Праваабарончы цэнтр "Вясна" апублікаваў чарговы агляд сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі за люты 2025 года.
сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца вельмі цяжкай: працягваюцца рэпрэсіі супраць удзельнікаў пратэстаў 2020 года, а таксама пераслед іншадумцаў;
Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (IAPB), чальцом якой з'яўляецца «Вясна», прадставіла доказы і юрыдычны аналіз у Канцылярыю пракурора Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) для папярэдняга вывучэння пытання аб тым, ці валодае Суд юрысдыкцыяй для расследавання і пераследу меркаваных злачынстваў супраць чалавечнасці, уключаючы дэпартацыю, пераслед і іншыя бесчалавечныя акты, здзейсненымі беларускімі высокапастаўленымі службовымі асобамі з першага траўня 2020 года. Адзначаецца, што база дадзеных Платформы змяшчае больш за 29 000 дакументаў, якія маюць дачыненне да 2 600 апытаных, і больш за мільён архіваваных матэрыялаў з адкрытых крыніц;
на 28 лютага 2025 года ў Беларусі ў месцах зняволення знаходзіліся 1 234 палітзняволеных (з іх 155 – жанчыны), за месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 39 чалавек і запатрабавала рэабілітацыі 16 былых палітвязняў, аб пазбаўленні волі якіх стала вядома ўжо пасля іх вызвалення; агулам з траўня 2020 года рашэнні аб прызнанні палітвязнямі прымаліся ў дачыненні да больш чым 3 776 чалавек; 2 542 чалавекі, з якіх 541 – жанчыны, ужо знаходзяцца на волі ў сувязі з адбыццём тэрміну, вызваленнем ад пакарання або ў сувязі са змяненнем меры стрымання;
Агулам «Вясне» вядома пра больш чым 6 560 асуджаных па палітычна матываваных крымінальных справах. У лютым падлічана колькасць асуджаных у студзені – 89 чалавек. З гэтай колькасці 65 складаюць мужчыны, 24 – жанчыны. Яшчэ адзін чалавек у студзені быў падвергнуты асуджэнню ў парадку працэдуры завочнай вытворчасці. Гэта мінімальная дакладна вядомая колькасць абвінавачаных, у дачыненні да якіх вынеслі прысуды: агулам у студзені судамі слухаліся палітычна матываваныя крымінальныя справы ў дачыненні да не менш за 180 чалавек;
праваабаронцы "Вясны": лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, а таксама Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк, а таксама праваабаронца Наста Лойка, асуджаныя да пазбаўлення волі, працягваюць утрымліваюцца ў зняволенні;
працягваюцца адвольныя затрыманні грамадзян за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў; у лютым 2025 года "Вясна" зафіксавала мінімум 656 выпадкаў рэпрэсій (у тым ліку затрыманні, ператрусы і г.д.), якія вынікаюць з палітычна матываванага крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу.У дачыненні да не менш за 352 чалавекі былі вынесеныя пастановы па адміністрацыйных справах;
праваабаронцы па-ранейшаму рэгулярна выяўляюць, збіраюць і сістэматызуюць факты прымянення катаванняў і забароненых відаў абыходжання ў ходзе расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, а таксама забароненых відаў звароту ў працэсе адбыцця крымінальнага і адміністрацыйнага пакарання па палітычна матываваных справах;
Камітэт па ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын вынес заключныя заўвагі па дзявятым перыядычным дакладзе Беларусі. КЛДЖ выказаў занепакоенасць адсутнасцю ў Беларусі комплекснага закона аб гендарнай роўнасці і антыдыскрымінацыйнага заканадаўства. Камітэт адзначыў сур'ёзныя рэпрэсіі супраць абаронцаў правоў жанчын, палітычных актывістак і журналістак, а таксама бесчалавечныя ўмовы іх утрымання ў зняволенні. КЛДЖ заклікаў перагледзець крымінальныя справы і вызваліць жанчын, чыё заключэнне пагражае іх здароўю або жыццю;
Урад Беларусі здзейсніў "шырокамаштабныя парушэнні правоў чалавека ў дачыненні да грамадзянскага насельніцтва, што з'яўляецца часткай жорсткіх намаганняў па падаўленні любой апазіцыі праўленню Аляксандра Лукашэнкі". Некаторыя з гэтых парушэнняў прыраўноўваюцца да злачынстваў супраць чалавечнасці, заключыла група незалежных экспертаў ААН па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі;
уступілі ў сілу змены ў Крымінальны кодэкс, якія пашыраюць магчымасці трансгранічнага пераследу па палітычных матывах.
Агулам, з 2020 года, як мінімум 8 092 чалавек сутыкнулася з крымінальным пераследам па палітычных матывах. У дачыненні да не менш за 6 673 чалавек былі вынесеныя палітычна матываваныя прысуды. Не менш за 33 чалавекі суды накіравалі на прымусовае лячэнне.
Вясна сабрала асноўныя навіны рэпрэсіўных практык за апошні год, сярод іх адзначаны ўзмацненне пераследу ЛГБТК + людзей, прымусу да кампенсацыі шкоды за данаты ў арганізацыі грамадзянскай супольнасці, павелічэнне колькасці завочных судоў і інш.
На працягу лютага зафіксавана мінімум 656 выпадкаў палітычна матываваных рэпрэсій (у тым ліку затрыманні, ператрусы і г.д.), якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу. У дачыненні да не менш за 352 чалавек вынесеныя пастановы па адміністрацыйных справах. У тым ліку працягваліся ўзмоцненыя праверкі і затрыманні пры перасячэнні мяжы з Беларуссю. Таксама вядома пра першыя затрыманні пасля атрымання спецслужбамі доступу да чат-бота "Беларускі Гаюн", які збіраў інфармацыю аб перасоўванні расейскай вайсковай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі і іншай актыўнасці, звязанай з уварваннем Расіі ва Украіну.
Колькасць палітычных зняволеных на канец месяца склала 1 234 чалавекі. За люты праваабаронцы прызналі палітвязнямі 39 чалавек. Таксама 16 чалавек былі прызнаныя палітвязнямі постфактум, паколькі інфармацыя аб іх адвольным затрыманні стала вядомая толькі пасля іх вызвалення.
Колькасць былых палітвязняў перавышае 2 540 чалавек. 1 лютага была вызвалена Паліна Шарэнда-Панасюк: тэрмін зняволення палітычнай актывісткі тройчы адвольна падаўжаўся прымяненнем арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). 12 лютага стала вядома аб вызваленні палітвязняў Андрэя Кузнечыка і Алены Маўшук дзякуючы садзейнічанню ЗША.
Сяргей Ціханоўскі больш за 700 дзён утрымліваецца ў рэжыме інкамунікада. Вядома таксама аб працяглым утрыманні ў рэжыме інкамунікада палітвязняў Максіма Знака, Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка, Віктара Бабарыкі, Уладзіміра Кнігі, Мікалая Банькова, Андрэя Навіцкага, Аляксандра Арановіча і Аляксандра Францкевіча. Поўная адсутнасць якой-небудзь інфармацыі аб некаторых з іх дае падставы лічыць іх ахвярамі гвалтоўнага знікнення. Марыя Калеснікава з адзіночнай ізаляцыі, як паведамлялася, была пераведзеная ў атрад папраўчай калоніі, гэта можа азначаць спыненне рэжыму інкамунікада.
Палітвязні працягваюць сутыкацца з змяшчэннем у ШІЗА ў якасці меры ціску на іх. Утрыманне ў ШІЗА фактычна азначае рэжым інкамунікада і негуманныя ўмовы ўтрымання. У лютым стала вядома пра змяшчэнне ў ШІЗА палітвязняў Дзяніса Івашына – як паведамлялася, за выкарыстанне беларускай мовы, а таксама Алены Гнаук і Вікторыі Кульшы – раней паведамлялася пра ціск на жанчын з боку адміністрацыі жаночай калоніі № 24. Дзяніс Сальмановіч прабыў у ШІЗА больш за два месяцы, з лістапада па люты.
Вядома пра 53 палітвязні, якія сутыкнуліся з абвінавачваннямі ў «злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы», якія прад'яўляюцца зняволеным па сукупнасці дысцыплінарных спагнанняў (артыкул 411 Крымінальнага кодэкса). Сярод іх як мінімум восем палітвязняў, якія працягваюць адбываць пазбаўленне волі ў сувязі з прысудам па дадзеных абвінавачваннях.
У дачыненні да палітвязня Кірыла Вевеля, асуджанага да трох гадоў пазбаўлення волі, распачатая новая крымінальная справа паводле абвінавачванняў ва "ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні".
Сярод палітвязняў як мінімум 37 замежных грамадзян. У лютым працягваліся крымінальныя судовыя працэсы над грамадзянінам Японіі Наканісі Масатосі, грамадзянінам Арменіі Ервандам Марцірасянам і грамадзянінам Латвіі Юрыйсам Ганінсам.
Паводле інфармацыі БАЖ, вызвалены ў сакавіку 2024 года па памілаванні палітвязень Андрэй Толчын, быў зноў затрыманы ў канцы 2024 года. "Гомельская Вясна" даведалася, што 5 снежня яго асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт.19.11 КаАП). Вядома, што пасля затрымання Андрэй выходзіў на волю не з ІЧУ, а з лякарні.
Amnesty Polska запусціла кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі #BiegamDobrze у рамках марафону ў Варшаве ў сакавіку.
Працягваюць утрымлівацца ў зняволенні праваабаронцы "Вясны": лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, а таксама Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова і валанцёр Андрэй Чапюк. Працягвае знаходзіцца ў няволі Наста Лойка, праваабаронца Human Constanta.
У сувязі з гадавінай вынясення прысуду Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу і Уладзіміру Лабковічу беларускія праваабарончыя арганізацыі апублікавалі сумесную заяву з заклікам да міжнароднай супольнасці і патрабаваннем да ўладаў Беларусі распачаць усе магчымыя намаганні для таго, каб усе палітычныя зняволеныя ў Беларусі былі безумоўна вызваленыя і рэабілітаваныя.
Суды працягваюць актыўна выносіць палітычна матываваныя прысуды, большая частка крымінальных спраў па-ранейшаму тычыцца ўдзелу ў мірных пратэстах пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. На працягу лютага ў судах разглядаліся крымінальныя справы ў дачыненні да як мінімум 304 абвінавачаных, вынесена мінімум 352 пастановы па адміністрацыйных справах. Варта адзначыць, што ўлады старанна хаваюць колькасныя дадзеныя аб маштабах палітычна матываванага крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу.
Захоўваецца рост колькасці завочных палітычна матываваных судоў і тэндэнцыя пашырэння прымянення спецвытворчасці ў дачыненні да непублічных, не медыйных людзей.
Законам "Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці" ад 17 лютага 2025 года № 61-З былі прынятыя змены ў крымінальнае заканадаўства, якія пашыраюць пералік складаў Крымінальнага кодэкса, па якіх магчыма правядзенне папярэдняга расследавання ў рамках спецыяльнай вытворчасці і вынясенне прысуду завочна. У пералік дададзеныя: "распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы", "рэабілітацыя нацызму", "адмаўленне генацыду беларускага народа", "дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь", "абраза службовай асобы", "абраза і паклёп на прэзідэнта", "здзек над дзяржаўнымі сімваламі", "акт тэрарызму", "прапаганда тэрарызму", "пагроза здзяйсненнем акта тэрарызму", "фінансаванне і садзейнічанне тэрарыстычнай дзейнасці", "праходжанне навучання ці іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасці", "стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці альбо ўдзел у ёй", "арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі". Усе гэтыя склады злачынстваў выкарыстоўваюцца ў асноўным для палітычна матываванага пераследу беларусаў. Гэтыя новаўвядзенні хутчэй за ўсё стануць прычынай рэзкага пашырэння завочнага крымінальнага пераследу ў якасці спосабу ажыццяўлення трансгранічных рэпрэсій у дачыненні да іншадумцаў і апанентаў рэжыму.
За тры гады, якія прайшлі з поўнамаштабнага ўварвання Расійскай Федэрацыі ва Украіну, у нашай краіне працягваюць масава пераследваць за любую падтрымку Украіны і выказванне салідарнасці. Па стане на 24 лютага 2025 года ў Беларусі як мінімум 41 чалавека асудзілі за данаты беларускім добраахвотнікам. За намер ваяваць на баку Украіны асуджаныя мінімум 30 чалавек. За перадачу фота і відэа расійскай вайсковай тэхнікі ў СМІ асудзілі мінімум 93 чалавекі.
З пачаткам поўнамаштабнай вайны актыўнаму пераследу падвяргаюцца ўкраінцы ў Беларусі. Пры ўездзе ў нашу краіну іх пільна даглядаюць і дапытваюць спецслужбы, а некаторых не ўпускаюць без тлумачэння прычын. Некаторыя ўкраінцы падвяргаюцца крымінальнаму пераследу за "агентурную дзейнасць", "спробы дыверсій" і "шпіянаж". На сённяшні дзень у Беларусі асудзілі як мінімум 13 грамадзян Украіны.
Камітэт па ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (КЛДЖ) вынес заключныя заўвагі па дзявятым перыядычным дакладзе Беларусі. КЛДЖ выказаў занепакоенасць адсутнасцю ў Беларусі комплекснага закона аб гендарнай роўнасці і антыдыскрымінацыйнага заканадаўства. Камітэт адзначыў сур'ёзныя рэпрэсіі супраць абаронцаў правоў жанчын, палітычных актывістак і журналістак, а таксама бесчалавечныя ўмовы іх утрымання ў зняволенні. КЛДЖ заклікаў перагледзець крымінальныя справы і вызваліць жанчын, чыё зняволенне пагражае іх здароўю або жыццю.
Працягваецца пераслед ЛГБТК+ людзей. 7 лютага 2025 года Парламент у першым чытанні ўхваліў папраўкі ў Закон "аб правах дзіцяці", якія прадугледжваюць жорсткія абмежаванні ў дачыненні да распаўсюджвання інфармацыі аб ЛГБТК+ тэмах: прадугледжваецца забарона "прапаганды гомасэксуальных адносін, змены полу, педафіліі і бяздзетнасці", такую інфармацыю прапануецца кваліфікаваць як "шкодную для здароўя і развіцця дзяцей" і маркіраваць узроставай катэгорыяй, што фактычна пазбаўляе да яе доступу падлеткаў і маладых людзей.
У лютым стала вядомая гісторыя пераследу трансгендарнай персоны, якая сутыкнулася са зневажальным і агрэсіўным абыходжаннем з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў у ліпені 2024 года.
Заключэнне Дзяніса Івашына ў ШІЗА, як паведамляецца, за выкарыстанне беларускай мовы – прыклад моўнай дыскрымінацыі, накіраванай на выцясненне нацыянальнай ідэнтычнасці і прымусовую русіфікацыю. Гэты выпадак адлюстроўвае рэпрэсіўную палітыку ўладаў у дачыненні да беларускамоўных грамадзян.
Былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, вызваленая ў лютым з папраўчай калоніі № 24, распавяла пра ўмовы ўтрымання ў калоніі і пра рэпрэсіі ў дачыненні да палітзняволеных жанчын. Яна падкрэсліла жорсткі ціск турэмнай адміністрацыі ў дачыненні да палітзняволеных Вікторыі Кульшы, Алены Гнаук і Вольгі Маёравай, а таксама паведаміла пра збіванне Кацярыны Бахвалавай.
Мікалай Шугаеў, вызвалены ў лютым грамадзянін ЗША, схуднеў за час зняволення на 20 кілаграм, што яскрава дэманструе цяжкія і негуманныя ўмовы зняволення ў месцах пазбаўлення волі ў Беларусі.
"Вясна" паразмаўляла з чатырма беларусамі, асуджанымі па адміністрацыйных справах напрыканцы 2024-га — напачатку 2025-га, і распытала ў іх пра ўмовы ўтрымання для "палітычных" у розных гарадах Беларусі. Яны распавялі, як прымушаюць прысядаць голым падчас праверак, як робяць уколы праз "кармушкі", як катуюць холадам у камерах РУУСа, пра беларуса-"вагнераўца" на Акрэсціна і пра тое, якія сродкі катаванняў выкарыстоўваюць у КДБ і ГУБАЗіКу.
Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (IAPB), чальцом якой з'яўляецца «Вясна», прадставіла доказы і юрыдычны аналіз у Канцылярыю пракурора Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) для папярэдняга вывучэння пытання аб тым, ці валодае Суд юрысдыкцыяй для расследавання і пераследу меркаваных злачынстваў супраць чалавечнасці, уключаючы дэпартацыю, пераслед і іншыя бесчалавечныя акты, здзейсненымі беларускімі высокапастаўленымі службовымі асобамі з першага траўня 2020 года. Адзначаецца, што база дадзеных Платформы змяшчае больш за 29 000 дакументаў, якія маюць дачыненне да 2 600 апытаных, і больш за мільён архіваваных матэрыялаў з адкрытых крыніц.
Адвольныя затрыманні і пазбаўленне волі за выказванне меркаванняў і/або ўдзел у масавых мерапрыемствах у сувязі з нязгодай з вынікам выбараў 2020 прымяняюцца на практыцы да гэтага часу.
Вядома пра не менш за 15 асуджаных за здзяйсненне злачынства, прадугледжанага арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Тэндэнцыя асуджэння сем'яў захоўваецца. Пад палітычна матываваны крымінальны пераслед часцей за ўсё трапляюць цэлыя сем'і ці групы сваякоў, якія пераследуюцца пераважна паводле артыкула 342 КК: у Гарадзенскім абласным судзе 24 лютага разглядалі крымінальную справу супраць Леаніда і Антаніны Церабей паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку), арт. 370 (здзек над дзяржаўнымі сімваламі). Антаніну асудзілі да пакарання ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады. Леаніда – да трох гадоў пазбаўлення волі. Вынік справы пацвярджае страту незалежнасці судовай сістэмы Беларусі. Пасля затрымання праўладныя каналы паведамілі, што Антаніне, верагодна, вынясуць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі, а "вось глава сямейства пасядзіць".
У судзе Кобрынскага раёна 25 лютага пачаўся разгляд крымінальнай справы паводле ч.1 арт. 342 КК у дачыненні да двух братоў і сямейнай пары: Віктара Ціханенкі і Іллі Ціханенкі, Дзмітрыя Кубарэцкага і Наталлі Кубарэцкай.
За выказванні па-ранейшаму нярэдка пазбаўляюць волі: 29-гадовую Карыну Праташчык асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі. Яе прызналі вінаватай паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, якія наносяць шкоду Беларусі) за заклікі да санкцый.
Суды працягваюць парушаць прынцып галоснасці і разглядаць крымінальныя справы ў закрытым рэжыме.
Так, 25 лютага ў судзе Мазырскага раёна прызначаны разгляд крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 367 КК за "паклёп на А. Лукашэнку" ў дачыненні да Анастасіі Ахраменкі.
Таксама 26 лютага ў Мазырскім раённым судзе пачаўся закрыты працэс над 62-гадовым супрацоўнікам лабараторыі інфарматыкі і сувязі Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода Ігарам Шуканавым. Яго абвінавачваюць паводле двух артыкулаў: паводле ч. 2 арт. 367 КК за "паклёп на А. Лукашэнку" і паводле ч. 1 арт. 342 КК за "актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Ігара Шуканава паказальна жорстка затрымалі 1 жніўня 2024 года наўпрост на працоўным месцы: вывезлі за прахадную завода і зладзілі паказальнае збіццё. Відэа затрымання апублікавалі на праўладных каналах, дзе былі зафіксаваныя цялесныя пашкоджанні ў выглядзе велізарнай гематомы і рассечанай скуры над правым брывом.
Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, на канец лютага 2025 года ў зняволенні знаходзіцца 41 супрацоўнік медыя.
Паводле інфармацыі RSF і БАЖ, з пачатку выбарчай кампаніі 2020 года, 397 журналістаў падвергліся 589 неабгрунтаваным арыштам, некаторыя з іх затрымліваліся неаднаразова.
21 лютага ў Мінскім гарадскім судзе пачалі разглядаць крымінальную справу паводле абвінавачвання Ігара Ільяша ў "дыскрэдытацыі Беларусі" (арт. 369-1 КК) і "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 2 арт. 361-4 КК).
У лютым працягваліся завочныя суды ў дачыненні да беларусаў, якія вымушана пакінулі Беларусь. Так, 26 лютага ў рамках спецыяльнай вытворчасці прызначаны разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да блогера і стваральніка тэлеграм-канала "Мая краіна Беларусь" Сяргея Бяспалава. Яго абвінавачваюць ва ўчыненні 10 злачынстваў, у тым ліку, прадугледжаных ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да санкцый), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім), ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку), ч. 2 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі).
7 сакавіка прызначаны разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Паліны Піткевіч, якая абвінавачваецца ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзелу ў ім). У чэрвені 2024 года, КДБ паказаў на дачыненне Паліны Піткевіч да прызнанага экстрэмісцкім фармаваннем MediaIQ — праекту «прэс-Клуба» па павышэнні медыяпісьменнасці. Да палітзняволенай, якая пісала артыкулы пра культуру і дапамагала бяздомным жывёлам, прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.
Улады Беларусі выкарыстоўваюць заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму і тэрарызму як інструмент палітычна матываванага пераследу за ажыццяўленне грамадзянскіх і палітычных правоў.
У лютым улады папоўнілі спіс экстрэмісцкіх фармаванняў яшчэ дзвюма пазіцыямі. Сярод новых суб'ектаў-папулярнае сеткавае выданне "Медиазона. Беларусь".
У Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, за люты ўнесена яшчэ 90 чалавек. Агулам у спісе імёны 4 990 чалавек; гэта не ўсе, хто асуджаны па палітычных матывах.
141 новае рашэнне аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі вынеслі ў лютым суды – у асноўным у дачыненні да пратэстных інфармацыйных рэсурсаў, кніг, музычных кампазіцый, якімі дапоўнены адпаведны спіс. Сярод прызнанай экстрэмісцкай прадукцыі толькі некалькі інфармацыйных рэсурсаў з публікацыямі неанацысцкага зместу.
Фармаванне спісаў асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці, а таксама пералікаў забароненай інфармацыйнай прадукцыі і экстрэмісцкіх арганізацый служыць падставай для рэпрэсій, пераследаў і абмежаванняў правоў.
Так, палітвязня Аляксандра Зіязетдзінава восенню 2022 года ўжо асудзілі паводле ч.1 арт. 361-2 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) да трох гадоў калоніі за перавод крыптавалюты ў BYPOL. У сярэдзіне кастрычніка 2023 года яго знялі ў прапагандысцкім фільме, дзе ён распавёў, што кампенсаваў шкоду за новы выяўлены эпізод і напісаў заяву аб памілаванні. Але нягледзячы на гэта, у лютым 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд новай крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 361-2 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 2 арт. 290-1 КК (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці). Стала вядома, што суддзя Алена Шылько прызначыла яму дзевяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі.
У Мінскім абласным судзе 11 лютага 60-гадовую палітзняволеную Наталлю Ладуцьку прызналі вінаватай у "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" і асудзілі яе да чатырох гадоў пазбаўлення волі і 600 базавых велічыняў штрафу (24 000 рублёў).