Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Чэрвень 2025 года

21 July 2025, 10:43 AM
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Чэрвень 2025 года

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае публікацыю штомесячных аналітычных аглядаў сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Гэта агляд за чэрвень 2025 года.

Коратка:

  • у Беларусі захоўваецца складаная сітуацыя з правамі чалавека: працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года, крымінальны пераслед іншадумцаў, удзельнікаў пратэстных ініцыятыў, журналістаў, праваабаронцаў і адвакатаў;

  • улады Беларусі працягваюць хаваць маштаб крымінальных і адміністрацыйных рэпрэсій, аднак у ПЦ "Вясна" працягваюць рэгулярна паступаць даныя аб затрыманнях і пераследах па палітычных падставах;

  • агулам "Вясне" вядома пра больш за 7 116 асуджаных (у тым ліку 33 былі накіраваныя на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне) па палітычна матываваных крымінальных справах з 2020 года;

  • 21 чэрвеня пры пасярэдніцтве амерыканскай дыпламатыі былі вызваленыя і дэпартаваныя з Беларусі 11 палітвязняў, уключаючы журналіста Ігара Карнея, апазіцыйнага палітыка і блогера Сяргея Ціханоўскага, актывіста анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскага-Ханаду, навукоўцу Наталлю Дуліну і некалькіх замежных грамадзян, асуджаных па палітычных матывавах;

  • нягледзячы на тое, што з калоній вызваляюцца палітвязні ў сувязі з адбыццём тэрміну і ў парадку памілавання, іх колькасць застаецца крытычна высокай: на канец чэрвеня 2025 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 1 164 палітвязняў (з іх 169 –  жанчыны), за месяц палітвязнямі прызнаныя 29 чалавек. Агулам з траўня 2020 года рашэнні аб прызнанні палітвязнямі прымаліся ў дачыненні да 3 945 чалавек. 2807 чалавек, з якіх 578 – жанчыны, ужо знаходзяцца на волі ў сувязі з адбыццём тэрміну, вызваленнем ад пакарання або ў сувязі са зменай меры стрымання;

  • сябры ПЦ "Вясна": лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марыя Рабкова, а таксама праваабаронца Наста Лойка, асуджаныя да пазбаўлення волі, утрымліваюцца ў зняволенні;

  • падвяргаюцца рэпрэсіям, у тым ліку пазбаўленне волі, журналісты, супрацоўнікі СМІ і блогеры;

  • працягваюцца адвольныя затрыманні грамадзян за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў; у чэрвені 2025 года "Вясна" зафіксавала 67 выпадкаў палітычна матываваных рэпрэсій (у т.л. затрыманні, ператрусы і г.д.), якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу. Скарачэнне вядомых выпадкаў рэпрэсій звязана са спыненнем доступу да раскладу судоў – адзінай афіцыйнай крыніцы, якая часткова папаўняла адсутнасць публічнай дэзагрэгаванай дзяржаўнай статыстыкі па адміністрацыйным і крымінальным пераследзе;

  • агулам з пачатку года вядома пра больш за 1 700 затрыманняў, гэта толькі частка сістэматычных і шырока распаўсюджаных рэпрэсій па палітычных матывах;

  • праваабаронцы працягваюць фіксаваць выпадкі прымянення катаванняў і іншых форм недапушчальнага абыходжання пры расследаванні палітычна матываваных спраў, а таксама пры выкананні адміністрацыйных і крымінальных пакаранняў па такіх справах;

  • рэгулярна папаўняюцца спісы "экстрэмістаў" і "тэрарыстаў", "экстрэмісцкіх" фармаванняў і інфармацыйнай прадукцыі, закладваючы аснову для працягу дзяржаўнага тэрору і рэпрэсій; аб'ектыўныя дадзеныя з гэтых спісаў сведчаць аб тым, што рэпрэсіўныя практыкі не слабеюць, а па многіх паказчыках наадварот набіраюць сілу. У сувязі з гэтым няма падстаў казаць пра якое-небудзь змякчэнне або паслабленне палітычна матываваных рэпрэсій у Беларусі;

  • у межах 59 сесіі Рады па правах чалавека ААН у Жэневе выступіў Спецыяльны дакладчык па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс. Беларусь разглядалася як краіна, што мае сітуацыю з правамі чалавека, якая патрабуе ўвагі РПЧ. Фонд Right Livelihood і Праваабарончы цэнтр "Вясна", а таксама FIDH, OMCT і "Вясна" выступілі з заявамі па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Палітычна матываваны пераслед і палітвязні 

Агулам з 2020 года мінімум 8 421 чалавек сутыкнуліся з крымінальным пераследам па палітычных матывах. У дачыненні да не менш за 7 116 чалавек былі вынесеныя палітычна матываваныя прысуды. Дадзеныя паказчыкі працягваюць расці кожны месяц.

За чэрвень праваабаронцы прызналі палітвязнямі 29 чалавек, а ўсяго за 2025 год палітвязнямі прызнаныя 183 чалавекі.  Колькасць палітычных зняволеных на канец месяца склала 1 185 чалавек. Агульная колькасць палітвязняў павольна скарачаецца ў сувязі з адбыццём тэрмінаў пазбаўлення волі і памілаваннямі. Між тым, сярод палітвязняў застаюцца тыя, хто пазбаўлены волі ўжо больш за пяць гадоў.

21 чэрвеня пры пасярэдніцтве амерыканскай дыпламатыі былі вызваленыя 11 палітвязняў, уключаючы журналіста Ігара Карнея, апазіцыйнага палітыка і блогера Сяргея Ціханоўскага, актывіста анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскага-Ханаду, навукоўцу Наталлю Дуліну і некалькіх замежных грамадзян, асуджаных па палітычных матывах; пасля вызвалення ўсе яны былі дэпартаваныя з Беларусі.

Пры гэтым палітычна матываваныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца на пастаяннай аснове, без прыкмет змякчэння. Многія з палітычных лідараў і актывістаў – Павел Севярынец, Мікалай Статкевіч, Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава, Яўген Афнагель і іншыя – застаюцца ў няволі.

Працягваюць утрымлівацца ў зняволенні праваабаронцы "Вясны": лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, а таксама Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова. Працягвае знаходзіцца ў калоніі Наста Лойка, праваабаронца Human Constanta. 

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, сумесная праграма Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), выступіла з заявай з нагоды вызвалення валанцёра "Вясны" Андрэя Чапюка, у якой выказалі сваю глыбокую палёгку ў сувязі з тым, што ён шчасна пакінуў Беларусь праз месяц пасля свайго вызвалення з турмы і яму больш не пагражаюць далейшыя рэпрэсіі. Пры гэтым FIDH і OMCT у заяве падкрэслілі, што "Андрэй Чапюк не павінен быў правесці ні дня за кратамі, паколькі ён быў затрыманы за сваю мірную праваабарончую дзейнасць. Ён не павінен быў вымушана пакідаць свой дом. Сістэматычны пераслед сябраў "Вясны" і іншых праваабаронцаў не пакінуў месца для незалежнай грамадзянскай супольнасці: тыя, хто не заключаны ў турму, вымушаныя жыць у выгнанні, а "прафілактычнае назіранне" гарантуе, што нават вызваленыя палітычныя зняволеныя або мірныя актывісты застаюцца пад пастаяннай пагрозай".

У зняволенні знаходзяцца 38 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ.

Працягваюць утрымлівацца ў няволі прафсаюзныя лідары Вольга Брыцікава, Вячаслаў Арэшка, Генадзь Фядыніч, Аляксандр Ярашук, Андрэй Ханевіч, Аляксандр Кандрацюк і фігуранты справы "Рабочага Руху".

Агулам з траўня 2020 года рашэнні аб прызнанні палітвязнямі прымаліся ў дачыненні да 3 945 чалавек. 2 807 чалавек, з якіх 578 – жанчыны, ужо знаходзяцца на волі ў сувязі з адбыццём тэрміну, вызваленнем ад пакарання або ў сувязі са зменай меры стрымання;

За чэрвень Праваабарончы цэнтр "Вясна" зафіксаваў 67 выпадкаў затрыманняў і іншых відаў палітычна матываванага крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу. З пачатку года зарэгістравана каля 1 700 затрыманняў і іншых формаў крымінальных і адміністрацыйных рэпрэсій, што сведчыць аб іх высокім узроўні. Збор падобных дадзеных значна абцяжараны з-за больш жорсткай з пачатку года палітыкі ўладаў, накіраванай на максімальнае ўтойванне фактаў пераследаў.

Працягваюцца затрыманні па крымінальных справах, звязаных з уцечкай у лютым 2025 года дадзеных з чата, куды бот маніторынгавага праекта "Беларускі Гаюн" перанакіроўваў паведамленні ад людзей з Беларусі: па стане на канец чэрвеня вядома ўжо пра 26 людзей, якія ўтрымліваюцца пад вартай, і гэта толькі частка фігурантаў справы. Вядомы першы прысуд па гэтай справе – чатыры гады пазбаўлення волі атрымаў Віталь Чавусаў. Усяго за перадачу дадзеных гэтай ініцыятыве за перыяд з 2022 года было асуджана як мінімум 40 чалавек. Таксама было вынесена некалькі дзясяткаў адвольных прысудаў за перадачу інфармацыі пратэсным медыя. Фармальнай падставай для асуджэнне становіцца факт прызнання медыя або ініцыятыў "экстрэмісцкімі фарміраваннямі". Такая практыка з'яўляецца грубейшым парушэннем права на свабоду выказвання меркаванняў, уключаючы права на распаўсюд і атрыманне інфармацыі, а таксама свабоды асацыяцый.

Па-ранейшаму застаюцца ў няволі мінімум 164 палітвязняў у асабліва ўразлівым становішчы, несумяшчальным са знаходжаннем у няволі: з цяжкімі захворваннямі, непаўналетнія, шматдзетныя, з сямейнымі цяжкасцямі або на прымусовым псіхіятрычным лячэнні.

У рэжыме інкамунікада, без сувязі са знешнім светам, працягваюць знаходзіцца як мінімум восем палітвязняў: Марыя Калеснікава, Максім Знак, Мікалай Статкевіч, Ігар Лосік, Віктар Бабарыка, Уладзімір Кніга, Аляксандр Арановіч, Аляксандр Францкевіч, а таксама з 13 мая – Мікіта Самарын. Праваабаронцы заклікаюць неадкладна спыніць ізаляцыю і забяспечыць палітвязням доступ да адвакатаў і сувязь са сваякамі.

На канец месяца вядома пра 63 палітвязняў (46 з іх у няволі, 17 – ужо вызваленыя), каторым судом быў прызначаны дадатковы тэрмін адвольнага пазбаўлення волі паводле арт. 411 КК за сукупнасць дысцыплінарных парушэнняў у папраўчай установе. У чэрвені стала вядома аб двух новых прысудах – другі раз па гэтым абвінавачванні асуджаны Уладзімір Кніга, у чацвёрты раз асуджаная Вікторыя Кульша

Працягваюць паступаць звесткі аб выбарчым у параўнанні з іншымі асуджанымі абмежаванні правоў палітвязняў у калоніях і турмах.

Катаванні і негуманнае абыходжанне

"Вясна" па-ранейшаму збірае і дакументуе факты катаванняў і іншых відаў забароненага абыходжання, у тым ліку па палітычна матывах. Некаторыя з пацярпелых і сведак пагаджаюцца на журналісцкія інтэрв'ю, іх гісторыі сведчаць аб бесперапынным катавальным канвееры ў дачыненні да палітычных апанентаў і іншадумцаў.

З 22-гадовым былым палітвязнем Іллём Боханам "Вясна" паразмаўляла пра затрыманне ў ноч выбараў, баранавіцкае СІЗА, працу ў калоніі, ціск на палітвязняў і кантроль пасля вызвалення. 

Былы палітвязень Дзмітрый Сушчык, які правёў у зняволенні амаль два з паловай гады, распавёў "Вясне" пра допыт у лесе, уцёкі з расійскай турмы і экстрадыцыю ў Беларусь, дзікі холад у ШІЗА, пра зносіны з Алесем Пушкіным і пра складанасці, з якімі мужчына сутыкнуўся пасля вызвалення.

Лідар незалежнага прафсаюза распавёў "Вясне", як пасля затрымання ў бусе сілавікі яго катавалі, а пасля КДБ схіляў да супрацы, пра радыё "Суіцыд" і турэмныя метады "перавыхавання", пра дзёрзскія размовы з прадольнымі, за якія ён патрапіў у карцар, а таксама пра цяжкасці з адаптацыяй на волі.

Былая палітзняволеная распавяла "Вясне" пра ўмовы ўтрымання і працы ў калоніі, невыносны холад у ШІЗА, ежу з прусакамі ды глістамі, а таксама ціск на палітвязняў.

Адзін з прыніжаючых відаў абыходжання з палітзняволенымі – практыка так званых "голых аглядаў". Звычайна гэтая працэдура выкарыстоўваецца як мера пошуку забароненых рэчаў. Але для асуджаных за палітыку яе прымяняюць дзеля дадатковага ціску і прыніжэння чалавечай годнасці. Як распавядаюць былыя зняволеныя, з такім відам рэпрэсій яны сутыкаліся ў СІЗА, калоніях і будынках судоў. "Голым аглядам" падвяргаюцца як мужчыны, так і жанчыны. Але праз тое, што ў месцах няволі бракуе супрацоўніц жаночага полу, палітзняволеныя жанчыны нярэдка вымушаныя знаходзіцца ў цалкам распранутым стане ў прысутнасці асобаў супрацьлеглага полу. Таксама вядомыя выпадкі, калі падчас медычыных працэдураў або аглядаў у санчастцы побач з аголенай жанчынай знаходзіўся мужчына-канваір.

Былыя палітзняволеныя жанчыны распавялі "Вясне", як змагаліся з гэтай ганебнай практыкай, аб тым, як ўколы ў турэмным шпіталі рабілі ў прысутнасці чацвярых мужчын і сабакі, а таксама пра тое, як самі канваіркі ставяцца да палітвязынак. А юрыстка "Вясны" Вікторыя Рудзянкова распавяла, якія міжнародныя стандарты парушаюцца падчас падобных практык.

У псіхалогіі наратыў — гэта паслядоўны аповед сваёй гісторыі, што дапамагае чалавеку асэнсаваць і ўпарадкаваць уласны досвед. Пісьменнае аднаўленне гэтай гісторыі дапамагае людзям, якія перажылі катаванні або жорсткае абыходжанне, перапрацаваць траўму і вярнуць сабе цэласнасць.

Пра тое, як ствараць умовы для гэтага, а таксама траўматычную памяць, валідацыю перажыванняў і легалізацыю права быць пачутым, у межах Тыдня супраць катаванняў "Вясна" пагаварыла з псіхалагіняй Юліяй Лагвіненкай, што працуе з людзьмі, якія перажылі траўматычны досвед.

Падчас Тыдня супраць катаванняў Беларускі Хельсінкскі Камітэт прэзентаваў ацэнку стану права на свабоду ад катаванняў у 2024 годзе ў рамках Нацыянальнага індэкса правоў чалавека. 

Міжнародная платформа па прыцягненні да адказнасці для Беларусі (IAPB), сузаснавальнікам якой з'яўляецца "Вясна", апублікавала практычнае кіраўніцтва "Падыход, арыентаваны на пацярпелых, да дакументавання ў мэтах прыцягнення да крымінальнай адказнасці". 

Пераслед журналістаў, супрацоўнікаў СМІ і блогераў

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, на канец траўня 2025 года знаходзіцца ў зняволенні 39 прадстаўнік медыя.  

Гродзенскі абласны суд завочна асудзіў блогера і заснавальніка цяпер ужо закрытага праекта па маніторынгу вайсковай актыўнасці "Беларускі гаюн" Антона Матольку да 20 гадоў пазбаўленьня волі, паведаміла трэцяга чэрвеня прэс-служба Генеральнай пракуратуры. Таксама яму прызначылі штраф у памеры 2 000 базавых велічыняў (84 тысяч рублёў). У межах спецыяльнай вытворчасці яго абвінавацілі паводле 14 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх "здрада дзяржаве". Працэс пачаўся яшчэ 14 снежня 2024 года. Прысуд вынес Ігар Собалеў. Прысуд у дачыненні да блогера яскравы прыклад трансгранічнага пераследу беларускіх грамадзян за правамерную рэалізацыю правоў і свабод, прадугледжаных міжнароднымі абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь.

Парушэнне свабоды мірных сходаў. Падаўленне свабоды выказвання меркаванняў

Рэпрэсіі ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года і іншадумцаў не спыняюцца.

У судзе Заводскага раёну Мінска 27 чэрвеня асудзілі палітзняволенага Максіма Урбановіча, малодшага брата беларускага добраахвотніка Дзяніса Урбановіча, разглядаюць у судзе Заводскага раёну Мінска. Яго абвінавацілі паводле "народнага" артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя або ўдзел у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак). За ўдзел у пратэстах у 2020-м годзе Максіму прызначылі паўтара года ў калоніі агульнага рэжыму, піша "Белсат".

Парушэнні правоў і свабод на падставе барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам

У чэрвені ўлады працягнулі кампанію па эксплуатацыі наратываў барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам у мэтах палітычна матываванага пераследу. Мэты беларускага ўрада па-ранейшаму рэзка кантрастуюць з мэтамі міжнародных арганізацый, якія супрацьстаяць тэрарызму і гвалтоўнаму экстрэмізму, паколькі ў Беларусі ўвага засяроджана на падаўленні іншадумства і пратэстаў.

Як і раней пашыраецца спіс "экстрэмісцкіх матэрыялаў". У чэрвені было вынесена 75 судовых рашэнняў. Усяго з пачатку года такіх рашэнняў адбылося 829. За аналагічны перыяд мінулага года было вынесена 722 судовыя рашэнні.

Падпіскі, репост, перасылкі і рэакцыі на матэрыялы з спісу прыраўноўваюцца да захоўвання і распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў. Гэта выкарыстоўваецца як падстава пераследваць людзей па артыкуле 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях з прызначэннем арышту або буйнога штрафу.

Тры пункты дададзеныя ў спіс "экстрэмісцкіх фарміраванняў". У цяперашні час спіс уключае 296 суб'ектаў, прызнаных уладамі "экстрэмісцкімі фарміраваннямі". Іх дзейнасць забаронена, а стварэнне, удзел і любое ўзаемадзеянне з імі крыміналізавана. За бягучы год экстрэмісцкімі прызнаныя 39 суб'ектаў, за той жа перыяд мінулага года іх было 54.

Чарговым "ворагам дзяржавы" стала платформа, якая доўгі час заставалася адным з нешматлікіх інструментаў калектыўнага выказвання. 18 чэрвеня 2025 года Міністэрства ўнутраных справаў прызнала праект Petitions.bу "экстрэмісцкім фармаваннем". Паводле ведамства, дачыненне да праекту мае Уладзімір Кавалкін. Юрыстка "Вясны" Вікторыя Рудзянкова пракаментавала сітуацыю і ацаніла рызыкі пераследу падпісантаў петыцый. У спіс арганізацый, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці апошні раз была дададзеная арганізацыя ў верасні 2024 года. 

У спіс асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, у чэрвені ўключылі 124 чалавекі. За 2025 год у спіс дададзена 658 чалавек. За першае паўгоддзе мінулага года іх было 537. Агулам з канца сакавіка 2022 года ў спіс унесена 5 466 чалавек.

У Мінскім гарадскім судзе 12 чэрвеня агучылі прысуд тром палітзняволеным — Любові ДрагельАляксандру Якушкову і Яўгену Бойку. Як піша dissidentby, ім прызначылі ад двух да пяці гадоў калоніі. За салідарнасць з палітвязнямі іх прызналі вінаватымі паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). За кратамі палітзняволеныя ўтрымліваюцца з верасня 2024 года.

Такім чынам, аб'ектыўныя даныя сведчаць аб тым, што рэпрэсіўныя практыкі не слабеюць, а па многіх паказчыках наадварот набіраюць сілу. У сувязі з гэтым няма падстаў казаць аб якім-небудзь змякчэнні або паслабленні палітычна матываваных рэпрэсій у Беларусі.

Прымусовая праца

Другога чэрвеня ў Жэневе пачалася 113-я сесія канферэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы. У сувязі з гэтым кааліцыя беларускіх НДА і Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў прадставіла аналітычны даклад аб сітуацыі з правамі чалавека ў сферы працы, прызначаны для Спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. У ім кааліцыя распавяла пра сітуацыю з усім спектрам працоўных правоў у краіне і прапанавала рэкамендацыі, якія варта адрасаваць уладам Беларусі ды міжнароднай супольнасці з пазіцыі працоўных стандартаў ды правоў чалавека. Аўтары дакладу адзначаюць, што ў Беларусі назіраюцца сістэмныя і маштабныя парушэнні працоўных правоў, што закранаюць шырокае кола працаўнікоў.

Група незалежных экспертаў ААН выказала занепакоенасць з нагоды парушэнняў свабоды аб'яднанняў у працоўных адносінах у Беларусі. Яны заклікалі ўрад краіны паўнавартасна супрацоўнічаць з Упраўленнем Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, праваабарончымі механізмамі ААН, міжнароднай арганізацыяй працы (МАП) і яе нагляднымі органамі для забеспячэння захавання правоў чалавека лідэраў і членаў незалежных прафсаюзаў.

На 113-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы (МКТ), якая штогод арганізуецца Міжнароднай арганізацыяй працы (МАП), разгледзелі пытанне пераследу работнікаў і незалежных прафсаюзаў у Беларусі. Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і Праваабарончы цэнтр "Вясна" заклікалі ўсіх членаў МАП узмацніць ціск на ўлады Беларусі, каб забяспечыць захаванне правоў працоўных на свабоду аб'яднанняў і выказвання меркаванняў.

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

Share

See more news

Праваабаронцы прэзентавалі Дапаможнік па мірных сходах для беларусаў і беларусак за мяжой
29 July 2025, 4:22 PM
Праваабаронцы прэзентавалі Дапаможнік па мірных сходах для беларусаў і беларусак за мяжой
Валанцёрская службы "Вясны" прэзентавала Дапаможнік па мірных сходах для беларусаў і беларусак за мяжой. Яму прысвечаны адмысловы сайт.
Заява праваабарончай кааліцыі аб недапушчальнасці сексуалізаванага пераследу і неабходнасці сістэмнага рэагавання на выпадкі гвалту і злоўжывання ўладай
24 July 2025, 3:59 PM
Заява праваабарончай кааліцыі аб недапушчальнасці сексуалізаванага пераследу і неабходнасці сістэмнага рэагавання на выпадкі гвалту і злоўжывання ўладай
Мы лічым недапушчальнымі любыя сэксуалізаваныя дзеянні ці камунікацыю, якія здзяйсняюцца без ясна выяўленай і свабодна дадзенай згоды.
Исследование БАЖ: Искусственный интеллект в медиа. Правовое регулирование и этические стандарты
21 July 2025, 1:04 PM
Исследование БАЖ: Искусственный интеллект в медиа. Правовое регулирование и этические стандарты
Цель данного исследования — проанализировать существующую нормативную базу, регулирующую использование искусственного интеллекта, в том числе в медиасфере, рассмотреть международные практики и выявить ключевые вызовы для правоприменения.
«Гэта не акт дабрыні, а чарговы інструмент рэпрэсій»: Павел Сапелка пра прымусовы вываз палітвязняў з Беларусі
21 July 2025, 11:48 AM
«Гэта не акт дабрыні, а чарговы інструмент рэпрэсій»: Павел Сапелка пра прымусовы вываз палітвязняў з Беларусі
Прымусовая высылка палітвязняў, без права вярнуцца, з’яўляецца сур’ёзным парушэннем міжнароднага гуманітарнага права.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці