэрнэт-сайтаў "Хартыя'97", Telegram-канала "Хартыя-97%", Telegram-бота @Charter97info_bot, групы сацыяльнай сеткі "ВКонтакте" "Хартыя'97", старонкі сацыяльнай сеткі "Instagram" "Charter97.org", старонкі сацыяльнай сеткі "Facebook" "charter97.org", старонкі сацыяльнай сеткі "Twitter" "charter97.org", групы сацыяльнай сеткі "Аднакласнікі" "Афіцыйная група Хартыя'97", канала відэахостынгу YouTube "Charter97video"). У пералік грамадзян-экстрэмістаў дадаўся 21 чалавек і агулам ў гэты спіс сталі ўваходзіць 469 чалавек.

Гомельскі абласны суд (суддзя Васіль Бягун) 2 жніўня асудзіў Паўла Бабчонка да двух гадоў пазбаўлення свабоды ў калоніі. Яго абвінавацілі ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса). Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, у верасні 2020 года Бабчонак выклаў у сацсеткі скрыншот, на якім быў кадр з пратэстаў у жніўні 2020 года на вуліцы Савецкай у Гомелі. Сваю публікацыю ён суправадзіў тэкстам, у якім назваў сілавікоў "недалюдзьмі" і выказаў спадзеў на тое, што яны "адкажуць за злачынствы супраць свайго народа". У гэтым выпадку характар абмежаванняў свабоды выказвання меркаванняў (пазбаўленне волі) быў відавочна непрапарцыйны зробленаму і не адказваў дапушчальным легітымным мэтам абмежавання правоў і свабод.

Распаўсюджаным інструментам рэпрэсій па-ранейшаму з'яўляецца пераслед за паклёп на прэзідэнта, абразу прадстаўнікоў улады, суддзяў, пракурораў, міліцыянтаў, А. Лукашэнкі (арт. 367, 368, 369, 391 Крымінальнага кодэкса), знявагу дзяржаўных сімвалаў. Па ўсёй тэрыторыі Беларусі выносяцца прысуды паводле такіх абвінавачванняў.

28 ліпеня суд Бярозаўскага раёна вынес прысуд па справе Віктара Хлябца, якога абвінавачвалі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Справу разгледзела Наталля Вакульчык. Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён пакінуў у Telegram-чаце каментар пад відэа, на якім быў паказаны момант перастрэлкі А. Зельцэра з супрацоўнікамі КДБ, якія ўварваліся ў ягоную кватэру. У каментарах утрымліваліся словы "Минус один мусор, тем более гэбье, к счастью...". Віктар Хлябец адмаўляў сам факт напісання каментара, аднак быў прызнаны вінаватым і пакараны адным годам і шасцю месяцамі пазбаўлення волі ў калоніі.

За каментар з той жа нагоды 4 жніўня Гомельскі абласны суд вынес прысуд па справе Івана Янчанкі, якога абвінавацілі ў распальванні "іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы" паводле ч. 1 арт. 130 КК. Судовае пасяджэнне ўзначаліў Аляксей Хлышчанкоў. У 2021 годзе ў сацыяльнай сетцы пад паведамленнем пра перастрэлку са смяротным канцом паміж супрацоўнікам КДБ Федасюком і супрацоўнікам ІТ-кампаніі Андрэем Зельцэрам ён пакінуў каментар: "Народ открыл счет", і менавіта гэтае паведамленне было расцэненае як "заклік да барацьбы з праваахоўнымі органамі". Канчатковае пакаранне — 3 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі.

Катаванні. Жорсткае, бесчалавечнае, зневажальнае абыходжанне

Вызваленыя палітвязні працягваюць адзначаць наўмыснае пагаршэнне ўмоў утрымання для арыштаваных паводле палітычна матываваных спраў, якія ў выніку мяжуюць з катавальнымі, з'яўляюцца жорсткімі, зневажальнымі і бесчалавечнымі. Праваабаронцам "Вясны" працягвае паступаць інфармацыя пра нялюдскія ўмовы ўтрымання ў ізалятарах Мінска. Затрыманыя і арыштаваныя паводле палітычных матываў знаходзяцца ў перапоўненых камерах, не атрымліваюць ані медыцынскай дапамогі, ані шпацыраў, ані перадач.

У жорсткіх умовах утрымліваюцца таксама зняволеныя па крымінальных справах, яны зазнаюць ціск і катаванні ў калоніях. Так, палітзняволенага Мікалая Статкевіча на паўгода змясцілі ў адзіночную камеру, пра што паведаміла ягоная жонка Марына Адамовіч: «З 5 жніўня ён на паўгода быў змешчаны ў якасці пакарання ў адзіночку памерам каля трох кв. метраў, шырынёй у метр, з прышпіленымі да сцяны "нарамі"». Такія ўмовы ўтрымання на працягу працяглага часу з'яўляюцца катаваннем.

52-летняя Алена Дзядзюля праходзіла па рэзананснай "справе цюкоў": амаль год таму пад Дзяржынскам былі затрыманы сем чалавек, якія на полі абмалёўвалі пратэснымі малюнкамі цюкі з сенам. Групу затрымлівалі жорстка — з аўтаматамі, дронами і збіваннямі. Праз пяць месяцаў шэсць чалавек па гэтай справе былі асуджаны да пазбаўлення волі за "хуліганства", а шматдзетнай маці далі паўтара года "хатняй хіміі". Алена Дзядзюля цалкам адбыла тэрмін і выйшла на волю з жаночай калоніі 10 траўня. Апошнія дзесяць гадоў перад затрыманнем яна займалася выхаваннем прыёмных дзяцей, а потым апынулася ў жодзінскай турме ў камеры з жанчынамі, у якіх забіраюць гэтых дзяцей. Былая палітзняволеная распавяла "Вясне" сваю гісторыю пераследу, пра гучнае затрыманне на полі, сем месяцаў у жодзінскай турме і амаль два тыдні ў гомельскай жаночай калоніі.

Пра катаванні і жорсткае абыходжанне заяўлялі палітвязні, якія вызваляліся. Пра забароненае абыходжанне становіцца вядома ад абвінавачаных да і падчас суда. Па-ранейшаму не расследаваны шырока вядомыя жахлівыя выпадкі катаванняў, пра якія раней заяўлялі палітвязні.

Пераслед за антываенную пазіцыю

У жніўні мінула паўгода з моманту пачатку развязанай Расійскай Федэрацыяй поўнамаштабнай вайны ва Украіне, у якой задзейнічаны размешчаныя на тэрыторыі Беларусі войскі агрэсара і выкарыстоўваецца беларуская інфраструктура. Праваабарончы цэнтр "Вясна" рашуча асудзіў дзеянні беларускіх і расійскіх уладаў, якія падрываюць асновы мірнага суіснавання народаў, парушаюць Канстытуцыю і законы Беларусі, а таксама палажэнні падпісаных міжнародных дамоў. У жніўні Праваабарончы цэнтр "Вясна" праінфармаваў чатырох Спецыяльных дакладчыкаў ААН: па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне, аб правах на свабоду мірных сходаў і асацыяцыі, аб гвалце у дачыненні да жанчын — з нагоды адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу ў Беларусі людзей, якія выказалі антываенную пазіцыю.

Гомельскі абласны суд пад старшынствам суддзі Руслана Царука 1 жніўня вынес прысуд Андрэю Уткіну. Ён абвінавачваўся ў перадачы здымкаў перасоўвання расійскай тэхнікі ТГ-каналу, прызнанаму экстрэмісцкім фармаваннем, што было кваліфікавана паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса — "Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці". Мужчына сфатаграфаваў калону расійскай вайсковай тэхнікі — вайсковыя "КАМАЗы" з літарай V — і адправіў фота ў Telegram-канал "Беларускі Гаюн", за што быў пакараны пазбаўленнем волі ў калоніі тэрмінам на два гады.

Аляксандр Касумаў у Ляхавічах на гаражы каля гарадской лазні зрабіў надпіс "Нет войне!". Але неўзабаве яго зафарбавалі. Амаль праз тры тыдні ён жа пакінуў на сцяне ўжо тры надпісы: "No war!", "Luka", "Убийца". Шкода склала 10 рублёў 72 капейкі. Суддзя Наталля Буднік з суда Ляхавіцкага раёна прызнала Аляксандра Касумава вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле арт. 341 КК "Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці", прызначыўшы яму паўтара года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

У Брэсцкім абласным судзе 3 жніўня быў вынесены прысуд 28-гадоваму жыхару Баранавічаў Дзмітрыю Шувалаву паводле ч. 1 арт. 361-4 (іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Мужчыну абвінавацілі ў адпраўцы ў чат-бот "Nexta" фота, відэа і каментароў, якія датычаць дзейнасці баранавіцкага аэрадрома: два відэазапісы, на якіх у цёмны час сутак ляціць самалёт без апазнавальных знакаў, бензавоз з апазнавальным знакам "V", фота і відэа запуску ракеты ў бок Украіны. Хоць інфармацыя так і не была апублікаваная ў Telegram-канале, суддзя Дзмітрый Кураўскі прысудзіў Шувалаву два з паловай гады калоніі.

У Гомельскім абласным судзе 11 жніўня абвешчаны прысуд Міхаілу Лістападаву. Яго асудзілі да трох гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле ч. 1 арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту і паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса (падрыхтоўка да ўдзелу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы) за намер пайсці на службу ва Узброеныя сілы Украіны.

У Брэсцкім абласным судзе 26 жніўня за "падрыхтоўку да ўдзелу ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай краіны" (ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса) да двух з паловай гадоў асудзілі студэнта 1-га курсу Андрэя Маслава, паведаміла " Берасцейскай Вясна". Паводле хлопца, ён "хацеў дапамагаць Украіне". Андрэя затрымалі ў сярэдзіне траўня непасрэдна каля ўкраінскай мяжы і выявілі ў ягоным тэлефоне перапіску з ботам батальёна Каліноўскага.

Гэтыя і іншыя справы фармуюць аб'ектыўнае разуменне яркага адрознення пазіцыі беларускіх уладаў і беларускіх грамадзян у дачыненні да вайны і ўдзелу ў ёй Беларусі.

Пераслед журналістаў і ціск на СМІ

Працяг рэпрэсій накіраваны на знішчэнне незалежных крыніц аб'ектыўнай інфармацыі. У зняволенні знаходзяцца 29 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ.

У Гомельскім абласным судзе 3 жніўня суддзя Мікалай Доля прызначыў пяць гадоў пазбаўлення волі палітзняволенай журналістцы тэлеканала TVP Ірыне Слаўнікавай. Крымінальная справа была распачатая паводле ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса — стварэнне экстрэмісцкага фармавання ці ўдзел у ім, і паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх. Гаворка ідзе пра тэлеканал "Белсат" — адзін з найболей папулярных медиаресурсов, якія працуюць на беларускую аўдыторыю. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме.

4 жніўня ў Мінску затрымалі журналіста Ігара Хмару.

15 жніўня ў Гродзенскім абласным судзе распачаўся суд па справе палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына, які знаходзіцца за кратамі ўжо адзін год і пяць месяцаў. Яго абвінавацілі паводле арт. 365 (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў) і ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве). Журналісту пагражае да 15 гадоў калоніі. Судовы працэс узначальвае суддзя Валерый Раманоўскі. Судовае пасяджэнне будзе закрытым.

Палітзняволенаму журналісту і актывісту Саюза палякаў Андрэю Пачобуту выставілі новае абвінавачванне. У дадатак да ранейшага "Распальвання варожасці ці варажнечы" (арт. 130 КК) яму інкрымінуюцца "Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцыяў), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы" (арт. 361 КК). Пра гэта стала вядома БАЖ.

"Газеце Слонімскай" анулявалі пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі. Сваё рашэнне Мінінфармацыі абгрунтавала тым, што выпуск грамадска-палітычнага выдання "Газета Слонімская" і рэкламнай газеты "Отдушина" не ажыццяўляецца на працягу шасці месяцаў запар. "Ні гродзенская, ні брэсцкая, ні пінская друкарні не ўзялі ў друк "Газету Слонімскую" і газету "Отдушина", спасылаючыся на высокую ступень загружанасці і шчыльны графік друку", — тлумачаць сітуацыю ў рэдакцыі.

Пераслед адвакатаў

5 жніўня палітзняволенага адваката Віталя Брагінца пазбавілі ліцэнзіі: Кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці правяла чарговую атэстацыю адвакатаў Мінскай гарадской калегіі адвакатаў. Згодна з яе вынікамі, кваліфікацыйная камісія прыняла рашэнні аб спыненні дзеяння ліцэнзій у дачыненні да адвакатаў Атаманчук, Брагінца, Залуцкай — з прычыны ўжывання да адвакатаў дысцыплінарных спагнанняў у выглядзе выключэння з Мінскай абласной калегіі адвакатаў за здзяйсненне правінаў, несумяшчальных са званнем адваката.

З траўня 2022 года ў СІЗА пад вартай утрымліваецца палітзняволены адвакат Аляксандр Данілевіч паводле абвінавачвання ў закліках да мер абмежавальнага характару (санкцыяў), іншых дзеяннях, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.

Пад вартай у СІЗА з чэрвеня ўтрымліваецца адвакатка Юлія Лазарэнка, згодна з папярэдняй інфармацыяй, паводле абвінавачвання ў распальванні сацыяльнай варажнечы — "зліве" звестак у Telegram-каналы.

31 жніўня затрымалі адвакатку з 18-гадовым стажам Юлію Юргілевіч. Да выключэння з палітычных матываў з Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў яна ажыццяўляла абарону палітвязняў.

Арыгінал артыкула на сайце «Вясны»

See more news

Даследванне Беларускага ПЭНу: Беларуская мова ў перыяд грамадска-палітычнага крызісу. Праявы моўнай дыскрымінацыі
26 September 2022, 9:46 AM
Даследванне Беларускага ПЭНу: Беларуская мова ў перыяд грамадска-палітычнага крызісу. Праявы моўнай дыскрымінацыі
Беларускі ПЭН аналізуе, як развівалася сітуацыя з заканадаўчым рэгуляваннем правоў носьбітаў беларускай мовы ў апошнія дзесяцігоддзі.
1000 некоммерческих организаций в Беларуси ликвидированы с сентября 2020 года
19 September 2022, 9:31 AM
1000 некоммерческих организаций в Беларуси ликвидированы с сентября 2020 года
Такое число сообщает правозащитная организация Lawtrend, которая специализируется на свободе ассоциаций в Беларуси и ведет мониторинг ликвидации общественных организаций.
Еўрапейская і Міжнародная федэрацыі журналістаў: «Вырак Дзянісу Івашыну – гэта пародыя на суд»
19 September 2022, 9:12 AM
Еўрапейская і Міжнародная федэрацыі журналістаў: «Вырак Дзянісу Івашыну – гэта пародыя на суд»
Еўрапейская і Міжнародная федэрацыі журналістаў (EFJ-IFJ) далучаюцца да сваёй сяброўскай арганізацыі ў Беларусі, Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), вырак на 13 гадоў журналіста Дзяніса Івашына.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці