Агляд «Вясны»: За 2025 год асудзілі не меней за 1254 чалавекі. Вынікі крымінальнага пераследу

10 January 2026, 1:53 PM
Агляд «Вясны»: За 2025 год асудзілі не меней за 1254 чалавекі. Вынікі крымінальнага пераследу

Паводле інфармацыі "Вясны", не меней за 1254 чалавекі асуджаныя па палітычных крымінальных справах у Беларусі за 2025 год. З іх 899 мужчын (72%), 355 (28%) жанчын. Сярод агульнай колькасці асуджаных 45 чалавек пенсійнага веку: 27 жанчын і 18 мужчын. Сёлета ў нашай краіне працягваецца практыка завочных судоў. У 2025 годзе ў парадку спецвытворчасці асудзілі мінімум 30 чалавек. Самы распаўсюджаны від пакарання па палітычна матываваных крымінальных артыкулах – абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія"). Да "хатняй хіміі" асудзілі як мінімум 555 чалавек, да "хіміі" –  мінімум 42 чалавекі, да пазбаўлення волі – мінімум 306 чалавек. Самай папулярнай нагодай для палітычных крымінальных судоў застаецца ўдзел у акцыях пратэсту – паводле арт. 342 КК асудзілі не меней за 643 чалавекі.

"Вясна" расказвае пра вынікі крымінальнага пераследу беларусаў у 2025 годзе, а таксама ўзгадвае гучныя крымінальныя справы мінулага году.

Віды пакаранняў

Самым распаўсюджаным відам пакарання па крымінальных справах з’яўляецца абмежаванне волі. Так, да "хатняй хіміі" і "хіміі" асудзілі не меней за 555 і 42 чалавек адпаведна. Другі распаўсюджаны від пакарання – пазбаўленне волі. Да калоніі асудзілі не меней за 306 чалавек.

Варта адзначыць, што ў частцы выпадкаў праваабаронцам невядомы дакладны від пакарання. 

Самыя распаўсюджаныя крымінальныя артыкулы

Беларусаў усё яшчэ працягваюць масава судзіць за ўдзел у акцыях пратэсту пяцігадовай даўніны. Гэта самая папулярная нагода для палітычных судоў – па "народным" 342 артыкуле ў 2025 годзе вядома пра як мінімум 643 выпадкі прысудаў. З моманту некаторых акцый пратэсту мінула ўжо пяць гадоў, а значыць скончыўся тэрмін даўніны прыцягнення да адказнасці паводле гэтага крымінальнага артыкулу, пасля чаго іх удзельнікаў нельга асудзіць.

Таксама распаўсюджаныя дыфамацыйныя артыкулы, па якіх судзяць за каментары пра Лукашэнку, сілавікоў і прадстаўнікоў улады. Так, за "абразу Лукашэнкі" (арт. 368 КК) вядома пра як мінімум 151 выпадак. Як мінімум 71 выпадак – за "абразу прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК), а за "распальванне іншай сацыяльнай варожасці" (арт. 130 КК) – мінімум 133 выпадкі.

Не менш распаўсюджаныя – так званыя "экстрэмісцкія" артыкулы Крымінальнага кодэкса. За "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-4) – мінімум 274 выпадкі. За "стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзелу ім" (арт. 361-1) – не меней за 102 выпадкі. За "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-2) – мінімум 36 выпадкаў. Таксама сёлета нямала асуджаных беларусаў за "заклікі да санкцый" (арт. 361) –  мінімум 84 выпадкі.

Гучныя крымінальныя справы

Шэсцярых маладзёнаў асудзілі на тэрміны ад 10 да 13 гадоў – "справа Чорных салаўёў"

Летась вясною на дзяржтэлебачанні выйшаў прапагандысці фільм "Дети на прицеле. Завербованные врагом", у якім паведамлялася пра затрыманне семярых падлеткаў нібы за "супрацоўніцтва з украінскімі спецслужбамі".

Як паведамлялася ў фільме, падлеткі аб’ядналіся ў "анархісцкую ячэйку "Чорныя салаўі" пад кіраўніцтвам Нацыянальнай вызваленчай арміі Украіны", каб ладзіць дыверсіі ў Беларусі і Расіі.

Сярод затрыманых – непоўнагадовыя навучэнцы каледжаў і школаў розных гарадоў Беларусі. Стваральніцай суполкі ўлады называлі 16-гадовую грамадзянку Украіны Марыю Місюк. Таксама сярод затрыманых Трафім Барысаў, Сяргей Жыгалёў, Дзмітрый Захарошка, Анастасія Кліменка і Аляксандра Пуліновіч. Усіх падлеткаў абвінавачвалі ў "акце тэрарызму" (арт. 289 КК). Таксама ў фільме паказалі 18-гадовага Даніілу Гарасіма, якога абвінавачвалі паводле троху крымінальных артыкулаў, сярод якіх "здрада дзяржаве" (арт. 356 КК).

Праваабаронцам стала вядомыя падрабязнасці пра адну з затрыманых – Аляксандру Пуліновіч. На момант затрымання 16-гадовая дзяўчына вучылася ў апошнім класе адной з мінскіх школаў. Аляксандра любіць жывёлаў, мае дваіх катоў і планавала па сканчэнні школы паступаць на ветэрынара ў аграрны ўніверсітэт. У СІЗА дзяўчыну на некалькі дзён саджалі ў карцар. У няволі яна працягвала навучанне і здавала цэнтралізаванае тэставанне.

Як распавяла крыніца праваабаронцаў, пасля выхаду прапагандасцкага фільму, яго паказвалі і іншых школах з мэтай застрашыць вучняў.

Паводле звестак праваабаронцаў, Аляксандры Пуліновіч прызначылі 10 гадоў і 3 месяцы, Марыі Місюк – 13 гадоў, Дзмітрыю Захарошку – 10 гадоў і 6 месяцаў, Трафіму Барысаву, Сяргею Жыгалёву – па 12 гадоў зняволення. Даніілу Гарасіму прызначылі 10 гадоў калоніі, а таксама штраф памерам 600 базавых велічыняў.

Сёлета ў лістападзе Марыю Місюк вызвалілі падчас чарговай хвалі памілавання палітвязняў.

Дзясяткі асуджаных жанчын, пагрозы расстрэлам – "справа дваровых чатаў"

Восенню 2024 года па ўсёй Беларусі прайшла хваля затрыманняў актывістаў, якія на думку КДБ былі датычныя да "дваровых чатаў". Незадоўга да затрымання суполкі прызналі "экстрэмісцкімі фармаваннямі". Сёлета ў Гродне, Ваўкавыску, Наваградку, Смаргоні, Магілёве і іншых гарадах адбыліся масавыя суды па гэтай справе за "змову з мэтай захопу ўлады" (арт. 357 КК) і "удзел у экстрэмісцім фармаванні" (ч. 1, 3 арт. 361-1 КК). Асуджаныя –  пераважна жанчыны. Улады палічылі "экстрэмісцкімі фармаваннямі" дваровыя чаты "Злые когтики", "Сухарево", "Сеніца2.0", "Солідарность", "Вольныя ваўкі", "Навагрудскія партызаны", "ВИЛИЯ", "Скромные матрешки", "Соседи", якія ўваходзяць у дваровую кааліцыю “Ордэн”.

Паводле ведамства, дачыненне да гэтых ініцыятыў маюць Ірына Якаўлева, Наталля Дароніна, Дыяна Гаўрылава, грамадзянін Украіны Іван Амялян, Вольга Няхайчык, Кастусь Кірыленка, Лізавета Плітнік, Наталля Гужова, Ірына Смалярава, Станіслаў Батвін, Наталля Лантух.

На сёння праваабаронцам вядома пра як мінімум 39 асобаў, якіх асудзілі да пазбаўлення і абмежавання волі агульным тэрмінам больш за 100 гадоў. Так, сярод асуджаных – сямейная пара з Наваградку Аляксандр і Ірына Лебедзь, цырульніца са Смаргоні Любоў Валюк, пенсіянерка з Ваўкавыску Ірына Дабрыновіч, завуч мінскай гімназіі Марына Петражыцкая, сямейная фатографка з Мінску Анастасія Гарчакова, настаўніца замежных моваў з Магілёва Аляксандра Дуброўская.

Да 18 гадоў калоніі супрацоўнікам фондаў дапамогі – "cправа BYSOL і BY_Help"

У Гомельскім абласным судзе 25 жніўня 2025 года вынеслі завочны прысуд семярым супраоцўнікам фондаў салідарнасці BYSOL і BY_Help: Андрэю Стрыжаку, Аляксею Лявончыку, Яраславу Ліхачэўскаму, Аляксею Кузьмянкову, Аляксандру Лапко, Аляксандры Жук і Аляксандру Падгорнаму.

Амаль усіх супрацоўнікаў асудзілі паводле 17 крымінальных артыкулаў, у тым ліку за "стварэнне экстрэмісцкага фармавання" (арт. 361-1 КК) і "фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці" (арт. 290-1 КК). Агулам усіх асудзілі на тэрміны ад 16 да 18 гадоў калоніі і да буйных штрафаў.

Сёлета ў снежні Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу, але пакінуў прысуд без зменаў.

"Справа Беларускага Гаюна"

Сёлета напачатку лютага стала вядома аб узломе бота тэлеграм-каналу "Беларускі Гаюн", куды людзі дасылалі інфармацыю пра перасоўванне расійскай вайсковай тэхнікі ў Беларусі. Яшчэ ў 2022 годзе беларускія ўлады прызналі ініцыятыву "экстрэмісцкім фармаваннем". У выніку ўзлому ў рукі сілавікоў патрапілі асабістыя даныя тых, хто дасылаў у бот інфармацыю. Стваральнік ініцыятывы Антон Матолька абвясціў аб спыненні працы "Гаюна".  

Цягам года ў Беларусі адбываюцца масавыя затрыманні па "справе Гаюна". Затрыманых абвінавачваюць у "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-4 КК).

Па стане на канец снежня “Вясна” мае інфармацыю пра як мінімум 127 пацверджаных фігурантаў “справы Гаюну”, якіх змясцілі пад варту. Агульная ж лічба затрыманых значна больш. Суды па гэтай справе працягваюцца дагэтуль па ўсёй краіне. Як мінімум 78 чалавек ужо асудзілі паводле гэтай справы.

Паводле сведчанняў аднаго з асуджаных па "справе Гаюна", у прэамбуле яго матэрыялаў крымінальнай справы выяўлена 2500 карыстальнікаў бота "Беларускага Гаюна", а ўстаноўлена 1500 карыстальнікаў.

Сярод асуджаных па "справе Гаюна" беларусы розных сацыяльных груп, заняткаў і ўзросту: 28-гадовая легкаатлетка з нацыянальнай каманды па летніх відах спорту Ганна Шпак, якую асудзілі да пазбаўлення волі; 49-гадовы пастар Алег Лойка, якому прызначылі тры з паловай гады калоніі; заснавальнік арт-вёскі Кірыл Краўцоў, якога асудзілі на чатыры гады “хатняй хіміі”; 27-гадовая мазыранка Яраслава Храмчанкова, асуджаная да пазбаўлення волі.

20 гадоў зняволення і 14 крымінальных артыкулаў – суд над Антонам Матолька

У чэрвені Гродзенскі абласны суд завочна асудзіў блогера і заснавальніка ініцыятывы па маніторынгу перасоўвання расійскай вайсковай тэхнікі "Беларускі Гаюн" Антона Матольку да 20 гадоў зняволення і буйнога штрафу

Паводле версіі следства, Антона назвалі стваральнікам шэрагу тэлеграм-каналаў, які "арганізаваў і ажыццяўляў кіраўніцтва змовай з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам".

Блогера асудзілі паводле 14 крымінальных артыкулаў, сярод якіх “здрада дзяржаве” (арт. 356 КК), “заклікі да санкцый” (арт. 361 КК) і “змова з мэтай захопу ўлады” (арт. 357 КК).

Справа "рэдактараў Беларускай Вікіпедыі"

Маці траіх непоўнагадовых дзяцей Вольгу Сітнік затрымалі сёлета сёмага траўня. Жанчына піша артыкулы на Вікіпедыі пра беларускую традыцыйную культуру і прыроду з 2009 года. Больш за два дзясяткі яе артыкулаў былі ўганараваныя статусам "добрых" ці "выдатных". З 2010 года бесперапынна з'яўляецца адміністратаркай беларускай Вікіпедыі. 25 снежня стала вядома, што Вользе прызначылі абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатнюю хімію").

Неўзабаве пасля затрымання Вольгі стала вядома пра затрыманне яшчэ аднаго адміністратара Вікіпедыі – Максіма Лепушэнкі. Мужчына – адзін з найстарэйшых дзеючых рэдактараў беларускай Вікіпедыі і самы дасведчаны адміністратар. Яго абвінавацілі за ўдзел у акцыях пратэсту (арт. 342 КК) і асудзілі да "хатняй хіміі".

У сакавіку з’явілася інфармацыя пра знікненне 37-гадовага адміністратара "Беларускай Вікіпедыі" і выкладчыка аднаго са сталічных універсітэтаў Kazimier Lachnovič. Як пазней пісала "Наша Ніва", меркаванае імя адміністратара Ілля Барыскевіч. Мужчыну абвінавацілі ў "дыскрэдытацыі Беларусі" (арт. 369-1 КК) і прызначылі два гады калоніі і штраф памерам 300 базавых велічыняў.

Тое, што некалькіх беларускіх адміністратараў Вікіпедыі затрымлівалі на працягу некалькіх месяцаў, выглядае як частка адной скаардынаванай кампаніі, пра што сведчаць і неабгрунтаваныя напады прапагандыстаў.

Варта адзначыць, што сёлетняя хваля рэпрэсій супраць рэдактараў беларускай Вікіпедыі не першая. Так, яшчэ ў 2022 годзе па крымінальных артыкулах асудзілі рэдактараў Паўла Пернікава і Марка Бернштэйна.

5 і 13 гадоў калоніі па 12 крымінальных артыкулах –  "справа каліноўцаў"

Сёлета напрыканцы лістапада стала вядома, што былому ваяру палка Каліноўскага Васіля Верамейчыка прызначылі 13 гадоў зняволення. Васіля затрымалі 13 лістапада 2024 года ў В’етнаме. Ваяра асудзілі паводле 12 крымінальных артыкулаў, сярод якіх "змова з мэтай захопу ўлады" (арт. 357 КК), "стварэнне экстрэмісцкага фармавання" (арт. 361-1 КК), "падрыхтоўка або ўдзел грамадзяніна Беларусі ў ваенных дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы" (арт. 361-3 КК).

У снежні праваабаронцам стала вядома, што разам з Васілём Верамейчыкам асудзілі яшчэ аднаго каліноўца Васіля Грачыху. Мужчыну затрымалі сёлета вясною пры невядомых абставінах. Пра затрыманне былога каліноўца Васіля Грачыхі стала вядома з выпуску навінаў на дзяржаўным тэлебачанні "Беларусь 1" пятага траўня 2025 году. У прапагандысцкім роліку паказалі, як супрацоўнікі КДБ з аўтаматамі вялі мужчыну па балоцістай мясцовасці, а потым перавозілі верталётам.

Васілю Грачыху прызначылі пяць гадоў калоніі. Грачыху разам з Верамейчыкам асудзілі паводле 12 артыкулаў. Але канкрэтныя абвінавачванні і артыкулы праваабаронцам невядомыя.

Грачыха, паводле прэс-рэлізу Генпракуратуры, быў "асуджаны за ўдзел ва ўзброеным канфлікце без упаўнаважаньня дзяржавы сваёй грамадзянскай прыналежнасьці ў складзе злачыннай арганізацыі (экстрэмісцкага фармавання)".

Арыгінальная справаздача на сайце "Вясны"

Share

See more news

«Я ведаю, што значыць быць у выгнанні»: Cпецдакладчык ААН Нільс Муйжніекс — пра Беларусь, рэпрэсіі ды асабісты досвед
10 January 2026, 3:49 PM
«Я ведаю, што значыць быць у выгнанні»: Cпецдакладчык ААН Нільс Муйжніекс — пра Беларусь, рэпрэсіі ды асабісты досвед
Спецдакладчык ААН па Беларусі Нілс Муйжніекс не бачыць прыкметаў змены рэпрэсіўнай палітыкі, нягледзячы на нядаўнія вызваленні палітвязняў.
Агляд «Вясны»: «Нават за мяжой ты застаешся ў полі дасяжнасці дзяржавы». Як у 2025 годзе беларусаў пераследавалі па-за краінай
10 January 2026, 3:27 PM
Агляд «Вясны»: «Нават за мяжой ты застаешся ў полі дасяжнасці дзяржавы». Як у 2025 годзе беларусаў пераследавалі па-за краінай
Міжнародная сетка стратэгічных дзеянняў у галіне бяспекі ISAN адзначала, што Беларусь — у топ-10 краін, што практыкуюць транснацыянальныя рэпрэсіі.
Дакументаванне як форма супраціву забыццю: пра што распавядалі «Вясне» сведкі катаванняў у 2025 годзе
10 January 2026, 3:02 PM
Дакументаванне як форма супраціву забыццю: пра што распавядалі «Вясне» сведкі катаванняў у 2025 годзе
Летась "Вясна" задакументавала 73 гісторыі пацярпелых ад дзеянняў уладаў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці