Агляд «Вясны»: сітуацыя з палітвязнямі ў 2025 годзе ў лічбах

12 January 2026, 1:35 PM
Агляд «Вясны»: сітуацыя з палітвязнямі ў 2025 годзе ў лічбах

Мінулы год для беларусаў запомніцца цёплымі абдымкамі з палітзняволенымі пасля вызвалення і доўгай дарогі дадому, сустрэчамі з тымі, пра каго не было навінаў некалькі гадоў, і першымі словамі, сказанымі на волі. Масавыя памілаванні павярнулі свабоду палітвязняў — але ў некаторых адабралі дом. Пасля вызвалення 189 чалавек прымусова вывезлі з краіны, пазбавіўшы магчымасці застацца дома і абіраць уласную будучыню.

За радасцю сустрэч стаяць цяжкія наступствы — разлука з роднымі, вымушаная эміграцыя, страта дакументаў, здароўя і сацыяльных сувязяў. У той жа час за кратамі застаюцца больш за 1135 палітвязняў, сярод якіх людзі з інваліднасцю, прадстаўнікі медыя, лекары, адвакаты і святары. Сітуацыя з палітвязнямі ў Беларусі застаецца стабільна крытычнай: людзі паміраюць у зняволенні, утрымліваюцца ў ізаляцыі без сувязі са светам і належнай медыцынскай дапамогі.

"Вясна" ў лічбах распавядае, якім быў 2025 год для палітвязняў Беларусі — паміж абдымкамі на волі і гвалтоўным выгнаннем з краіны.

Адзначым, што ўсе лічбы могуць быць большымі праз адсутнасць поўных звестак у праваабаронцаў. 

Па стане на 23 снежня 2025 года ў беларускіх месцах зняволення працягваюць утрымліваць1 135 палітвязняў. З іх 967 — мужчыны, 168 — жанчыны. 

На сённяшні дзень у месцах зняволення ўтрымліваюцца:

  • 28 прадстаўнікоў медыя;

  • 3 праваабаронцы;

  • 21 лекар;

  • 16 юрыстаў і адвакатаў.

На дадзены момант праваабаронцам вядома не менш чым пра 164 палітвязні, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. Сярод іх: мінімум 56 чалавек знаходзіцца ў цяжкім стане фізічнага здароўя, сем чалавек маюць інваліднасць, 26 сталых людзей, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто з іх мае вялікія праблемы са здароўем), а таксама дзесяць чалавек з ментальнымі разладамі. Сярод палітзняволеных — 34 чалавекі ў складаных сямейных абставінах: гэта адзінокія і шматдзетныя бацькі, а таксама сем’і, дзе абодва бацькі знаходзяцца за кратамі. 

Мінімум 20 сямей наўпрост цяпер утрымліваюцца ў зняволенні. Так, напрыклад, сямейную пару з Гомеля — Станіслава Мачалава і Святлану Якубовіч — асудзілі за “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці” да чатырох і пяці гадоў калоніі адпаведна. Таксама за кратамі знаходзяцца муж і жонка Наталля і Сяргей Дроніны.

Агулам з 2020 года больш за 1700 чалавек цалкам адбылі тэрміны і выйшлі з месцаў няволі, з іх мінімум 300 чалавек — у 2025 годзе. 

Цягам 2025 года пры садзейнічанні ЗША былі памілаваныя 342 чалавекі. Агулам з ліпеня 2024 года на волю па памілаванні выйшлі 569 палітвязняў.

Сярод вызваленых палітвязняў у гэтым годзе: кіраўнік і заснавальнік Праваабарончага цэнтру "Вясна", лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі і праваабаронца "Вясны" Уладзь Лабковіч. Таксама на волю выйшлі палітвязні, якія шмат месяцаў правялі ў рэжыме інкамунікада без сувязі са светам: юрыст Максім Знак, пенсіянерка Алена Гнаук, былы прэтэндэнт у кандыдаты на пасаду прэзідэнта Віктар Бабарыка, кіраўніцы выбарчага штаба Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава.

Таксама 22 лістапада Лукашэнка памілаваў 31 грамадзяніна Украіны, якія ўтрымліваліся ў месцах няволі Беларусі. Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", сярод іх толькі дзесяць затрыманых і асуджаных паводле палітычных матываў. Памілаваных адразу перадалі Украіне.

У 2025 годзе пасля памілавання і раптоўнага вызвалення з месцаў няволі 189 палітвязняў гвалтоўна вывезлі з Беларусі. Але Мікалай Статкевіч адмовіўся пакідаць краіну і цяпер знаходзіцца ў зняволенні.

Такое "вызваленне пад умовай выезду" праваабаронцы называюць новым інструментам палітычнага ціску. Гэта супярэчыць Канстытуцыі і міжнародным актам. 

Нягледзячы на памілаванні, у выніку якіх на волю выйшлі адразу некалькі палітзняволеных замежнікаў, беларускія ўлады працягваюць пераследаваць іншаземцаў. Паводле звестак "Вясны", па стане на 23 снежня мінімум 20 замежных грамадзян знаходзіцца за кратамі ў Беларусі.

У Беларусі працягваюць выкарыстоўваць ізаляцыю вязняў ад знешняга свету ў якасці дадатковага ціску. Такім чынам наўпрост цяпер не менш за 4 палітвязні ўтрымліваюцца ў рэжыме інкамунікада: Аляксандр АрановічУладзімір КнігаМікалай СтаткевічАляксандр Францкевіч.

Мінулы год для беларусаў, на жаль, запомніцца і двума смерцямі палітвязняў за кратамі.

Так, на пачатку 2025 года памёр палітвязень Валянцін Штэрмер, які адбываў тэрмін у шклоўскай калоніі № 17. Дакладна невядомая і дата смерці — толькі тое, што гэта адбылося ў пачатку 2025 года. Таксама няма пэўнасці, ці Штэрмер памёр у калоніі, ці быў вывезены ў бальніцу — турэмную альбо цывільную. У 2023 годзе мужчыну асудзілі да пяці гадоў калоніі за восем каментароў супраць уварвання Расіі ва Украіну. У адным атрадзе з Валянцінам знаходзіўся былы палітвязень Дзмітрый Лукша, які распавёў, што ў калонію Валянцін прыехаў пасля інсульту.

3 верасня 2025 года ў магілёўскай калоніі № 15 памёр 36-гадовы грамадзянін Расійскай Федэрацыі Андрэй Паднябенны. Палітвязня двойчы асудзілі паводле крымінальных артыкулаў, агулам яму прызначылі 16 гадоў і восем месяцаў зняволення. За кратамі яго ўтрымлівалі амаль чатыры гады. Прычынай смерці Андрэя Паднябеннага стала ўдушша — палітвязень павесіўся ў штрафным ізалятары. У Андрэя засталося трое дзяцей. 

У 2025 годзе статус "палітвязня" атрымалі агулам 509 чалавек.

Арыгінальны артыкул на сайце "Вясны"

Share

See more news

«Я ведаю, што значыць быць у выгнанні»: Cпецдакладчык ААН Нільс Муйжніекс — пра Беларусь, рэпрэсіі ды асабісты досвед
10 January 2026, 3:49 PM
«Я ведаю, што значыць быць у выгнанні»: Cпецдакладчык ААН Нільс Муйжніекс — пра Беларусь, рэпрэсіі ды асабісты досвед
Спецдакладчык ААН па Беларусі Нілс Муйжніекс не бачыць прыкметаў змены рэпрэсіўнай палітыкі, нягледзячы на нядаўнія вызваленні палітвязняў.
Агляд «Вясны»: «Нават за мяжой ты застаешся ў полі дасяжнасці дзяржавы». Як у 2025 годзе беларусаў пераследавалі па-за краінай
10 January 2026, 3:27 PM
Агляд «Вясны»: «Нават за мяжой ты застаешся ў полі дасяжнасці дзяржавы». Як у 2025 годзе беларусаў пераследавалі па-за краінай
Міжнародная сетка стратэгічных дзеянняў у галіне бяспекі ISAN адзначала, што Беларусь — у топ-10 краін, што практыкуюць транснацыянальныя рэпрэсіі.
Дакументаванне як форма супраціву забыццю: пра што распавядалі «Вясне» сведкі катаванняў у 2025 годзе
10 January 2026, 3:02 PM
Дакументаванне як форма супраціву забыццю: пра што распавядалі «Вясне» сведкі катаванняў у 2025 годзе
Летась "Вясна" задакументавала 73 гісторыі пацярпелых ад дзеянняў уладаў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці