Праваабарончы цэнтр "Вясна" апублікаваў вынікі маніторынга сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі за ліпень 2025 года.
у Беларусі захоўваецца крытычная сітуацыя з правамі чалавека: працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года, крымінальны пераслед іншадумцаў, удзельнікаў грамадскіх ініцыятыў, журналістаў, праваабаронцаў і адвакатаў;
улады Беларусі працягваюць хаваць маштаб крымінальных і адміністрацыйных рэпрэсій, аднак у ПЦ "Вясна" працягваюць рэгулярна паступаць дадзеныя аб затрыманнях і пераследзе па палітычных матывах;
агулам "Вясне" вядома пра больш чым 7 190 асуджаных (у тым ліку 33 накіраваных на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне) па палітычна матываваных крымінальных справах з 2020 года;
нягледзячы на тое, што працягваецца працэс вызвалення палітвязняў у сувязі з адбыццём тэрміну, змены меры стрымання і ў парадку памілавання, іх колькасць застаецца крытычна высокай: на канец ліпеня 2025 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 1 184 палітвязняў (з іх 175 — жанчыны), за месяц палітвязнямі прызнаныя 48 чалавек. Таксама праваабаронцы запатрабавалі рэабілітацыі 18 былых палітвязняў. Агулам з траўня 2020 года рашэнні аб прызнанні палітвязнямі прымаліся ў дачыненні да 4 044 чалавек. 2 860 чалавек, з якіх 593 — жанчыны, ужо знаходзяцца на волі ў сувязі з адбыццём тэрміну, вызваленнем ад пакарання або ў сувязі са зменай меры стрымання;
сябры ПЦ "Вясна": лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марыя Рабкова, а таксама праваабаронца Наста Лойка, асуджаныя да пазбаўлення волі, утрымліваюцца ў зняволенні;
падвяргаюцца рэпрэсіям, уключаючы пазбаўленне волі, журналісты, супрацоўнікі СМІ і блогеры;
працягваюцца адвольныя затрыманні грамадзян за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў; у ліпені 2025 года "Вясна" зафіксавала 64 выпадкі палітычна матываваных рэпрэсій (у тым ліку затрыманні, ператрусы і г.д.), якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу. Скарачэнне вядомых выпадкаў рэпрэсій у 2025 годзе звязана з адсутнасцю доступу да публічнай дэзагрэгаванай дзяржаўнай статыстыкі па адміністрацыйным і крымінальным пераследзе;
праваабаронцы працягваюць фіксаваць выпадкі прымянення катаванняў і іншых формаў недапушчальнага абыходжання пры расследаванні палітычна матываваных спраў, а таксама пры выкананні адміністрацыйных і крымінальных пакаранняў па такіх справах;
рэгулярна папаўняюцца спісы "экстрэмістаў" і "тэрарыстаў", "экстрэмісцкіх" фарміраванняў і інфармацыйнай прадукцыі, закладваючы аснову для працягу дзяржаўнага тэрору і рэпрэсій; аб'ектыўныя дадзеныя з гэтых спісаў сведчаць аб тым, што рэпрэсіўныя практыкі не слабеюць, а па многіх паказчыках наадварот набіраюць моц. У сувязі з гэтым няма падстаў казаць пра якое-небудзь змякчэнне або паслабленне палітычна матываваных рэпрэсій у Беларусі;
пад пагрозай дысцыплінарнай і крымінальнай адказнасці палітвязні рэгулярна прыцягваюцца да прымусовай працы, у тым ліку для вырабу прадукцыі ваеннага прызначэння.
У Вене 3 ліпеня 37 краін-чальцоў АБСЕ, уключна з чальцамі Еўрапейскага саюза, Вялікабрытаніяй, Канадай і Украінай, выступілі з сумеснай заявай у межах пасяджэння АБСЕ, заклікаючы рэжым Аляксандра Лукашэнкі да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.
Агулам з 2020 года мінімум 8 519 чалавек сутыкнуліся з крымінальным пераследам па палітычных матывах. У дачыненні да не менш за 7 190 чалавек былі вынесеныя палітычна матываваныя прысуды. Дадзеныя паказчыкі працягваюць расці кожны месяц.
Па звестках Вярхоўнага Суда, за шэсць месяцаў 2025 года па палітычных матывах асуджана 17 непаўналетніх: дзевяць асуджаныя за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» паводле арт. 342 КК; два — «за абразу А. Лукашэнкі» па арт. 368 КК, яшчэ два — за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» па арт. 361-4 КК і «здзек над дзяржаўнымі сімваламі» па арт. 370 КК.
За ліпень праваабаронцы прызналі палітвязнямі 48 чалавек і запатрабавалі рэабілітацыі 18 былых палітвязняў. Колькасць палітычных зняволеных на канец месяца склала 1 184 чалавекі. Агульная колькасць палітвязняў застаецца па-ранейшаму крытычна высокай, нягледзячы на вызваленне вязняў, якія адбылі свае тэрміны і ў сувязі са зменай меры стрымання, а таксама вызваленне з ліпеня 2024 года ў парадку памілавання і абмену больш за 330 палітвязняў. Гэта тлумачыцца працягам крымінальных рэпрэсій, якія не спыняюцца нягледзячы на заявы ўладаў аб поўным падаўленні супраціву рэжыму А. Лукашэнкі.
Колькасць людзей, у дачыненні да якіх прымаліся пастановы аб прызнанні палітвязнямі з траўня 2020 года, перавысіла чатырохтысячную мяжу — іх 4 044, з якіх 768 — жанчыны.
14 ліпеня споўнілася чатыры гады з дня, калі былі затрыманыя праваабаронцы «Вясны», пасля чаго лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, а таксама Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч былі асуджаныя на тэрмін ад сямі да дзесяці гадоў пазбаўлення волі. Яны, як і праваабаронца «Вясны» Марфа Рабкова, затрыманая 17 верасня 2020 года і пасля асуджаная да амаль 15 гадоў пазбаўлення волі, працягваюць утрымлівацца ў зняволенні. Працягвае знаходзіцца ў калоніі Наста Лойка, праваабаронца Human Constanta; у ліпені ёй узмацнілі ўмовы зняволення, адправіўшы ў памяшканне камернага тыпу.
У зняволенні знаходзяцца 37 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ.
Улады працягваюць утрымліваць у няволі прафсаюзных лідараў Вольгу Брыцікаву, Вячаслава Арэшку,Генадзя Фядыніча, Аляксандра Ярашука, Андрэя Ханевіча, Аляксандра Кандрацюка і фігурантаў справы «Рабочага Руху».
За ліпень Праваабарончы цэнтр "Вясна" зафіксаваў 64 выпадкі затрыманняў і іншых відаў палітычна матываванага крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу. Збор падобных даных значна абцяжараны з-за больш жорсткай з пачатку года палітыкі ўладаў, накіраванай на максімальнае ўтойванне фактаў пераследу.
Працягваюцца затрыманні па крымінальных справах, звязаных з уцечкай у лютым 2025 года дадзеных з чата, куды бот маніторынгавага праекта «Беларускі Гаюн» перанакіроўваў паведамленні ад людзей з Беларусі: па стане на канец чэрвеня вядома ўжо пра 35 фігурантаў, і гэта толькі частка фігурантаў справы. Не менш за шэсць з іх ужо асуджаныя. Такая практыка з'яўляецца грубейшым парушэннем права на свабоду выказвання меркаванняў, уключаючы права на распаўсюд і атрыманне інфармацыі, а таксама свабоды асацыяцый.
У рэжыме інкамунікада, без сувязі са знешнім светам, працягваюць знаходзіцца як мінімум восем палітвязняў: Марыя Калеснікава, Максім Знак, Мікалай Статкевіч, Ігар Лосік, Віктар Бабарыка, Уладзімір Кніга, Аляксандр Арановіч, Аляксандр Францкевіч. Праваабаронцы атрымалі звесткі, што Алена Гнаук доўгі час не мае сувязі са сваякамі.
Праваабаронцы рэгулярна абагульняюць звесткі аб наступных дадатковых рэпрэсіях у дачыненні да палітвязняў.
На канец месяца вядома пра 47 палітвязняў, якім тэрмін пазбаўлення волі, прызначаны рашэннем суда, быў адвольна падоўжаны з выкарыстаннем арт. 411 КК за сукупнасць дысцыплінарных спагнанняў, многім неаднаразова. Агулам такім мерам падвяргаліся не менш за 67 чалавек, некаторыя з іх ужо вызваленыя.
Працягваюць паступаць звесткі аб выбарчым у параўнанні з іншымі асуджанымі абмежаванні правоў палітвязняў у калоніях і турмах. Так, палітвязень Дзяніс Івашын ужо сем месяцаў не атрымлівае магчымасці патэлефанаваць родным і жонцы з турмы.
Пасля вызвалення з беларускіх турмаў па памілаванні палітвязні ўсё часцей аказваюцца не дома, а за мяжой — прымусова вывезеныя з мяшкамі на галовах, пад наглядам сілавікоў. Так пасля памілавання з краіны былі дэпартаваныя ўжо восем беларусаў, якія не маюць другога грамадзянства.
"Вясна" паразмаўляла з Данілам Чулем пра адаптацыю на волі, "жоўтую бірку" ў калоніі, візіты сілавікоў і допыт у ГУБАЗіКу пасля зняволення, і пра тое, як выжыць, калі дзяржава спрабуе зламаць цябе знутры. Данііл выйшаў на волю 1 сакавіка гэтага года. Але замест рэсацыялізацыі пасля заключэння берасцеец сутыкнуўся з жорсткімі абмежаваннямі прэвентыўнага нагляду і ўвагі сілавікоў з розных ведамстваў, у сувязі з чым быў вымушаны выехаць з Беларусі.
Рабочая група па барацьбе з катаваннямі Платформы "Грамадзянская салідарнасць", у якую ўваходзяць прадстаўнікі праваабарончых і грамадскіх арганізацый з шасці краін рэгіёну АБСЕ (Арменія, Беларусь, Казахстан, Малдова, Расія і Украіна), прадставіла штогадовыя вынікі вымярэння Індэкса забароны катаванняў у гэтых краінах. Шосты год Беларусь займае ў ім апошняе месца.
Група незалежных экспертаў ААН 16 ліпеня выступіла з заявай, у якой заклікала да неадкладнага пачатку эфектыўнага і празрыстага расследавання смерцяў людзей, пазбаўленых волі за выказванне палітычнага іншадумства ў Беларусі. Паводле звестак "Вясны", восем палітвязняў памерлі ў беларускіх турмах, вядома пра адзін выпадак самагубства. Эксперты ААН накіравалі ліст беларускім уладам, звяртаючы іх увагу на асцярогі з нагоды магчымых грубых парушэнняў правоў чалавека ў сувязі са смерцямі палітвязняў у месцах пазбаўлення волі. Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце СПЧ.
"Вясна" па-ранейшаму збірае і дакументуе факты катаванняў і іншых відаў забароненага абыходжання, у тым ліку па палітычна матывах. Некаторыя з пацярпелых і сведак пагаджаюцца на журналісцкія інтэрв'ю, іх гісторыі сведчаць аб бесперапынным катавальным канвееры ў дачыненні да палітычных апанентаў і іншадумцаў.
Былога палітвязня, чыё імя не называецца ў мэтах бяспекі, затрымалі за каментар і асудзілі да некалькіх гадоў зняволення. Свой тэрмін ён адбываў у двух калоніях і выйшаў на волю па заканчэнні тэрміну. У Наваполацкай калоніі мужчына зазнаў збіццё за тое, што прасіў зачыніць акно зімой у штрафным ізалятары. Ён распавёў "Вясне" пра ўмовы ўтрымання ў калоніі № 1, пра галюцынацыі ад холаду ў штрафным ізалятары, пра тое, як зняволеным з белымі біркамі прысвойваюць"экстрэмісцкі" прафулік, а таксама пра цяжкасці адаптацыі на волі.
Рэпрэсіі ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года і іншадумцаў не спыняюцца. Нароўні з адносна мяккім пакараннем у выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, за ўдзел у пратэстных выступах да гэтага часу прызначаюць і пазбаўленне волі.
Як стала вядома MAYDAY TEAM, палітзняволеную блогерку і актывістку Паліну Зыль асудзілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). За ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020-м годзе ёй прызначылі адзін год калоніі. Вядома, што ў 2020 годзе дзяўчына падтрымала пратэсты, адбывала адміністрацыйны арышт. Паліна была затрыманая ў лютым 2025 года. Суда палітзняволеная чакала ў следчым ізалятары № 3 у Гомелі.
Парушэнні правоў і свабод на падставе барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам
У ліпені ўлады працягнулі кампанію па барацьбе з экстрэмізмам і тэрарызмам. Мэты беларускага ўрада рэзка кантрастуюць з мэтамі міжнародных арганізацый, якія супрацьстаяць тэрарызму і гвалтоўнаму экстрэмізму, паколькі яго асноўная ўвага засяроджана на падаўленні іншадумства і пратэстаў.
Рэжым працягвае здзяйсняць і апраўдваць масавыя рэпрэсіі, прыраўноўваючы іншадумства да экстрэмізму і нацызму, выкарыстоўваючы гістарычныя маніпуляцыі і знешнюю дэманізацыю нелаяльных для легітымацыі суровых прысудаў. Мэты па зачыстцы грамадства і грамадскай прасторы дасягаюцца за кошт пашырэння спісаў "экстрэмісцкіх» і "тэрарыстычных" арганізацый і асоб, а таксама за кошт цэнзуры інфармацыйных рэсурсаў. Дадзеныя спісы выкарыстоўваюцца для ініцыявання адміністрацыйных і крымінальных пераследу, як і для іншых абмежаванняў правоў чалавека.
Канвеер цэнзуры інфармацыі працягвае функцыянаваць праз пашырэнне спісу "экстрэмісцкіх матэрыялаў". У ліпені было вынесена 104 судовых рашэнняў, што на 20 больш, чым у чэрвені.
Сярод прызнаных "экстрэмісцкімі" матэрыяламі ў ліпені-YouTube-канал "шэры Кот" палітвязня, які ўжо пяць гадоў знаходзіцца за кратамі. Пад таўро "экстрэмісцкіх матэрыялаў" рэгулярна трапляюць самыя розныя анлайн-платформы — ад лакальных чатаў і палітычных структур да папулярных музычных каналаў, культурных ініцыятыў і сатырычных акаўнтаў. Спіс на сённяшні дзень змяшчае больш за 7 000 адзінак экстрэмісцкай прадукцыі, а дакумент — амаль 1800 старонак. "Экстрэмісцкіх" матэрыялаў стала настолькі шмат, што за імі немагчыма проста фізічна ўсачыць, а разам з паслядоўнай палітыкай застрашвання людзей — беларусам у краіне даводзіцца ўстрымлівацца ад фізічнага і лічбавага ўзаемадзеяння з незалежнай інфармацыі ў прынцыпе, што і з'яўляецца мэтай уладаў.
Падпіскі, репосты, перасылкі і рэакцыі на матэрыялы са спісу прыраўноўваюцца да захоўвання з мэтай распаўсюджвання і распаўсюджванню экстрэмісцкіх матэрыялаў. Гэта выкарыстоўваецца як падстава пераследваць людзей па артыкуле 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Артыкул 19.11 КаАП традыцыйна выкарыстоўваецца як падстава для затрымання і наступнага крымінальнага пераследу. Спачатку супрацоўнікі сілавых структур знаходзяць у чалавека "лайк", рэпост, падпіску ці перасылку "экстрэмісцкага" матэрыялу альбо падпісваюць чалавека самі, пасля чаго суд прызначае адміністрацыйны арышт. Падчас адбыцця арышту супрацоўнікамі праваахоўных органаў праводзяцца праверкі акаўнтаў, перапісак і архіваў, што дазваляе распачаць крымінальную справу па адным з артыкулаў «экстрэмісцкай» накіраванасці. Ціск на затрыманых суправаджаецца псіхалагічным прэсінгам, шантажом і іншымі метадамі, якія кваліфікуюцца як катаванні і жорсткае, бесчалавечнае і прыніжаючае чалавечую годнасць абыходжанне.
На 31 ліпеня спіс экстрэмісцкіх фармаванняў уключаў 302 структуры і персанальных старонак, прызнаных уладамі «экстрэмісцкімі фармаваннямі». Адпаведна, іх дзейнасць забароненая, а стварэнне, удзел і любое ўзаемадзеянне з імі – крыміналізававана.
У ліпені КДБ і МУС дадалі ў спіс: "Офис по образованию для новой Беларуси", музычны гурт "DZIECIUKI", "Навіны Гродна і вобласці", "АВТОНОМНОЕ ДЕЙСТВИЕ Белорусское региональное отделение" / "Автономное действие - Беларусь", "Беларуская акадэмія" і брэнд упрыгожванняў "Belaruskicry". Як звычайна – адукацыйныя і палітычныя арганізацыі і ініцыятывы, незалежныя медыя, а таксама ў другі раз у спіс уключаюць музычны гурт і ў першы – брэнд упрыгожванняў. Прызнанне музычных гуртоў, Tor Band і Dzieciuki, брэнда ўпрыгожванняў BelaruskiCry "экстрэмісцкімі фармаваннямі", звязанае не з іх дзейнасцю ў агульнапрынятым разуменні экстрэмізму, а з іх сімвалічнай роляй для беларусаў. Песні і кліпы — "Мы не народзец", "Жыве", "Родная Зямля" — сталі саўндтрэкамі пратэстаў 2020 года, упрыгожванне ў выглядзе контуру Беларусі са слязой – сімвалам тугі па родным краі. Ва ўмовах, калі за "рэпост" ці "лайк" песняў можна атрымаць адміністрацыйны ці нават крымінальны пераслед, быць спажыўцамі такіх культурных прадуктаў у Беларусі значыць падвяргацца рызыцы і станавіцца мішэнню сістэмы.
93 чалавекі дадалі ў "спіс асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці", што на 30 менш, чым у мінулым месяцы. Агулам у спісе знаходзяцца 5 559 чалавек, у дачыненні да якіх уступіў у сілу прысуд па артыкуле "экстрэмісцкай" накіраванасці. Большасць людзей, уключаных у спіс у ліпені, адбываюць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Дадзены спіс служыць уладам таксама ў якасці інструмента кантролю і абмежаванняў у дачыненні да асабліва нелаяльных. Такія людзі падвяргаюцца кантролю за фінансавымі аперацыямі і абмежаванням у сувязі з гэтым: адкрыццё банкаўскіх рахункаў, пераклады, плацяжы. Таксама ім забаронена займацца дзейнасцю ў сферы адукацыі, ідэалагічнай працы, дзяржкіравання, ваеннай службы і прафілактыкі залежнасцяў, таксама ў некаторых абласцях медыцыны. Абмежаванні дзейнічаюць да пяці гадоў пасля зняцця судзімасці, што на практыцы можа складаць да 12 гадоў пасля адбыцця пакарання.
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці" — там з'явіліся прозвішчы адзінаццаці чалавек. Цяпер у "тэрарыстычным спісе" 1 326 чалавек, з іх 630 — беларусы, унесеныя ў спіс па палітычных матывах.
Пасля дзесяцімесячнага перапынку ў спіс арганізацый, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, па рашэнні Вярхоўнага суда ўнеслі новую структуру — Аб'яднаны пераходны кабінет, створаны ў 2022 годзе за мяжой орган дэмакратычных сіл Беларусі, які пазіцыянуе сябе як часовы альтэрнатыўны ўрад для арганізацыі пераходу ад аўтарытарнага рэжыму да дэмакратыі. Адвольна прысвоены статус тэрарыстычнай арганізацыі цягне дадатковыя пагрозы крымінальнага пераследу палітыкаў і актывістаў: у зоне рызыкі як прадстаўнікі АПК і іх блізкія, так і іншыя людзі, якіх могуць пераследваць за любое ўзаемадзеянне, у тым ліку ў Інтэрнэце. Названыя імёны 10 чалавек, якія маюць дачыненне да дзейнасці АПК.
"Экстрэмісцкія" крымінальныя артыкулы ахопліваюць шырокі спектр дзеянняў, звязаных з выказваннем меркавання. Крымінальны пераслед у ліпені, сярод іншага, ажыццяўляўся за наступныя дзеянні:
Дапамога палітвязням (арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Стала вядома пра затрыманне мастачкі Аксаны Шаляпінай.
Удзел у дзейнасці структур, прызнаных "экстрэмісцкімі фармаваннямі" і каментары ў Інтэрнэце. 70-гадовую гамяльчанку Сафію Бачурынскую асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Стварэнне і ўдзел у дзейнасці арганізацыі, прызнанай "экстрэмісцкім фарміраваннем" і за ўдзел у пратэстах. Ганну Кміт прысудзілі да двух гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Дзейнасць мясцовых пратэстных ініцыятыў: у Гродне пачаўся масавы суд над пяццю фігурантамі. Таксама хутка пачнуцца суды над групамі людзей з Ваўкавыска і Наваградка. Нагадаем, мінулай восенню па ўсіх рэгіёнах Беларусі пракацілася хваля затрыманняў па справе дваровых чатаў, прызнаных "экстрэмісцкім фарміраваннем", якія нібыта"спрабавалі аб'яднацца ў арганізацыю". Супраць дзясяткаў людзей распачалі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова ці іншыя дзеянні, здзейсненныя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), а таксама ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім). Некаторыя фігуранты знаходзяцца за мяжой, яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек цяпер пад вартай. "Вясна" сабрала ўсё, што вядома пра пераслед актывістаў, а таксама паразмаўляла з фігуранткай справы, якой удалося збегчы з краіны. Таццяна распавяла праваабаронцам пра затрыманне, допыты ў КДБ і СК, пра сутнасць абвінавачванняў, і пра пагрозы ад сілавікоў.
Пасля пачатку масавага выхаду на волю палітвязняў з беларускіх турмаў становяцца вядомымі ўсё новыя акалічнасці жудасных умоваў іх утрымання і паднявольнай працы. "ГУЛАГ XXI стагоддзя", "канцэнтрацыйныя лагеры", "пекла на зямлі", "катарга" – вось толькі невялікі пералік усіх тых метафарычных параўнанняў, якімі надзяляюцца месцы зняволення, і ў каторых адбываюць пакаранне тысячы палітычных апанентаў дзеючай улады. Прымусовая праца, якая выконваецца ў папраўчых установах, прыцягвае асаблівую ўвагу даследчыкаў, у тым ліку з прычыны датычнасці беларускага палітычнага кіраўніцтва да вядзення агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны. Па шматлікіх звестках, атрыманых ад былых зняволеных, у калоніях вырабляецца шырокая наменклатура тавараў ваеннага прызначэння – ад спецыяльнай вопраткі і ажно да элементаў зброі. Эксплуатацыя дзяржавай зняволеных ў гэтым кантэксце расцэньваецца як парушэнне міжнародных абавязацельстваў Рэспублікай Беларусь у галіне забароны прымусовай працы і форма саўдзелу аўтарытарнага рэжыму ў вядзенні агрэсіўнай вайны. Праваабаронца "Вясны" Алег Мацкевіч прааналізаваў адкрытыя крыніцы інфармацыі і сведчанні былых палітзняволеных, і распавёў пра сувязь паміж прымусовай працай зняволеных у беларускіх турмах і задавальненнем ваенных патрэбаў Расійскай Федэрацыі, накіраваных на вайну супраць суверэннай Украіны.